КАПЫ́СЦЕНСКІ (Захарыя) (?, г. Перамышль, цяпер Пшэмысль, Польшча — 21.3.1627),
украінскі пісьменнік-палеміст, грамадска-культ. і царк. дзеяч. Вучыўся ў Львоўскай брацкай школе. З 1616 у Кіеўскім брацтве, з 1624 архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры. Асн. твор — палемічны трактат «Палінодыя, або Кніга абароны...» (1621—22), накіраваны супраць каталіцызму і Брэсцкай уніі 1596. Аўтар трактатаў «Кніга пра веру адзіную...» (1619—21), «Кніга пра праўдзівае адзінства праваслаўных хрысціян...» (1623), царк. пропаведзей, прадмоў, перакладаў з грэч. мовы лаўрскіх выданняў. Высока ацэньваў бел. культуру, у прыватнасці дзейнасць Л.Карповіча.
Літ.:
Микитась В.Л. Українська література в боротьбі проти унії. Київ, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМА́Ч ((Kosmać) Цырыл) (28.9.1910, г. Слап, Славенія — 28.1.1980),
славенскі пісьменнік. З 1938 жыў у Францыі, Англіі, з 1944 у Югаславіі. Удзельнік антыфаш. супраціўлення. Дэбютаваў аповесцю «Дзяк Марцін» (1933). Аўтар раманаў «Вясновы дзень» (1953; аўтабіягр.), «Балада пра трубу і воблака» (1956—57), аповесці «Тантандруй» (1959). Майстар псіхал. навелы: зб-кі «Шчасце і хлеб» (1946), «З маёй даліны» (1958). Для твораў К. характэрна нац.-грамадская і сац. праблематыка, спалучэнне лірызму і сатыры, рэаліст. сімволікі з фалькл. матывамі, пазней — з авангардысцкімі прыёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІЦАРЫ́ДЗЕ (Давід Васілевіч) (н. 2.5.1920, г. Кутаісі, Грузія),
грузінскі пісьменнік. Скончыў Кутаіскі пед.ін-т (1939). Удзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Друкуецца з 1947. У аповесці «У Ардышаўскім лесе» (1957), раманах «Дзе ты, Марынэ?» (1965), «Давер» (1968), «Бывайце, векавечныя лясы!» (1972), «Помнікі не абцяжарваюць зямлю» (1977), «Зялёны горад» (ч. 1, 1979) і інш. адлюстраваў гераічнае змаганне бел. народа ў гады Вял.Айч. вайны. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Барадулін, В.Нікіфаровіч.
Тв.:
Рус.пер. — В Ордышевском лесу Партизанские рассказы. Тбилиси, 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАЗ (Ілья Сямёнавіч) (17.3.1922, г. Магілёў — 22.12.1980),
бел.пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1939—41). З 1945 працаваў у перыяд. друку, у 1956—66 у газ. «Літаратура і мастацтва», з 1974 у бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Друкаваўся з 1940. Пісаў на бел. і рус. мовах. У яго аповесцях «Жарцы» (1955), «Злодзей» (1960), «Разбег» (1963) і нарысах — гіст. мінулае і сучаснае жыццё Беларусі, людзі незвычайных лёсаў. Аўтар гіст. рамана «Белая Русь» (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМЕ́НТ СМАЛЯ́ЦІЧ, Клім Смаляціч (?, Смаленск — пасля 1164),
мысліцель, царк. дзеяч, пісьменнік. У 1148 — каля 1155 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Адукацыю атрымаў, відаць, у Канстанцінопалі. Паводле летапісу, ведаў ант. л-ру, быў знаёмы з творчасцю Гамера, Платона, Арыстоцеля, быў кніжнікам і філосафам. Прыхільнік развіцця ўсходнеслав. культуры, адзін з першых абаронцаў незалежнасці рус.правасл. царквы ад Візантыі. Захаваўся адзіны літ. твор К.С. — «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме», у якім ён разважаў пра межы інтэрпрэтацыі Свяшчэннага Пісання, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Важнае месца ў яго светапоглядзе займалі ідэя няхцівасці, акцэнт на духоўным, вечным, непрыняцці ўсяго часовага, матэрыяльнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМКО́ВІЧ (Максім Аляксандравіч) (н. 21.10.1958, Мінск),
бел.пісьменнік. Сын А.Махнача. Скончыў БПІ (1980). Працаваў у час. «Бярозка», з 1995 — у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» Белтэлерадыёкампаніі. Друкуецца з 1985. Аўтар дэтэктыўнай аповесці «Сцэнарый смерці» (1991), трылера «Каханка д’ябла» (1992, з М.Шайбаком), зб. аповесцей і навел «Мяжа па даляглядзе» (1994), пераказу Бібліі для дзяцей (1995, з Шайбаком), п’ес «Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія» (паст. 1993), «Чорны квадрат» (паст. 1995; абедзве з Шайбаком), сцэнарыяў маст. тэлефільмаў «У чаканні» (1995), «Апошняя роля» (1997, з У.Сцепаненкам) і дакумент. фільмаў. Творы К. вызначаюцца наватарскімі пошукамі, адметнай стылістыкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМКО́ (Яўген Ігнатавіч) (н. 17.9.1920, в. Беражна Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). Працаваў рэдактарам раённых газ. на Міншчыне і Гродзеншчыне, у Літ. музеі Я.Купалы, у 1951—70 у Сав. Арміі. Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў апавяданняў, казак і інш. для дзяцей «Звяры таксама плачуць» (1985), «Разам з дзядулем» (1997), дакумент. аповесці «Атрад «Камсамольскі» (1987), кн. «Нёманскія замалёўкі» (1989). Напісаў успаміны пра У.С.Караткевіча, пра дзейнасць партызан у Вял.Айч. вайну на Беларусі (зб-кі «У прынёманскіх лясах», 1975; «За край родны», 1978; абодва ў сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУШАЛЬНІ́ЦКІ (Іван Антонавіч) (12.11.1905, г. Каламыя Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 17.12.1934),
украінскі пісьменнік, мастацтвазнавец, графік. Скончыў Пражскі ун-т (1927). Настаўнічаў. У 1934 рэпрэсіраваны. У паэт. зб-ках «Вясенняя песня» (1924), «Буры і вокны» (1930), «Жалезная карова» (1932) дамінуе рэв., антыімперыяліст. тэматыка. Аўтар п’ес пра нац.-вызв. барацьбу ў Зах. Украіне («Каханне», «Муры і межы»; абедзве 1932). Выступаў з крытычнымі артыкуламі па мастацтвазнаўстве. Аўтар графічных работ, ілюстрацый да твораў М.Кацюбінскага і В.Стафаніка. На бел. мову асобныя вершы К. пераклаў А.Лойка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРА́ЎЦАЎ (Іван Фёдаравіч) (н. 28.6.1922, в. Сыцянец Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел.пісьменнік, крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1954). Скончыў БДУ (1948). У 1947—88 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Беларусь», Ін-це педагогікі, Белдзяржфілармоніі, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Друкуецца з 1947. Аўтар манаграфіі «Кузьма Чорны: Ідэі і вобразы ў творчасці» (1956), артыкулаў пра творчасць К.Чорнага, Я.Коласа, З.Бядулі, П.Глебкі, А.Гурло і інш. Раман «Разгневаная зямля» (1984) пра барацьбу мінскіх патрыётаў супраць ням.-фаш. захопнікаў. Сааўтар (з У.Агіевічам) школьных падручнікаў па бел. л-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСЯНКО́Ў (Мікола) (Мікалай Сяргеевіч; н. 11.2.1935, в. Перарост Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1971), БДУ (1982). У 1956—69 у Гомельскай лесаўпарадчай экспедыцыі. З 1971 працаваў у газетах і часопісах, на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1985 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Піша пра родны край, асабіста перажытае. Аўтар зб-каў вершаў «Жывіца» (1966), «Без прывалу» (1969), «Дуброва» (1990, Літ. прэмія імя А.Куляшова, 1991), апавяданняў «Завязь» (1987); раманаў «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997). У творах — трывога за лёс роднай зямлі, яе людзей і прыроды.