рэнтгенаўскія прамяні, электрамагнітнае іанізавальнае выпрамяненне са спектральнай вобласцю паміж гама- і ультрафіялетавым выпрамяненнем. Даўж. хваль ад 10−8 да 10−11м. Умоўна падзяляецца на жорсткае (даўж. хвалі менш за 2∙10−10м) і мяккае (больш за 2∙10−10м). Адкрыта В.К.Рэнтгенам (1895).
Натуральнымі крыніцамі Р.в. з’яўляюцца Сонца і інш.касм. аб’екты (гл.Рэнтгенаўская астраномія). Штучныя крыніцы — рэнтгенаўская трубка (найб. пашырана), некаторыя радыеактыўныя ізатопы, сінхратроны і назапашвальнікі электронаў (мяккае Р.в.). Рэнтгенаўскі спектр бывае неперарыўным (тармазным; гл.Тармазное выпрамяненне) і лінейчастым (характарыстычным; гл.Мозлі закон), які атрымліваецца ў выніку іанізацыі атама з выбіваннем электрона з яго ўнутр. абалонак (першаснае Р.в.) ці пры паглынанні кванта эл.-магн. выпрамянення (флуарэсцэнтнае Р.в.). Пры ўзаемадзеянні Р.в. з рэчывам назіраецца фотаэфект, які суправаджае паглынанне, а таксама рассеянне Р.в. Фотаэфект узнікае, калі атам рэчыва пасля паглынання кванта Р.в. вылучае адзін з унутр. электронаў і адбываецца выпрамяняльны пераход (характарыстычнае выпрамяненне) або дадаткова вылучае электрон (ажэ-электрон) пры безвыпрамяняльным пераходзе. Рассеянне Р.в. ў вобласці вял. атамных мас і даўжынь хваль у асн. кагерэнтнае (без змены даўжыні хвалі); у вобласці малых атамных мас і даўжынь хваль — комптанаўскае (гл.Комптана эфект) ці камбінацыйнае. Рэгіструюць Р.в. з дапамогай спец. фотаматэрыялаў (гл.Рэнтгенаграма), а таксама дэтэктараў іанізавальных выпрамяненняў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне для рэнтгенадыягностыкі і рэнтгенатэрапіі, рэнтгенаструктурным аналізе, рэнтгенаўскіх спектральным аналізе, тапаграфіі, спектраскапіі, астраноміі.
Літ.:
Блохин М.А. Физика рентгеновских лучей. 2 изд. М., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САР’Я́Н (Мартырос Сяргеевіч) (28.2.1880, г. Растоў-на-Доне, Расія — 5.5.1972),
армянскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. Нар.маст.СССР (1960). Правадз.чл.АМСССР (1947). Правадз.чл.АН Арменіі (1956). Герой Сац. Працы (1965). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1904), у майстэрнях В.Сярова і К.Каровіна (1902—04). Зазнаў уплывы творчасці П.Гагена і А.Матыса. Чл.маст. аб’яднанняў «Блакітная ружа», «Саюз рускіх мастакоў», «Свет мастацтва», «Чатыры мастацтвы». Творчасць адметная дэкаратыўнасцю, плоскаснасцю кампазіцыі, пабудаванай на вял. колеравых плямах, дзе святлопаветраныя эфекты і перспектыва замяняюцца супастаўленнем і кантрастам колераў. У ранніх работах казачнасць усх. матываў спалучаў з музыкальнасцю кампазіцыйных рытмаў і падкрэсленай дэкаратыўнасцю каларыту («Каля гранатавага дрэва», 1907). У творах 1910—13, выкананых пад час вандровак у Турцыю, Егіпет і Іран, імкнуўся да зліцця дэкар. і канструктыўна-прадметнага пачаткаў («Фінікавая пальма»). З 1921 у Арменіі. З 1930-я г. шмат працаваў як партрэтыст, спалучаючы вострую характарнасць з увагай да душэўнага стану мадэлі (партрэты Р.Сіманава, 1939; А.Ісаакяна, 1940). У 1940—50-я г. пераважаў пейзажны жанр, эпічна-абагульненыя віды Арменіі: «Арарацкая даліна» (1945), «Арменія» (1957), цыкл «Мая Радзіма» (1952—58). Працаваў таксама як кніжны графік («Армянскія народныя казкі», 1933, і інш.) і тэатр. дэкаратар (сцэнаграфія і касцюмы да оперы «Алмаст» А.Спендыярава ў Т-ры оперы і балета імя Спендыярава ў Ерэване, 1938—39, і інш). Дзярж. прэмія СССР 1941. Ленінская прэмія 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХНО́ЎСКІ (Васіль Рыгоравіч) (1.3.1886, г. Дарагабуж Смаленскай вобл., Расія — 26.2.1945),
расійскі рэжысёр, тэатразнавец, педагог. Нар.арт. Расіі (1938). Д-р мастацтвазнаўства (1939). Вучыўся на рэжысёрскім ф-це Фрайбургскага ун-та, скончыў Маскоўскі ун-т (1910). З 1912 працаваў у Маскве ў студыі Ф.Камісаржэўскага (з 1914 — тэатр В.Камісаржэўскай), спачатку лектарам, пасля рэжысёрам. У 1921—22 у створаным ім Маскоўскім драм. т-ры паставіў «Набожнасць» П.Мерымэ, «Навальніцу» А.Астроўскага. З 1922 рэжысёр і маст. кіраўнік Т-ра камедыі (б.Т-ра Корша), з 1923 зноў адкрытага Т-ра імя Камісаржэўскай. З 1926 рэжысёр, з 1932 нам. дырэктара, з 1937 заг.маст. часткі, з 1940 намеснік маст. кіраўніка Маскоўскага Маст.акад.т-ра (МХАТ), з 1943 чл.Маст.-рэжысёрскай калегіі. У 1914—20 выкладаў у Нар. ун-це імя А.Шаняўскага, з 1933 узначальваў рэжысёрскі ф-т і кафедру рэжысуры Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Адзін з заснавальнікаў Школы-студыі МХАТ, з 1943 маст. кіраўнік. Удзельнічаў у стварэнні спектакляў «Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага (маст. кіраўнік Неміровіч-Данчанка, 1929), «Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля (маст. кіраўнік К.Станіслаўскі, 1932), «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага (маст. кіраўнік Неміровіч-Данчанка, 1934), «Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога (з Неміровічам-Данчанкам, 1937), паставіў «Палаўчанскія сады» Л.Лявонава (1939), «Працоўны хлеб» А.Астроўскага (1940).
Тв.:
Письмо К.С.Станиславскому. М., 1917;
Работа режиссера. М.; Л., 1937;
Режиссура и методика ее преподавания. М.; Л., 1939;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РСКАЯ ГРАДА́.
На крайнім ПнУ Гродзенскай і крайнім ПнЗ Мінскай абласцей. Уваходзіць у склад Нарачана-Вілейскай нізіны. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ уздоўж паўд.-зах. берага воз.Свір. Даўж. каля 70 км, шыр. 0,5—4,5 км, выш. 165—185 м, найб. 210 м (на паўд.-ўсх. і ўсх. краі грады). Над прылеглымі ўчасткамі водна-ледавіковай.і марэннай раўніны прыўзнята на 10—35 м, часам 50—60 м.
У тэктанічных адносінах С.г. прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты чахлом магутнасцю каля 370 м, які складзены з парод верхняга пратэразою, кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону. У антрапагенавай тоўшчы пашыраны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Града створана паазерскім ледавіком.
Рэльеф узгорыста-западзінны. У аснове С.г. масіўны цокаль з марэнных супескаў з лінзамі і праслоямі пяскоў, на якім размешчаны збліжаныя адзін да аднаго марэнныя і камавыя ўзгоркі (адносная выш. 1—12, часам да 14—16 м), нярэдка падоўжаныя, выцягнутыя ў ланцугі. Паміж узгоркамі акруглыя западзіны, а паміж ланцугамі ўздоўж грады лагчынападобныя паглыбленні і водна-ледавіковыя лагчыны, па якіх цякуць р. Тушчанка і Струна. Абапал лагчын озы. Даліны р. Страча і яе прытока Свірыцы ў месцах перасячэння грады — вузкія, часта з абрывістымі схіламі. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя, у паніжэннях дзярнова-перагнойна-глеевыя і тарфяна-балотныя. Невял. ўчасткі хваёвых лясоў на паўн. і паўн.-ўсх. схілах. Па ўскраінах балот ельнікі, па берагах рэк чорнаалешнікі. Пад ворывам 30% тэрыторыі. На С.г. помнік прыроды рэсп. значэння — геал. агаленне «Камарышкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РНАЯ КІСЛАТА́,
моцная двухасноўная к-та, H2SO4; адзін з асн. прадуктаў хім. прам-сці.
Бязводная (100%-ная) С.к. — бясколерная масляністая вадкасць, шчыльн. 1830,5 кг/м³ (20 °C), tпл 10,4 °C, tкіп 296,2 °C (кіпіць з раскладаннем). З вадой і трыаксідам серы SO3 (гл.Серы аксіды) змешваецца ў любых суадносінах. У водных растворах практычна цалкам дысацыіруе на іоны. Канцэнтраваная С.к. — моцны акісляльнік (асабліва пры награванні); акісляе многія металы (напр., медзь, ртуць), неметалы (вуглярод, серу і інш.), бромісты і ёдзісты вадарод. Разбаўленая ўзаемадзейнічае з актыўнымі, размешчанымі ў электрахім. радзе напружанняў да вадароду, металамі з вылучэннем вадароду. Утварае солі сульфаты і гідрасульфаты, а таксама эфіры (сульфаты арган.). У прам-сці С.к. атрымліваюць кантактным і нітрозным (вежавым) спосабамі. Зыходнае рэчыва для атрымання С.К. — дыаксід серы, які акісляюць да SO3 кіслародам пры 440 °C у прысутнасці каталізатара (кантактны спосаб) або аксідамі азоту, растворанымі ў С.к. (нітрозны спосаб). Выкарыстоўваюць у вытв-сці мінер. угнаенняў, розных мінер. кіслот і солей, лек. і мыйных сродкаў, фарбавальнікаў, хім. валокнаў, выбуховых рэчываў, а таксама для ачысткі нафтапрадуктаў, у металургіі і гідраметалургіі урану, медзі, нікелю і інш. металаў, як электраліт у свінцовых акумулятарах, асушальнік і інш. С.к. — вельмі агрэсіўнае рэчыва (клас небяспечнасці 2), выклікае цяжкія апёкі скуры, пара пашкоджвае слізістыя абалонкі і лёгкія; ГДК аэразолю С.К. ў атм. паветры 0,1 мг/м³ (сярэднясутачная); смяротная канцэнтрацыя 0,18 мг/л (экспазіцыя 60 мін).
Літ.:
Васильев Б.Т., Отвагина М.И. Технология серной кислоты. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБІ́РСКАЯ ПЛАТФО́РМА,
дакембрыйская платформа, паміж р. Енісей, воз. Байкал і Верхаянскім хр.; адзін з буйнейшых адносна ўстойлівых участкаў кантынентальнай зямной кары ў Паўн. Азіі. Абмежавана на З палеазойскай складкавасцю Заходне-Сібірскай пліты, на Пд і ПдУ — Усходне-Забайкальска-Ахоцкім, на У — Верхаяна-Чукоцкім мезазойскімі складкавымі паясамі. На паверхні С.п. размешчаны Сярэднесібірскае пласкагор’е, Алданскае нагор’е, Паўн.-Сібірская і Цэнтральнаякуцкая нізіны. Магутнасць зямной кары ў межах С.п. 40—48 км, шчыльн. цеплавога патока 20—40 мВт/м². Складзена са складкавага крышт. фундамента (метамарфічныя і інтрузіўныя ўтварэнні архею і ніжняга пратэразою) і платформавага чахла. У будове чахла вылучаюць 2 мегакомплексы: ніжні, або даплітны (адклады рыфею), і верхні, або плітны (тоўшчы венду, палеазою, мезазою і кайназою). Магутнасць асадкавых парод да 5 км, у глыбокіх упадзінах да 10—12 км. У раннім пратэразоі, рыфеі, раннім кембрыі, сярэднім палеазоі, верхнім палеазоі, раннім і познім мезазоі С.п. вызначалася інтэнсіўным магматызмам. У яе платформавым чахле пашыраны вулканічныя ўтварэнні і інтрузіі раннетрыясавай трапавай фармацыі, а таксама каледонскія лінейна-складкавыя дыслакацыі. На значнай частцы С.п. адбыліся неатэктанічныя падняцці да 1—2 км. У тэктанічнай будове С.п. вылучаюць гал. структуры: Алданскі шчыт, Лена-Енісейская пліта, ускладненая Анабарскім масівам (з выхадам крышт. парод на паверхню), Тунгускай, Вілюйскай сінеклізамі і ўпадзінамі, закладзенымі ў рыфеі. У межах С.п. буйныя радовішчы жалезных (Алданскі шчыт) і медна-нікелевых руд (Нарыльскі рудны раён), каменнага вугалю (Ленскі, Тунгускі, Канска-Ачынскі і інш. вугальныя басейны), каменнай і калійных солей, гіпсу, фасфарытаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛАБА́Н (Віталь Уладзіміравіч) (н. 5.8.1947, в. Шылавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык, літаратуразнавец. Канд.гіст.н. (1987). Скончыў Ленінградскі ун-т (1970). З 1972 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (у 1992—95 заг. рэдакцыі). З 1995 нам. дырэктара, з 1997 саветнік Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы. З 2000 нам. дырэктара Нац. навукова-асв. цэнтра імя Ф.Скарыны, з 2002 у Нац. архіве Рэспублікі Беларусь. Даследуе гісторыю бел.нац. руху, культуры 19 — пач. 20 ст., пытанні архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі. Увёў у навук. ўжытак невядомыя тэксты бел. л-ры 19 ст. (у зб. «Шляхам гадоў», 1990), гіст.-літ. матэрыялы пра жыццё і творчасць бел. пісьменнікаў, грамадскіх і культ. дзеячаў («Гарэцкі М. Публіцыстыка 1918—1919 гг.», укл. з В.Дз.Селяменевым, 2000) і інш.Адзін са складальнікаў бібліягр. дапаможнікаў «М.М.Улашчык» (1996), «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» (1997), «Бібліятэка Міхася Мялешкі» (1998), «Р.П.Платонаў» (2000), «М.В.Доўнар-Запольскі» (2001). Рэдактар-складальнік кн. «Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна» (1989). Сааўтар сцэнарыяў дакумент.-маст. фільмаў пра Ц.Гартнага, У.Ігнатоўскага, Я.Купалу і інш.
Тв.:
Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. №2;
Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии. Мн., 1986;
«Хай ведаюць патомкі...»: Алесь Гарун — дэлегат і гісторык Усебеларускага з’езда 1917 г. // Роднае слова. 1997. №8;
Дакументальная спадчына Усебеларускага з’езда 1917 г.: прабл. збору, захавання і выдання // Архівы і справаводства. 2000. №1.