вугляродзістая сталь, якая вызначаецца высокай цвёрдасцю, пругкасцю, вязкасцю, зносастойкасцю, своеасаблівай структурай і ўзорыстасцю паверхні. Асн. асаблівасць мікраструктуры булату — аптымальнае па дысперснасці і канфігурацыі спалучэнне высокавугляродзістых (дробнаігольчасты мартэнсіт) і нізкавугляродзістых (ферыт) мікрааб’ёмаў. Адрозніваюць булат літы (т.зв. вутц) і зварачны (больш нізкай якасці).
Вытв-сць булату была вядома ў Індыі, Іране, Сірыі («дамаская сталь»), у краінах Сярэдняй Азіі. Выкарыстоўваўся на выраб халоднай зброі выключнай трываласці і вастрыні. Клінок з булату не ламаецца, не мае астаткавай дэфармацыі. У 14 ст. сакрэт вырабу булат быў страчаны. Навук. асновы вытв-сці булату распрацаваў рус. металург П.П.Аносаў (у 1833 вырабіў булатны клінок). Атрыманне булатнай структуры забяспечваецца асаблівасцямі саставу, тэхналогіі выплаўкі, коўкі, тэрмічнай і мех. апрацоўкі. Узорыстасць бывае паласавая і струменістая (ніжэйшыя сарты булату), хвалістая (сярэдні, сорт), сеткаватая і каленчатая (вышэйшыя сарты).
Літ.:
Гуревич Ю.Г. Загадка булатного узора. М., 1985;
Мезенин Н.А. Занимательно о железе. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦКІ АРЭ́Х, валоскі арэх (Juglans regia),
від кветкавых раслін з роду арэх. Радзіма — Сярэдняя і Паўн.-Усх. Азія. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах. Вырошчваецца ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца як інтрадукаваная расліна ў бат. садах, парках і скверах, вырошчваецца садаводамі-аматарамі.
Лістападнае дрэва выш. да 35 м і дыям. да 2 м. Крона густая, раскідзістая. Лісце няпарнаперыстаскладанае, пахучае (мае эфірны алей). Кветкі дробныя, зеленаватыя, аднаполыя. Плады — буйныя несапраўдныя шарападобныя касцянкі («арэхі»). Ядро арэхаў ядомае, мае да 70% тлушчаў, 26% бялкоў, вітаміны B1, E і правітамін A, выкарыстоўваецца ў кандытарскай і кулінарнай вытв-ці, недаспелыя арэхі багатыя вітамінам C, з іх вырабляюць варэнне. З арэхаў атрымліваюць арэхавы алей, які ідзе ў ежу, на выраб лакаў, высакаякаснага мыла, тушы. Грэцкі арэх жыве да 400 гадоў. Харч., тэхн., кармавая, лек., меданосная і дэкар. расліна. Мае каштоўную драўніну. З лісця, кары, зялёнай лупіны пладоў атрымліваюць дубільнікі і карычневую фарбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ (Calais),
горад на Пн Францыі. Адм. ц. дэпартамента Па-дэ-Кале. Каля 120 тыс.ж. з прыгарадамі (1993). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у прал. Па-дэ-Кале. Марскія пасаж. зносіны з Дуўрам (Вялікабрытанія). Мацерыковы ўваход у чыг. тунэль, які злучае Францыю з Вялікабрытаніяй. Прам-сць: маш.-буд., хім., харчовая. Стараж.выраб карункаў, цюлю, вышывак.
Узнік у 9—10 ст. на месцы рыбацкай вёскі, уладанне булонскага графа. У 1173 (паводле інш. звестак, у 1180) атрымаў гар. правы. З 13 ст. адыгрываў важную ролю ў гандлі паміж Францыяй і Англіяй. У Стогадовую вайну 1337—1453 захоплены англічанамі (1347). У 1558 адваяваны герцагам Ф.Гізам (гл.Гізы) і паводле Като-Камбрэзійскага дагавора 1559 замацаваны за Францыяй. У 1895 на ўшанаванне памяці абаронцаў горада ў 1347 устаноўлены помнік «Грамадзяне Кале» (скульпт. А.Радэн). У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны.
Да арт.Кале. Грамадзяне Кале. Помнік перад будынкам ратушы ў Кале. Скульпт. А.Радэн. 1884—88.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЁН (Acer),
род кветкавых раслін сям. кляновых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляецца дзікарослы від К. вастралісты (A. platanoides). Расце ў дубова-грабавых і ялова-шыракалістых лясах, зрэдку ўтварае кляновыя лясы. З інтрадукаваных найб. вядомыя К.: ілжэплатанавы, або явар (A. pseudoplatanus), татарскі, або чарнаклён (A. tataricum), прырэчны, або Гінала (A. ginnala), чырвоны (A. rubrum), зеленакоры (A. tegmentosum), мона (A. mono), серабрысты, або цукрысты (A. saccharinum).
Лістападныя дрэвы і кусты выш. ад 6—7 да 40 м з раскідзістай густой кронай. Лісце простае, лопасцевае або перыстае, чаранковае, супраціўнае. На працягу вегетацыі змяняе колер ад чырв.-зялёнага праз цёмна-зялёны да чырв.-аранжавага. Кветкі раздзельнаполыя ў шчытках, мяцёлках або гронках. Плод — двухкрылатка. Драўніна з высокімі тэхнал. якасцямі, ідзе на вырабмуз. інструментаў, мэблі. З соку некат. відаў атрымліваюць кляновы цукар. Меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́РЫЛЕНД (Maryland),
штат на Атлантычным узбярэжжы ЗША, па абодвух берагах Чэсапікскага заліва. Пл. 27,5 тыс.км². Нас. 5094,3 тыс.чал., у т. л. больш за 85% гарадскога (1997). Адм. ц. — г. Анапаліс, найб. горад, прамысл. цэнтр і порт — Балтымар. На У берагавая нізіна, у цэнтры плато Підмант (да 400 м), на З Апалачы (выш. да 1024 м). Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. 2—3 °C, ліп. 25—27 °C. Ападкаў больш за 1000 мм за год. На схілах Апалачаў захаваліся лісцевыя лясы. Найб. развіта прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (у т. л. аўтазборачнае і суднабудаванне), радыёэлектронная, эл.-тэхн., авіяракетная, хім., нафтахім., харч., паліграф., швейная; выраб металаканструкцый. Вытв-сць электраэнергіі 44,6 млрд.кВт∙гадз (1997). Здабыча буд. каменю, цэм. сыравіны, пяску і жвіру. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Агародніцтва. Цяплічныя гаспадаркі. Вырошчванне соі і кукурузы. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДЫЯ (Normandie),
гістарычная вобласць на ПнЗ Францыі, каля ўзбярэжжа праліва Ла-Манш. У старажытнасці населена кельтамі. Разам з Галіяй раманізавана і з 4 ст. хрысціянізавана. У 6 ст. заваявана франкамі. Пры Каралінгах аб’ект нападзенняў нарманскіх піратаў. У 911 правадыр нарманаў (адсюль назва) Ралон атрымаў Н. ад караля Карла III Праставатага ў якасці леннага ўдзела. Пасля нармандскага заваявання Англіі 1066 Н. — частка англа-нармандскай дзяржавы. У 12 ст. разам з англ. каронай перайшла пад уладу Плантагенетаў. У 1202—04 адваявана франц. каралём Філіпам II Аўгустам (замацавана пагадненнем 1259), але захавала асобныя прывілеі, самакіраванне гарадоў. У Стогадовую вайну 1337—1453 Н. — гал. арэна ваен. дзеянняў. У 1419 заваявана англічанамі. У 1450 вернута Францыі. У 1468 Людовік XI уключыў Н. ў каралеўскі дамен. У 1515 у г. Руан засн. парламент Н. У 16—17 ст. адна з найб. развітых гандл.-прамысл. правінцый Францыі (сукнаробства, выраб палатна, карункаў, шкла, жалеза і інш.). Пасля скасавання ў 1791 гіст.-адм. падзелу Францыі падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШКО́ВАЙ МЕТАЛУРГІ́І З ДО́СЛЕДНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦЮ НДІБеларускага дзяржаўнага навукова-вытворчага канцэрна парашковай металургіі.
Засн. ў 1972 у Мінску на базе праблемнай лабараторыі Бел.політэхн. ін-та. У 1980 на базе НДІ створана навукова-вытв. аб’яднанне, у 1996 — Бел.дзярж. навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі. Асн. кірункі навукова-тэхн. дзейнасці: распрацоўка навук. прынцыпаў кіравання структурай і ўласцівасцямі матэрыялаў, стварэнне новых матэрыялаў (канструкцыйных, порыстых, трыбатэхн., алмазазмяшчальных, магнітных, керамічных і інш.) для работы ў экстрэмальных умовах; распрацоўка высокаэфектыўных тэхналогій атрымання гэтых матэрыялаў метадамі парашковай металургіі, сінтэзу, уздзеяннем імпульснымі нагрузкамі, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. і выраб з іх дэталяў, вузлоў і камплектуючых для прадпрыемстваў аўтатрактарнага і с.-г. машынабудавання, энергетыкі, прыборабудавання, чыг. транспарту, вытв-сці хім. і харч. прадуктаў, будматэрыялаў, вырабаў мед. тэхнікі і інш. З 1977 выдае штогоднік «Парашковая металургія». У ін-це працаваў чл.-кар.Нац.АН Беларусі Г.Дз.Карпенка, працуюць акад.Нац.АН Беларусі П.А.Віцязь і А.У.Роман.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БА,
радовішча даламітаў у Віцебскім р-не, каля г.п. Руба, вёсак Вярхоўе, Гралева, Цякава, Койтава, Чырвоны Двор, на правым і левым берагах р.Зах. Дзвіна. Пластавы паклад звязаны з адкладамі франскага яруса (верхні дэвон). Складаецца з 5 участкаў: Руба і Вярхоўе (адпрацаваныя), Цякава-Койтава (закансервавана), Гралева (распрацоўваецца), Чырванадворскі (рэзервовы). Даламіты шэрыя, жаўтавата-шэрыя, скрытакрышт., моцныя, участкамі трэшчынаватыя, порыстыя, кавернозныя, акварцаваныя, з лінзамі і праслоямі даламітавага пяску і друзу, маюць у сабе аксіду кальцыю CaO 23,8—34,5%, аксіду магнію MgO 14,7—22,6%. Разведаныя запасы (на ўчастках Гралева і Чырванадворскі) 843,7 млн.т, перспектыўныя 389,3 млн.т, астатак разведаных запасаў 748,1 млн.т (2000). Выяўленая магутнасць карыснай тоўшчы 10,5—30,2 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 22—44 м. У рэчышчы р.Зах. Дзвіна даламіты выходзяць на дзённую паверхню. Даламіты прыдатныя на выраб даламітавай мукі (для вапнавання кіслых глеб), друзу, мінер. парашку для асфальтабетону, напаўняльніка для покрыўнага слоя руберойду і часткова для нізкагатунковага шкла. Радовішча распрацоўваецца акц. т-вам «Даламіт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРЫ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
тып арганізацыі вытв-сці, калі на прадпрыемстве адначасова вырабляецца шырокая наменклатура аднароднай прадукцыі, выпуск якой паўтараецца праз пэўны час. Колькасць прадукцыі, што вырабляецца адначасова, наз. памерам серыі, а колькасць дэталей — памерам партыі. У залежнасці ад памераў і частаты чаргавання серый адрозніваюць буйнасерыйную, сярэднесерыйную і дробнасерыйную вытв-сць. Пры буйнасерыйнай вытв-сці прадукцыя вырабляецца працяглы час (звычайна не менш як год) і ў вял. аб’ёмах. На прадпрыемствах шырока выкарыстоўваюцца паточныя лініі, канвееры і сродкі аўтаматызацыі; вытв-сць набывае рысы масавага тыпу (гл.Масавая вытворчасць). Пашырана ў аўтамабільнай, трактарнай прам-сці. Пры сярэднесерыйнай вытв-сці спецыялізацыя абмяжоўваецца больш вузкай наменклатурай. Да яе адносяцца, напр., станка- і маторабудаванне, выпуск пракату чорных і каляровых металаў. Дробнасерыйнаявытв-сць набліжаецца да адзінкавай. Выраб прадукцыі звычайна не паўтараецца. Памер серый няўстойлівы, збыт абмяжоўваецца заказамі або дагаворамі. Да дробнасерыйнай адносіцца вытв-сць асобых відаў сплаваў, пракату. С.в. дае магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць высокапрадукц. абсталяванне, павышаць якасць прадукцыі, зніжаць яе сабекошт.