ДЭМБІ́НСКІ (Dembiński) Генрык (16.1.1791, в. Стшалкаў Келецкага ваяв., Польшча — 13.6.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. Вучыўся ў ваенна-інжынернай акадэміі ў Вене, служыў у войску герцагства Варшаўскага. Удзельнічаў у кампаніях войск Напалеона. У час паўстання 1830—31 капітан, пасля палкоўнік, генерал брыгады. Пад Райградам разбіў рус. атрад ген. Ф.В.Остэн-Сакена (29.5.1831). Летам 1831 уступіў на тэр. Беларусі, але неўзабаве адышоў у Польшчу. Нам. галоўнакамандуючага, потым губернатар Варшавы і галоўнакамандуючы польскім войскам. Здаў Варшаву рус. войскам. Пасля паражэння паўстання жыў за мяжой, служыў у егіпецкай арміі. Удзельнік венгерскай рэвалюцыі 1848—49, галоўнакамандуючы рэв. арміяй. Пасля паражэння рэвалюцыі жыў у Турцыі, Францыі. Аўтар успамінаў.
В.В.Швед.
т. 6, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСАЛІ́Н (Dessalines) Жан Жак (20.9.1758, Гана — 17.10.1806),
дзеяч нац.-вызв. руху на в-ве Гаіці. Пажыццёвы ген.-губернатар (з 1804). Негр, да 1790 раб (узяў прозвішча свайго б. ўладальніка). Удзельнік нац.-вызв. паўстання пад кіраўніцтвам Ф.Д.Тусэн-Луверцюра, пасля паланення якога французамі (1802) на чале арміі паўстанцаў (з мая 1803) дамогся вызвалення в-ва ад франц. каланізатараў (канец 1803). З кастр. 1804 імператар Гаіці (правіў як Жак I). Цяжкае эканам. становішча краіны (у т. л. з-за блакады вострава Францыяй, а з 1806 і ЗША), агр. палітыка (перадача дзярж. зямель пераважна ва ўладанне неграм) і жорсткія метады праўлення Д. выклікалі ў кастр. 1806 паўстанне землеўладальнікаў-мулатаў, у час якога Д. загінуў.
т. 6, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства Полацкай зямлі. Цэнтр — г. Ізяслаў (цяпер г. Заслаўе). У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца як княства пад 1127 у час княжання Брачыслава. У канцы 1150-х г. княства — аб’ект барацьбы за валоданне ім мінскіх князёў і нашчадкаў Брачыслава, якіх падтрымліваў полацкі кн. Рагвалод Барысавіч. З 1160 у складзе Мінскай зямлі, з канца 13 ст. ў складзе ВКЛ: з 1345 належала Яўнуту, потым яго нашчадкам — князям Заслаўскім. У выніку падзелу паміж нашчадкамі і продажу часткі яго тэрыторыі княства значна паменшала. У гіст. л-ры ёсць меркаванне пра існаванне ў 12 ст. Ізяслаўска-Лагожскага княства.
Літ.:
Заяц Ю.А. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.
Ю.А.Заяц.
т. 7, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЁНЮ́ (Inönü) Ісмет (24.9.1884, г. Ізмір, Турцыя — 25.12.1973),
дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Турцыі, паплечнік М.К.Атацюрка. Удзельнік Младатурэцкай рэвалюцыі 1908. У 1920—1923 нач. Генштаба. У грэка-турэцкую вайну 1919—22 тур. войскі пад камандаваннем І. (тады Мустафа Ісмет-паша) у 1921 двойчы перамаглі грэч. войскі каля населенага пункта Інёню (адсюль прозвішча І. з 1934). З 1922 міністр замежных спраў, ад імя Турцыі падпісаў Лазанскі мірны дагавор 1923. У 1923—37 (з перапынкам) і 1961—65 прэм’ер-міністр. У 1938—50 прэзідэнт Турцыі. Працягваў палітыку рэформ Атацюрка (лібералізацыя друку, увядзенне шматпартыйнай сістэмы і інш.). У час 2-й сусв. вайны захаваў нейтралітэт Турцыі. У 1938—72 старшыня Нар.-рэсп. партыі.
т. 7, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПСІЛА́НЦІ Аляксандр Канстанцінавіч (12.12.1792, г. Стамбул — 19.1.1828),
дзеяч грэч. нац.-вызв. руху. Князь, ген.-маёр рас. арміі (1817). У вайну 1812 удзельнічаў у бітвах каля Клясціц і Полацка, у час замежных паходаў рас. арміі 1813—14 падпалк. Гродзенскага гусарскага палка І. вызначыўся ў бітвах каля Баўтцэна і Дрэздэна. З 1816 ад’ютант цара Аляксандра І. У крас. 1820 узначаліў грэч. тайнае т-ва «Філікі Этэрыя», якое мела на мэце вызваленне Грэцыі ад асманскага прыгнёту. У лют. 1821 з невял. атрадам уступіў у Малдавію, дзе ўзначаліў антытур. паўстанне, якое стала сігналам да пачатку Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. 19.7.1821 войскі І. разбіты туркамі пад Драгашанамі; уцёк у Аўстрыю, дзе арыштаваны ўладамі. Вызвалены ў 1827.
т. 7, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЎНІ́ЦЫН Пётр Пятровіч (9.10.1764—9.9.1822),
рускі ваенны дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1817), граф (1819). Удзельнік руска-шведскіх войнаў 1788—90 і 1808—09. У час ваен. дзеянняў супраць Рэчы Паспалітай 1792—94 камандаваў мушкецёрскім палком. На пач. вайны 1812 камандаваў 3-й пях. дывізіяй у 3-м корпусе ген. М.А.Тучкова, у баях каля в. Астроўна (Бешанковіцкі р-н) 26 ліп. стрымліваў націск франц. карпусоў маршала Мюрата і ген. Багарнэ. Вызначыўся ў бітвах пад Смаленскам і Барадзіно. З вер. 1812 у ген. штабе аб’яднаных зах. армій. Удзельнік ваен. дзеянняў 1813—14. У 1815—19 ваен. міністр. З 1819 чл. Дзярж. савета, нач. ваен. навуч. устаноў, дырэктар Царскасельскага ліцэя.
т. 7, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІ́ЦКАЯ ЛІ́ГА 1576,
палітычны рух франц. католікаў у час рэлігійных войнаў у 1576—95 Створана ў Пікардыі і ўзначальвалася Гізамі. Пад прыкрыццём заклікаў да абароны дзяржавы і рэлігіі імкнулася да аўтаноміі правінцыяльных улад і пачала барацьбу з гугенотамі. Пры ваен. падтрымцы Іспаніі спрабавала сарваць пагадненне караля Генрыха III з гугенотам Генрыхам Наварскім (пазней кароль Генрых IV) аб прызначэнні апошняга наследнікам трона і прапанавала свайго кандыдата Генрыха Гіза. У 1588 прыхільнікі К.л. захапілі Парыж і прымусілі Генрыха III пакінуць горад. Пасля забойства апошняга (1589) каралём стаў Генрых IV, які ў 1593 перайшоў у каталіцтва. Пасля заключэння ім міру з лідэрамі апазіцыі (1595) К.л. спыніла сваё існаванне.
Н.К.Мазоўка.
т. 8, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ШСКІЯ СТРАЛКІ́,
ваеннаслужачыя латышскіх фарміраванняў рас. арміі, створаных у 1915 у час 1-й сусв. вайны для абароны Прыбалтыкі ад герм. войск. У 1916 разгорнуты ў стралк. дывізію. З мая 1917 знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў. Л.с. актыўна ўдзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, у грамадз. вайне, падаўленні антысав. выступленняў, у т. л. Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918, ахоўвалі сав. ўрад у Маскоўскім Крамлі. У крас. 1918 з Л.с. сфарміравана 1-я Лат. стралк. дывізія, у пач. 1919 яна разгорнута ў Армію Сав. Латвіі. Пасля паражэнняў улетку 1919 зноў зведзены ў дывізію, якая ў ліст. 1920 расфарміравана.
Літ.:
История латышских стрелков (1915—1920): Пер. с латыш. Рига, 1972;
Революционные латышские стрелки (1917—1920). Рига, 1980.
т. 9, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МА́НЕРГЕЙМА ЛІ́НІЯ»,
сістэма фінл. доўгатэрміновых фартыфікацыйных збудаванняў і загарод на Карэльскім перашыйку ўздоўж граніцы з СССР. Пабудавана ў 1927—39 пры ўдзеле ням., англ., франц. і бельг. спецыялістаў, завершана пад кіраўніцтвам бельг. ген. Баду — удзельніка стварэння «Мажыно лініі». Названа імем К.Г.Э.Манергейма. Агульная працягласць «М.л.» 135 км (ад Фінскага заліва да Ладажскага воз.), глыбіня да 90 км; уключала паласу забеспячэння, гал. паласу абароны, 2-ю і тылавую палосы. Мела больш за 2 тыс. доўгатэрміновых і гранітна-дрэваземляных агнявых збудаванняў. Чырв. Арміі двойчы давялося з баямі і пры значных стратах у жывой сіле і тэхніцы пераадольваць «М.л.» ў час савецка-фінляндскай вайны 1939—40 і ў ходзе Выбаргскай аперацыі 1944. Пасля вайны ўсе збудаванні «Мл.» разбураны.
т. 10, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫНІ́ДЫ, Марыніды,
дынастыя берберскіх эміраў з племя бану-марын, якая правіла ў Марока ў 1269—1465. У 1248 у час праўлення Абу Ях’і [1244—58] занялі Фес і заснавалі незалежны эмірат; у 1269 захапілі Маракеш, скінулі дынастыю Альмахадаў і аб’ядналі пад сваёй уладай усю тэр. Марока. Найб. пашырэнне дзяржавы М. адбылося пры Абу-ль-Хасане [1331—51] і Абу Інане [1351—58], якія далучылі да яе тэрыторыі Сярэдні Магрыб, здзейснілі некалькі паходаў у Іспанію, Туніс (1347 і 1357). Дынастычныя спрэчкі і міжусобіцы падарвалі магутнасць М. У пач. 15 ст. частку іх тэрыторыі захапілі партугальцы. З 1420 ад імя М. краінай фактычна правілі Ватасіды (бакавая галіна М.), з 1465 да іх поўнасцю перайшла ўлада ў Марока.
т. 10, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)