ПАДАБЕ́Д Аляксандр Станіслававіч (н. 30.5.1951, Мінск),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1972 працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы, адначасова выкладае ў Бел. АМ (з 1995 праф.). Выканаўца характарных і драм. роляў. Творчасці ўласцівы завершанасць унутр. і знешняга малюнка ролі: Незнаёмы («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Гатоўчык («Апошні шанц» В.​Быкава), Салянік («Радавыя» А.​Дударава), Дзергачоў («Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага), Чапурной («Дзеці сонца» М.​Горкага), Княжко («Бераг» Ю.​Бондарава), Арыэль («Бура» У.​Шэкспіра), Тоні («Шкляны звярынец» Т.​Уільямса), Ахіл («Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата) і інш. Здымаецца ў кіно: «Плач перапёлкі», «Справа Лахоўскага», «Чалавек са звалкі», «Маскоўская сувязь» (бел.-амер.). Удзельнічае ў тэле- («Сіняя-сіняя», «Доктар Фауст», «Подых навальніцы») і радыё- («Спартак», «Па кім звоніць звон») пастаноўках.

Р.​Л.​Баравік.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУБЛІЦЫСТЫ́ЧНЫ СТЫЛЬ,

адзін з кніжных стыляў мовы, які выкарыстоўваецца ў газетах, грамадска-паліт. і літаратурна-мастацкіх часопісах, у агітацыйна-прапагандысцкіх выступленнях, на радыё і тэлебачанні. Асн. жанры: рэпартаж, нарыс, нататка, інтэрв’ю, памфлет, хроніка, фельетон. Выконвае 2 асн. функцыі: інфарматыўную і ўплывовую. Яму ўласцівы: дакументальна-факталагічная дакладнасць, лагічнасць, накіраванасць на чытача (слухача), вобразнасць, экспрэсіўнасць, выразнасць. Тэматычна неабмежаваны, таму ў ім выкарыстоўваюцца разнастайныя моўныя адзінкі: грамадска-паліт. лексіка і фразеалогія, ацэначныя словы, прыказкі, прымаўкі, крылатыя словы, сінтакс. канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіяй (рытарычныя пытанні, звароты, паўторы, сказы-заклікі) і інш. У П.с. могуць быць выкарыстаны моўныя сродкі інш. стыляў.

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Костомаров В.Г. Языковой вкус эпохи. М., 1994;

Плещенко Т.П., Федотова Н.В., Чечет Р.Г. Основы стилистики и культуры речи. Мн., 1999.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁФІ́ЗІКА,

галіна фізікі, што вывучае працэсы, звязаныя з узбуджэннем, узмацненнем і пераўтварэннем эл.-магн. ваганняў радыёдыяпазону (радыёхваль), а таксама працэсы іх выпрамянення, распаўсюджання і прыёму. Цесна звязана з матэм. фізікай, радыётэхнікай, электронікай і інш. З Р. вылучыліся радыёастраномія, радыёметэаралогія, радыёспектраскапія.

Радыёфіз. метады даюць магчымасць рашаць задачы аптымізацыі прыёмных, перадавальных і пераўтваральных радыёсістэм, шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне, эксперым. фізіцы, радыё- і гідралакацыі. Асн. кірункі даследаванняў: дыфракцыя і распаўсюджванне радыёхваль, узаемадзеянне радыёхваль з электроннымі патокамі, радыёгалаграфія, радыёінтраскапія, тэорыя і тэхніка антэн і інш. Значны ўклад у развіццё Р. зрабілі рас. вучоныя Л.Л.Мандэльштам, М.​Дз.Папалексі і інш.

На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі і Ін-це электронікі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

М.​А.​Вількоцкі, П.​Дз.​Кухарчык.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДАЎ Веньямін Сямёнавіч (17.12.1914, с. Долінскае Ананьеўскага р-на Адэскай вобл., Украіна — 25.6.1999),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшую афіцэрскую школу пагран. войск (1946). Вучыўся ў Азербайджанскім ун-це (1.949—53). У 1936—62 у Сав. Арміі. З 1965 на Бел. радыё, у 1970—77 у газ. «Вячэрні Мінск». Друкаваўся з 1954. Пісаў на рус. мове. Першая аповесць «Прыгода на N-скай заставе» (1957; на ўкр. мове). Пра жыццё пагранічнікаў раман «Чорная Ганча» (1973), аповесці «Мабілізаваны партыяй» (з П.​Емяльянавым, 1970), «Завіруха» (1977). Раман «Чужыя вятры» (1969) пра падзеі ў Зах. Украіне ў канцы Вял. Айч. вайны. Аўтар раманаў «Скрыжаванне» (1978), «Пераправа» (1988), «На кругі свае» (нап. 1999), аповесцей «Вішнёвая люлька» (1959), «Цьмянае золата» (1961), апавяданняў, нарысаў і інш.

Тв.:

Капкан. Мн., 1984;

Временно исполняющий: Роман и док. повесть. М., 1988.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́ЛЬСКІ Сцяпан Уладзіміравіч (15.1.1899, Мінск — 29.12.1972),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у тэатрах Харкава і інш. гарадоў (1917—19), на Бел. радыё (1932—35, маст. кіраўнік), у Белдзяржэстрадзе (1948—52), Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1926—32, 1937—48, 1952—65). Характарны акцёр. Сярод роляў у т-ры імя Я.​Коласа: Мартын Рыль, Шышла («У пушчах Палесся», «Вайна вайне» Я.​Коласа), Дубавец («Проба агнём» К.​Крапівы), пан Бараноўскі («Несцерка» В.​Вольскага), Абабурка («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Мікола Барановіч («Каля тэрасы» М.​Грамыкі), Пётр, поп Паўлін («Мяшчане», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Косця («Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава), Астап («Астап» А.​Глобы), Павел Паўлавіч («Рэйкі гудуць» У.​Кіршона), фон Штубэ («Разлом» Б.​Лаўранёва), Сысоеў («Першая конная» У.​Вішнеўскага).

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯВІ́ЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ «ЧЫРВО́НЫ СЦЯГ» у Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў жн. 1941 — чэрв. 1944 у г. Смалявічы і раёне пад кіраўніцтвам Смалявіцкага падп. райкама КП(б)Б (з кастр. 1942). Складалася з 2 груп на торфапрадпрыемстве (53 чал., кіраўнікі А.​П.​Караўка, С.​В.​Раждзественскі, А.​Л.​Запольскі). Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з партызанамі брыгады «Разгром» і чл. Мінскага падполля на ЦЭЦ-2, вялі агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, праводзілі дыверсіі (зрывалі вываз торфу на мінскія электрастанцыі, вывелі са строю 18 торфаздабыўных машын, электрастанцыю і інш.). Збіралі і перадавалі партызанам адзенне, зброю, харчаванне, медыкаменты, звесткі пра гарнізоны і апорныя пункты ворага. У барацьбе з фаш. захопнікамі загінулі 10 падпольшчыкаў.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 569.

Л.​В.​Аржаева.

т. 15, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЬНЫ́Я КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі, элементы якіх зроблены са сталі розных марак (нізкавугляродзістай, нізкалегіраванай, высокатрывалай і інш.). Вызначаюцца адноснай лёгкасцю, разнастайнасцю форм, высокай трываласцю, індустрыяльнымі спосабамі вырабу і мантажу, магчымасцю выкарыстання ў спалучэнні з інш. матэрыяламі.

Стальнымі робяць: нясучыя канструкцыі і агараджальныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, разнастайныя вісячыя, зварныя, ліставыя, танкасценныя канструкцыі (гл. адпаведныя арт.); газа- і нафтаправоды, воданапорныя, радыё- і тэлевізійныя вежы, апоры ЛЭП, пралётныя канструкцыі мастоў, рэзервуары, марскія платформы, буравыя вышкі, нясучыя канструкцыі пад’ёмных кранаў і інш. Асн. недахопы С.к. — схільнасць да карозіі і зніжэнне трываласці пры высокіх т-рах.

Стальныя канструкцыі: 1 — двухтаўровая пракатная бэлька; 2 — бэлька-швелер; 3 — трохвугольная ферма; 4 — суцэльная рама; 5 — папярэдне напружаная вантавая канструкцыя; 6 — арка з зацяжкай; 7 — прасторавы стрыжнёвы купал; 8 — прасторавая канструкцыя з плоскіх фермаў.

т. 15, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТАРЫНО́ВІЧ Пётр Станіслававіч (14.6.1896, в. Гайнін Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.9.1978),

бел. святар, культурна-грамадскі дзеяч, літаратар, выдавец. Д-р тэалогіі (1950), прэлат (1961). Скончыў Папскі ін-т усх. навук у Рыме (1949). У 1921 пасвячоны ў ксяндзы. У 1921—26 праводзіў душпастырства ў Пінску, Навагрудку, Баранавічах. Выдаў кн. «Святы Ізідар хлебароб» (1928), «Купалле» (1930), «Шляхам дзіваў і ўражанняў» (1934). У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з Бел. нац. к-там у Варшаве, займаўся душпастырскай і выкладчыцкай працай. Удзельнік Другога Усебеларускага кангрэса 1944 у Мінску. З 1944 у эміграцыі ў Германіі, з 1945 у Італіі. У 1949—70 кіраўнік і гал. аўтар бел. секцыі радыё Ватыкана. Выдаваў малітоўнікі. Пісаў на бел., італьян. і інш. мовах.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999.

А.​М.​Вабішчэеіч.

т. 15, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТО́КГАЎЗЕН (Stockhausen) Карлхайнц (н. 22.8.1928, Мёдрат, каля г. Кёльн, Германія),

нямецкі кампазітар, муз. тэарэтык; адзін з вядучых прадстаўнікоў муз. авангардызму. Вучань А.Месіяна і інш. З 1963 кіраўнік студыі электроннай музыкі Зах.-герм. радыё. У 1971—77 праф. Кёльнскай вышэйшай школы. У імкненні да стварэння універсальнай «музыкі ўсяго свету» звяртаецца да розных муз. сродкаў, у т. л. электроннай музыкі, розных тэхн. прыстасаванняў. З канца 1960-х г. для яго музыкі характэрны сузіральна-медытатыўны характар. Сярод твораў: «Спевы отракаў» (для 5 магнітафонаў, 1956), «Спіраль» (для саліста і кароткахвалевага прыёмніка, 1969), «Сірыус» (для сапрана і ансамбля, 1977) і інш. Выступае як дырыжор, піяніст і гукарэжысёр у выкананні асабістых твораў. Аўтар прац па псіхалогіі муз. ўспрымання, праблемах муз. часу. У 1978 адбыўся Міжнар. конкурс кампазітараў яго імя (Італія).

т. 17, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інсцэніро́ўка

(ад інсцэніраваць)

1) перапрацоўка апавядальнага (празаічнага ці паэтычнага) твора для сцэны, радыё, тэлебачання;

2) масавае відовішча, якое ўзнаўляе эпізоды гістарычных падзей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)