ДЫПЛАМА́ТЫКА (франц. diplomatique ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),
спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, форму і змест актавых крыніц (пераважна эпохі феадалізму) для вызначэння іх сапраўднасці. Праверка сапраўднасці актаў (практычная Д.), выкліканая барацьбой за зямлю і феад. прывілеі, вялася ўжо ў сярэдневякоўі. У 14—15 ст. пачала развівацца навук. Д. Падыходы і крытэрыі праверкі сапраўднасці дакументаў распрацаваў франц. даследчык Ж.Мабільён. Сучасная Д. з’яўляецца часткай агульнага крыніцазнаўства, у задачы якой уваходзіць даследаванне форм і зместу дакументаў. На Беларусі ў 16—19 ст. мела месца фальсіфікацыя дакументаў, выкрыццё якой прывяло да зараджэння практычнай Д. Напр., вядома, што ў 1721—43 князі Радзівілы зрабілі фальшывы дакумент ад імя караля польскага і вял. князя літ. Жыгімонта II Аўгуста з датай 3.11.1551, паводле якога атрымалі права захоўваць дзярж. дакументы ВКЛ у сваім прыватным архіве ў Нясвіжы. Так Нясвіжскі архіў Радзівілаў станавіўся роўным з дзярж. архівам ВКЛ. У 1-й пал. 19 ст. распаўсюдзіліся падробкі дакументаў аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя ў сувязі з праверкай правоў на дваранства ў зах. губернях Рас. імперыі пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. Фабрыкацыя фальшывых дакументаў пра шляхецкае паходжанне асабліва пашырылася ў 1830-я г. ў Мінску, дзе спецыялісты па-майстэрску скарыстоўвалі даўнюю мову, падраблялі почырк і пячаткі каралёў, ужываючы паперу са стараж. актавых кніг.
Літ.:
Лихачев Н.П. Дипломатика. СПб., 1901;
Зимин А.А. Методика издания древнерусских актов. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСТВЫ,
органы мясц. самакіравання ў Рас. імперыі, створаныя паводле земскай рэформы 1864. На Беларусі ўведзены ў 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У З. пануючае становішча займалі памешчыкі; удзельнічалі прадстаўнікі буржуазіі (фабрыканты, купцы, заможныя сяляне), з цягам часу іх колькасць павялічвалася. Царскі ўрад, які баяўся ўплыву ліберальна-бурж. элементаў у З., перадаў ім толькі мясц.гасп. справы, што датычылі адпаведнай губерні ці павета. Аддзяленне гасп. спраў ад агульнай адміністрацыі драбіла мясц. кіраванне паміж казённымі і земскімі ўстановамі, што адмоўна адбівалася на ўсім ходзе мясц. дзейнасці. Асновай бюджэту З. было абкладанне падаткамі нерухомай маёмасці: зямель, дамоў, фабр.-зав. прадпрыемстваў і гандл. устаноў. Расходы З. падзяляліся на абавязковыя (дарожныя, кватэрныя і інш.) і неабавязковыя (на ахову здароўя і нар. асвету). Губернатар і міністр унутр. спраў мелі права затрымаць выкананне любой пастановы земскага сходу. Нягледзячы на абмежаванасць, З. садзейнічалі развіццю мясц. ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы, урачэбныя ўчасткі, удзельнічалі ў расходах на ўтрыманне царк.-прыходскіх школ, арганізоўвалі вет. абследаванне і сан. нагляд, агранамічныя мерапрыемствы (стваралі склады с.-г. машын, насенныя і зернеачышчальныя пункты, доследныя палі), займаліся статыстыкай (гл.Земская статыстыка), страхаваннем, вогнеўстойлівым буд-вам, садзейнічалі развіццю саматужных промыслаў. Ліквідаваны пасляКастр. рэвалюцыі.
Літ.:
Мыш М.И. Положение о земских учреждениях 12 июня 1890 г... СПб., 1894;
Веселовский Б.Б. История земства за сорок лет. Т. 1—4. СПб., 1909—11;
Слобожанин В.П. Земское самоуправление в Беларуси (1905—1917 гг.). Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНД (санскр.Сіндху; пушту Аба-Сін, літар. бацька рэк),
рака ў Кітаі, Індыі, Пакістане. Даўж. 3180 км, пл.бас. 980 тыс.км². Пачынаецца на паўд.зах. схілах хр. Кайлас (Тыбецкае нагор’е) на выш. 5300 м. У вярхоўі цячэ на ПнЗ у міжгорнай даліне паралельна гал. ланцугу Гімалаяў. Ніжэй вусця р. Гілгіт паварочвае на ПдЗ і перасякае адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша. Сярэдняе цячэнне ў нізкагорнай і ўзгорыстай мясцовасці, ніжняе — у зах.ч. Інда-Гангскай раўніны (ускраіны пустынь Тхал і Тар), у шырокай даліне з шматлікімі рукавамі і пратокамі. Пасляг. Хайдарабад пачынаецца дэльта (пл. 8 тыс.км²), дзе вылучаюцца 11 асн. рукавоў. Упадае І. у Аравійскае м.Гал. прытокі — Сатледж (Панджнад, злева), Шаёк, Гілгіт, Кабул (справа). У верхнім цячэнні жыўленне снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Вясенне-летнія паводкі (сак.—вер.), пад’ём узроўню вады на раўніне 5—7 м, рэчышча на вял. працягласці абвалавана. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хайдарабад 3850 м³/с, ніжэй ён памяншаецца ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне. Сцёк завіслых часцінак у вусці 450 млн.т. На І. плаціны (у т. л. каля г. Сукур) і інш. ірыгацыйныя збудаванні. Бас. І. — адзін з буйнейшых ірыгацыйных раёнаў свету, пл. арашальных зямель больш за 11 млн.га (гал. чынам у Пенджабе і ў дэльце). Суднаходны ад вусця да г. Дэраісмаілхан, для малых суднаў да г. Аток, каля вусця р. Кабул. Найб. гарады на І. — Хайдарабад, Сукур, паблізу дэльты — марскі порт Карачы (Пакістан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЛЬНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
ураўненне, якое звязвае шуканую функцыю і інтэграл ад яе. Да І.ў. зводзяцца шматлікія задачы фізікі, краявыя задачы, задачы на адшуканне ўласных значэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Тэорыя І.ў. зарадзілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў нетрах тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і матэм. фізікі пасля прац матэматыкаў італьян. В.Вальтэра (1896), швед. Э.Фрэдгальма (1903), ням. Д.Гільберта (1912) і Э.Шміта (1907). Яна стымулявала развіццё функцыянальнага аналізу і тэорыі аператараў у абстрактных прасторах. Адрозніваюць І.ў. рэгулярныя (з інтэграламі Рымана ці Лебега) і сінгулярныя (з няўласнымі інтэграламі розных тыпаў), лінейныя і нелінейныя. Найб. вывучаны лінейныя І.ў., напр., ураўненні Фрэдгальма
, дзе u(t) — шуканая, a(t), k(t,s) (ядро) і f(t) — зададзеныя функцыі, Ω — вобласць эўклідавай прасторы аднаго або многіх вымярэнняў; калі a(t) = 0, дадзенае ўраўненне наз. ўраўненнем 1-га роду, калі a(t) = 1—2-га, у астатніх выпадках — 3-га. Пры замене інтэграла на інтэгральную суму (гл.Вызначаны інтэграл) атрымліваецца сістэма алг. ураўненняў, для якой вядомыя ўмовы вырашальнасці. Важнымі класамі нелінейных І.ў. з’яўляюцца ўраўненні Ляпунова—Шміта, Урысона і інш Разглядаюцца таксама сістэмы І.ў., а таксама І.ў. з вектар-функцыямі розных тыпаў, выпадковымі працэсамі і інш. Рашэнні ўраўненняў часта знаходзяць лікавымі метадамі.
На Беларусі даследаванні па тэорыі І.ў. пачаты ў 1961 пад кіраўніцтвам Ф.Дз.Гахава (сінгулярныя ўраўненні) і праводзяцца ў БДУ, Ін-це матэматыкі Нац.АН і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1641—52,
нац.-вызв. паўстанне супраць ператварэння Ірландыі ў англ. калонію. Адбылося ў пач.Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Выклікана зямельнымі канфіскацыямі ў Ірландыі, каланізацыяй англічанамі Ольстэра, каланізатарскімі намерамі англ.Доўгага парламента, нац. і рэліг. дыскрымінацыяй ірландцаў і англа-ірландцаў. Пачалося 23.10.1641. За некалькі дзён 15—17 тыс.узбр. паўстанцаў (да 6 ліст. 100—300 тыс. паўстанцаў; галоўнакаманд. Ф.О’Ніл) пры адсутнасці ў Ірландыі значных англ. войск (па асобных невял. гарнізонах былі раскіданы 2—3 тыс.англ. вайскоўцаў) авалодалі важнейшымі стратэг. пунктамі і крэпасцямі Ольстэра, разграмілі шмат маёнткаў каланістаў. Праходзіла пад лозунгамі вяртання экспрапрыіраваных зямель, ліквідацыі самавольства англ. чыноўнікаў; частка паўстанцаў (пераважна знаць) падтрымлівала англ. караля Карла I у яго процістаянні з парламентам. Паўстанцаў падтрымлівалі грашамі, зброяй, амуніцыяй і добраахвотнікамі (пераважна ірландцы-эмігранты) рым. папа і каталіцкія краіны Еўропы, што садзейнічала пашырэнню паўстання на ірл. правінцыі Конат, Ленстэр, Манстэр. 24.10.1642 тут утворана дзяржава паўстанцаў — Ірл. канфедэрацыя католікаў (сталіца — г. Кілкені). Ва ўмовах грамадз. войнаў у Англіі 1642—46 і 1647—49 кіраўніцтва Канфедэрацыі спадзявалася на кампраміс з Карлам I і заключыла з ім перамір’е (1643), потым мір (1646, адноўлены ў 1649). Пасля паражэння караля ў барацьбе з парламентам у Дубліне 15.8.1649 высадзілася 12-тысячная англ. парламенцкая армія на чале з О.Кромвелем, якая паступова задушыла паўстанне (загінула 1/3ірл. насельніцтва). 26.9.1652 англ. парламент абвясціў пра ліквідацыю «мяцяжу» ў Ірландыі.
Літ.:
Сапрыкин Ю.М. Ирландское восстание XVII в. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«И́СКРА»,
першая агульнарасійская с.-д. палітычная газета. Выдавалася нелегальна з 11(24).12.1900 да кастр. 1905 на рускай мове, спачатку ў Лейпцыгу, потым у Мюнхене, з крас. 1902 у Лондане, з вясны 1903 у Жэневе. Ініцыятар стварэння У.І.Ленін. Як выразніца яго ідэі стварэння Рас.с.-д. рабочай партыі (РСДРП) газета выпрацоўвала тэарэт. і практычныя асновы партыі (падрыхтаваны праграма і статут РСДРП). «И.» крытычна ацэньвала ўнутр. і знешнюю палітыку царскай улады, асвятляла эканам. і паліт. становішча народаў Расіі, у т. л. і беларусаў, выступала за саюз рабочага класа з сялянствам, пісала пра рас. і міжнар.рэв. рух, са свайго пункту погляду крытыкавала міжнар. апартунізм (бернштэйніянства) і яго разнавіднасць — «эканамізм», выступала супраць т. зв. дробнабурж. ліберальных партый Расіі — эсэраў, бундаўцаў і іх лідэраў. Газету атрымлівалі ў 26 гарадах і мястэчках Беларусі. У ёй надрукавана 25 матэрыялаў з Беларусі, у якіх асвятляліся падзеі сац.-паліт. жыцця краю, расказвалася пра самавольства мясц. улад, становішча палітзняволеных. Крытыкаваліся мясц. лідэры «эканамістаў» (васільеўцы), лібералаў, бундаўцаў і інш. Дзейнасць газеты спрыяла стварэнню Палескага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП. У 1903 у РСДРП разгарнулася барацьба паміж бальшавікамі і меншавікамі. Пасля 51-га нумара «И.» перайшла на пазіцыі меншавікоў. Усяго выйшла 112 нумароў.
Літ.:
Волин М. Ленинская «Искра». (1900—1903 г.). М., 1964;
Ефремова О.И. Роль ленинской «Искры» в распространении марксизма в Белоруссии. Мн., 1980;
Ленинская «Искра»: История создания и распространения, 1900—1902. М.;
Лейпциг, 1984;
Возвращенная публицистика. Кн. 1. 1900—1917. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯЛО́ГІЯ (ад іхтыя... + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае рыб; аснова рыбалоўства і рыбаводства. Цесна звязана з біёнікай, гідралогіяй, фізіялогіяй, экалогіяй і інш.
Першыя сістэматызаваныя звесткі пра будову і біялогію рыб трапляюцца ўжо ў працах Арыстоцеля (4 ст. да н.э.). У Еўропе развіццё І. звязана з працамі франц. вучоных П.Белона і Г.Рандэле (2-я пал. 15 ст.). У сістэму ведаў І. аформілася ў канцы 18 ст., пераважна ў працах швед. вучоных П.Артэдзі і К.Лінея, ням. І.П.Мюлера, рус. К.Ф.Кеслера, С.П.Крашаншнікава. С.Г.Гмеліна, І.І.Ляпёхіна і інш.
На Беларусі з сярэдзіны 18 да канца 19 ст. звесткі пра іхтыяфауну абмяжоўваліся пераважна спісамі складу рыб буйнейшых рэк (Нёман, Дняпро і інш.). У пач. 20 ст. вадаёмы краіны абследавалі экспедыцыі Рус.т-ва акліматызацыі жывёл і раслін, Віцебская рыбагаспадарчая і інш.Найб. інтэнсіўна І. развіваецца пасля стварэння ў 1928 Бел.н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (з 1977 Бел.н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі). Сучасны этап іхтыялагічных даследаванняў звязаны з працамі П.І.Жукава, С.В.Кахненкі, У.С.Пенязя, У.П.Ляхновіча, А.А.Баравік, Г.В.Гладкага, Т.М.Шаўцовай і інш.Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, ВНУ, запаведніках, нац. парках і інш. Даследаванні звязаны з вывучэннем праблем біял. разнастайнасці рыб, распрацоўкай навук. асноў рыбаводства і рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЗА́Р,
украінскі нар. пясняр і музыкант, які акампануе сабе на кобзе (бандуры). Першыя звесткі пра К. (бандурыстаў) як музыкантаў з Украіны пры дварах польск. каралёў ёсць у польскіх хроніках 15—16 ст. Асабліва былі папулярныя ў Запарожскай Сечы, куды ўцякалі і бел. сяляне, якія пасля прыносілі дадому рэпертуар К., асабліва гіст. песні (напр., «Ой, Марозе, Маразеньку»), У сваіх творах К. выказвалі сац. спадзяванні прац. народа, заклікалі да барацьбы з прыгнятальнікамі. Бралі ўдзел у казацкіх вайск. паходах, бітвах, славілі ў сваіх думах, гіст., быт., жартоўных і сатыр. песнях герояў нар. барацьбы з захопнікамі. Росквіту мастацтва К. дасягнула ў 16—17 ст. Вядомымі гайдамацкімі К. (бандурыстамі) у 18 ст. былі Г.Кабзар, Д.Бандурка, В.Варчанка, П.Скрага. Вядомыя К. 19 ст.: А.Шут, І.Краўчанка-Крукоўскі, А.Верасай, Ф.Халодны, М.Краўчанка і інш. Песні на сучасную тэматыку стваралі І.Кучугура-Кучарэнка, Ф.Кушнерык, П.Носач, Я.Моўчан, П.Цішчанка і інш. У 1918 у Кіеве была створана Укр.маст. капэла кабзароў, у 1935 аб’яднаная з Палтаўскай капэлай бандурыстаў (пазней Дзярж. капэла бандурыстаў Украіны). К. выконвалі часам бел.нар. песні. У бел. традыцыі да К. блізкі гусляр.
Літ.:
Лавров Ф. Кобзарі. Київ, 1980;
Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972. С. 192—203;Лисенко М.В. Характеристика музичних особливостей українських дум і пісень у выконанні кобзаря Вересая. Київ, 1978; Кирдан Б.П., Омельченко А.Ф. Народні співці-музиканти на Україні. Київ, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІХ БІБЛІЯТЭ́КА,
збор кніг бел. рэвалюцыянераў-дэмакратаў братоў В.Каліноўскага і К.Каліноўскага.
Асн. тэматыка збору — гісторыя ВКЛ. Да 1864 знаходзілася на прыватнай кватэры Каліноўскіх у Пецярбургу. Налічвала некалькі соцень кніг на бел., рус., польск., лац., ням., франц. мовах па гісторыі, філасофіі, мовазнаўстве, юрыспрудэнцыі Беларусі, Польшчы і інш. краін, творы маст. л-ры. Была палемічная л-ра 16—17 ст., выданні сеймавых выступленняў дзярж. і царк. дзеячаў таго часу, каралеўскія і гетманскія універсалы і інш., у т. л. «Вянец бессмяротнасці. З нагоды смерці Кацярыны Радзівіл» Вітанскага (1643), «Смерць Caneri» С.Тупіка (1667), «Праўдзівая рэляцыя аб навагрудскай дыспутацыі», «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» (1793) і інш. Сярод маст. л-ры твор на старабел. мове «Жартоўныя трагедыі» (1642; захоўваецца ў Цэнтр.навук. б-цы АН Украіны ў Кіеве), творы ўраджэнцаў Беларусі С.Ягадынскага, Ф.Князьніна, польск. паэта Ц.Норвіда. У К.б. былі рукапісы (арыгіналы і копіі), бібліягр. працы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, у т. л. «Бібліяграфічныя кнігі» І.Лялевеля (т. 1—2, 1823—26), «Гісторыя польскай літаратуры» Ф.Бянткоўскага (т. 1—2, 1814). Многія з іх былі выдадзены ў Вільні, Полацку, Магілёве, Віцебску, Гродне, Торуні, Варшаве. Лёс б-кі пасля смерці братоў Каліноўскіх (1862 і 1864) не вывучаны. У б-цы імя Асалінскіх (Вроцлаў) захоўваецца каталог (няпоўны), у якім зафіксавана 230 кніг. Частка кніг з аўтографамі В.Каліноўскага выяўлена ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Рукапісы ў пач. 1870-х г. прададзены ў Варшаве, далейшы іх лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЛО́ССЕ»,
заходнебел. літ.-навук. часопіс. Выдаваўся ў 1935—39 у Вільні на бел. мове штоквартальна. Меў бібліягр. аддзел «Кнігапіс», вёў хроніку культ. жыцця ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчаў матэрыялы па бел. гісторыі, сац. псіхалогіі, этнаграфіі, культуры, краязнаўстве, мова- і літ.-знаўстве. З’яўляўся гал. трыбунай бел. інтэлектуальнага асяродка ў Зах. Беларусі ў 2-й пал. 1930-х г. Сваімі праграмнымі ўстаноўкамі садзейнічаў нац. адраджэнню, пашырэнню грамадска-культ. базы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У часопісе супрацоўнічалі М.Шкялёнак (рэдактар), Я.Шутовіч (адказны рэдактар, з 1937 рэдактар-выдавец), Н.Арсеннева, В.Багдановіч, М.Васілёк, А.Луцкевіч, М.Машара, У.Самойла, М.Танк, В.Таўлай, Р.Шырма і інш. Ідэйнае аблічча часопісу надаваў А.Станкевіч, які выступаў з публікацыямі па пытаннях нац. адраджэння, пра газ. «Мужыцкая праўда», «Гоман», Ф.Скарыну, Б.Эпімаха-Шыпілу і інш., з рэцэнзіямі на кнігі. Упершыню ў бел. друку ўзняў пытанне пра выкарыстанне псіхааналізу ў літ.знаўстве, разглядаў нац. самасвядомасць як фактар псіхічнага і духоўнага здароўя асобы. Выступаў з крытыкай рас. і польск. гісторыкаў, якія, фетышызуючы вайск. і дзярж. моц б. шляхецкай Рэчы Паспалітай і самадзяржаўнай Расіі, прыніжалі культуру ВКЛ. Сцвярджаў самабытнасць шляху бел. сялянства пасля адмены прыгоннага права. Публікаваў маст. творы зах.-бел. пісьменнікаў, перадрукоўваў творы пісьменнікаў БССР. Змяшчаў артыкулы пра Ф.Шаляпіна, Ш.Руставелі, М.Рэрыха і інш. Выйшла 20 кніжак. Спыніў дзейнасць у сувязі з набліжэннем 2-й сусв. вайны.