род кветкавых раслін сям. лабеліевых. Каля 350 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў вільготных тропіках і субтропіках Амерыкі і Афрыкі. На Беларусі 1 від — Л. Дортмана (L. dortmanna), занесены ў Чырв. кнігу; вядомы ў заказніках на воз. Свіцязь Навагрудскага і воз. Белае Лунінецкага р-на. Расце ў прыбярэжных зонах з пясчаным грунтам на глыб. 50—80 см, разам з палушнікам азёрным утварае зараснікі. У дэкар. садоўніцтве інтрадукаваны від Л. эрынус (L. erinus).
Лепшыя сарты: Кайзер Вільгельм (кветкі ярка-сінія), Розамунд (кветкі пурпуровыя), Сапфір (кветкі цёмна-блакітныя з белым вочкам) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя водныя і наземныя расліны, паўкусты і кусты. Лісце простае, чаргаванае. Кветкі няправільныя. адна- ці двухгубыя ў гронках на канцы сцябла або адзіночныя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек. (некат. віды маюць у сабе алкалоід лабелін), дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАЛУЧЭ́ННЯ РУХ,
міжнароднае аб’яднанне дзяржаў, якія ў сваёй знешняй палітыцы кіруюцца недалучэння прынцыпам. Афіцыйна створаны ў вер. 1961 на канферэнцыі 25 дзяржаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, пры ўдзеле І.Ціта (Броз Ціта), Сукарна, Дж.Нэру і Г.А.Насэра. У 1960—80-я г. рэгулярна склікаліся канферэнцыі кіраўнікоў дзяржаў — членаў Н.р., на якіх абмяркоўвалася і каардынавалася знешняя палітыка гэтых краін у адносінах да звышдзяржаў — ЗША і СССР. З пач. 1980-х г. назіраўся крызіс Н.р.: некаторыя з недалучаных краін знаходзіліся ў стане ўзбр. канфлікту паміж сабой (Іран і Ірак), некаторыя фактычна дзейнічалі ў альянсе з СССР або ЗША, што парушала прынцып недалучэння. З распадам СССР (1991) востра паўстала пытанне пра змену і ўдасканаленне прынцыпаў Н.р. У 1990-я г. пра ўдзел у Н.р. заявілі больш за 100 краін свету, у т. л. ў 1998 Рэспубліка Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ПА ((Schipa) Ціта) (2.1.1889, г. Лечэ, Італія — 16.12.1965),
італьянскі спявак (лірычны тэнар). Вучыўся ў А.Джэрунды ў Лечэ і ў Э.Пікалі ў Мілане. У 1910—55 выступаў на сцэне італьян. і інш. оперных т-раў Еўропы і Амерыкі, у т. л. Чыкагскага, «Метраполітэн-опера», «Ла Скала». З 1946 выступаў і як канцэртны выканаўца. Адзін з буйн. італьян. оперных спевакоў 20 ст. Майстар бельканта. Яго голас вылучаўся багаццем адценняў. пластычнасцю, пяшчотнасцю і мяккасцю гучання. Сярод лепшых партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Немарына, Эрнеста («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Вертэр («Вертэр» Ж.Маснэ). Спяваў у спектаклях з Ф.Шаляпіным. Здымаўся ў муз. кінафільмах, у т. л. «Любімыя арыі». Аўтар аперэты «Прынцэса Ліяна» (паст. 1935), хар. і фп. твораў, песень.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
катле́я
[н.-лац. cattleva, ад англ. W. Cattley = прозвішча англ. натураліста (памёр у 1832 г.)]
расліна сям. архідных, якая расце на дрэвах і скалах у тропіках Амерыкі; вырошчваецца ў аранжарэях.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
мальпі́гія
[н.-лац. malpighia, ад M. Malpighi = прозвішча іт. біёлага (1628—1694)]
дрэвавая або кустовая расліна класа двухдольных, пашыраная ў тропіках Амерыкі; некаторыя віды даюць ядомыя плады, падобныя да вішні.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
азо́ла
(н.-лац. azolla)
водная папараць з плаваючым карэнішчам і галінастым сцяблом, зверху блакітна-зялёная, знізу ружовая, пашыраная ў стаячых або слаба праточных вадаёмах Амерыкі; на Беларусі вырошчваецца як акварыумная.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
эльдара́да
(ісп. el dorado = залатая краіна)
1) міфічная краіна, багатая на золата і каштоўныя камяні, якую шукалі на тэрыторыі Лац.Амерыкі іспанскія заваёўнікі;
2) перан. краіна казачных багаццяў і цудаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыдатныя для гасп. выкарыстання аднаўляльныя паверхневыя воды, глебавыя воды і падземныя воды; адзін з найважнейшых відаў прыродных рэсурсаў. Асн. крыніцай водных рэсурсаў служаць прэсныя воды сушы, якія папаўняюцца за кошт ападкаў атмасферных і аднаўляюцца ў працэсе кругавароту вады на Зямлі.
Складаюцца з расходных элементаў воднага балансу рачных басейнаў — сцёку і выпарэння (гл.Водны баланс Зямлі) Рэсурсы сцёку вял. тэрыторый ці рачных вадазбораў вызначаюцца па велічыні паверхневага і падземнага сцёку, рэсурсы глебавай вільгаці — па велічыні выпарэння з сушы ў цёплы (вегетацыйны) перыяд года. Паводле сярэдніх шматгадовых паказчыкаў, рэсурсы сцёку сушы Зямлі складаюць 44,6 тыс.км³ за год, у т. л. Еўропы 3,2, Азіі 14,4, Афрыкі 4,6, Паўн.Амерыкі 8,2, Паўд.Амерыкі 11,8, Аўстраліі і Акіяніі 2,4 тыс.км³ за год. Найб. аб’ём сцёку мае Бразілія — 22% сусв. рэсурсаў (за кошт р. Амазонка). У якасці водных рэсурсаў у асобных мясцовасцях выкарыстоўваюць атм. вільгаць, марскую ваду (апрэсненую), ваду, атрыманую з ледавікоў, і інш. Зямля забяспечана воднымі рэсурсамі, іх дэфіцыт у некаторых краінах узнікае пераважна ў выніку антрапагеннага забруджвання і разбурэння прыродных экасістэм. Комплекснае выкарыстанне і ахова водных рэсурсаў — задача воднай гаспадаркі. Водныя рэсурсы эксплуатуюцца пры водакарыстанні і водазабеспячэнні. Адрозніваюць натуральныя (патэнцыяльныя) і змененыя (наяўныя) рэсурсы рачнога сцёку, натуральныя і эксплуатацыйныя (якія можна выкарыстаць) рэсурсы падземных вод.
Водныя рэсурсы Беларусі складаюцца з рачнога сцёку, глебавай вільгаці і падземных вод. За год выпадае 146 км³атм. ападкаў, з іх 110 км³ ідзе на выпарэнне, астатняе — на сцёк. Сярэднешматгадовыя натуральныя рэсурсы сцёку (км за год): мясцовыя 36,4, агульныя (разам з прытокам з-за мяжы) каля 58, наяўныя мясцовыя каля 38,8, агульныя — 63. Прырост наяўных рэсурсаў адбыўся ў выніку гідрамеліярацыі ў вадазборы Прыпяці. Рэсурсы глебавай вільгаці складаюць каля 90 км³ за год. Натуральныя рэсурсы падземных вод складаюць 15,9, эксплуатацыйныя — 18,1, з іх разведаныя агульныя эксплуатацыйныя запасы — 2,31 км³ за год. Пытанні выкарыстання і аховы водных рэсурсаў рэгулююцца актамі воднага заканадаўства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
апу́нцыя
(н.-лац. opuntia, ад гр. Opus, -untos = назва старажытнагрэчаскага горада)
кустовая расліна сям. кактусавых з сакаўнымі сцёбламі, пакрытымі калючкамі, пашыраная ў пустынях і паўпустынях Амерыкі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ра́фія
(англ. raffia, з малагас.)
1) пальма з кароткім ствалом і вялізным перыстым лісцем, пашыраная ў тропіках Афрыкі і Амерыкі;
2) трывалае валакно, якое робіцца з лісця некаторых відаў гэтай пальмы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)