БРО́ЙЛЕР (англ. broiler ад broil смажыць на агні),
адкормленае на мяса кураня ва ўзросце да 70 сутак, з жывой масай да 2 кг. Для вытв-сці бройлераў выкарыстоўваюць мяса-яечныя, мясныя пароды курэй і мясныя лініі гэтых курэй (бацькаўскай формай у скрыжаваннях служыць парода корніш, мацярынскай — белы плімутрок). Бройлеры вызначаюцца інтэнсіўным ростам, скараспеласцю, нізкімі затратамі корму. Мяса бройлера — дыетычны прадукт, які мае да 22,5% бялку, далікатнае і сакаўное. Бройлерам наз.таксама гібрыдны маладняк інш. відаў птушкі, які гадуюць на мяса (качанят не старэй за 8 тыдняў, гусянят і цацаранят ва ўзросце да 12 тыдняў, індычанят — да 19 тыдняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́СТЭРА ЗАКО́Н,
суадносіны паміж паказчыкам пераламлення n дыэлектрыка і такім вуглом падзення (φ светлавога праменя, пры якім адбітае ад паверхні дыэлектрыка натуральнае (непалярызаванае) святло поўнасцю палярызуецца. Адкрыты ў 1815 Д.Брустэрам. Паводле Брустэра закона tg φ = n, дзе φ — вугал Брустэра. Пры выкананні Брустэра закона вугал паміж адбітым і пераломленым прамянямі складае 90°. Брустэра закон пакладзены ў аснову работы прылад аптычнай апрацоўкі інфармацыі, інтэгральнай оптыкі. Гл.таксамаПалярызацыя святла.
Да арт.Брустэра закон. Ход прамянёў на мяжы падзелу двух асяроддзяў пры падзенні святла пад вуглом Брустэра φ: E1 — складальная электрычнага вектара, якая ляжыць у плоскасці падзення, E2 — перпендыкулярная да яе.
латышскі рэжысёр. Нар.арт. Латвіі (1986). Скончыў рэжысёрскі ф-т Латвійскай кансерваторыі (1953), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Маскве (1956). У 1954—90 працаваў на Рыжскай кінастудыі. Здымаў дакумент., з 1965 маст. фільмы: «Да восені далёка» (1965), «Калі дажджы і вятры стукаюць у акно» (1968), «24—25 не вяртаецца» (1969), «Трайная праверка» (1970), «Горад пад ліпамі» (1971), «Падарункі па тэлефоне» (1978), «Ралі» (1979), «Двайная пастка» (1989), «Ганна» (1996), а таксама тэлевізійныя шматсерыйныя — «Доўгая дарога ў дзюнах» (1980—81, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Міраж» (1983), «Сям’я Зітараў» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛА (ад лац. bulla шарык),
1) у сярэднявеччы віслая металічная (са свінцу, серабра, золата) пячатка, якая змацоўвала папскі, імператарскі, каралеўскі, княжацкі дакумент, а таксама назва адпаведнага дакумента. Назва паходзіць ад металічных шарыкаў, праз якія працягваўся шнурок і на якіх адціскаўся адбітак спец. шчыпцамі — булаторыямі. У Рыме булы з’явіліся ў канцы 4 ст. З канца 10 ст. вядомы на Русі. Свінцовыя булы і тыпалагічна блізкія да іх пломбы 12 ст. знойдзены ў Брэсце, Ваўкавыску, Віцебску, Гродне, Мінску, Тураве і інш. Пячаткі тыпу булы полацкага кн.Ізяслава Уладзіміравіча і Ефрасінні Полацкай выяўлены ў Ноўгарадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬТЭР’Е́Р,
парода свойскіх сабак. Выведзена ў Вялікабрытаніі скрыжаваннем англ. бульдога з тэр’ерам пры наступным чыстапародным развядзенні. Гадуюць сабакаводы-аматары. Пашыраны на Беларусі.
Сабака магутны, мускулісты, гарманічнага целаскладу, масай да 32 кг. Масць белая або плямістая. Адважны, можа адолець і больш моцнага праціўніка, першы не нападае, надзейны вартавы. Мае добрыя ахоўныя і паляўнічыя якасці. Гадуюць таксама карлікавага бультэр’ера (выш. ў карку да 35,5 см і маса да 9 кг) і стафардшырскага бультэр’ера (рост 35,5—40,5 см, маса ад 11—12 да 15—17 кг), які ў старажытнасці выкарыстоўваўся для цкавання быкоў і мядзведзяў, пазней — для сабачых баёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУНАСТАМО́З,
гельмінтозная хвароба жвачных, якая выклікаецца нематодамі Bunostomum trigonocephalum (у авечак і коз) і B. phlebotomum (пераважна ў буйн. раг. жывёлы), што паразітуюць у тонкіх кішках.
Яйцы нематодаў трапляюць з фекаліямі ў навакольнае асяроддзе, дзе з іх вылупляюцца лічынкі, якія дасягаюць інвазійнай стадыі за 3—7 сутак. Жывёлы заражаюцца праз забруджаны лічынкамі корм або ваду, а таксама праз скуру. Паразіты жывуць у кішэчніку гаспадара (буйн. і дробнай раг. жывёлы) каля года. Клінічна выяўляецца толькі ў маладняку (змардаванне, адставанне ў развіцці і росце, скурныя высыпкі, сверб, панос, анемія, ацёкі, у цялят — лізуха). Назіраецца часцей летам, бывае і зімой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́СЕЛЬНІК, грабелькі,
журавельнік (Erodium),
род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я і ў Міжземнамор’і. На Беларусі трапляецца бусельнік цыкутавы (E. cicutarium) як пустазелле, а таксама на пустках і сметніках.
Адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны з апушаным распасцёртым або ўзнятым сцяблом. Лісце супраціўнае, перыстае ці лопасцевае, ніжняе звычайна сабранае ў разетку. Кветкі пераважна пурпуровыя, ружовыя ці ліловыя з цёмнымі жылкамі, у шматкветкавых паўпарасоніках, радзей адзіночныя. Плод — зборны арэшак (стэрыгма). Лек. (вяжучы, кроваспыняльны, процісутаргавы сродак) і дэкар. расліны, маюць дубільныя рэчывы, вітамін C, карацін, арган. к-ты, смолы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСКІ СУД,
мясцовы суд у гарадах ВКЛ. Войт, які ўзначальваў адміністрацыю горада, меў права і ўласнага суда. У грамаце 1390 на магдэбургскае права Брэсту ўпамінаецца толькі адна крыніца ўлады і суда — войт. У грамаце 1498 Полацку гаворыцца, што бурмістры і радцы не маглі судзіць без войта. Каралева Бона ў 1551 запатрабавала, каб у велікакняжацкіх гарадах суд. спрэчкі старосты разглядалі сумесна з гар. войтам. У многіх прыватнаўласніцкіх гарадах, дзе не было ўведзена магдэбургскае права, таксама дзейнічаў або войтаўскі суд, або войтаўска-лаўніцкі суд. Поруч з войтаўскім судом існаваў бурмістраўска-радзецкі суд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬТАМПЕ́РНАЯ ХАРАКТАРЫ́СТЫКА (ВАХ),
залежнасць падзення напружання на элеменце эл. ланцуга ад сілы току, што працякае праз яго (або залежнасць сілы току праз элемент ланцуга ад прыкладзенага напружання). Калі супраціўленне элемента не залежыць ад току, то ВАХ — прамая лінія, якая праходзіць праз пачатак каардынат. ВАХ нелінейных элементаў (эл.-вакуумныя, газаразрадныя і цвердацелыя прылады) маюць нелінейныя ўчасткі і розную форму. Гл.таксамаАдмоўнае супраціўленне.
Тыповая вольтамперная характарыстыка паўправадніковага дыёда з p—n-пераходам: U — напружанне на дыёдзе; I — ток праз дыёд; U* і I* — найбольшае дазволенае адваротнае напружанне і адпаведны адваротны ток; Uст — напружанне стабілізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУАЕРЫ́ЗМ, візіянізм, скапафілія,
форма палавой разрадкі, якая заключаецца ў схільнасці да разглядання палавых органаў або палавога акта інш. асоб; від палавой ненармальнасці. Неадольнае жаданне ўбачыць забароненае падштурхоўвае візіяніста на падглядванне ў туалетах, інтэрнатах, бальніцах і інш. Назіраецца таксама ў чвэрці дзяцей дашкольнага ўзросту, ва ўзросце 7—11 гадоў выяўляецца ў кожнага трэцяга хлопчыка і прыкладна ў 6% дзяўчынак. Замацоўванню дзіцячага вуаерызму спрыяюць цяжкасці ў адносінах з равеснікамі, асабліва процілеглага полу, стойкая фіксацыя ў нясталай псіхіцы дзіцяці ўбачанай ім сцэны інтымнай блізкасці і г.д. Да разнавіднасцей вуаерызму можна аднесці захапленне стрыптызам, вар’етэ, эратычнымі шоу, фотаздымкамі і інш.