Тахо́ніць ’несці, цягнуць, валачы’ (ЛіМ, 1970, 2, 12). Відаць, таго ж паходжання, што і польск. tachnąć ’цягнуць’, якое Брукнер (563) звязвае з taskać ’цягаць што-небудзь цяжкае’, параўн. таскаць, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трыко́тка ‘трашчотка для спужвання звера’ (Сцяшк.). Відаць, з фанетычна адаптаванага і пераасэнсаванага польск. terkotka ‘гаварлівая кабета’ ад terkotać, tarkotać ‘трашчаць, грукатаць, тарахцець’, гукапераймальнага паходжання (да прасл. *tъrk‑, гл. таркатаць, туркатаць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЕЧНАЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, укрытыя зялёным лісцем на працягу ўсяго года. У адрозненне ад летне- і зімовазялёных раслін кожны ліст вечназялёных раслін жыве некалькі гадоў (напр., ліст. лімона — 3, ігліца елкі — 8—12, хвоі — 3—5 гадоў), паступова замяняецца новым, таму гэтыя расліны называюць таксама шматгадовазялёнымі. Лісце вечназялёных раслін звычайна мае прыстасаванні, якія змяншаюць выпарэнне вады раслінай (транспірацыю) і павышаюць зімаўстойлівасць.
Характэрныя для трапічнай і субтрапічнай флоры. У краінах з умераным і халодным кліматам, у т. л. на Беларусі, трапляюцца вечназялёныя расліны барэальнага і трапагеннага паходжання, напр. хвойныя дрэвы і кусты (елка, хвоя, ядловец), некаторыя лясныя і балотныя кусцікі і шматгадовыя травяністыя расліны (брусніцы, талакнянка, багун, верас, журавіны, дзярэзы, грушанкі і інш.). Многія вечназялёныя расліны як дэкар. вырошчваюць у адкрытым грунце, аранжарэях і пакоях (напр., алеандр, лаўравішню, пальмы, плюшч, самшыт, цытрусавыя). Добрыя прадуцэнты кіслароду.
т. 4, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАХО́ЎСКІ (Леанід Арсенавіч) (26.4.1888, г. Харкаў, Украіна — 4.4.1961),
украінскі мовазнавец. Акад. АН Украіны (1939), чл.-кар. АН СССР (1946). Засл. дз. нав. Украіны (1941). Скончыў Харкаўскі ун-т (1910). Праф. Пермскага (з 1917), Харкаўскага (з 1921) і Маскоўскага (1943—44) ун-таў. У 1944—61 дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Украіны. Даследаванні ў галіне агульнага, параўнальна-гіст., слав., укр. і рус. мовазнаўства. Шматлікія працы Булахоўскага прысвечаны малавывучаным пытанням і гісторыі індаеўрап. моў, узаемаадносінам балт. і слав. моў, слав., у т. л. бел., акцэнталогіі. Аўтар даследаванняў «З гістарычных каментарыяў да ўкраінскай мовы» (1946—52), «Пытанні паходжання ўкраінскай мовы» (1956) і інш.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—5. Киев, 1975—83.
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 61—78;
Л.А. Булаховский и современное языкознание: К 100-летию со дня рождения: Сб. науч. тр. Киев, 1987.
т. 3, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, у якіх ёсць пажыўныя для раслін хім. элементы пераважна ў форме арган. злучэнняў расліннага ці жывёльнага паходжання. Да арганічных угнаенняў адносяцца гной, гнойная жыжка і птушыны памёт, таксама кампосты (сумесі на аснове гною з торфам, фасфатнай мукой), торф, глей (сапрапель), зялёныя ўгнаенні, сцёкавыя воды і інш. адходы прам-сці і камунальнай гаспадаркі. Забяспечваюць расліны азотам, фосфарам, каліем, неабходнымі мікраэлементамі, паляпшаюць фіз. і фіз.-хім. ўласцівасці глебы, яе водны і паветраны рэжым, змяншаюць шкоднае ўздзеянне кіслотнасці на расліны, актывуюць жыццядзейнасць азотфіксавальных бактэрый. Перапрэлы гной (пры вільготнасці 75%) мае (у %): азоту (N) 0,5, фосфару (P2O5) 0,25, калію (K2O) 0,6, кальцыю (CaO) 0,7; курыны памёт (пры вільготнасці 56%) 2,2; 1,8; 1,1; 2,4 адпаведна. Калій і натрый у арганічных угнаеннях больш засваяльныя, чым у мінеральных угнаеннях. Праз арганічныя ўгнаенні ажыццяўляецца кругаварот пажыўных рэчываў: глеба — расліны — жывёла — расліны — глеба.
т. 1, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (партуг. Ilhas dos Açores Астравы ястрабаў),
архіпелаг у Атлантычным ак., на З ад Пірэнейскага п-ва. Пл. 2,3 тыс. км². Працягваецца з З на У прыблізна на 600 км. Складаецца з 9 буйных а-воў (Сан-Мігел, Тэрсейра, Піку, Сан-Жоржы, Флорыш і інш.) і некалькіх рыфаў. Уваходзіць у склад Партугаліі. Нас. 243,4 тыс. чал. (1981). Астравы вулканічнага паходжання, маюць горны рэльеф з вяршынямі да 2351 м (г. Піку на в-ве Піку), стромкія берагі. Разнастайныя праяўленні сучаснага вулканізму (фумаролы, мінер. і тэрмальныя крыніцы). Частыя землетрасенні. Клімат субтрапічны, акіянскі. Сярэдняя т-ра студз. каля 14 °C, ліп. каля 22 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. На схілах субтрапічныя горныя лясы і кусты. Плантацыі бананаў, цытрусавыя, вінаградарства. Цэнтр марскіх і паветраных трансатлантычных ліній паміж Еўропай, Афрыкай і Амерыкай. Найб. гарады і парты: Понта-Дэлгада, Анграду-Эраіжму, Орта.
т. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ХАВА (Ганна Міхайлаўна) (4.7.1886, г. Кранштат Ленінградскай вобласці — 30.4.1971),
руская фалькларыстка. Д-р філал. н. (1944). Скончыла жаночы пед. ін-т (Пецярбург, 1908). За час экспедыцый у Карэліі, на Пінезе, Мязені і Пячоры, у Памор’і і Сібіры, Маскоўскай і Ленінградскай абл. сабрала больш за 10 тыс. фалькл. твораў. Даследавала быліны, замовы, галашэнні, частушкі, рабочы фальклор. Пры вывучэнні паходжання і гісторыі гераічнага эпасу звярталася да бел. фальклору. Даследавала бел. казачны эпас, паходжанне казак на былінныя сюжэты ў беларусаў і ўкраінцаў (кн. «Народныя казкі пра асілкаў рускага эпасу», 1962).
Літ.:
А.М.Астахова: (К 70-летию со дня рождения) // Русский фольклор. М.; Л., 1956. [Вып.] 1;
Путилов Б.Н. Печатные работы А.М.Астаховой с 1957 г. // Тамсама. 1968. [Вып.] 11;
Мельц М.Я., Митрофанова В.В. Памяти А.М.Астаховой (1886—1971) // Тамсама. 1972. [Вып.] 13.
т. 2, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел зямнога шара па супольнасці гісторыка-эвалюц. развіцця фауны і флоры. Вылучаюць царствы і падцарствы, якія падзяляюцца на біягеагр. вобласці. Царства Палеагею ўключае Эфіопскую, Інда-Малайскую, Мадагаскарскую і Палінезійскую вобласці; царства Арктагею складаецца з 2 падцарстваў — Палеарктычнага з Еўрап.-Сібірскай, Стараж. Міжзем’я, Усх.-Азіяцкай абласцямі і Неарктычнага з Канадскай і Санорскай абласцямі; царства Неагею ўтвараюць Неатрапічная і Карыбская, царства Натагею — Аўстралійская, Новазеландская, Патагонская вобласці. Кожная біягеагр. вобласць аддзелена ад іншых значнымі перашкодамі (вузкім перашыйкам, высокімі гарамі, пустыняй, акіянам, пралівам), якія не даюць магчымасці пашырацца жывёлам і раслінам. Флора і фауна ўнутры вобласці характарызуюцца, як правіла, высокай ступенню аднароднасці. Віды і групы відаў якога-н. рэгіёна звязаны агульнасцю паходжання (месца і час) і аб’яднаны ў фларыстыка-фауністычныя комплексы. Пры пераходзе ад адной вобласці да другой назіраецца рэзкі зрух у таксанамічным складзе на ўзроўні родаў і сямействаў.
т. 3, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗКАСЦЬ БІЯЛАГІ́ЧНЫХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,
уласцівасць структураваных высокадысперсных асяроддзяў біял. паходжання (клетачнай цытаплазмы, ліквору, лімфы і плазмы крыві і інш.), супраціўляцца перамяшчэнню адной іх часткі адносна другой. У большасці выпадкаў вызначаецца структурнай вязкасцю і ў адрозненне ад нармальных (ньютанаўскіх) вадкасцей (вада, спірт, вазелінавы алей і інш.) лічыцца анамальнай — назіраюцца адхіленні паводле тыпу тыксатрапіі. У анамальных вадкасцях (напр., высокадысперсных біял. асяроддзях і растворах біяпалімераў) за кошт сіл счэплівання часцінак або макрамалекул узнікаюць трывалыя прасторавыя структуры, якія выклікаюць рэзкае павышэнне вязкасці. Абсалютная вязкасць цытаплазмы вагаецца ад 2 да 50 спз (1 спз = 10−3н∙с/м²), яна мяняецца ў розных частках клеткі і ў розныя перыяды жыцця, залежыць ад т-ры і ўздзеяння апрамянення. Вязкасць крыві ў чалавека ў норме 4—5 спз, пры паталагічных працэсах вагаецца ад 1,7 да 22,9 спз, што паказвае САЭ (скорасць асядання эрытрацытаў).
А.М.Ведзянееў.
т. 4, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМОНАТЭРАПІ́Я, гармоналячэнне,
лячэнне прэпаратамі, асн. дзеючым рэчывам якіх з’яўляюцца гармоны. Найчасцей выкарыстоўваецца пры эндакрынных хваробах (замяшчальная, стымулявальная, прыгнечвальная ці тармазная). Пры хваробах неэндакрыннага паходжання ўжываецца як сродак уплыву на фарміраванне і цячэнне многіх асн. у іх патагенезе рэакцый — запалечных, алергічных, імуналагічных і інш. — праз змяненні ферментнай і метабалічнай актыўнасці клетак. Асобнае месца ў гармонатэрапіі займаюць вытворныя палавых гармонаў — анаболікі, якія выкарыстоўваюцца для рэгулявання мышачнай масы цела, працэсаў росту, загойвання ран і інш.
Замяшчальная гармонатэрапія неабходна пры частковай ці поўнай недастатковасці эндакрынных залоз; праводзіцца, як правіла, пастаянна, з індывід. падыходам да выбару доз гарманальных прэпаратаў. Стымулявальная гармонатэрапія накіравана на павышэнне функцыі той ці іншай залозы; праводзіцца перарывіста. Найчасцей ужываюцца тропныя гармоны гіпофіза. Прыгнечвальная (тармазная) гармонатэрапія выкарыстоўваецца пры павышанай функцыі эндакрынных залоз і лячэнні гарманальных пухлін. У лячэнні можна спалучаць сінт. антыгармоны, прамянёвую і хірург. тэрапію.
т. 5, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)