ВЯРСТО́ЎСКІ (Аляксей Мікалаевіч) (1.3.1799, б. маёнтак Селівёрстава, Мічурынскі р-н Тамбоўскай вобл., Расія — 17.9.1862),
рускі кампазітар, тэатр. дзеяч. У 1825—60 служыў у маскоўскіх т-рах (яго дзейнасць называлі «эпохай Вярстоўскага»). Адзін з заснавальнікаў жанру рус. оперы-вадэвіля (больш за 30). Найб. папулярная опера «Аскольдава магіла» (1835) — лепшая рус. опера даглінкаўскага перыяду, адзін з узораў муз. рамантызму. Ёй уласцівы нац. каларыт, драм. выразнасць, яркі меладызм музыкі, засн. на бытавым матэрыяле (выкарыстанне інтанацый гар. раманса і інш.). Сярод інш. твораў: оперы «Пан Твардоўскі» (1828), «Вадзім, ці Абуджэнне 12 спячых дзяўчат» (1832), «Туга па радзіме» (1839), «Чурава даліна, ці Сон на яве» (1844), «Грамабой» (1857); кантаты, фп. п’есы, хары, балады, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў.
Літ.:
Доброхотов Б. А.Н.Верстовский. М.; Л., 1949;
Яго ж. А.Н.Верстовский и его опера «Аскольдова могила». М., 1962.
т. 4, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМАНІЗА́ЦЫЯ,
выяўленне танальна-функцыянальнай сутнасці пэўнай мелодыі і суправаджэнне яе адпаведнымі акордамі. Гал. прынцыпы гарманізацыі (функцыі акордаў, ладава-танальныя адхіленні, мадуляцыі і інш.) вызначаюцца ладава-інтанацыйнай будовай самой мелодыі. Пэўная мелодыя можа быць гарманізавана па-рознаму (гарманічнае вар’іраванне), што з’яўляецца вынікам яе разнастайнай маст. інтэрпрэтацыі Гарманічнае вар’іраванне ў межах пэўнай муз. структуры — фактар развіцця, абнаўлення музыкі. Гарманізацыя раскрывае не толькі багацце мелодыі, але і магчымасці гармоніі, яе ўплыў на розныя сродкі муз. выразнасці, што відавочна ў разнастайных транскрыпцыях, парафразах, фантазіях, варыяцыях. Асаблівае значэнне мае гарманізацыя нар. мелодый. Калі пры гарманізацыі нар. мелодыі адбываецца поліфанізацыя фактуры і ў параўнанні з першакрыніцай ускладняецца муз. форма шляхам выкарыстання пэўных кампазіцыйных прыёмаў, больш правамерна гаварыць пра апрацоўку нар. мелодыі, чым пра ўласна гарманізацыю, хоць часта гэтыя тэрміны атаясамліваюць. Гарманізацыя мелодый (рашэнне гарманічных задач) — аснова навучання ў курсе практычнай гармоніі.
Т.А.Дубкова.
т. 5, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖЛА́ЕЎ (Мурад Магамедавіч) (н. 15.1.1931, Баку),
дагестанскі і расійскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1978), нар. арт. СССР (1981). Скончыў Бакінскую кансерваторыю (1955). З 1989 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Акад. вял. канцэртнага аркестра Дзяржтэлерадыё Масквы. З 1993 выкладае ў кансерваторыі ў Растове-на-Доне (праф. з 1995). Аўтар першага дагестанскага балета «Гаранка» паводле Р.Гамзатава (паст. 1968). Сярод інш. твораў: кантаты; для сімф. арк. — паэма «Памяці 28 герояў-панфілаўцаў» (1953), сімф. карціны «Дагестан» (1955; 2-я рэд. 1960), сімф. танцы-карціны (1974), сімф. фрэскі (1979), сімф. ілюстрацыі «Імам Шаміль» (1992); канцэрт для джаз-аркестра («Афрыканскі», 1964, 2-я прэмія Міжнар. фестывалю джазавай музыкі, Прага, 1966); камерна-інстр. п’есы; хары, рамансы, песні, музыка для кіно, драм. т-ра, цырка. 1-я прэмія міжнар. конкурсу кампазітараў (Вена, 1959). Дзярж. прэмія Дагестана 1967. Дзярж. прэмія Расіі імя Глінкі 1970.
т. 7, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРА́НГАС (Lavrangas),
Лаўранга Дыянісіяс (17.10.1860 або 1864, г. Аргастоліян, Грэцыя — 18.7.1941), грэчаскі кампазітар, дырыжор, педагог. Вучыўся ў кансерваторыях Неапаля (1882—85) і ў Парыжы (з 1885) у Л.Дэліба, Ж.Маснэ і інш. Працаваў у вандроўных франц. оперных трупах, оперны дырыжор у Турыне і Венецыі. У 1894—96 кіраўнік Філарманічнага т-ва ў Афінах. Адзін з арганізатараў Нац. опернага т-ра («Лірыкі скіні», 1939). У 1901—05 праф. Афінскай кансерваторыі. У ліку першых грэч. кампазітараў звярнуўся да інстр. музыкі, у творчасці выкарыстоўваў нар. тэмы. Сярод твораў: 9 опер, у т. л. «Два браты» (паст. 1900), «Чарадзейка» (паст. 1901), «Дыдона» (паст. 1909), «Факанапас» (паст. 1950); балет «Персефона» (паст. 1936); 5 аперэт, у т. л. «Белы волас» (паст. 1917); сімф. паэма для аркестра «Пяцібор’е» (1896, для першых міжнар. Алімп. гульняў у Афінах); хары, песні; музыка да драм. спектакляў.
т. 9, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Вячаслаў Уладзіміравіч) (н. 15.6.1955, Вена),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1983, клас Я.Глебава). З 1983 заг. муз. часткі Дзярж. т-ра лялек Беларусі, з 1987 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Працуе ў розных жанрах і тэхніках кампазіцыі. Асн. творы: опера «Запіскі вар’ята» (1987), балеты «12 крэслаў» (1983), «Паланэз» (1994), «Цар Саламон» (1998); араторыя; вак.-сімф. паэмы, у т. л. «Гукавыя прасторы «Euphonia» (1993); кантаты, у т. л. «Ціхія песні» на словы М.Багдановіча (1991); абрад-дзейства «Палескае вяселле» (1995); «Хроніка мінуласці «Спевы даўнейшых ліцвінаў» для салістаў, мужчынскага хору і ўдарных інструментаў (1997); 3 сімфоніі (1982, 1984, 1995), канцэрт (1988), «Цэзій-137» (1990), «Musica Militare» (1991) для сімф. аркестра; камерная сімфонія (1988), «Partita in D» (1992); камерна-інстр. і прыкладная музыка; п’есы для аркестраў розных складаў, песні, хары і інш.
Т.Г.Мдывані.
т. 8, с. 562
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПІ́ЛАЎ (Віктар Рыгоравіч) (8.12.1927, Мінск — 3.5.1994),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1949). З 1956 на Рэсп. студыі тэлебачання, з 1969 адначасова выкладчык Бел. тэатр.-маст. ін-та. Для творчасці характэрны спалучэнне стылістыкі т-ра са спецыфічна тэлевізійнымі сродкамі выразнасці, выкарыстанне музыкі і жывапісна-графічных выяўл. сродкаў: тэлепастаноўкі «Млын на сініх вірах» У.Караткевіча і «Якаў Багамолаў» М.Горкага (1959), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна (1964), «Ранак» Г.Вагнера (1968, тэлеопера), «Ткачы» Г.Гаўптмана (1969), «Тэатр купца Япішкіна» Е.Міровіча (1978), «Безназоўнае» паводле твораў Я.Купалы і «Імяніны» па матывах твораў Я.Коласа (1982), «Федра» паводле Ж.Расіна (1983) і інш. Паставіў тэлефільмы: маст. «Тартак» (1974), дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, 2-я і 3-я серыі), «Гранд эдукадор» (1970), «Помнікі не маўчаць» (1971).
т. 8, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕМЕ́НЦІ ((Clementi) Муцыо) (23.1.1752, Рым — 10.3.1832),
англійскі піяніст-віртуоз, кампазітар, педагог; заснавальнік т.зв. лонданскай школы піянізму. З 1766 жыў у Вялікабрытаніі (з 1773 у Лондане). Канцэртаваў у Еўропе (у 1781 у Вене спаборнічаў з В.А.Моцартам). Заснавальнік і саўладальнік шэрагу муз.-выдавецкіх прадпрыемстваў і ф-к муз. інструментаў. Адзін з заснавальнікаў і дырыжор (1813—24) Філарманічнага т-ва ў Лондане. Зрабіў значны ўклад у развіццё фп. мастацтва (празваны «бацькам фп. музыкі»), садзейнічаў зацвярджэнню класічнага цыкла санаты. Сярод твораў: араторыя; каля 15 сімфоній (зберагліся 4); уверцюры; канцэрт для фп. з аркестрам; творы для фп. (найб. вядомы зб. эцюдаў «Шлях да Парнаса», 1817—26). Свой выканальніцкі і пед. вопыт абагульніў у працы «Методыка ігры на фартэпіяна» (1801). Сярод яго вучняў: Ф.Калькбрэнер, І.Б.Крамер, І.Мошэлес, Дж. Філд.
Літ.:
Николаев А.А. Муцио Клементи. М., 1983.
т. 8, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГЕЦІ ((Ligeti) Дзьёрдзь) (н. 28.5.1923, г. Тырнэвені, Румынія),
венгерскі кампазітар, музыказнавец; прадстаўнік зах.-еўрап. муз. авангарда. Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Будапешце (1949), выкладаў у ёй (з 1950 праф.). У 1956 і з пач. 1980-х г. у Вене. У галіне электроннай музыкі распрацаваў уласную тэхніку статычнай санорнай кампазіцыі, заснаваную на мікразмяненнях у цэлым нерухомага гукавога масіву («Уяўленні», 1959; «Атмасферы», 1961, для аркестра), спалучаў санорную статыку з дынамічнымі «выбухамі» («Рэквіем», 1965; «Мелодыі» для арк., 1971). Некат. вак. творы звязаны з т-рам абсурду («Прыгоды», 1962; «Новыя прыгоды», 1965). У творах апошніх гадоў рысы неарамантызму. Аўтар оперы «Вялікі мярцвяк» (1978), твораў «Гадзіны і воблакі» для хору і арк. (1973), «Далёкае» для арк. (1967), «Разгалінаванні» (1969) і інш.
Літ.:
Савенко С. Приключения в воображаемом пространстве: Заметки о творчестве Д.Лигети // Сов. музыка. 1987. № 6.
т. 9, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІЦВІ́НЫ»,
бел. фальклорны гурт. Засн. ў 1991 у Мінску. Арганізатар і кіраўнік У.Бярбераў. Уключае 9 вакалістаў і інструменталістаў. Яго дзейнасць адметная шырокім выкарыстаннем і прапагандай стараж. інструментаў, у т. л. дуды, цымбалаў маладзечанскай і вілейскай традыцый, пецярбургскага 3-раднага гармоніка, зах.-бел. скрыпкі, паляшуцкай дудкі і інш. Гурт выкарыстоўвае аўтэнтычныя строі і распрацоўвае новыя ў дакладных рэгіянальных традыцыях. У рэпертуары ансамбля апрацоўкі бел. нар. песень, абрадавая і танц. нар. музыка (большасць твораў запісана ўдзельнікамі гурта), гучанне якіх вызначаецца своеасаблівым «вясковым» каларытам. Гурт выпусціў 4 аўдыёальбомы на касетах і кампакт-дысках (больш за 80 твораў, 1992—99), 2 песні ў яго выкананні змешчаны у зб-ку музыкі Усх. Еўропы (1997; ЗША). Калектыў — удзельнік III (Браціслава, 1995) і IV (Магілёў, 1997) Сусв. цымбальных кангрэсаў, прызёр шэрагу фестываляў. Збор запісаў у выкананні «Л.» захоўваецца ў фондах Нац. б-кі Рэспублікі Беларусь.
т. 9, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін з буйнейшых ун-таў і навукова-даследчых цэнтраў Вялікабрытаніі. Засн. ў 1836 паводле ўказа караля Вільгельма IV як установа, правамочная прысуджаць вучоныя ступені; пасля рэарганізацыі з 1898 выконвае функцыі і ВНУ. У склад Л.у. ў 1907 уключаны Універсітэцкі (засн. ў 1826), а ў 1910 — Каралеўскі (засн. ў 1829) каледжы. У 1997 было 51,4 тыс. студэнтаў; ф-ты: тэалогіі, педагогікі, эканомікі, тэхн., права, мед., музыкі, мастацтваў і інш. Навуч. працэс і даследчая работа ва ун-це праводзяцца ў школах, каледжах і ін-тах, у т. л. ў Каралеўскай мед. школе, фармацэўтычнай, па даследаванні краін Усходу і Афрыкі, Імперскім каледжы навукі тэхналогіі і медыцыны, ін-тах класічнай адукацыі, германазнаўства, правазнаўства, мастацтваў і інш. У б-цы Л.у. каля 1,5 млн. тамоў. Ёсць б-кі пры школах і каледжах.
В.М.Навумчык.
т. 9, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)