ЗАВЯДА́ННЕ РАСЛІ́Н,

1) фізіялагічны працэс, што выклікаецца нястачай вады ў органах раслін (гл. Водны рэжым раслін).

2) У фітапаталогіі — хвароба, якая характарызуецца панікласцю розных органаў раслін, што звязана са стратай тургару. Часта на лісці ўтвараюцца характэрныя плямы. Назіраецца пры пашкоджанні раслін або іх частак патагеннымі мікраарганізмамі пры мех. пашкоджанні каранёў, інтэнсіўным выпарэнні вады лісцем, лішку вады ў глебе і ўздзеянні інш. неспрыяльных фактараў.

т. 6, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́П ЭЛЕКТРО́ННЫ,

працэс, пры якім ядро спантанна захоплівае электрон з адной з унутраных абалонак атама з адначасовым выпрамяненнем электроннага нейтрына; від бэта-распаду. Абумоўлены слабымі ўзаемадзеяннямі. Адбываецца, калі маса «старога» ядра большая за масу «новага» на велічыню энергіі сувязі электрона, які захопліваецца. Прадказаны яп. фізікамі Х.​Юкава і С.​Саката у 1936 і выяўлены амер. фізікам Л.​Альварэсам у 1938.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЬ І ЯН,

у старажытнакітайскай міфалогіі і натурфіласофіі цёмны, жаночы пачатак (інь) і супрацьлеглы яму светлы, мужчынскі пачатак (ян). З эпохі Чжоў (1027—256 да н.э.) кітайцы разглядалі неба як увасабленне ян, а зямлю — інь. Увесь працэс светабудовы яны ўяўлялі як вынік узаемадзеяння І. і Я., не проціборства іх, а імкнення адно да аднаго. Сістэму І. і Я. шырока выкарыстоўваў даасізм.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЦЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ,

усе аб’екты, якія непасрэдна адлюстроўваюць гіст. працэс і даюць магчымасць вывучаць гісторыю чалавечага грамадства. Да іх належаць помнікі пісьменнасці, архітэктуры, рэшткі прылад і сродкаў вытв-сці, прадметы побыту і дзейнасці чалавека, а таксама стараж. элементы, што зберагліся ў мове і інш. Умоўна падзяляюцца на рэчавыя, кінафотафонаматэрыялы, лінгвістычныя, пісьмовыя, вусныя, этнагр. і інш. Тэорыяй і методыкай вывучэння і выкарыстання К.г. займаецца крыніцазнаўства.

т. 8, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБІ́ЗМ (ад англ. lobby кулуары),

спецыфічны спосаб (механізм) уздзеяння прыватных і грамадскіх арг-цый — паліт. партый, прафсаюзаў, карпарацый, прадпрымальніцкіх саюзаў і г. д. (т. зв. груп ціску) на працэс прыняцця рашэнняў парламентам. Выкарыстоўваецца пры вырашэнні пытанняў аб бюджэтных асігнаваннях, фін. датацыях, прызначэнні на кіруючыя пасады ў парламенцкіх к-тах і інш. Упершыню ўзнік у ЗША, дзе лабісцкая дзейнасць з 1946 рэгулюецца федэральным заканадаўствам.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУДЖЭ́ННЕ,

пакрыццё волавам металічных (пераважна стальных і медных) вырабаў і паўфабрыкатаў (стужкі, ліста, дроту) для аховы іх ад карозіі або каб аблегчыць працэс паяння. Робіцца апусканнем прадмета ў расплаўленае волава, у раствор, у якім ёсць волава, або ў электраліт (пры Л. электролізам) з наступным аплаўленнем у масляных ваннах, пячах ці індуктарах. Перад Л. выраб ачышчаюць, а паверхню, якая апрацоўваецца, пратраўліваюць кіслатой.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСІВЕ́ННЕ,

змена афарбоўкі валасоў у серабрыста-белы колер ад змяншэння колькасці пігменту. Працэс, як правіла, неабарачальны. У пажылым узросце — нармальная фізіял. з’ява, заўчаснае паталаг. П. развіваецца з 20 гадоў. Выклікаецца захворваннямі эндакрыннай і нерв. сістэм, гіпавітамінозам, цяжкімі інфекцыямі, нерв. ўзрушэннямі, ператамленнем; вял. значэнне маюць спадчынныя фактары. Часовае П. ўзнікае пасля некат. хвароб (напр., рожы), прыёму лекаў. У гэтых выпадках афарбоўка валасоў звычайна аднаўляецца.

т. 12, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕРШАЦВЕ́Т»,

бел. літаратурна-мастацкі і інфармацыйна-публіцыстычны часопіс для моладзі. Выходзіць з кастр. 1992 у Мінску на бел. мове штомесячна. Асвятляе літ. працэс на Беларусі; друкуе вершы і прозу маладых літаратараў, інтэрв’ю з прадстаўнікамі маладзёжных рухаў, артыкулы па мастацтве, філасофіі, экалогіі і інш. Мае рубрыкі: «Проза», «Паэзія», «Кунсткамера», «Школа перакладу», «Школа філасофіі», «Скрыжаванне», «Траянскі конь», «Ён і Яна», «Літаратурная вучоба» і інш.

т. 12, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́НКІНА ЦЫКЛ,

абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія пераўтвараецца ў работу (ці наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізабарных і двух адыябатных працэсаў. Ад Карно цыкла адрозніваецца тым, што падвод цеплаты да рабочага цела ажыццяўляецца пры пастаянным ціску і павышэнні т-ры. Распрацаваны У.​Дж.М.Ранкіным (разам з Р.​Клаўзіусам) як тэарэт. цыкл паравога рухавіка.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

урбаніза́цыя

(фр. urbanisation, ад лац. urbanus = гарадскі)

1) працэс канцэнтрацыі насельніцтва і эканамічнага жыцця ў буйных гарадах;

2) распаўсюджанне гарадскога спосабу жыцця ў сельскай мясцовасці.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)