ДАЛГІ́Х (Уладзімір Віталевіч) (н. 26.2.1969, г. Гродна),
бел. артыст балета. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1987, педагог Л.Чахоўскі). З 1989 саліст Нац.акад.т-ра балета Беларусі. Творчасці Д. ўласцівы пластычная выразнасць, сэнсавая напоўненасць, тонкая псіхал. распрацоўка партый, высакародства і рамант. ўзнёсласць светаўспрымання яго герояў.
Сярод партый: Яраполк («Страсці» А.Мдывані, Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1996), Прынц, Зігфрыд («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Джэймс («Сільфіда» Х.Левенскольда), Палемон («Ундзіна» Г.Генцэ), Паэт («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова), Спартак («Спартак» А.Хачатурана).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ННІКІ,
феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ у 14—16 ст., якія плацілі феад. зямельную рэнту пераважна ў форме даніны (збожжа, мяса, мёд, воск, футра і інш.). Асн. адзінкай абкладання данінай служыў дым (сял. гаспадарка), але за яе выплату адказвала супольна ўся абшчына. Да канца 15 ст. Д. былі пераважнай катэгорыяй сялян. З развіццём таварна-грашовых адносін да сярэдзіны 16 ст. на З і часткова ПнУБеларусі Д. паступова ператварыліся ў паншчынных (гл.Цяглыя сяляне) і чыншавых (гл.Асадныя сяляне) сялян. Д. гаспадарскіх падняпроўскіх валасцей у выніку агр. рэформы 1560 ператварыліся ў чыншавых сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАВЕ́ЧНАСЦЬ,
уласцівасць тэхн. вырабу (прыстасавання, збудавання) захоўваць працаздольнасць да надыходу гранічнага стану, пры якім далейшая эксплуатацыя яго павінна быць спынена з-за неадхільнага парушэння патрабаванняў тэхнікі бяспекі або выхаду параметраў за ўстаноўленыя межы. Адзін з асн. паказчыкаў надзейнасці вырабаў. Колькасна ацэньваецца рэсурсам — працягласцю функцыянавання вырабу (або аб’ёмам выкананай ім работы) ад пачатку эксплуатацыі да надыходу гранічнага стану. Для многіх вырабаў (электроннай тэхнікі і інш.) крытэрыем гранічнага стану з’яўляецца прыпыненне дзейнасці (гл.Безадказнасць). Д. вызначаецца разлікамі, спец. даследаваннямі з выкарыстаннем тэхнічнай дыягностыкі. На Беларусі праблемы Д. вывучаюцца ў Ін-це надзейнасці машын Нац.АН і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАЛЕ́ЦЦЕ,
сацыяльна-біялагічная з’ява, якая характарызуецца дажываннем чалавека да высокіх узроставых рубяжоў. Даўгавечнымі наз. людзей, якім больш за 90 гадоў. Многія з іх захоўваюць добрую памяць, цікавасць да навакольнага свету і ў значнай ступені працаздольнасць. У іх добра працуе сэрца, эндакрынная сістэма, моцны і ўраўнаважаны тып вышэйшай нерв. дзейнасці; яны ўстойлівыя да стрэсаў і інфекц. хвароб. Вывучае Д. геранталогія.
Спрыяюць Д. генет. патэнцыял, спадчыннасць, сац.-эканам. ўмовы, матэрыяльны дабрабыт, пэўныя псіхічныя і матэрыяльныя перадумовы, фіз. праца, рэжым харчавання, высокі ўзровень грамадскай санітарыі, аховы здароўя, неўжыванне тытуню і алкаголю. На Беларусі найбольш даўгавечнікаў у Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАПО́ЛЬСКІ (Цодзік Львовіч) (11.8.1879, г. Гарадок Віцебскай вобл. — 16.7.1959),
яўрэйскі пісьменнік. Займаўся пед. дзейнасцю, з 1933 працаваў у Дзяржвыдзе БССР. У 1937 незаконна асуджаны (тэрмін адбываў у Казахстане), у 1943 вызвалены. Друкаваўся з 1914. Пісаў на яўр., бел. і рус. мовах. У раманах «Каля адчыненай брамы» (1928, бел.пер. 1931), «Шоўк» (1934), аповесці «Агітпоезд» (1934, бел.пер. 1935) паказаў жыццё яўр. местачковага насельніцтва ў гады станаўлення сав. улады ў Беларусі. Пісаў апавяданні, нарысы, фельетоны, п’есы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎМАН (Анс Эрнеставіч) (26.11.1885, хутар Крэйпі, Рыжскі р-н, Латвія — 2.8.1920),
савецкі ваен. дзеяч. Скончыў Пскоўскае каморніцкае вучылішча (1906). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1914 на фронце, прапаршчык. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 гар. галава, потым старшыня выканкома Нарвенскага Савета, старшыня Нарвенскага ВРК. З 1918 на камандных і паліт. пасадах у Чырв. Арміі. У кастр. 1919 — жн. 1920 чл.РВС 16-й арміі ў Беларусі, адначасова ў чэрв. — ліп. 1920 нач. 10-й стралк. дывізіі, удзельнік вызвалення Пухавіч, Клецка, Чэрвеня, Бярозы, Кобрына, Брэста ад польск. войск. Загінуў у Брэсце. Узнаг. 2 ордэнамі Чырв. Сцяга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі мацерыка, краіны, рэгіёна або іх частак на раёны, аднародныя па характары воднага балансу і гідралагічнага рэжыму паверхневых і грунтавых вод. Выконваецца на аснове вывучэння заканамернасцей фарміравання і велічыні сцёку, асаблівасцей рэжыму рэк і вадаёмаў, вызначэння іх агульных рыс і адрозненняў на пэўных прасторах. Тэр.Беларусі паводле асаблівасцей фарміравання сцёку падзяляюць на 6 гідралагічных раёнаў адпаведна асн. рачным басейнам: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі. Усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны. Гідралагічнае раянаванне мае значэнне пры вывучэнні рэжыму рэк, на якіх не вядуцца гідралагічныя назіранні, для рацыянальнага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,
навукова-вытворчае падраздзяленне Гідраметэаралагічнай службы. Вывучае гідраметэаралагічны рэжым, ажыццяўляе метадычнае і тэхн. кіраўніцтва сеткай гідраметэаралагічных станцый і пастоў, абагульняе і друкуе іх матэрыялы. На Беларусі гідраметэаралагічныя абсерваторыі дзейнічаюць у складзе гідраметэаралагічных цэнтраў К-та па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: Мінская галаўная (з 1930), Гомельская (з і Брэсцкая (з 1970) занальныя, Віцебская (з 1970), Гродзенская (з 1981) і Магілёўская (з 1982) гідраметэаралагічныя абсерваторыі 2-га разраду. Забяспечваюць гасп. ўстановы і насельніцтва аператыўнай інфармацыяй: ажыццяўляюць кантроль за забруджваннем навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМЕНАЛЕПІДЫ́ДЫ (Hymenolepididae),
сямейства гельмінтаў кл. стужачных чарвей. Больш за 100 родаў, каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічных і субтрапічных раёнах. На Беларусі больш за 50 відаў, найб. небяспечны карлікавы цэпень (Hymenolepis nana). Паразіты птушак, пераважна свойскіх гусей і качак, млекакормячых, чалавека (асн. гаспадары). Узбуджальнікі гіменалепідыдозаў.
Даўж. цела ад долей да 700 мм, шыр. 0,2—11 мм, складаецца са сколекса, шыйкі і стробілы. На сколексе 4 прысоскі і хабаток з 8—10 і больш кручкамі. Гермафрадыты. Развіваюцца з удзелам прамежкавых (насякомыя, ракападобныя) і рэзервовых (малюскі) гаспадароў. Лічынкі гіменалепідыдаў (цыстыцэркоіды) у кішэчніку асн. гаспадара ўкараняюцца ў падслізістую абалонку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЧО́ЎНІК (Conioselinum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ў лясных раёнах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдка ў паўн. і ўсх. раёнах трапляецца гірчоўнік татарскі, або похвенны (C. tataricum). Расце ў лісцевых лясах і хмызняках, у далінах невял. рэк. Патрабуе аховы.
Шматгадовыя голыя травяністыя расліны з прамастойным, каленчата-сагнутым у вузлах, уверсе разгалінаваным цыліндрычным сцяблом з шызым налётам, выш. да 150 см. Ніжняе лісце чаранковае, двойчы-тройчыперыстарассечанае, верхняе сядзячае, больш дробнае. Кветкі белыя, дробныя, у складаных парасоніках. Плод — голы, бліскучы віслаплоднік.