БАРБІЗО́НСКАЯ ШКО́ЛА,

група франц. жывапісцаў — майстроў рэаліст. пейзажа 1830—60-х г. Назва ад вёскі Барбізон каля Фантэнбло, дзе працавалі мастакі гэтай групы (Т.​Русо, Ж.​Дзюпрэ, Н.​Дзіяз, Ш.​Ф.​Дабіньі, К.​Труаён, Ш.​Жак, Р.​Банёр і інш.).

Аснова іх метаду — пейзаж з натуры. Насуперак акад. тэорыям яны адлюстроўвалі не мясціны, слынныя прыгажосцю, а звычайныя куткі роднага краю ў розныя поры года і сутак. Распрацавалі методыку танальнага жывапісу тонкімі валёрамі, светлавымі і колеравымі нюансамі (гл. Пленэр). Каларыт пейзажаў Барбізонскай школы няяркі, змякчаны карычневымі і шэрымі тонамі. На жывапісныя прыёмы Барбізонскай школы ўплывалі галанд. мастакі 17 ст. і англ. пейзажысты Дж.​Констэбл і Р.​Бонінгтан. Традыцыі Барбізонскай школы ў сваю чаргу паўплывалі на развіццё рэаліст. кірунку ў жывапісе інш. еўрап. краін.

Літ.:

Яворская Н.В. Пейзаж Барбизонской школы. М., 1962.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ МЯДЗВЕ́ДЗЬ [Ursus (Thalarctos) maritimus],

драпежнае млекакормячае сям. мядзведжых. Тыповы прадстаўнік арктычнай фауны: жыве на плывучых ільдах, узбярэжжы і астравах Паўн. Ледавітага ак. У познім плейстацэне трапляўся на Пд да Вялікабрытаніі, Даніі і Ньюфаўндленда.

Даўж. цела 1,6—2,5 м, зрэдку да 3 м, выш. ў карку да 1,5 м, маса да 1000 кг. Поўсць белая, густая. Ніжняя паверхня ступняў укрытая валасамі. Адаптаваны да нізкіх т-р (падскурны тлушч можа дасягаць да 40% масы жывёлы). Гон звычайна ў сак.—красавіку. Цяжарныя самкі залягаюць на зіму ў снежныя бярлогі. Нараджаюць 1—3 дзіцянят раз у 2 гады (з самкай застаюцца каля 1,5 года). Добра плавае і нырае. Корміцца цюленямі, рыбай. З 1976 знаходзіцца пад міжнар. аховай, засенены ў Чырв. кнігу МСАП. У свеце 10—20 тыс. асобін.

Белы мядзведзь.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́ДА (ад лац. albus светлы),

велічыня, якая характарызуе адбівальную здольнасць паверхні цела. Вымяраецца адносінамі колькасці адбітага паверхняй святла да колькасці святла, якое падае на яе. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі. Альбеда натуральных паверхняў вымяраецца альбедаметрам, вывучаецца актынаметрыяй. Характарызуе адбівальную здольнасць нябеснага цела, якое само не свеціцца.

Адрозніваюць інтэгральнае альбеда — для ўсяго патоку выпрамянення, монахраматычнае — для пэўнай даўжыні хваляў, спектральнае — для розных участкаў спектра (ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырв. і інш.). Інтэгральнае альбеда планеты Зямля (з атмасферай) каля 35%, у бачнай частцы спектра 40%. Залежыць ад геагр. шыраты, пары года, часу сутак, стану расліннага покрыва, воднай паверхні і інш. Альбеда вільготнай глебы 5—10%, лесу 5—20%, травянога покрыва 20—25%. свежага снегу 70—90%. Ад велічыні альбеда залежыць радыяцыйны баланс паверхні Зямлі.

М.​А.​Гольберг.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НЦАЎ (Міхаіл Васілевіч) (12.10.1865, Смаленск — 21.7.1945),

бел. кампазітар, харавы дырыжор і педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1894, клас кампазіцыі М.​Рымскага-Корсакава). З 1896 жыў у Віцебску, выкладаў хар. спевы ў розных навуч. установах, рэдагаваў газ. «Витебские губернские ведомости» (1905—12). Адзін з арганізатараў нар. кансерваторыі (1918, чытаў у ёй лекцыі па гісторыі музыкі), кіраўнік Дзярж. хору. Майстар харавога пісьма, аўтар апрацовак бел. нар. песень («А ў полі вярба», «Кума мая, кумачка» і інш.), прасякнутых тонкім лірызмам рамансаў на вершы рус. паэтаў. З інш. твораў: кантата «Да стогадовага юбілею Пушкіна», гімн «У памяць стагоддзя Айчыннай вайны 1812 года», харавы «Рэквіем» («Не плачце над прахам забітых байцоў»). Напісаў шэраг вучэбных дапаможнікаў, метадычных работ, у т. л. «Нотная тэрміналогія. Даведачны слоўнік» (Віцебск, 1904).

С.​Г.​Нісневіч.

М.В.Анцаў.

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДПУСК чарговы,

штогадовы адпачынак з захаваннем месца работы (пасады) і сярэдняга заработку для ўсіх рабочых і служачых (акрамя часовых і сезонных работнікаў). Працягласць асн. водпуску паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь складае не менш як 15 рабочых дзён; для непаўналетніх і інвалідаў не менш як 1 каляндарны месяц. Парадак вылічэння працягласці штогадовага водпуску вызначаецца заканадаўствам. Водпуск за першы год работы даецца па сканчэнні 11 месяцаў бесперапыннай работы ў дадзенага наймальніка, за другі і наступныя гады работы — у любы час рабочага года ў адпаведнасці з чарговасцю. Штогадовыя дадатковыя водпускі даюцца: работнікам, занятым на работах са шкоднымі ўмовамі працы; тым, хто заняты ў асобных галінах нар. гаспадаркі і мае працяглы стаж работы на адным прадпрыемстве (арг-цыі); работнікам з ненармаваным рабочым днём; у інш. выпадках, прадугледжаных заканадаўствам або калектыўным дагаворам.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРЫ́ЛІК (Язэп Емяльянавіч) (6.4.1893, в. Калодчына Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 8.12.1937),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыўшы Барунскую настаўніцкую семінарыю (1914), настаўнічаў. Адзін з заснавальнікаў Радашковіцкай бел. гімназіі імя Ф.​Скарыны (1922), удзельнічаў у рабоце Т-ва бел. школы. З 1925 чл. Беларускай сялянска-работніцкай грамады, з 1930 чл. КПЗБ. У 1928 абраны дэпутатам у польскі сейм. Адзін са стваральнікаў і старшыня рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне». У жн. 1930 арыштаваны польск. ўладамі як «дзяржаўны злачынца» і прыгавораны да 9,5 года зняволення. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1932 у СССР. Працаваў у Мінску заг. сектара Нар. камісарыята асветы БССР. У 1933 рэпрэсіраваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». 21.11.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.

У.​І.​Адамушка.

Я.Е.Гаўрылік.

т. 5, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ (Аляксандр Аляксеевіч) (18.8.1871, С.-Пецярбург — 20.10.1924),

рускі балетмайстар, артыст, педагог. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1915). Пасля заканчэння Пецярбургскага тэатр. вучылішча (педагогі П.​Карсавін і М.Петыпа) у 1889—1900 у Марыінскім т-ры, з 1896 выкладаў у Пецярбургскім і Маскоўскім тэатр. вучылішчах. Выконваў класічныя і гратэскавыя партыі: Дэзірэ («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Сатыр, Арлекін («Поры года», «Выпрабаванне Даміса» А.​Глазунова) і інш. У 1902—24 балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. Рэфарматар балетнага т-ра, у спектаклях імкнуўся пераадолець умоўнасці акад. балета 19 ст., дамагаўся гіст. праўды, стылявога адзінства: «Дачка Гудулы» А.​Сімона (1902), «Саламбо» А.​Арэндса (1910), «5-я сімфонія» на муз. Глазунова (1916) і інш. Сярод вучняў: Т.Карсавіна, А.Месерэр, М.Габовіч.

Літ.:

Бахрушин Ю. А.​А.​Горский. М.; Л., 1946;

Суриц Е.Я. Хореографическое искусство двадцатых годов. М., 1979.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВІЧ (Алесь) (сапр. Рэдзька Аляксей Ягоравіч; 1910, в. Каралевічы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 7.11.1942),

бел. паэт. Удзельнік вызв. руху ў Зах. Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў. У 1934 арыштаваны, 2,5 года адбыў у Віленскай турме на Лукішках. Дэлегат Нар. сходу ў Беластоку (1939). У 1940 карэспандэнт газ. «Вілейская праўда». Друкавацца пачаў у 1928 у газ. «Доля працы». Спалучэнне публіцыст. запалу з мяккім лірызмам — характэрная асаблівасць яго паэзіі. У вершах боль прыгнечанага народа («Беларусь»), гераізм змагароў і іх высокі духоўны свет («Калісь любові хмель вясняны», «Пад звон дратоў, сумуючы»), заклік да барацьбы за свабоду («Мы», «Зорны край»). Расстраляны ням.-фаш. захопнікамі.

Тв.:

У кн.: Сцягі і паходні. Мн.. 1965;

У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1967.

М.​М.​Чамеза.

А.Дубровіч.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭУ́ЛІНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1618.

Заключана 1 снеж. ў в. Дэуліна (цяпер г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.) тэрмінам на 14,5 года; спыніла вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Прадугледжвала перадачу Расіяй (з рас. боку дэлегацыю ўзначальваў баярын Ф.​І.​Шарамецеў, ВКЛ і Польшчу прадстаўлялі А.​Навадворскі, Л.​Сапега, Я.​Гансеўскі) у склад ВКЛ смаленскіх зямель (акрамя Вязьмы), а ноўгарад-северскіх і чарнігаўскіх зямель з 29 гарадамі Польскаму каралеўству, абмен палоннымі (у ходзе абмену ў Маскву вярнуўся з палону і бацька цара М.​Ф.​Раманава патрыярх Філарэт) і інш. Нявырашаным засталося пытанне аб захаванні польск. каралевічам Уладзіславам тытула «цара маскоўскага і ўсяе Расіі». Умовы і вынікі Д.п. ліквідаваны пасля войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 (гл. Андросаўскае перамір’е 1667, «Вечны мір» 1686).

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕНТАРЫЗА́ЦЫЯ,

перыядычная праверка адпаведнасці фактычнай наяўнасці гасп. сродкаў (матэрыяльных і інш. каштоўнасцей) даным бухгалтарскага ўліку; адзін са сродкаў кантролю за захаваннем уласнасці, фінансава-разліковай дысцыпліны. Праводзіцца ва ўстаноўленыя тэрміны (планавая І.), раптоўна (рэвізія), пры змене матэрыяльна-адказных асоб, пасля стыхійных бедстваў, па патрабаванні следчых органаў, у інш. выпадках. Вылучаюць бягучую (праводзіцца ў любы час на працягу года) і гадавую (пры складанні гадавой справаздачы), поўную (ахоплівае ўсе віды сродкаў прадпрыемства, фірмы, арганізацыі) і частковую. І. прыродных рэсурсаў, улік колькасці, якасці, дынамікі запасаў і ступені эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Ажыццяўляецца самастойна і ў працэсе складання кадастраў. Выкарыстоўваецца ў якасці асновы для распрацоўкі праектаў рацыянальнага прыродакарыстання, экалагічных прагнозаў, планавання прыродаахоўнай дзейнасці, вырашэння навук. праблем. На падставе фактаграфічных даных І. прыродных рэсурсаў складзены водны, зямельны, лясны кадастры Беларусі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)