вёска ў Гродзенскім р-не, на паўн.-зах. беразе воз. Малочнае, на аўтадарозе Гродна—Друскінінкай (Літва); чыг. ст. на лініях Гродна—Вільнюс і Парэчча—Друскінінкай. Цэнтр сельсавета, калгаса, біял. заказніка Парэцкі. За 32 км на ПнУ ад Гродна. 1958 ж., 630 двароў (2000). 2 лясніцтвы, рыбавяндлярны цэх, санаторый, 2 базы адпачынку. Сярэдняя, муз. і санаторная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры: царква Казанскай Маці Божай (1901), касцёл Маці Божай (1906).
Вядома з 1660 як маёнтак Гродзенскага віцэ-эканома I.Недзялкоўскага. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, з 1802 у Сабалянскай вол. Гродзенскага пав. 15.12.1862 на чыг. магістралі Пецярбург—Варшава побач з вёскай адкрыта станцыя Парэчча — першая на Беларусі. У 1904 у вёсцы 349 ж., у пасёлку на чыг. станцыі 239 ж. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Парэцкага раёна, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета, з 25.11.1940 у Гродзенскім р-не. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі, якія стварылі тут лагер смерці, дзе 5.2.1943 загубілі 234 чал. З 1978 цэнтр бат. заказніка рэсп. значэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНОЧНАБЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён позняга неаліту і бронзавага веку, якія ў канцы 3-га — 3-й чвэрці 2-га тыс. да н.э. жылі на тэр. сучасных Віцебскай, Пн Мінскай абл. Беларусі, Пд Пскоўскай вобл. Расіі, а таксама ў некат. суседніх раёнах. Насельніцтва жыло пераважна па берагах азёр і невял. рэк у пабудовах з двухсхільным дахам. Займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, а таксама земляробствам і жывёлагадоўляй. Для культуры характэрны ляпны вастрадонны і пласкадонны посуд з дамешкамі раслінных рэшткаў і тоўчаных ракавін у гліняным цесце. Сценкі пасудзін штрыхаваныя, іх арнамент складаецца з паясоў насечак, адбіткаў грэбеня, розных наколак. Знойдзены прылады працы і зброя з рогу і косці (наканечнікі стрэл, кінжалы, праколкі, гарпуны, цёслы і інш.), каменныя сякеры, амулеты з зубоў, косці, бурштыну, творы першабытнага мастацтва (статуэткі людзей, звяроў і птушак і інш.). На позніх этапах існавання П.к. сустракаюцца медныя і бронзавыя вырабы. Культура сфарміравалася на аснове крывінскага варыянта нарвенскай культуры пры ўдзеле носьбітаў верхнедняпроўскай культуры і шнуравой керамікі культуры. На Беларусі найб. вядомыя помнікі: Крывіна-1, -2, -3 (гл. ў арт.Галоўск), Асавец (верхнія пласты) на памежжы Бешанковіцкага і Сенненскага р-наў Віцебскай вобл.
М.М.Чарняўскі.
Касцяныя скульптура і гарпун паўночнабеларускай культуры (в. Асавец Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎЧАДЗЬ,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Моўчадзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПнЗ ад г. Баранавічы, 230 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Міцкавічы. 1046 ж., 348 двароў (1999). Лясніцтва, пякарня. Сярэдняя школа, базавая школа-інтэрнат, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам і ахвярам фашызму, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (1869—73).
Вядома з 1-й пал. 15 ст., калі тут быў заснаваны касцёл св. Тройцы (не збярогся). З 1486 мястэчка Слонімскага пав., уласнасць вял. князёў ВКЛ. У 1654 разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і на 4 гады вызвалена ад падаткаў. У 1660-я г. ўласнасць Халецкіх. У 1716—70 належала Юдзіцкім, пазней — Тызенгаўзам. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка Люшнеўскай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1879 М. на 2/3 знішчана пажарам. У 1886—479 ж., 45 двароў, школа, 2 царквы, 3 сінагогі, бровар, 4 кірмашы на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Слонімскім, з 1926 — у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага раёна, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́Р’ІНА ГО́РКА,
горад, цэнтр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Цітаўка. За 63 км ад Мінска. Чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы, аўтадарогамі злучана з Мінскам, Бабруйскам, Чэрвенем, Уздой. 23,1 тыс.ж. (1998).
Вядома з 16 ст. Належала Радзівілам, Бужынскім, Ратынскім, Крупскім, пасля 1863 — міністру ўнутр. спраў Расіі Л.С.Макаву. Паводле падання назва паходзіць ад горкі, на якой стаяў язычніцкі храм, дзе ў Мар’ін дзень адбываліся святкаванні; пазней там пабудавана царква. З 1793 у Рас. імперыі, вёска Ігуменскага пав. Мінскай губ. Развіццю М.Г. паспрыяла пабудова ў 1873 Лібава-Роменскай чыгункі. У 1876 заснавана с.-г. школа (у 1921 ператворана ў с.-г. тэхнікум). У 1897 у вёсцы 2 тыс.ж., 2 царквы, паштовая станцыя. З 29.7.1925 цэнтр Пухавіцкага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М.Г. і раёне загубілі 3145 жыхароў; дзейнічала Мар’інагорскае маладзёжнае падполле. Вызвалена 3.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 22.7.1955 горад. У 1970—11,3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы металургічнай, пачатковай апрацоўкі лёну, прам-сці. Абутковая ф-ка. Брацкая магіла сав. воінаў; помнікі: воінам-вызваліцелям; сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам, удзельніцы Мінскага падполля Л.Г.Гайдучонак. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (1876).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЯ ГРАДА́,
краявое ледавіковае ўтварэнне ў межах Мазырскага Палесся на правабярэжжы ніжняга цячэння р. Прыпяць, у Мазырскім р-не Гомельскай вобл. Працягваецца з ПнЗ (раён вусця р. Пціч) на ПдУ да в. Барбароў прыблізна на 50 км. Шыр. 3—14 км. Выш. 160—200 м, найб. 221 м. Канчаткова ўтворана дняпроўскім ледавіком у час мазырскага стадыялу. Складзена з марэны (супескі, суглінкі, гліны, пяскі, жвірова-галечны матэрыял), якая перакрыта водна-ледавіковымі пяскамі з рэдкай галькай і жвірам (магутнасць 10 м), на паўн. і паўн.-ўсх. схілах — лёсападобнымі супескамі (магутнасць 11 м). Трапляюцца гляцыядыслакацыі з палеагенавых і неагенавых парод. М.г. мае выгляд слабавыгнутых у паўд.-зах. напрамку палос дробных град і ўзгоркаў. Перавышэнне над урэзам вады Прыпяці 94 м.Паўн. і ўсх. схілы звернуты да Прыпяці, стромкія, абрывістыя, адносныя выш. над урэзам вады 50—70 м.Паўд. схілы пакатыя, паступова зліваюцца з водна-ледавіковай раўнінай. Града моцна расчлянёная (гушчыня 1000—1800 м/км²). Глыбіня яроў да 40—60 м (каля г. Мазыр, ландшафтны заказнік Мазырскія Яры). На схілах тэрмакарставыя і суфазійныя западзіны. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя. Пад лесам 36% тэр., пераважна на ПдУ. Лясы хваёвыя, дубровы. Пад ворывам 22% тэр. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове глеб ад воднай эрозіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬЧЖУ́РЫЯ,
гістарычная вобласць Кітая, якая займала тэр. сучасных прав. Хэйлунцзян, Гірын, Ляанін і ч.аўт.раёнаУнутр. Манголія. Сучасная назва Дунбэй (кіт. «Паўн. Усход»), У розныя часы паўд. М. ўваходзіла ў склад кіт. імперый Цынь, Хань, Мін. У 4 ст. н.з. плямёны сяньбі стварылі на тэр. М. дзяржаву, якая ўключала і тэр.Паўн. Кітая. У 8 ст. на У М. ўзнікла дзяржава Бахай, якую ў пач. 10 ст. заваявалі кідані. У пач. 12 ст. на тэр.паўн. М. склалася дзяржава чжурчжэняў — імперыя Цзінь, якая ў сярэдзіне 12 ст. захапіла паўн. Кітай. Яна была знішчана манголамі ў сярэдзіне 13 ст. У канцы 16 ст. ўзвысілася племянная група чжурчжэняў — маньчжуры на чале з Нурхацы [1575—1626], які абвясціў сябе ў 1616 ханам. Яго пераемнік Абахай [1626—43] прыняў тытул імператара дынастыі Цын. У 1644—83 маньчжуры ўсталявалі сваю ўладу над усім Кітаем. З канца 19 ст. М. інтэнсіўна засяляецца кітайцамі. У 1896 пачалося будаўніцтва Кіт.ўсх. чыгункі. На тэр. М. адбыліся асн. бітвы япона-кітайскай вайны 1894—95 і руска-японскай вайны 1904—05. Пасля Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 М. пад кантролем войск ген. Чжан Цзаліня. У 1931 акупіравана японцамі, якія стварылі ў М. марыянетачную дзяржаву Маньчжоў-го. У жн. 1945 М. вызвалена сав. войскамі. З 1946 у складзе Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ВЕН, Плеўна,
горад на Пн Балгарыі. Каля 400 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Трансп. вузел. Цэнтр с.-г.раёна Дунайскай раўніны. Прам-сць: харчовая і харчасмакавая (мяса-малочная, плодакансервавая, вінаробчая, тытунёвая), маш.-буд. (кавальска-прэсавае і энергет. абсталяванне, прыладабудаванне), нафтаперапр., гумавая, цэм., тэкст., шкляная. НДІ вінаградарства і вінаробства, кармавых культур. Маўзалей рус. і рум. воінаў, якія загінулі ў рус.-тур. вайне 1877—78; парк-музей рас. генерала М.Дз.Скобелева. Гіст. музей. Маст. комплекс — панарама «Плевенская эпапея 1877». Турызм.
На тэр. сучаснага П. першае паселішча ўзнікла ў 4—3 ст. да н.э. У 1—2 ст.н.э.рым. крэпасць пад наз. Старгозія. З 3 ст. горад. У 11—12 ст.балг. гандлёвы цэнтр. Як П. упершыню згадваецца ў 1266. У 14 ст. пасля захопу туркамі заняпаў. У час рус.-тур. вайны 1806—12 рас. войскі ў 1810 разбурылі гар. крапасныя ўмацаванні. У 1877 у П. і вакол яго туркі стварылі буйны ўмацаваны лагер. У час рус.-тур. вайны 1877—78 каля П. адбываліся працяглыя і ўпартыя баі саюзных (рус. і рум.) армій і балг.нар. апалчэння супраць групоўкі тур. войск, якая была вымушана капітуляваць. У 1919—21 і 1922—23 П. — камуна. У 2-ю сусв. вайну вызвалены Сав. Арміяй у 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́СА,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе воз. Пліса, каля вытоку р. Мнюта, на аўтадарозе Глыбокае—Полацк. Цэнтр сельсавета. За 21 км на ПнУ ад г. Глыбокае, 166 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Падсвілле. 672 ж., 297 двароў (2000).
З пісьмовых крыніц вядома з пач. 16 ст. Пазначана на карце Полацкага ваяв. (1579) С.Пахалавіцкага. У розны час маёнтак П. належаў К.Астрожскаму, М.Пётуху, Р.І.Падбіпенту, В.П.Корсаку, Дэшпатам-Зяновічам. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У канцы 18—19 ст. ў мястэчку і фальварку П. існавалі школа, уніяцкая царква. капліца, сінагога, бровар, вадзяны млын, 6 крам, 2 корчмы. У 1897 у П. 899 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—50 цэнтр Пліскага раёна. У ліп. 1941—ліп. 1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія спалілі ў П. 197 двароў, загубілі ў П. і раёне 1676 чал. З 1962 у Глыбоцкім р-не.
Працуюць ПМК-33, сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Параскеўская царква (1887). Каля вёскі паселішча эпохі неаліту, бронз. і ранняга жал. вякоў, геал. помнік прыроды Пліскія тры вялікія камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШЫЎКА,
від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у якім узор ці выява выконваюцца ўручную (іголкай, часам кручком) або машынным спосабам на тканінах, скуры, лямцы і інш. матэрыялах ільнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, шаўковымі ніткамі, а таксама воласам, бісерам, жэмчугам, каштоўнымі камянямі, бліскаўкамі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) выкарыстоўваюцца кавалкі тканіны, тасьма, шнур, скура, аўчына і інш. Вышыўка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, у розныя эпохі займала пэўнае месца ў дэкар. мастацтве (у Францыі папярэднічала габеленам, у Італіі — карункам). Шырока выкарыстоўвалася ў рытуальным адзенні народаў Усходу, культавым і княжацкім адзенні славянскіх народаў. Сусв. вядомасць набылі мсцёрская белая гладзь, красцецкая вышыўка, таржоцкія залаташвейныя вырабы, узбекскія і таджыкскія «сузані» і інш.
На Беларусі найб.стараж. ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках скуранога абутку 10—13 ст., знойдзенага пры раскопках гарадзішчаў Полацка, Мінска, Брэста, Ваўкавыска і інш. У 14—18 ст. вышыўка ўжывалася для аздаблення культавага ўбрання, адзення вышэйшага саслоўя і шляхты. Каляровым шоўкам, залатымі і сярэбранымі ніткамі аздаблялі тонкія льняныя тканіны, з якіх выраблялі адзенне, харугвы, плашчаніцы, абразы і інш.Стараж.бел. сюжэтная вышыўка (шытво) звязана з візант.-рас. і зах.-еўрап. іканапіснай традыцыямі. Арнаментальныя кампазіцыі пераплятаюцца з узорамі традыц. ўзорыстага ткацтва 18—19 ст. (мануфактуры па вырабе слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалераў і інш.). Здаўна вышыўка была адным з асн. заняткаў жанчын. Аздобленыя вышыўкай адзенне, абутак, тканыя бытавыя вырабы, дэкар. пано заўжды вызначаюцца мясц. кампазіцыйнымі і тэхн. прыёмамі, арнаментальнымі і выяўл. матывамі, колеравым ладам і г.д. Вышыўка падзяляецца на лічаную (выкананая з улікам структуры тканіны, калі для кожнага шыўка лічаць ніткі тканіны) і адвольную, або нялічаную. Да першай адносяцца процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка і інш., да другой — ланцужок («пляцёнка», «тамбур»), нялічаная гладзь, а таксама гафт, аплікацыя, абкідальныя швы і інш. У нар. мастацтве з 19 ст. пашыраны процяг, крыжык чырв. ці чырв.-чорнага каларыту, у 20 ст. — і адвольная паліхромная вышыўка. У арнаменце характэрныя кампазіцыі з геам. і раслінных фігур, радзей — антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Нар. вышыўка мае рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Для Зах. Палесся адметнае паўсюднае выкарыстанне шва процяг і крыжыка (кашулі, фартухі і наміткі нар. строяў, кажухі). Для Усх. Палесся характэрны разнастайнасць тэхн. прыёмаў, багацце арнаментальных матываў (рамбічны і расл. арнамент, птушкі, фігуры жанчын) з ёмістай і шматзначнай сімволікай. У турава-мазырскім строі 20 ст. пашыраны расл. паліхромны арнамент. Чорны і белы каларыт вышыўкі сустракаецца найчасцей у аздабленні летняга касцюма буда-кашалёўскага строю і неглюбскага строю. Адзін з найб. пашыраных матываў Прыдняпроўя — невялічкая шматпялёсткавая разетка, заключаная ў прамавугольныя ці рамбічныя ячэйкі або закампанаваная ў шахматным парадку. Самабытнасцю і тонкім маст. густам вызначаецца вышыўка Наддзвіння і Паазер’я, дзе пашырана белая або бела-чырвоная мярэжка, цыраванне з разнастайнымі фактурнымі вылучэннямі выяўл. і геам. матываў (вясельныя ручнікі, абрусы, падолы фартухоў). Вышыўка ўсх. раёнаў дапаўняецца чырв. ўстаўкамі кумачу, нашыўкамі тасьмы і бліскавак. Часам у чырв.-малінавы колер вышыўкі тактоўна ўводзяцца сіні і жоўты, якія павышаюць дэкар. выразнасць узораў. У вышыўцы Цэнтр. Беларусі спалучаюцца рысы нар. мастацтва ўсіх этнагр. рэгіёнаў (часцей процяг і крыжык). Высокі маст. ўзровень нар. майстроў капыльска-клецкага строю і пухавіцкага строю. Прыкметная сувязь з узорыстым ткацтвам (закладаннем) у геам. матывах чырв.-чорных вышыўках Случчыны, у аснове якіх — ромб розных абрысаў, дапоўнены зубчыкавымі паскамі, зоркамі і інш. Большай строгасцю і стрыманасцю вызначаюцца лінейна-графічныя арнаменты вышыўкі Панямоння (геам. і расл. ўзоры часцей выконваюцца крыжыкам у чырв.-чорным каларыце). Нар. вышыўка мае шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў). Цяпер традыц. ручная вышыўка бытуе ў нар. побыце. Яна набыла папулярнасць і сярод прафес. мастакоў, якія ствараюць сцэнічныя або модныя сучасныя касцюмы, дэкар. тканіны сувенірнага і быт. прызначэння. Машынная вышыўка па матывах народнай выкарыстоўваецца на ф-ках маст. вырабаў, у швейных атэлье і г.д. Творы майстроў экспануюцца на нац. і міжнар. выстаўках.
Літ.:
Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Вышыўка. Валан «рэльефнага гіпюру» (Венецыя). Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Вышыўка. Фрагмент арната ў Пінскім касцёле францысканцаў. 18 ст.Вышыўка насцілам па сетцы. Фрагмент абруса. Гарадскі пасёлак Шаркаўшчына Віцебскай вобл.Вышыўка процягам. Фрагмент фартуха. Вёска Пасека Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Вышыўка крыжыкам. Рукаў кашулі. Вёска Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобл.Вышыўка процягам. Намітка. Вёска Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Вышыўка. Хустка. Пскоўская вобл. (Расія). 19 ст.Да арт.Вышыўка. Касадэ з выявай слівы ў квецені (Японія). 1-я пал. 18 ст.Да арт.Вышыўка. Украінская мастацкая гладзь. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ РАЁН,
на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,4 тыс.км². Нас. 37,6 тыс.чал. (1995), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Вілейка, 409 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Альковіцкі, Асіпавіцкі, Вязынскі, Даўгінаўскі, Жарскі, Іжскі, Ільянскі, Касцяневіцкі, Куранецкі, Любанскі, Нарачанскі, Рабунскі, Хаценчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны, на крайнім ПдУ — частка Мінскага ўзвышша. Паверхня плоская або слабахвалістая, пераважаюць выш. 150—180 м, найвыш. пункт 257,4 м (каля в. Хаценчыцы). Карысныя выкапні: гліны, торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 611 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Рака Вілія з прытокамі Нарач, Спорня, Сэрвач, Ілія. Вілейскае вадасховішча, з якога пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма. На ПнЗ — воз. Вішнеўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфянабалотныя глебы. Пад лясамі 42% тэр.раёна; лясы пераважна хваёвыя і яловыя.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 100,4 тыс.га, з іх асушана 33 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 18 калгасаў і 6 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Зверагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, агародніну, з тэхнічных — лён і цукр. буракі. Прадпрыемствы дрэваапр. (леса- і піламатэрыялы, тара і інш.), камбікормавай, шкляной (бутэлькі) і харч. прам-сці. Па тэр.раёна праходзяць чыгунка Полацк—Мінск і аўтадарогі Маладзечна—Вілейка—Мядзел—Нарач, Смаргонь—Вілейка, Маладзечна—Вілейка—Докшыцы. У раёне 18 сярэдніх, 13 базавых і 11 пач. школ, с.-г. тэхнікум (в. Ілья), 25 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 59 б-к, 9 бальніц, 37 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: званіца канца 18 — пач. 19 ст. і касцёл пач. 20 ст. ў в. Альковічы; парк, закладзены ў 1793, у в. Асцюковічы; сядзіба 2-й пал. 19 ст. і царква пач. 20 ст. ў в. Вязынь; Станіславаўскі касцёл сярэдзіны 19 ст. і Троіцкая царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Даўгінава; вадзяны млын пач. 20 ст. ў в. Іжа; гасцініца канца 19 — пач. 20 ст., Ільінская царква пач. 20 ст. і касцёл канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Ілья; царква 19 ст. ў в. Кастыкі; капліца канца 18 ст. і Петрапаўлаўская царква (1868) у в. Касута; касцёл Маці Божай сярэдзіны 18 ст. ў в. Касцяневічы; царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Куранец; Мікалаеўская царква 2-й пал. 18 ст. ў в. Латыгаль; царква канца 19 ст. ў в. Мільча; царква 2-й пал. 19 ст. ў в.Нарач; царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Рабунь; капліцы сярэдзіны 18 ст. і 19 ст. і Успенская царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Ручыца; Успенская царква канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Спягла. Выдаецца газ. «Шлях перамогі».