арганізацыя яўрэйскіх рабочых рамеснай і дробнай прам-сці горада. Утварылася пад уплывам Мінскай яўрэйскай с.-д. групы. У 2-й пал. 1894—95 на аснове стачачных кас створаны цэхавыя (прафес.) саюзы пераплётчыкаў, слесараў, гарбароў, шаўцоў і інш., усяго — 24 саюзы з агульнай колькасцю членаў да 1200 чал. Кіравалі саюзамі выбарныя прадстаўнікі і касіры. Іх дзейнасць каардынавала міжкасавая сходка (цэнтральная каса), якая складалася з прадстаўнікоў цэхавых саюзаў. У яе ўваходзіў прадстаўнік с.-д. групы. За 2 гады (1894—96) цэхавыя саюзы арганізавалі ў Мінску 54 стачкі з удзелам 480 рабочых. Гал. патрабаванні стачачнікаў: скарачэнне рабочага дня (26 стачак), павелічэнне платы (13). Найб. працягласць стачкі — 70 дзён. Пераважная большасць стачак (50) скончылася поўнай ці частковай перамогай. Летам 1896 і ў сак.—жн. 1897 паліцыя правяла масавыя арышты. Да следства прыцягнута каля 200 рабочых. У выніку большасць саюзаў распалася. Восенню 1897 у М.р.а. адбыўся раскол: большасць уцалелых саюзаў падтрымала прапанову яўр.с.-д. групы аб уступленні ў Бунд, астатнія стварылі мясц. арг-цыю леванародніцкай Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ БЕЛАРУ́СКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,
вышэйшая навуч. ўстанова ў Мінску, якая рыхтавала настаўнікаў сярэдніх школ. Засн. 30.12.1918 на базе Мінскага настаўніцкага інстытута. Навучалася 150 студэнтаў. Тэрмін навучання 4 гады. Сярод выкладчыкаў Я.Ф.Карскі, В.Л.Іваноўскі (з сак. 1920 рэктар), У.М.Ігнатоўскі, Б.А.Тарашкевіч, М.І.Гарэцкі, І.У.Канчэўскі. Ф-ты: літ.-маст., сац.-гіст., прыродазнаўчы, геагр., фіз.-хім., фіз.-матэматычны. У навуч. працэсе асн. ўвага аддавалася пед. дысцыплінам, беларусазнаўству. У час польск. акупацыі ў навуч. праграму ўводзіліся польск. мова і л-ра, гісторыя Польшчы і польск. культуры. У 1919/20 навуч.г. выкладанне пераведзена на бел. мову, 6 ф-таў рэарганізаваны ў літ.гіст. і геагр.-прыродазнаўчы з фіз.-хім. і фіз.-матэм. аддзяленнямі. Меў фіз. і пед. кабінеты, хім. лабараторыю, б-ку (5 тыс. тамоў), а таксама лабараторыі, метэастанцыю, доследнае поле, дапаможную гаспадарку пад Мінскам. У яго падпарадкаванні была Мінская балотная доследная станцыя. Пры ін-це створана аспірантура, спец. камісія па выпрацоўцы бел.навук. тэрміналогіі (падрыхтавала «Арыфметычную тэрміналогію; выдадзена ў Вільні ў 1921). У жн. 1920 пераўтвораны ў Мінскі інстытут народнай адукацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬСА,
рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., Клічаўскім і Кіраўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 92 км. Пл. вадазбору 1690 км². Пачынаецца за 3,4 км на ПнУ ад в. Каменны Барок Бярэзінскага р-на, вусце за 5 км на З ад в. Любонічы Кіраўскага р-на. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Нясета (справа), Дулебка, Сушанка, Суша (злева). Даліна шыр. 0,8—1 км, пераважна невыразная, месцамі трапецападобная; схілы выш. 2—7 м. спадзістыя, месцамі слабапарэзаныя. Пойма шыр. 0,6—1,5 км, двухбаковая, ніжэй г.п. Клічаў чаргуецца па берагах, нізкая, месцамі забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі. Рэчышча ў вярхоўі на працягу 10 км каналізаванае, ніжэй шыр. 12—18 м. Берагі ў вярхоўі нізкія, забалочаныя, спадзістыя, ніжэй да вусця стромкія. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў канцы сак., сярэдняя вышыня над межанню 1,2 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. На рацэ г.п. Клічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«П-2»,
«Прапаганда-2», сакрэтная масонская ложа (гл.Масонства) у Італіі, раскрытая паліцыяй у сак. 1981. Налічвала 953 (па інш. звестках 1600) членаў, сярод якіх былі прадстаўнікі вышэйшых органаў улады і важнейшых сектараў эканомікі. Кіраўнік — былы ўдзельнік фаш. руху Л.Джэлі. Час заснавання невядомы. На думку некат. даследчыкаў, «П-2» працягвала традыцыі прэстыжнай ложы «Прапаганда», што дзейнічала ў Стараж. Егіпце (г. Александрыя), або, што больш верагодна, аднайменнай сакрэтнай рым. ложы 1860-х г.Асн. задача, сфармуляваная Джэлі, — «масонства павінна стаць уплывовым цэнтрам нябачнай улады, здольным аб’ядноўваць людзей, якія вырашаюць лёс нацыі»; гал. мэта — падрыхтоўка дзярж. перавароту з мэтай захопу ўлады ў Італіі правымі сіламі. Лічыліся годнымі любыя сродкі, у т. л. тэрор (ёсць звесткі пра ўдзел Джэлі ў падрыхтоўцы выбуху на вакзале ў г. Балоння 2.8.1980, калі загінулі 85 чал.). Ложа падтрымлівала сувязі з замежным масонствам і спецслужбамі ЗША. 15.6.1981 «П-2» абвешчана па-за законам.
Літ.:
Малышев В.В. За ширмой масонов. Мн., 1985;
Росси Дж., Ломбрасса Ф. Во имя ложи: Пер. с итал. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СЦЕЛЬ (Павел Іванавіч) (5.7.1793, Масква — 25.7.1826),
дзекабрыст, палкоўнік (1821). Вучыўся ў Дрэздэне (1805—09), у Пажскім корпусе (1810—11). З 1811 прапаршчык лейб-гвардыі Літоўскага палка. Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў 1813—14. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», у 1818 арганізаваў у Тульчыне ўправу «Саюз дабрабыту», у сак. 1821 стварыў і ўзначаліў Паўд.т-ва. З ліст. 1821 камандзір Вяцкага палка. Аўтар 2 рэдакцый паліт. праграм т-ва — «Рускай праўды». Прыхільнік устанаўлення у Рас. імперыі рэсп. ладу шляхам дзярж. перавароту, адмены прыгону і саслоўных прывілеяў, надзялення сялян зямлёй. Аддаваў вял. ўвагу нац. пытанню; беларусаў адносіў да «малых народаў», лічыў, што ўсе народы Расіі «павінны злітымі быць у адзін народ». У 1824—25 вёў перагаворы з прадстаўнікамі польскага Патрыятычнага т-ва аб сумеснай барацьбе. 13.12.1825 арыштаваны ў Тульчыне. Павешаны разам з 4 інш. дзекабрыстамі ў Петрапаўлаўскай крэпасці.
Літ.:
Лебедев Н.М. Пестель — идеолог и руководитель декабристов. М., 1972;
Грыцкевіч А. Нацыянальнае пытанне ў праграме дзекабрыстаў // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІ (Рыгор Іванавіч) (4.2.1878, г. Харкаў, Украіна — 9.1.1958),
савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Бацька Л.Р.Пятроўскага. Чл.ЦК (1921—39), канд. у чл. Палітбюро ЦК (1926—39) Камуніст. партыі. У 1897 уступіў у екацярынаслаўскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1899—1900 на рэв. рабоце ў Харкаве і Мікалаеве. У рэвалюцыю 1905—07 адзін з арганізатараў Екацярынаслаўскага Савета рабочых дэпутатаў і Баявога стачачнага к-та. Дэп. 4-й Дзярж. думы (з 1912), дзе ўзначальваў фракцыю бальшавікоў. У ліст. 1914 арыштаваны, у лют. 1915 навечна сасланы ў Сібір. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісар Якуцкай вобл. З чэрв. 1917 на парт. рабоце ў Петраградзе, Екацярынаславе, актыўны ўдзельнік барацьбы за Сав. ўладу ў Данбасе. У ліст. 1917 — сак. 1919 нарком унутр. спраў РСФСР. У 1919—38 старшыня ЦВК Украінскай ССР, адначасова нам. старшыні ЦВКСССР (1922—37), нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1937—38). Старшыня Усеўкр. камісіі бедных сялян (1920—33). З 1940 нам. дырэктара Музея рэвалюцыі СССР. У яго гонар названы г.Днепрапятроўск (б. Екацярынаслаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз магнацка-шляхецкіх колаў Рэчы Паспалітай, утвораны ў 1767 супраць спроб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго акружэння (група Чартарыйскіх) узмацніць цэнтр. ўладу шляхам памяркоўных рэформ. Вытокі Р.к. ў рашэннях сейма 1766, які адхіліў планы рэформ, у т. л. аб прадастаўленні паліт. і грамадз. правоў дысідэнтам (некатолікам). Гэта стала зачэпкай для ўмяшання Расіі і Прусіі, якія ў сак. 1767 утварылі дысідэнцкія Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767. У адказ шырокія колы каталіцкай шляхты і духавенства ў Кароне і ВКЛ сталі злучацца ў мясц. канфедэрацыі. 23.6.1767 у г. Радам (Люблінскае, цяпер Мазавецкае ваяв., Польшча) з’ехаліся 178 паслоў ад кароннай і літ. канфедэрацый, якія абралі К.С.Радзівіла маршалкам Р.к. — аб’яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Аднак рас. пасол у Варшаве М.В.Рапнін патрабаваў паставіць на чале канфедэрацыі караля, узаконіць раўнапраўе дысідэнтаў і пакінуць існуючы дзярж. лад пад апекай Расіі. Пад пагрозай чарговага гвалту радамчане згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі. Яны ўвайшлі ў праекты «вечнага» дагавору з Расіяй, акта Кардынальных правоў, і былі ўзаконены скліканым 5.11.1767 надзвычайным сеймам Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Усе канфедэрацыі былі распушчаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЗСКІ (Мікалай Уладзіміравіч) (18.3.1854—19 або 21.10.1918),
расійскі ваен. дзеяч, удзельнік 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі. Ген. ад інфантэрыі (1909), ген.-ад’ютант (1914). Скончыў Акадэмію Генштаба (1881). Удзельнік рус.-тур. 1877—78 і рус.-яп. 1904—05 войнаў. У 1902—04 нач. штаба Віленскай ваен. акругі. У 1906—09 камандаваў 21-м корпусам. З 1909 чл.Ваен. савета, з 1912 пам. камандуючага войскамі Кіеўскай ваен. акругі. У пач. 1-й сусв. вайны каманд. 3-й арміяй Паўд.-Зах. фронту, вызначыўся ў час Галіцыйскай бітвы 1914. У вер. 1914—сак. 1915 галоўнакаманд. войскамі Паўночна-Заходняга фронту. Чл.Дзярж. савета (1915). У 1915 каманд. асобнай 6-й арміяй, потым галоўнакаманд. войскамі Паўн. фронту (1915, 1916—17). У пач.Лютаўскай рэвалюцыі 1917 настаяў на адрачэнні Мікалая II ад трона. З крас. 1917 у адстаўцы. У вер. 1918 узяты ў заложнікі Каўказскай (11-й) Чырв. Арміяй, расстраляны або забіты ў выніку самасуду.
Літ.:
Данилов Ю.Н. На пути к крушению. М., 1992;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́КАЎ (Аляксей Іванавіч) (25.2.1881, г. Саратаў, паводле інш. звестак слабада Кукарка, цяпер у межах г. Савецк Кіраўскай вобл., Расія — 15.3.1938),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў гімназію ў Саратаве (1900). Чл.РСДРП з 1898, бальшавік з 1903; чл.ЦК (1905—07, 1917—18 і 1920—34, канд. у 1907—12, 1934—37) і Палітбюро ЦК (1922—30) партыі. Удзельнік рэвалюцый 1905—07 і Кастр. 1917. З ліст. 1917 нарком унутр. спраў. У 1918—21 і 1923—24 старшыня ВСНГ, адначасова з 1921 нам. старшыні СНК і Савета працы і абароны РСФСР. Старшыня СНКСССР (1924—30) і РСФСР (1924—29). Адначасова ў 1926—30 старшыня Савета працы і абароны. У канцы 1920-х г. разам з М.Л.Бухарыным выступіў супраць выкарыстання надзвычайных мер пры калектывізацыі і індустрыялізацыі, за што абвінавачаны ў «правым ухіле», выведзены з Палітбюро і зняты з пасады старшыні СНК. У 1931—36 нарком пошт і тэлеграфаў, нарком сувязі СССР. 27.2.1937 арыштаваны і на працэсе т.зв. «Праватрацкісцкага блоку» (сак. 1938) асуджаны на смяротнае пакаранне. Рэабілітаваны пасмяротна 4.2.1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЕ́ВІЧ (Платон Васілевіч) (30.11.1892, б. вёска Раматова Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. — 28.9.1956),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1911), Камуніст.ун-т імя Свярдлова (1924). З 1913 у арміі. Удзельнік устанаўлення сав. улады ў Віцебскай губ. З сак. 1919 у Чырв. Арміі. З 1924 на парт. рабоце ў Ніжагародскай губ. З 1926 дэкан і рэктар Бел.с.-г. акадэміі, з 1929 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі, з 1932 дырэктар Ін-та гісторыі партыі і Кастр. рэвалюцыі пры ЦККП(б)Б, з 1933 заг. кафедры Вышэйшай камуніст.с.-г. школы Беларусі, з 1939 выкладчык парт. курсаў пры ЦККП(б)Б. Удзельнік Вял.Айч. вайны; камісар палка, нам.нач. палітупраўлення, нач. аддзела фронту; паліт. саветнік дэлегацыі ў сав.-амер. камісіі па Карэі. У 1947—51 міністр асветы БССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1932—34, 1949—52. Чл.ЦВКБССР у 1923—31. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—50. У маі 1951 беспадстаўна арыштаваны. 28.11.1951 Ваен. трыбуналам БВА прыгавораны да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны ў 1954.