стры́гчыся, стрыгуся, стрыжэшся, стрыжацца; стрыжомся, стрыжацеся, стрыгуцца; пр. стрыгся, ‑лася; незак.

1. Падстрыгацца, стрыгчы сабе валасы. Ён не вельмі ахайны, Іван, па тры месяцы не стрыжэцца, не абразае пазногцяў, але што датычыць чыгуначных зводак, то тут ён педантычны, нібы бухгалтар. Навуменка.

2. Насіць валасы, падстрыжаныя якім‑н. чынам; насіць кароткія валасы, пастаянна падстрыгаць іх. Валасы .. [Данусі] былі падстрыжаны так, як стрыгуцца кітайскія дзяўчаты. Карпюк.

3. Зал. да стрыгчы (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штось 1, чагось, чамусь, штось, чымсь, аб чымсь, займ. неазначальны.

Тое, што і штосьці ​1. Вусны.. [Джуліі], не перастаючы, шапталі штось незразумелае, іншамоўнае, але Іван і без таго адчуваў усё. Быкаў. — Ну, маладзіца, прысядзь трохі: маю штось у цябе запытаць, — лагодненька пачынае Гудзілка. Колас.

штось 2, прысл.

Тое, што і штосьці ​2. Штось пад канец сваволіць сэрца, Прыступак пяць бы тут [на лесвіцы] адняць. Прыходзька. Як відаць, .. [сабака] не выспаўся або так штось заленаваўся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРЦЕ́МІЙ, Троіцкі (? — пач. 1570-х г.),

рускі царк. дзеяч і публіцыст, адзін з ідэолагаў несцяжацеляў. Прыняўшы манаства, жыў у Пскоўскім Пячэрскім манастыры, потым у заволжскай пустыні, быў ігуменам Троіцкага манастыра. Асуджаў царк. землеўладанне, абраднасць, прывілеі духавенства, прапаведаваў маральнае самаўдасканаленне. За свае погляды адлучаны ад царквы і сасланы ў Салавецкі манастыр (1553). Каля 1554—55 уцёк на Беларусь, жыў у Віцебску, потым у князя Юрыя Алелькі. Перакладаў рэліг. кнігі на царкоўнаслав. мову, выкладаў багаслоўе пры двары князя. Захавалася 14 яго пасланняў. Быў знаёмы і вёў палеміку з С.​Будным, сярод яго карэспандэнтаў Іван IV, Андрэй Курбскі.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЁМЕНКА (Іван Іванавіч) (15.9.1924, с. Гаўрылаўка Новаваранцоўскага р-на Херсонскай вобл. — 27.4.1989),

украінскі археолаг. Чл.-кар. АН УССР (1982), д-р гіст. н. (1978). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1948). З 1948 навук. супрацоўнік Гіст. музея ў Днепрапятроўску. У 1958—72 у Ін-це археалогіі АН СССР, з 1973 дырэктар. З 1978 у Ін-це археалогіі АН Украіны. Вывучаў гісторыю насельніцтва Усх. Еўропы эпохі неаліту, меднага і бронзавага вякоў. Даследаваў на Беларусі (у Верхнім Падняпроўі) помнікі сярэднедняпроўскай культуры. Дзярж. прэмія Украіны 1980.

Тв.:

Племена Верхнего и Среднего Поднепровья в эпоху бронзы. М., 1967.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́ЛАК,

герой многіх традыц. чарадзейных бел. казак, легендаў, паданняў. Валодае незвычайнай сілай: вырывае з каранямі дрэвы, кідае каменныя глыбы. Асілак выступае нар. заступнікам. Вобраз асілка сустракаецца, напрыклад, у казках пра Кацігарошка, Медзведзюка, Іллю Мурамца.

Бел. казкі пра асілкаў зазналі ўплыў мясц. легендаў і паданняў пра магутных волатаў. Казачны асілак блізкі да эпічнага волата (напр., Іван Падвей у аднайм. казцы «Беларускага зборніка» Е.​Раманава, вып. 6). Казкі пра Асілкаў маюць некат. матывы стараж. былін.

Літ.:

Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8;

Яго ж. Беларуская казка. Мн., 1969.

Л.​Р.​Бараг.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСА́КАЎ (Іван Сяргеевіч) (8.10.1823, с. Надзеждзіна Уфімскай губ. — 8.2.1886),

расійскі паэт і публіцыст, адзін з кіраўнікоў славянафілаў. Сын С.Ц.Аксакава. Скончыў Пецярбургскае вучылішча правазнаўства (1842). У 1840—60-я г. выступаў за адмену прыгоннага права і цялесных пакаранняў. Рэдагаваў славянафільскія час. і газ. «Русская беседа», «День», «Москва», «Русь» і інш. У 1858—78 адзін з кіраўнікоў маскоўскага Слав. к-та. У рус.-тур. вайну 1877—78 арганізаваў кампанію ў падтрымку паўд. славян. Прытрымліваўся манархічных вялікадзярж. поглядаў, у т. л. адмаўляў этн. самастойнасць беларусаў, прапагандаваў ідэі панславізму. Аўтар вершаў, паэмы «Бадзяга» (1852) пра трагічны лёс прыгоннага селяніна.

т. 1, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТО́СІК (Іван) (Іосіф) Станіслававіч (н. 1.11.1933, г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. майстар маст. шклавырабаў, шліфоўшчык-алмазчык. З 1949 працуе на шклозаводзе «Нёман». Распрацаваў уласныя прыёмы ў тэхніцы алмазнай грані, шліфаваў у ёй малюнкі на унікальных творах з хрусталёвага шкла. Сярод уласных твораў: камплекты святочнага посуду (1966), «Дэсертны» (1968), «Ваза» (1970), «Гранат» (1978), прыборы «Хрусталёвае свята» (1967), «Стройны» (1980), блюда пад гародніну (1972), сервіз (1977), ваза пад гародніну ў стылі «рэтра» (1982) і інш.

Літ.:

Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989. С. 186.

М.​М.​Яніцкая.

І.Бартосік. Ваза. 1970.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЦКІЯ,

наўгародская баярская сям’я. У 15 ст. ім належала 714 вёсак з 1458 сял. дварамі. Марфа (гл. Марфа Пасадніца), удава пасадніка Ісака Андрэевіча Барэцкага, і яе сын Дзмітрый Ісакавіч у 1471 узначалілі варожую Маскве партыю наўгародскіх баяраў, якая вяла перагаворы з літ. вял. князем Казімірам IV аб пераходзе ў яго падданства. У бітве на р. Шалонь (1471) паміж маскоўскай раццю і наўгародскім апалчэннем на чале з Дзмітрыем Барэцкім наўгародцы пацярпелі паражэнне. Дзмітрый трапіў у палон, яму, як і інш. баярам — прыхільнікам саюзу з ВКЛ, Іван III загадаў адсекчы галаву. Марфа і яе сын Фёдар працягвалі варожую Маскве дзейнасць.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛКО́ (Іван Кірылавіч) (н. 11.8.1935, в. Палянка Бранскай вобл., Расія),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1982), праф. (1983). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1965). Быў на камсамольскай і парт. рабоце, выкладаў у ВНУ Брэста і Мінска. З 1992 праф. Бел. недзяржаўнага ін-та правазнаўства. Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы сац. планавання, сацыялогіі асобы, працы і права. Аўтар навуч. дапаможніка «Сацыялогія; Сацыялогія права як галіновая сацыялагічная тэорыя» (1992, разам з В.​А.​Уладзіміравым).

Тв.:

Роль труда и искусства в формировании духовного облика строителя коммунизма. Мн., 1971;

Человеческий фактор в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1988.

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРЭ́НКА (Іван Іванавіч) (30.7.1908, с. Яблыневае Палтаўскай вобл., Украіна — 5.6.1988),

украінскі паэт. Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры (1934, Харкаў). Друкаваўся з 1925. Першы зборнік вершаў — «Сябры» (1930). У паэт. творах (зб-кі «Гады ідуць», 1968; «Абеліскі», 1974; «Ззяйце, зоркі», 1977, і інш.) жыццё, праблемы сав. моладзі, калгаснай вёскі, подзвіг народа ў Вял. Айч. вайну. Пераклаў на ўкр. мову творы П.​Глебкі, Я.​Купалы, Я.​Непачаловіча, М.​Танка. На бел. мову творы Ганчарэнкі перакладалі Р.​Барадулін, Н.​Гілевіч, Г.​Кляўко.

Тв.:

Вибране. Т. 1—2. Київ, 1978;

Вибране. Київ, 1988.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)