КАЛБЦЫФЕРО́ЛЫ,

вітаміны групы D, тлушчарастваральныя злучэнні з супрацьрахітычнымі ўласцівасцямі; вытворныя стэрынаў. Найважнейшыя эргакальцыферол (вітамін D2) і халекальцыферол (вітамін D3). Гал. крыніца К. — печань марскіх жывёл і ялавічная, сыр, яечны жаўток. Рэгулюе абмен кальцыю і фосфару. Недахоп вітаміну D у арганізме выклікае парушэнне мінералізацыі шкілета (рахіт і размякчэнне касцявой тканкі), лішак — павышаную колькасць кальцыю ў крыві і адклады яго ў мяккіх тканках (D-гіпервітаміноз). Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека 2,5 мкг, дзяцей — 12,5 мкг. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПІЛО́ВІЧ (Юрый Уладзіміравіч) (н. 2.4.1934, Мінск),

бел. канструктар і вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі. Канд. тэхн. н. (1984), праф. (1990). Скончыў БПІ (1957). З 1958 на Мінскім з-дзе ЭВМ, у 1974—94 гал. інжынер Аб’яднання выліч. тэхнікі, адначасова з 1976 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Удзельнічаў у распрацоўцы, стварэнні і асваенні ЭВМ тыпу «Мінск» і «АС», персанальных камп’ютэраў і сродкаў тэлекамунікацый. Дзярж. прэмія СССР 1970, Ленінская прэмія 1983.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНТУ́КІ (Kentucky),

штат на Пд ЗША. Пл. 104,6 тыс. км². Нас. 3883,7 тыс. чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц.г. Франкфарт. Большую ч. тэрыторыі займае вапняковае плато Камберленд (выш. 200—450 м), расчлянёнае глыбокімі далінамі рэк Камберленд, Грын-Рывер і Кентукі. Характэрны карставыя формы рэльефу. На З і ПнЗ раўніна ўздоўж р. Агайо. Клімат умераны вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра каля 1 °C у студз., каля 24 °C у ліп., ападкаў 1000—1250 мм за год. Захаваліся невял. ўчасткі шыракалістых лясоў. К. — індустр.-агр. штат. Развіты хім. (сінт. каўчук, валокны, пластмасы і інш.), электратэхн. (быт. электрапрылады) прам-сць, агульнае машынабудаванне. Горад Падзьюка — адзін з цэнтраў атамнай прам-сці. Важнае значэнне маюць харч. (у т. л. вінаробства і вытв-сць віскі) і тытунёвая прам-сць. Здабыча каменнага вугалю (каля 100 млн. т штогод), нафты, буд. каменю, плавікавага шпату і інш. У сельскай гаспадарцы кошт прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна роўныя. Гал. культура — тытунь. Сеюць таксама кукурузу, кармавыя травы, сою, пшаніцу. Садоўніцтва. Мяса-малочная і мясная жывёлагадоўля. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Суднаходства на р. Агайо. Гал. прамысл. цэнтры — гарады Луісвіл і Лексінгтан.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пра́нцы мн. л. ’заразная венерычная хвароба; сіфіліс’ (ТСБМ, Шат., Касп., Др.-Падб., Гарэц., Мядзв.; лельч., Арх. ГУ; ТС), ’скулы’ (Бір. Дзярж.), пранцэ́і ’блазнота, дурасліўцы’ (ТС), пранц, пра́нэць, пра́ныц, пра́нцы ’брыдота’ (Сл. ПЗБ), пранцава́ты ’пракажоны’ (Зап.). Укр. мн. л. пранці ’сіфіліс’, рус. паўдн., зах. пра́нец ’залатушная высыпка’. Бел. і ўкр., відаць, з польск. pranca ’сіфіліс; заразная венерычная хвароба’, калісьці называлася “chorobą dworską” (Віл. сл.), з натуральнай заменай ф на п, параўн. народнае пасоля < фасоля і пад. (хвароба распаўсюдзілася ў пачатку XVI ст.), з даўняга ням. franze, franzose ’французка, французская хвароба’, першапачаткова französische Krankheit, таму што першая эпідэмія сіфілісу ўспыхнула ў Францыі каля 1496 г. (Банькоўскі, 1, 385). Паводле Фасмера (3, 353), слова узыходзіць да гал. frans ’французскі’, ням. Franz — у складаных словах тыпу Franzbrot ’французскі хлеб’ і да т. п. Брукнер (127) і Махэк₂ (146) адзінай крыніцай лічаць нямецкую назву французаў. Параўн. яшчэ рус. французская болезнь ’сіфіліс’ і чэш. franská nemoc ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АКТЫНАМЕ́ТРЫЯ (ад актына... + ...метрыя),

раздзел метэаралогіі, які вывучае перанос і ператварэнне сонечнага, зямнога і атмасфернага выпрамянення ў атмасферы Зямлі. Гал. задачы актынаметрыі — вымярэнне прамой, рассеянай, сумарнай і адбітай радыяцыі і радыяцыйнага балансу зямной паверхні, вывучэнне заканамернасцяў паглынання і рассейвання радыяцыі ў атмасферы і геагр. размеркавання яе. Актынаметрычныя назіранні пачаліся ў 17 ст., на Беларусі з 1936. У 1994 праводзіліся на 10 станцыях: у Мінскім гідраметэацэнтры, на аграметэастанцыі Васілевічы, Палескай балотнай станцыі і інш.

М.​А.​Гольберг.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРУШЭ́ВІЧ (Ян) (пач. 16 ст. — 1567 ?),

рэлігійны і дзярж. дзеяч ВКЛ, паэт-лацініст. Канонік у Вільні, біскуп у Кіеве і Луцку. Аўтар дыдактычна-рэліг. паэмы «Lens Lituana olim...» (каля 1543) пра легендарнае забойства ў Вільні 14 францысканскіх манахаў у перыяд княжання Альгерда (1345—77). Гал. змест і пафас паэмы ў апалагетычна-хрысц. тэндэнцыйнасці, дыдактызме, асуджэнні братазабойстваў.

Літ.:

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТУ́ЗІЙ ((Althusius) Іаган) (1557, Дзідэнсгаўзен, Паўн. Рэйн-Вестфалія, Германія — 12.8.1638),

нямецкі юрыст, тэарэтык права. Атрымаў адукацыю ў Базельскім ун-це. У 1586—1604 праф. права ў Гербарне. З 1604 бургамістр, з 1627 старшыня кальвінісцкай кансісторыі г. Эмдэн. У сваёй гал. працы «Палітыка...» (1603) адзін з першых абгрунтаваў тэорыі натуральнага права і грамадскага дагавору. Развіваў і сцвярджаў ідэю вяршэнства і неадчужальнасці нар. суверэнітэту, перад якім адказныя носьбіты дзярж. улады.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БВЕР (ням. Abwehr),

орган ваен. разведкі і контрразведкі Германіі ў 1919—44. У 1935—44 абвер узначальваў адм. Ф.​В.​Канарыс. У 1944 у складзе Гал. ўпраўлення імперскай бяспекі, падпарадкаванага Г.​Гімлеру. У Вял. Айч. вайну на акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 4 развед., 3 дыверсійна-тэрарыст. і 9 контрразвед. груп абверу, спец. аператыўная група «Мінск», а таксама асобныя падраздзяленні развед. і контрразвед. органаў А. «Зондэрштаб-Р», «Інгвар», «Цэпелін».

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУРАХМА́НАВА (Дзільбар Гулямаўна) (н. 1.5.1936, Масква),

узбекскі дырыжор. Нар. артыстка СССР (1977). Скончыла Ташкенцкую кансерваторыю (1960). Дырыжор, з 1976 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Узб. т-ра оперы і балета. Пад яе кіраўніцтвам паст. оперныя («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «Атэла» Дж.​Вердзі, «Вогненны анёл» С.​Пракоф’ева, «Пётр Першы» А.​Пятрова) і балетныя («Лебядзінае возера» Чайкоўскага, «Жызэль» А.​Адана, «Спартак» А.​Хачатурана, «Ганна Карэніна» Р.​Шчадрына) спектаклі. Дзярж. прэмія Узбекістана 1973.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́Й (Леанід Вікенцьевіч) (7.4.1929, г. Вілейка Мінскай вобл — 5.7.1977),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1968), праф. (1970). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1959 працаваў у ім і адначасова з 1968 гал. хірург Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па хірург. метадах лячэння хвароб гепатабіліярнай сістэмы і падстраўнікавай залозы, партальнай гіпертэнзіі і гастраэнтэралогіі, па экстракарпаральных метадах дэтаксікацыі ў хірургіі.

Тв.:

Клиника и хирургическое лечение холецистита. Мн., 1963.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)