тонкі слой цячэння вязкай вадкасці (газу), які ўзнікае пры абцяканні цвёрдага цела або на мяжы падзелу 2 патокаў вадкасці з рознымі скарасцямі ці хім. саставам.
Характарызуецца рэзкімі зменамі ў папярочным напрамку скорасці (т-ры, канцэнтрацыі) ад яе пэўнага значэння ў знешнім патоку да нуля на абцяканай паверхні ў выніку вязкага трэння (цеплаправоднасці, дыфузіі) і наліпання вязкай вадкасці на паверхню. Рэжым цячэння вызначаецца Рэйнальдса лікам і можа быць ламінарным ці турбулентным (гл.Ламінарнае цячэнне, Турбулентнае цячэнне). Даследаванні П.с. маюць важнае значэнне ў аэрагідрадынаміцы, метэаралогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНЫЯ СТА́НЦЫІ,
навукова-назіральныя пункты, створаныя на ўзбярэжжы кантынентаў і астравоў Паўн. Ледавітага ак. і ў Антарктыцы. Вядуць сістэматычныя аэраметэаралагічныя, актынаметрычныя, геамагнітныя, гідралагічныя, гляцыялагічныя і ў асобных выпадках біял. і мед. назіранні. Створаны ў перыяд 1-га Міжнар. палярнага года (1882—83). У 1990-я г. ў Арктыцы працавала каля 200 П.с., якія маюць важнае значэнне ў абслугоўванні навігацыі Паўн. марскога шляху. У Антарктыцы асн. сетка П.с. створана ў перыяд Міжнар.геафіз. года (1957—58) і пазней; у 1990-я г. — 48 пастаянных (зімовачных) станцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГЕНЕ́ЗІС МІНЕРА́ЛАЎ,
заканамернае сумеснае размяшчэнне ў зямной кары мінералаў, звязаных агульнымі ўмовамі ўтварэння (магматычны расплаў, гідратэрмальная сістэма, басейн седыментацыі і інш.). Вызначальнымі фактарамі П.м. з’яўляюцца хімізм асяроддзя, гісторыя яго геал. развіцця і тэрмадынамічныя ўмовы мінералаўтварэння. Вылучаюць тыповы П.м. (напр., сумеснае размяшчэнне мускавіту, турмаліну, берылу ў гранітных пегматытах) і нетыповы (алівін і кварц у вывергнутых пародах). З П.м. цесна звязаны парагенезіс элементаў (напр., хром Cr, нікель Ni, плаціна Pt звязаны з асноўнымі горнымі пародамі). Вывучэнне П.м. мае вял.значэнне пры пошуках і ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́Д (франц. parade ад лац. paro літар. рыхтую),
1) урачысты агляд войск, які праводзіцца ў азнаменаванне дзярж. свят, часам пасля заканчэння вучэнняў (манеўраў). Гіст.значэнне мелі П. ў Маскве 7.11.1941 у час Маскоўскай бітвы 1941—42, Парад Перамогі 24.6.1945 і інш. П. войск, а таксама Партызанскі парад 1944 у Мінску.
2) Урачыстае шэсце арг-цый, калектываў (напр., фізкультурны П.).
3) У цырку і тэатры — агульны выхад на сцэну (арэну) усіх удзельнікаў у пачатку ці ў канцы паказу.
4) Свята, урачыстасць; святочнае ўбранне.
Ваенны парад на плошчы Незалежнасці ў Мінску. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЦЕРКІ,
дробныя ўпрыгожанні са скразнымі адтулінамі, нанізаныя на нітку або шнурок. Носяць на шыі ў выглядзе караляў, паасобныя П. выкарыстоўваюць для ўпрыгожання вопраткі, галаўных убораў, абутку. Вядомы ў многіх народаў з эпохі неаліту, часта ім надавалі магічнае значэнне. У старажытнасці разнастайныя паводле формы і колеру П. выраблялі з зерня раслін, пладовых костачак, зубоў звяроў, бурштыну і інш., пазней — з металаў, шкла, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. У наш час П. вырабляюць з розных матэрыялаў прадпрыемствы маст. прам-сці, ювеліры, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва, нар. майстры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭДЫКАТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. praedicatio выказванне),
граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны выказвання да пазамоўнай рэчаіснасці. Выяўляецца праз інтанацыю паведамлення, катэгорыі асобы, часу і ладу дзеяслова-выказніка. Параўн.: «смех», «дзеці», «смех дзяцей», «смяшлівыя дзеці» і «Дзеці смяюцца»; «снег», «снежыць», «снежны» і «Снег пайшоў», «Снег!». П. надае спалучэнню слоў і нават асобнаму слову значэнне закончанай думкі, сэнс самаст. адзінкі маўленчых зносін, выступае сродкам рэалізацыі камунікатыўнай функцыі мовы. Належыць да універсалій лінгвістычных.
Літ.:
Виноградов В.В. Некоторые задачи изучения синтаксиса простого предложения // Вопр. языкознания. 1954. № 1;
Общее языкознание: Внутренняя структура языка. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1994). Размешчаны ў в.Вял. Пугачы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун буйназярністага біятытавага рапаківіпадобнага граніту даўж. 8 м, шыр. 7 м, выш. 1,3 м, у абводзе 21,9 м, аб’ём бачнай часткі 38,6 м³, маса каля 103 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс.г. назад з тэр.Паўд. Фінляндыі. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае агульнаму напрамку руху ледавіка. Меў культавае значэнне.
В.Ф.Вінакураў.
Пугачоўскі вялікі камень у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРУ́Н,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1990). Размешчаны за 1 км на У ад в. Расходна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 4 м, шыр. 3,8 м, выш. 2,7 м, у абводзе 11,8 м, аб’ём бачнай часткі 22 м³, маса каля 58 т. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка, які прынёс валун каля 20—18 тыс. гадоў назад з тэр., што прылягае да Фінскага заліва. У мінулым меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМЕ́ННЕ,
універсальная аперацыя мыслення, якая характарызуецца засвойваннем новых ведаў і іх уключэннем у сфарміраваную сістэму светапогляду; здольнасць усвядоміць сэнс і значэнне аб’ектаў сацыякульт. і прыроднай рэчаіснасці. Вызначаецца лагічнай упарадкаванасцю, асэнсаваннем прычынна-выніковых сувязей навакольных з’яў. Развіваецца ў працэсе зносін паміж людзьмі і засваення культ.-гіст. спадчыны. Гал. функцыя Р. — каардынацыя дзеянняў чалавека і ўсіх відаў камунікацыі. Да псіхал. механізмаў Р. адносяцца ідэнтыфікацыя, інсайт, інтуіцыя, каузальная атрыбуцыя, праекцыя, сац. перцэпцыя і эмпатыя. Р. даследуецца ў псіхалогіі, філасофіі, сацыялогіі, літ.-знаўстве і інш.; з’яўляецца асн. катэгорыяй навукі аб Р. тэкстаў — герменеўтыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЦЯЖЭ́ННЕ-СЦІСКА́ННЕ,
від дэфармацыі стрыжня (бруса і інш.) або яго часткі пад уздзеяннем падоўжных расцягвальных ці сціскальных сіл. Характарызуецца зменай даўжыні стрыжня (яго часткі). Улічваецца пры вызначэнні найважнейшых мех. характарыстык матэрыялаў: модуляў пругкасці, межаў трываласці, пругкасці, цякучасці і інш.
Істотнае значэнне мае дыяграма дэфармавання. Для пластычных матэрыялаў яна характарызуецца прамой лініяй у пачатковай (пругкай) стадыі расцяжэння (дзе сапраўдны Гука закон), участкам цякучасці і зніжэннем расцягвальнага намагання ў месцы ўтварэння шыйкі (звужэння) узору (гл.Паўзучасць матэрыялаў). Дыяграма расцяжэння крохкіх матэрыялаў (напр., чыгуну) характарызуецца малой дэфармацыяй, што папярэднічае разрыву.