МА́ЛЕЦ (Янусь) (Іван Вільгельмавіч; н. 8.2.1951, в. Хрыстова Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1983). Працаваў рабочым, у час. «Вожык» (1993—94). Друкуецца з 1974. Адзін з аўтараў калектыўных зб-каў «Лагодны прамень раніцы» (1988), «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш. Творы пераважна ў жанры сатыры і гумару (зб-кі «Бедны конь», 1992; «Трава ў вушах», 1994). У вершах раскрывае думкі і пачуцці сучасніка, пакутны шлях да ісціны (зб. «Родны мацярык», 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТРО́САЎ (Аляксандр Мацвеевіч) (1924, г. Днепрапятроўск, Украіна — 23.2. 1943),
Герой Сав. Саюза (1943). У Чырв. Арміі з 1942. Ваяваў на Калінінскім фронце. 23.2.1943 у баі зав. Чарнушкі (Пскоўская вобл., Расія) гвардыі радавы М. сваім целам закрыў амбразуру ням. дзота, гэтым забяспечыў поспех атакі падраздзялення. Імя М. прысвоена 254-му гвардз. палку з залічэннем героя навечна ў спіс палка. У гады Вял.Айч. вайны подзвіг М. паўтарылі многія сав. воіны, у т. л. беларус П.І.Купрыянаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНТО́Л (ад лац. mentha мята + oleum алей),
n-ментанол-3,3-метыл-6-ізапрапілцыклагексанол, арганічнае злучэнне, спірт аліцыклічнага шэрагу; асноўны кампанент мятнага алею.
Бясколерныя легкаплаўкія крышталі (tпл 43—44 °C) з пахам мяты і гаркаватым смакам. Раствараецца ў этаноле, абмежавана ў вадзе. Атрымліваюць вымарожваннем з мятнага алею, а таксама сінтэзуюць гідрыраваннем тымолу. Выкарыстоўваюць для араматызацыі лікёраў, цукерак, тытуню, сродкаў догляду за зубамі, як кампанент лек. прэпаратаў (напр., валідолу). Аказвае абязбольвальнае і абеззаражвальнае дзеянне, моцна ахалоджвае скуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНЧУ́К»,
кніжнае таварыства. Існавала ў снежні 1906—07 у Мінску. Мела на мэце выданне і распаўсюджванне бел. кніг і газет. Заснавальнікі Б.У.Куштэлян, У.І.Самойла, С.В.Скандракоў, А.А.Шабуня, К.Б.Шпакоўскі. Разам згаз. «Наша ніва» выдала кірыліцай і лацінкай апавяданне Э.Ажэшкі «Гедалі» (1907). Рыхтавала да друку «Жалейку» Я.Купалы. Спыніла дзейнасць з-за адсутнасці сродкаў.
Літ.:
Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 133—134, 142—143.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАВА́НЫ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 500 м на Пн ад в. Селішча Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Валун цёмна-шэрага гнейсу з жылкамі шаравата-белага кварцу, уключэннямі мускавіту. Даўж. 5,7 м, шыр. 3,2 м, выш. бачнай часткі 1,7 м, у абводзе 14,7 м, аб’ём 31 м³, маса каля 82 т. Мае выцягнутую прасападобную форму і трэшчынаватую паверхню. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШКА́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА.
У Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Бярозаўка, за 1 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,34 км², даўж. 840 м, найб.шыр. 710 м, найб.глыб. 18,7 м, даўж. берагавой лініі каля 2,9 км. Пл. вадазбору 18,4 км². Схілы катлавіны выш. 3—6 м, на У разараныя, на ПнЗ і З параслі лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. Злучана ручаямі з азёрамі Забельскае і Падлужнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮСЫ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ,
пункт перасячэння восі вярчэння Зямлі з зямной паверхняй. Адрозніваюць Паўночны полюс і Паўднёвы полюс. У полюсах зыходзяцца ўсе мерыдыяны зямныя (геаграфічныя). На П.г. няма звычайных кірункаў свету, няма падзелу на дні і ночы, таму што каля паўгода Сонца не апускаецца за гарызонт і каля паўгода не ўзыходзіць (гл.Палярны дзень, Палярная ноч). Яны перамяшчаюцца па зямной паверхні па складанай траекторыі, якая то закручваецца, то раскручваецца, не выходзячы з квадрата са стараной 26 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМІСКУІТЭ́Т (ад лац. promiscuus змешаны, агульны),
хаатычныя палавыя зносіны са многімі партнёрамі. Пашыраны сярод падлеткаў. Да П. можа прывесці паталаг. павышаная палавая цяга (сексуальная растарможанасць узнікае пры пашкоджаннях глыбінных структур мозга, розных расстройствах псіхікі). Часта спалучаецца залкагалізмам. У чалавечым грамадстве станаўленню норм шлюбу і формы сям’і папярэднічалі нічым не акрэсленыя адносіны паміж паламі. П. у жывёл — форма палавых зносін, пры якой за сезон размнажэння адбываецца хаатычнае спарванне з рознымі партнёрамі. Гл. таксама Панміксія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ВЫЗВАЛЕ́ННЕ,
сацыяльна-паліт. працэс і вынік барацьбы супраць нац., эканам., паліт. і інш. прыгнёту за дасягненне незалежнасці (суверэнітэту) і стварэння самаст.нац. дзяржаўнасці. Праяўленні барацьбы за Н.в. вядомы здаўна (напр., барацьба паўд. славян супраць тур. панавання), аднак яе пашырэнне звязана з развіццём капіталізму, фарміраваннем нацый і нац. культур, стварэннем нац. дзяржаў у Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы (Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя, вайна за незалежнасць у ЗША). Найбольшыя маштабы Н.в. мела ў 20 ст., калі яно набыло глабальны характар і прывяло да краху шматнацыянальных калан. імперый. Нац. незалежнасць заваявалі Кітай. Індыя, Інданезія, Пакістан, інш. краіны Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі. Н.в. ажыццяўляецца ў форме нац.-вызв. рэвалюцыі, якая часта набывае характар шматгадовай узбр. барацьбы супраць замежных прыгнятальнікаў (напр., у Кітаі), ці ў форме мірнага эвалюцыйнага руху ў кірунку незалежнасці, калі ў канчатковым выніку ўлада перадаецца нац. ўраду мірным шляхам, як гэта адбылося ў Індыі. Н.в. з’яўляецца вынікам барацьбы, складанага ўзаемаперапляцення этнанац., паліт., сац., рэліг., сацыякультурных і інш. грамадскіх сіл. што складаюць масавую базу гэтага працэсу. Узначальваць рух за Н.в. могуць розныя супольнасці і арг-цыі: нац.-бурж., рэв.-дэмакр., сацыяліст., феад.-манархічныя і інш. Значны ўклад у фарміраванне бел.нац. ідэі і асэнсавання неабходнасці барацьбы за Н.в. зрабілі сваёй творчасцю Т.Нарбут, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч і інш. Важнай вяхой у барацьбе бел. народа за Н.в. з’явілася паўстанне пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага і выданне ім нелегальнай рэв.-дэмакр.газ. «Мужыцкая праўда», у якой выяўлены асн. арыенціры нац.-вызв. барацьбы бел. народа. Істотны ўклад у Н.в. беларусаў зрабіла ў 1906—15 газ. «Наша ніва», актыўная дзейнасць плеяды класікаў бел. л-ры, грамадска-паліт. дзеячаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Пашкевіч, А.Гаруна, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага і інш.Нац.-вызв. барацьба бел. народа прывяла да абвяшчэння ў 1918 Бел.Нар. Рэспублікі, у 1919 — БССР, у 1991 — Рэспублікі Беларусь як незалежнай, суверэннай і самаст. дзяржавы. Гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, Нацыянал-дэмакратызм, Нацыянальнае самавызначэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕРЫ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ,
група інфекц. хвароб чалавека, аб’яднаных пераважна паводле спосабу перадачы ўзбуджальніка палавым шляхам. Бываюць выпадкі і кантактна-быт. заражэння. Вядома каля 20 венерычных хвароб: СНІД, сіфіліс, ганарэя, герпес, трыхаманоз, шанкер мяккі, лімфагранулема венерычная, данаваноз, хламідыёз, мікаплазмоз і інш. Шляхі пашырэння, метады дыягностыкі і лячэння вывучае венералогія. Адна з асаблівасцей венерычнай паталогіі — хвалепадобны характар з перыядычнасцю 10—15 гадоў. За апошнія 50 гадоў зарэгістраваны 3 хвалі венерычнай захваральнасці (1946, 1979, 1989). У распаўсюджванні венерычных хвароб вялікая роля належыць сац.-гігіенічным фактарам: дэмаграфічны рух, сац.-эканам. прагрэс, фактары паводзін, правільнае палавое выхаванне, вял. колькасць выпадковых палавых сувязей, сац.-культ. змены, алкаголь і наркотыкі, самалячэнне, рост разводаў, наяўнасць груп павышанай рызыкі, прастытуцыя, палавая ненармальнасць, дыягнастычныя памылкі і інш. Прафілактыка венерычных хвароб падзяляецца на грамадскую і асабістую. Грамадская: актыўнае выяўленне, лячэнне і ўлік хворых, бясплатнае лячэнне хворых на сіфіліс, СНІД, абследаванне на сіфіліс цяжарных жанчын, работнікаў харч. прам-сці і дзіцячых устаноў і інш.З мэтай змяншэння небяспекі ад пашырэння венерычных хвароб заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за ўхіленне ад лячэння гэтых хвароб і заражэнне імі інш. асоб (арт. 113 КК). Асабістая: недапушчальнасць выпадковых палавых сувязей, выкарыстанне індывід. партатыўных прафілакт. сродкаў.