мясцовае намнажэнне гною, якое суправаджаецца мясцовым распадам тканак і ўтварэннем у іх гнойнай поласці, абмежаванай абалонкай. Развіваецца пры пранікненні гнаяродных мікробаў у тканкі пры траўмах, а таксама пры ўздзеянні на тканкі некат. рэчываў (шкіпінару, кратонавага алею, сулемы і інш.). Мікробы з першапачатковага ачага могуць распаўсюджвацца па лімфатычных і крывяносных сасудах у суседнія тканкі і аддаленыя органы (скуру, лёгкія, печань, ныркі, галаўны мозг, мышцы і інш.) і выклікаць фарміраванне ў іх другасных абсцэсаў. Бывае востры, хранічны, паверхневы, халодны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБТУРА́ТАР (франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),
1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.
2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛЬЦЫ́М (ад грэч. analkis слабы),
пародаўтваральны мінерал падкласа каркасных сілікатаў (група цэалітаў), Na2[AlSi2O6]2∙2H2O. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, зярністыя масы, друзы, жэоды і інш. Бясколерны ці белы, шэры, зеленаваты, ружовы. Празрысты да амаль непразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6; крохкі. Шчыльн. 2,2—2,3 г/см³. Па паходжанні гідратэрмальны, радзей магматычны, таксама аўтыгенны мінерал у азёрных адкладах, гліністых сланцах, пясчаніках. На Беларусі выяўлены ў значнай колькасці (да 20—30%) у пародах верхняга пратэразою, як акцэсорны мінерал — у адкладах дэвону, карбону і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІМЕ́ЛЕ Мікалай, бел. этнограф і археолаг сярэдзіны 19 ст. Вольнаадпушчаны селянін Віцебскай губ. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру паўн.-ўсх. Беларусі. На падставе яго апісанняў Рускае геагр.т-ва выдала працу «Побыт беларускіх сялян» (Этнографический сборник. Спб., 1854. Вып. 2). У ёй апісаны жыллё, хатняе начынне, адзенне, ежа, сямейныя і каляндарныя абрады, вытв. заняткі, звычаі, сац. і маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства напярэдадні адмены прыгоннага права. У працы змешчаны таксаманар. прыказкі, песні, паданні. Аўтар высока цаніў працавітасць, маральныя і інтэлектуальныя якасці беларусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКЕТАВА́ННЕ,
метад збору пачатковага матэрыялу для сацыялагічных, эканамічных, псіхалагічных і інш. даследаванняў. Праводзіцца ананімна, у пісьмовай форме з выкарыстаннем апытальных лістоў (анкет), у прысутнасці даследчыка і без яго (па пошце). Пытанні анкетавання павінны быць аб’яднаны агульнай тэмай даследавання, сфармуляваны дакладна, адназначна, на даступнай рэспандэнтам мове. Адрозніваюць пытанні адкрытыя (свабода ў выбары адказу) і закрытыя (адказ выбіраецца з прапанаваных варыянтаў), аб’ектыўныя (пра ўзрост, адукацыю і інш.) і суб’ектыўныя (высвятляюць сац.-псіхал. ўстаноўкі або меркаванні рэспандэнтаў). Гл.таксамаАпытанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫ ПАРЫТЭ́Т,
заканадаўча ўстаноўленыя адносіны паміж валютамі дзвюх краін. З’яўляецца асновай валютнага курсу. Пры монаметалізме і біметалізме валютны парытэт — суадносіны грашовых адзінак па іх метал. вартасці. Залаты парытэт — суадносіны грашовых адзінак розных краін па іх афіцыйнай залатой вартасці (адменены ў 1976—78). Ва ўмовах абарачэння не размененых на золата крэдытных і папяровых грошай валютны парытэт устанаўліваецца ў залежнасці ад узроўню цэн унутры краіны і пакупной здольнасці замежных валют, а таксама (як і валютны курс) на базе валютнага кошыка і СДР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВЫ,
парушэнні ўстаноўленых правіл аб здзелках і аперацыях з валютнымі каштоўнасцямі. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь валютнымі злачынствамі лічацца незаконныя здзелкі з каштоўнымі металамі і камянямі, а таксама скупка, продаж, абмен замежнай валюты або выкарыстанне плацежных дакументаў у замежнай валюце і інш. замежных грашовых дакументах, адкрыццё рахункаў за мяжой і вядзенне па іх аперацый службовай асобай суб’екта гаспадарання без спец. дазволу (ліцэнзіі), якія здзейснены на працягу года пасля накладання адм. спагнання за такія ж парушэнні (арт. 85, 851, 852).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РТАСНЫЯ ЛІ́ЧБЫў матэматыцы,
усе лічбы набліжанага ліку ад першай злева, адметнай ад нуля, да апошняй, за сапраўднасць якіх можна ручацца. Напр., калі ўзважванне праведзена з дакладнасцю да 1 г, то ў запісе вынікаў 0,320 вартасныя лічбы будуць 3, 2 і 0. Вартасная лічба наз.праўдзівай, калі абсалютная хібнасць набліжанага ліку не перавышае палавіны адзінкі разраду гэтай лічбы. Напр., у запісе скорасці святла с = (299 796 ± 4) км/с праўдзівыя вартасныя лічбы 2, 9, 9, 7 і 9. Гл.таксамаНабліжанае вылічэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДЫ (санскр. веда літар. веды),
ведычная літаратура, помнікі стараж.-індыйскай літаратуры (канец 2-га — 1-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Напісаны на стараж.-інд. (ведыйскай) мове. Адлюстроўваюць рэліг. ўяўленні і міфалогію стараж.інд. грамадства. Складаюцца з 4 зборнікаў гімнаў, малітваў і ахвярных формул і паэт строф: «Рыгведа» (Кніга гімнаў), «Самаведа» (Веда мелодый), «Яджурведа» (Веда ахвярапрынашэнняў), «Атхарваведа» (Веда заклінанняў), а таксама з тэалагічных трактатаў (брахманы, араньякі і упанішады). Веды — крыніца звестак па сац.-эканам. і культ. гісторыі стараж. Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙНАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Вейна (Магілёўскі р-н). Цэнтрычны, у плане блізкі да квадрата будынак са скругленымі вугламі. У сілуэце дамінуе цыліндрычны барабан са сферычным купалам. Вуглавыя часткі гал. фасада завершаны круглымі вежамі з купальнымі пакрыццямі. Бакавыя ўваходы вылучаны рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У інтэр’еры фрэскавая размалёўка ў стылі класіцызму, выявы 4 евангелістаў і 4 шматфігурныя кампазіцыі на біблейскія сюжэты. Размаляваны таксама скляпенні і сцены апсіды.