МАБІЛІЗА́ЦЫЯ (франц. mobilisation ад лац. mobilis рухомы),
комплекс мерапрыемстваў па пераводу на ваен. становішча ўзбр. сіл, эканомікі і дзярж. ін-таў краіны (агульная М.) або якой-н. іх часткі (частковая М.). Можа праводзіцца адкрытым або скрытым спосабам. Абвяшчэнне М. — кампетэнцыя вышэйшых органаў дзярж.улады; у Рэспубліцы Беларусь — Прэзідэнта з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. М. стала практыкавацца са стварэннем масавых армій, якія камплектуюцца на аснове ўсеаг. воінскай павіннасці (канец 18—19 ст.). У Расіі тэрмін «М.» стаў афіцыйна ўжывацца з 1870. М. ўзбр. сіл заключаецца ў іх пераводзе (разгортванні) на арганізацыю і састаў ваен. часу. Фактарамі паспяховага правядзення М. ўзбр. сіл з’яўляюцца: наяўнасць і падрыхтаванасць людскіх рэсурсаў для камплектавання разгортваемых вайск. фарміраванняў; назапашванне ў мірны час неабходных запасаў узбраення, ваен. тэхнікі і інш. матэрыяльных сродкаў; добра пастаўлены ўлік, апавяшчэнне і збор ваеннаабавязаных. М. эканомікі ўключае разгортванне ваен. вытв-сці, перабудову нар. гаспадаркі і навукі на патрэбы ваен. часу і забеспячэнне жывучасці і ўстойлівасці гасп. механізму краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛА (Пётр) (10.1.1597, Малдова — 11.1.1647),
праваслаўны царкоўны і культурны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын гаспадара (князя) Валахіі і Малдавіі Сімяона. З 1627 кіева-пячэрскі архімандрыт. Дамогся ад каралеўскай улады дазволу на аднаўленне легальнай дзейнасці правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1632—47 мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі. Заснаваў Кіева-Магілянскі калегіум (1632, названы ў яго гонар), Магілёўскую правасл. епархію (1632). Як выразнік інтарэсаў вярхоў правасл. духавенства і шляхты Украіны і Беларусі выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Садзейнічаў пашырэнню асветы і друкарства на Украіне, Беларусі, у Малдавіі. Непасрэдна кіраваў Віленскім, Слуцкім, Магілёўскім і Аршанскім брацтвамі з манастырамі. У 1635 наведаў Вільню, Мінск і інш.бел. гарады. Аўтар кніг, якія выкарыстоўваліся як падручнікі ў духоўных навуч. установах да пач. 20 ст. («Евангелле вучыцельнае», 1616, «Анфалагіён», 1636, «Еўхалагіён», 1646), шматлікіх палемічных пропаведзяў і інш. Складальнік «Праваслаўнага спавядання веры» (1640), якое ў 1672 на сінодзе ў Іерусаліме было адобрана як гал. дактрына ўсіх правасл. цэркваў. У 1996 кананізаваны Украінскай праваслаўнай царквой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́ЙДЗІ ІСІ́Н,
«Рэстаўрацыя Мэйдзі», буржуазная рэвалюцыя ў Японіі ў 1867—68. З’явілася вынікам сац.-эканам. крызісу ў Японіі ў 1-й пал. 19 ст., пасля прымусовага «адкрыцця» краіны замежнымі дзяржавамі. Ажыццяўлялася ў выглядзе руху за аднаўленне ўлады імператара і скасавання ўлады сёгунаў з дома Такугава. Рух М.і. узначалілі самураіпаўд.-зах. княстваў, якія выступалі за перабудову Японіі на аснове дасягненняў еўрап. культуры і тэхнікі. 3.1.1868 яны абвясцілі пра скасаванне сёгуната і перадачу ўсёй улады імператару Муцухіта (дэвіз яго кіравання «Мэйдзі» — «Асвячонае кіраванне», адсюль назва). У маі 1868 сёгун Кэйкі капітуляваў, а войскі імператара занялі сталіцу Эда (з 1868 Токіо). У 1870—80-я г. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. пераўтварэнняў, якія ліквідавалі феад. сістэму і спрыялі развіццю капіталіст. адносін: ліквідаваны рамесныя цэхі (1868), скасавана саслоўная сістэма (1872), абвешчана свабодная купля-продаж зямлі (1872) і інш.
Літ.:
Лещенко Н.Ф. «Революция Мэйдзи» в работах японских историков-марксистов. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Фелікс Станіслававіч) (1.2.1920, в. Машчонае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 13.8.1992),
бел. вучоны-эканаміст. Акад.АН Беларусі (1969, чл.-кар. 1966). Д-рэканам.н. (1964), праф. (1965). Скончыў БДУ (1946). З 1947 у Ін-це эканомікі АН Беларусі (у 1964—80 дырэктар). Адначасова ў 1966—70 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Навук. працы па развіцці і размяшчэнні прадукц. сіл Беларусі, эфектыўнасці с.-г. вытворчасці. Даследаваў заканамернасці размяшчэння галін сельскай гаспадаркі і фарміравання с.-г. зон. Удзельнічаў у распрацоўцы навук. прагнозаў па комплексным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і развіцці прадукц. сіл Палесся. Адзін з аўтараў і навук. рэдактар кн. «Эканамічная геаграфія Беларускай ССР» (1956), «Беларуская ССР» (1957), «Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў Беларускай ССР за гады Савецкай улады» (1970).
Тв.:
Измерение эффективности работы сельскохозяйственных предприятий. Мн., 1975 (разам з А.І.Мяцельскім);
Факторный анализ эффективности сельскохозяйственного производства. Мн., 1983 (у сааўт.);
Социально-экономическая эффективность сельскохозяйственного производства в АПК. Мн., 1986 (у сааўт.).
першы канстытуцыйны акт, які абвясціў Беларусь Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Падпісаны ў ноч на 2.1.1919 у Смаленску старшынёй Часовага ўрада З.Х.Жылуновічам і чл. ўрада А.Ф.Мясніковым, А.Р.Чарвяковым, С.В.Івановым, І.І.Рэйнгольдам. На рус. мове апублікаваны 3.1.1919, на бел. мове — у 1-м нумары афіц. ўрадавага органа — «Вестках Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Урада Беларусі» 19.1.1919; месцам абвяшчэння названы Мінск. Маніфест абвясціў пра прыналежнасць усёй улады ў Беларусі Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, пра ліквідацыю акупац. улад, скасаванне іх законаў і загадаў. Рада і ўрад БНР аб’яўляліся па-за законам. Абвясціў падтрыманне рэв. парадку, роўнасць у правах працоўных усіх нацыянальнасцей. Дэклараваў пераход зямлі, лясоў, вод і зямных нетраў, чыгункі і шляхоў зносін, паштовай, тэлеграфнай сувязі, фабрык, заводаў і банкаў ва ўласнасць рабочых і бяднейшага сялянства. Маніфест устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень і ўводзіў у дзеянне на тэр. Беларусі дэкрэты РСФСР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР З ГАНЁНДЗА (Пётр Гезка з Ганёндза; паміж 1525—30, мяст. Гонёндз Падляскага ваяв., Польшча — 15.9.1573),
ідэолаг левай, сялянска-плебейскай плыні Рэфармацыі на Беларусі і ў Літве, антытрынітарый. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1551), удасканальваў веды ў Італіі, Швейцарыі. У 1554 праф. сафістыкі ў Падуанскім ун-це. Паслядоўнік рэліг.-філас. вучэння ісп. вучонага М.Сервета і сац.-паліт. ідэй мараўскіх антыбаптыстаў. Адмаўляў царк.-тэалагічную і філас. схаластычную традыцыі; выступаў супраць прыватнай уласнасці, сац. няроўнасці, войнаў, феад. права, свецкай улады, пакарання смерцю. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах, палемізаваў з С.Будным. Выдаў на лац. мове творы «Супраць боскасці Ісуса Хрыста» (1557), «Аб першахрысціянскай царкве» (1563?; не зберагліся), на польскай мове «Пра трох», «Пра сына Божага» і «Пра хрысціянскае хрышчэнне» (усе каля 1570). Яго паслядоўнікі Павел з Візны, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;
Падокшын С.А., Сокал С.Ф. Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. 2 выд.Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ППР; Polska Partia Robotnicza),
створана 5.1.1942 на падпольным сходзе членамі б.Камуністычнай партыі Польшчы. Кіраўнікі ППР — М.Навотка (1942), П.Фіндэр (1942—43). У.Гамулка (з 1943). Актыўна ўдзельнічала ва ўзбр. барацьбе супраць герм. акупацыі Польшчы, вясной 1942 стварыла ўзбр. арг-цыю — Гвардыю Людову (з 1.1.1944 — Армія Людова). Сумесна з інш. левымі партыямі стварыла Краёву Раду Нарадову, як орган улады ў Польшчы, які не падпарадкоўваўся Польскаму ўраду ў эміграцыі. Прадстаўнікі ППР займалі ключавыя пасады ў Польскім камітэце нацыянальнага вызвалення (1944), часовым урадзе Польскай Рэспублікі (1945) і Урадзе нац. адзінства (1945—47). У снеж. 1945 адбыўся 1-ы з’езд ППР, на якім была ўхвалена праграма, якая прадугледжвала радыкальную аграрную рэформу, нацыяналізацыю асн. сродкаў вытворчасці, транспарту і банкаў. Пасля перамогі на выбарах у сейм у снеж. 1947 узяла курс на поўнае падпарадкаванне сабе інш. левых партый і прымусовую ліквідацыю апазіцыі. У снеж. 1948 у выніку аб’яднання ППР з Польскай сацыялістычнай партыяй створана Польская аб’яднаная рабочая партыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДААХО́ЎНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў. На Беларусі асновай П.з. з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, арт. 46 якой абвяшчае грамадзянам права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права; ускладае на дзяржаву кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў з мэтай абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя. Нормы П.з. ёсць у большасці кодэксаў краіны (лясным, зямельным, аб нетрах), законах аб ахове здароўя, навакольнага асяроддзя, атм. паветра, ахове і выкарыстанні жывёльнага свету, асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах, санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва і інш. Крымінальны, адм. і грамадзянскі кодэксы прадугледжваюць адказнасць за парушэнне патрабаванняў П.з. Нормы П.з. таксама змяшчаюцца ў спец. пастановах мясц. і цэнтр. органаў улады, ведамасных распараджэннях, інструкцыях і інш.Гл. таксама Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова прыроды, Ахова раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗІДЭ́НТ [ад лац. praesidens (presidentis) які сядзіць наперадзе, на чале)],
1) кіраўнік дзяржавы і ўрада або толькі дзяржавы ў краінах з рэсп. формай праўлення. Пасада ўзнікла ў ЗША у 1787. З краін, якія ўваходзяць у ААН, больш як 130 маюць пост П., у т. л. Рэспубліка Беларусь (2000). Канстытуцыйны статус і паўнамоцтвы П. адрозніваюцца ў залежнасці ад тыпу рэспублікі. У прэзідэнцкай рэспубліцы, класічнай формай якой з’яўляюцца ЗША, П. — кіраўнік дзяржавы і кіраўнік выканаўчай улады; выбіраецца на ўсеагульных выбарах. У парламентарнай рэспубліцы (напр., ФРГ, Італія) П. толькі кіраўнік дзяржавы, а ўрад узначальвае прэм’ер-міністр, П. выбіраецца, як правіла, парламентам або пры яго ўдзеле. У рэспубліках змешанага тыпу П. выбіраецца на ўсеагульных выбарах, з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і валодае рэальнымі ўладнымі паўнамоцтвамі, што дазваляе яму фактычна кіраваць урадам, адказным перад парламентам (Францыя, Польшча, Беларусь).
2) У шэрагу грамадскіх і навук. устаноў, т-ваў, арг-цый (у т. л.міжнар.) П. — выбарны старшыня выканаўчага органа.