горад на ПдУ Бразіліі, у даліне р. Цьетэ, за 70 км ад узбярэжжа Атлантычнага ак.Адм. ц.аднайм. штата. Каля 10 млн.ж., разам з 37 гарадамі-спадарожнікамі ўтварае агламерацыю з нас. 17 755 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Найб. гандлёва-размеркавальны цэнтр краіны. Рынак кавы (вывозіцца праз порт Сантус). Важнейшы прамысл. цэнтр краіны (каля 40% прамысл. вытв-сці і занятых у прам-сці) і найб. эканамічна развітога раёна. Прам-сць: цяжкая (чорная і каляровая металургія, металаапрацоўка, аўтамабіле- і самалётабудаванне, чыг. машынабудаванне, электронная, эл.-тэхн., хім., гумава-тэхнічная; пераважна ў гарадах-спадарожніках), мясная (бойні), мясакансервавая, малочная, маслаперапрацоўчая, мукамольная, кандытарская, тытунёвая, тэкст. (больш за 50% вытв-сці тканін у краіне), швейная, гарбарна-абутковая, парфумерная, фармацэўтычная. Метрапалітэн. 3 ун-ты. Музеі: мастацкі, сучаснага мастацтва, археалогіі і этнаграфіі і інш. Тэатры. Палац урада (16 ст.), небаскробы (20 ст.). Спарт. збудаванні.
Засн. езуітамі 25.1.1554 у дзень св. Паўла (адсюль назва). У 16—18 ст. цэнтр кававых плантацый. У 1822 у С.-П. абвешчана незалежнасць Бразіліі ад Партугаліі. У пач. 19 ст. тут з’явіліся першыя ў краіне мануфактуры, у пач. 20 ст. ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАЧА́НСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР.
У Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас.р. Вілія. Уключае 12 азёр агульнай пл. 4,3 км² (пл. вадазбору 180 км²): Тумскае, Ёдзі, Вераб’і, Каймін, Туравейскае, Белае, Галадзянка, Залаўскае, Гульбеза, Баранскае, Галодна, Клевел. Азёры займаюць невял. глыбокія ўчасткі агульнай ледавіковай лагчыны (даўж.больш за 20 км), утварэнне якой звязана з выворваннем паазерскага ледавіка і наступнай дзейнасцю расталых ледавіковых вод. У наваколлі азёр марэнныя ўзвышшы (выш. 30—40 м) чаргуюцца з забалочанымі нізінамі, уздоўж азёр выцягнуты озавыя грады, многа камавых узгоркаў, парослых лесам. Для мелкаводных азёр (найб.глыб. да 6 м; Клевел, Вераб’і, Белае, Туравейскае, Галадзянка) характэрна шырокая (да 50—70 м) прыбярэжная пясчаная зона, інтэнсіўнае зарастанне (шыр. паласы расліннасці 40—200 м, Клевел па ўсёй плошчы). Сярэднеглыбокія азёры (глыб. да 21 м; Галодна, Тумскае, Ёдзі і інш.) маюць вузкую прыбярэжную пясчаную зону, нязначнае зарастанне (шыр. паласы расліннасці менш за 30 м). Глыбакаводную ч. азёрных катлавін высцілаюць сапрапелі. Большасць азёр дрэніруюцца р. Клевель (паміж азёрамі мае выгляд шырокіх праток), з Тумскага воз. выцякае р. Сарачанка. Азёры Ёдзі, Гульбеза і Вераб’і злучаны паміж сабой і маюць сцёк у р. Страча. С.г.а. вызначаецца выключнай маляўнічасцю і мае высокія рэкрэацыйныя вартасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНЫ ДЫЯЛЕ́КТ, сацыялект,
мова пэўнай сац. групы, што існуе ў межах агульнанар. мовы. С.д. былі мовай працоўна-прафес. груп (ганчароў, шаўцоў, рыбакоў, паляўнічых, шапавалаў і інш.), што калісьці адыгрывалі значную ролю ў гасп. укладзе грамадства. У наш час С.д. прадстаўлены мовамі прафес. карпарацый, часам арганізаваных фармальна (праз сімволіку, форму адзення і інш.): маракоў, чыгуначнікаў, ваенных, мастакоў, журналістаў, палітыкаў і інш. Узнікаюць і функцыянуюць як адметная рыса паводзін і зносін самых розных больш-менш акрэсленых сац. груп (секты, касты, аб’яднанні дэкласаваных элементаў, групоўкі фанатычных аматараў пэўнага віду спорту, жанру музыкі, занятку). У С.д. замацоўваюцца асаблівасці дачыненняў і камунікавання такіх калектыўных соцыумаў, як спартсмены, навучэнцы, студэнты. Істотныя ўласцівасці С.д. (прадстаўлены ў кожным з іх не абавязкова з найб. паўнатой); адсутнасць, пераважна, сваёй граматыкі і фанетыкі (гэтым адрозніваюцца ад тэр. дыялектаў), спец. тэрміналагічная сістэма, якая выконвае жаргонаўтваральную функцыю. Лексічны склад С.д. і ўся сістэма жаргоннага камунікавання — сведчанне існавання і адноснай сац. значнасці пэўнага тыпу субкультуры. Узнікненне і функцыянаванне С.д. — адна з праяў працэсу бесперапыннага вар’іравання мовы ў сац. прасторы і гіст. часе (параўн.арго, дыялект, ідыялект, нацыялект, храналект).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВАЗВАРО́Т,
навукова абгрунтаванае чаргаванне с.-г. культур у часе і на тэр.; найб. важная ч.сістэмы земляробства. Неабходнасць увядзення С. даказалі практыка вырошчвання монакультуры, вывучэнне біял. асаблівасцей раслін і іх уплыў на якасці глебы. С. забяспечвае выкарыстанне ўсіх відаў с.-г. угоддзяў, павышэнне ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці с.-г. культур (збожжавых у 1,5—2 разы, цукр. буракоў у 1,5—2,5 раза, бульбы на 20—50%), расшырэнне асартыменту культур, памяншэнне сезоннасці работ, барацьбу з пустазеллем і хваробамі, ахову глеб ад эрозіі. Перыяд, на працягу якога культуры і папар у пэўнай паслядоўнасці праходзяць праз кожнае поле С., наз. яго ратацыяй; пералік груп с.-г. культур і папару ў парадку іх чаргавання — схемай С. Спалучэнне некалькіх С. складае сістэму С. Вылучаюць 3 тыпы С.: палявы (большую ч.пл. займаюць збожжавыя, бульба і тэхн. культуры), кармавы (больш за палову пл. пад кармавымі культурамі) і спец. С. (вырошчваюць культуры, што патрабуюць урадлівых глеб ці асаблівых умоў, напр., гародніну, тытунь, рыс). На Беларусі найб. эфектыўныя С., у якіх збожжавыя займаюць 50—55% пл., тэхн. 25—33%, бульба і лён 11—12%; ці збожжавыя 55—65%, кармавыя 25—33%, коранеклубняплоды 11—12%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРБАЛУ́ЖЫЦКІЯ МО́ВЫ,
блізкія паміж сабою верхнялужыцкая і ніжнялужыцкая мовы сербаў-лужычан. Належаць да паўн. падгрупы зах. групы славянскіх моў. Распаўсюджаны ў Германіі вакол гарадоў Баўцэн (па-сербалужыцку Будышын) і Котбус (па-сербалужыцку Хосебуз). Больш пашырана верхнялужыцкая мова. С.м. уласцівы: у фанетыцы — націск фіксаваны на 1-м складзе, пратэтычны гук w перад u, o, змякчэнне шэрагу зычных; у марфалогіі — парны лік, клічны склон у назоўніках м.р. адз.л., архаічныя дзеяслоўныя формы (аорыст, імперфект, плюсквамперфект), адсутнасць кароткіх прыметнікаў; у лексіцы — шмат калек, запазычанняў з ням. мовы, словы чэш. і польскага паходжання. Асн. адрозненні верхнялужыцкай і ніжнялужыцкай моў: адпаведнасць верхнялужыцкага праточнага h ніжнялужыцкаму выбухному g, верхнялужыцкага č ніжнялужыцкаму с (цоканне); на месцы палатальных t, d у верхнялужыцкай ć, dź, у ніжнялужыцкай ś, ź і інш.
Пісьменства і друкаваныя кнігі з 16 ст. Сфарміраваліся 2 літ. мовы: верхнялужыцкая (мова паўд. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Саксоніі, цэнтр г. Будышын) і ніжнялужыцкая (мова паўн. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Прусіі, цэнтр г. Хосебуз). Усе сербалужычане двухмоўныя: разам з С.м. карыстаюцца ням. мовай. Алфавіт на аснове лацінкі.
Літ.:
Ермакова М.И. Очерк грамматики верхнелужицкого литературного языка: Морфология. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНА́Л (ад лац. signum знак) у біялогіі, працэс або з’ява (вонкавая, унутраная, усвядомленая або неўсвядомленая), што перадае паведамленне пра падзею і арыентуе жывую сістэму адносна гэтай падзеі. У залежнасці ад характару сенсорнай сістэмы адрозніваюць С. акустычныя, аптычныя, біярытмічныя, тактыльныя, тэрмічныя, хім., электрамагнітныя і інш. (гл.Раздражняльнасць, Рэактыўнасць, Сігнальныя сістэмы).
С. у тэхніцы, умоўны знак, фіз. працэс ці з’ява, што нясе паведамленне (інфармацыю) аб якой-н. падзеі, стане аб’екта назірання, а таксама перадае каманду кіравання абвяшчэння ці інш. Агульныя заканамернасці перадачы і пераўтварэнняў С. вывучае інфармацыі тэорыя.
Бывае мех. (дэфармацыя, перамяшчэнне), цеплавы (напр., павышэнне т-ры), светлавы (успышка святла, зрокавы вобраз), эл. (імпульс току, радыёхваля), гукавы (мова, музыка, свіст) і інш. Інфармацыя, якую мае паведамленне прадстаўляецца зменамі аднаго ці больш параметраў С. — амплітуды (інтэнсіўнасці), працягласці, частаты, шырыні спектра, палярызацыі і інш. С. можна пераўтвараць (без змены зместу паведамлення) з аднаго віду ў другі, напр., неперарыўны С. — у дыскрэтны, гукавы — у эл., эл. — у светлавы. Выкарыстанне канкрэтных С. залежыць ад асаблівасцей канкрэтных задач перадачы паведамленняў, узроўню і характару перашкод, магчымасцей рэалізацыі прыёмнай і перадавальнай сістэм.Гл. таксама Сігнал геадэзічны, Сігналізацыя, Сігналы часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́ПСКАЯ БІ́ТВА 1853,
марская бітва паміж рас. і тур. эскадрамі 18 ліст. ў бухце г.Сіноп (на паўн. узбярэжжы Турцыі) у час Крымскай вайны 1853—56; апошняя вял. бітва эпохі паруснага флоту. Тур. эскадра пад камандаваннем Асман-пашы стаяла на рэйдзе і рыхтавалася да высадкі дэсанта ў р-не Сухум-Кале (Сухумі) і Поці (16 караблёў розных класаў, узброеных 510 гарматамі), знаходзілася пад аховай берагавых батарэй. Рас. эскадра пад камандаваннем віцэ-адм. П.С.Нахімава (6 лінейных караблёў, 2 фрэгаты, 720 гармат) заблакіравала тур. эскадру з боку мора, вытрымала абстрэлы тур. берагавой і карабельнай артылерыі, прарвалася на Сінопскі рэйд і адкрыла агонь па тур. караблях і берагавых батарэях. За 4 гадзіны бою знішчана 15 тур. караблёў (адзін уцёк) і большасць берагавых батарэй. Страты тур. боку — больш за 3 тыс.чал. забітымі, каля 200 чал., у т. л. паранены Асман-паша, трапілі ў палон. Рас. эскадра страціла 37 чал. забітымі і 235 параненымі. У сувязі з гэтым паражэннем Турцыі яе саюзнікі — Вялікабрытанія і Францыя ў снеж. 1853 накіравалі свае эскадры ў Чорнае мора.
Да арт.Сінопская бітва 1853. Сінопская бітва 18 лістапада 1853. Мастак А.Багалюбаў. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧКІ́ НА ЛЫ́ЖАХ З ТРАМПЛІ́НА,
від лыжнага спорту. Праводзяцца з трамплінаў з разліковай магутнасцю (аптымальная даўж. скачка) 20—50 м (малыя), 50—70 м (сярэднія), 70—90 м (вял.) і больш за 120 м (для палётаў на лыжах). Спаборніцтвы на Алімп. гульнях, чэмпіянатах свету і інш. праводзяцца на трамплінах магутнасцю 70 і 90 м; уваходзяць у праграму лыжнага дваябор’я.
Паходзяць з Нарвегіі. Першыя афіц. спаборніцтвы адбыліся ў 1897 паблізу Осла. У праграме Алімп. гульняў з 1924 (сярэдні трамплін) і з 1964 (вял.); чэмпіянаты свету з 1937 (з 1964 — на 2 трамплінах). Найб. пашыраны ў краінах Скандынавіі, Аўстрыі, Германіі, Расіі, Японіі і інш.
На Беларусі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1936. Чэмпіянаты рэспублікі праводзяцца з 1952, з 1962 — у праграме зімовых Спартакіяд. У міжнар. спаборніцтвах бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1961. Найб. вызначыліся чэмпіёны СССР У.Пальчэўскі (1961) і У.Церычаў (1972), Ю.Майсееў — чэмпіён I Усесаюзных зімовых сельскіх гульняў (1977), С.Баброў — чэмпіён Сусв. універсіяды (1999). На Беларусі 5 трамплінаў: 3 у в. Раўбічы Мінскага р-на (20, 40 і 60 м, усе са штучным пакрыццём), у г. Магілёў (30 м), у в. Белае Полацкага р-на Віцебскай вобл. (25 м).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАНЕ́ННЕ,
1) катэгарыяльная адзнака іменных часцін мовы; змяненне па склонах, абумоўленае сінтаксічнымі сувязямі адпаведных слоў у пэўным кантэксце.
2) Тып формазмянення. Сістэма склонавых форм у пэўным тыпе наз.парадыгмай С. Вылучаюць субстантыўнае (назоўнікавае) і ад’ектыўнае (прыметнікавае) С.
С. ад’ектыўных разрадаў слоў (прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, абагульнена-якасных займеннікаў, дзеепрыметнікаў) у параўнанні з субстантыўнымі (назоўнікамі, колькаснымі лічэбнікамі, абагульнена-прадметнымі займеннікамі) больш уніфікаванае і менш разнастайнае па формах выражэння склонавых значэнняў.
3) Група назоўнікаў, аб’яднаных агульнасцю ўтварэння склонавых форм.
Вылучаюць 3 тыпы С. Да 1-га С. адносяцца назоўнікі мужчынскага і ніякага роду (тыпу «дол», «сяло»), да 2-га — назоўнікі жаночага роду (тыпу «вада», «зямля»), да 3-га — назоўнікі жан. роду (тыпу «ноч», «даль»). Асобныя групы складаюць назоўнікі агульнага і мужчынскага роду (тыпу «сірата», «ваявода»), рознаскланяльныя (тыпу «дзіця», «імя») і нескланяльныя назоўнікі (іншамоўнага паходжання, некат. прозвішчы асоб жаночага і мужчынскага полу і інш.), склонавыя значэнні якіх вызначаюцца грамат. формамі дапасаваных да іх слоў ці сінтакс. сувяззю кіравання («маё амплуа», «нашага аташэ», «сустрэў Гурло», «пазнаёміўся з Баранавых» і інш.).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́НЦАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна паліўнай прамысловасці па здабычы і перапрацоўцы гаручых сланцаў. Уключае атрыманне газу і паліва на быт. і энергет. мэты. Прадукцыя С.п. ідзе таксама на выраб бітуму, ядахімікатаў, талуолу, фарбавальнікаў, сінт.мед. прэпаратаў; попел і шлак выкарыстоўваюць пры вырабе цэменту, сілікатнай і сланцавай цэглы, тэрмаблокаў, пенабетону, аглапарыту, дрэнажных труб і інш.
Узнікла ў 1-й пал. 19 ст. (упершыню ў 1835 у мяст. Аўтун, Францыя; першы сланцахім камбінат пабудаваны ў 1865 у Аўстраліі). У Расіі выкарыстанне сланцаў пачалося ў 1916 для забеспячэння палівам Петраграда. Сярод краін свету С.п. найб. развіта ў Эстоніі (у 1997 здабыта 14,4 млн.т сланцаў). У многіх краінах не развіваецца ў сувязі з выкарыстаннем больш эфектыўных відаў паліва. Патэнцыяльныя запасы гаручых сланцаў у свеце — 450,4 трлн. т, з іх у ЗША — 431, Бразіліі — 16, Расіі — 2 трлн. т; Канадзе — 410, Італіі — 96, Эстоніі — 18,4, Швецыі — 16 млрд.т. Значныя іх запасы ў Германіі. Францыі, Вялікабрытаніі, Украіне, Кітаі.
На Беларусі гаручыя сланцы ўтвараюць буйны сланцаносны раён у межах Прыпяцкага прагіну пл. 20 тыс.км². Прагнозныя запасы — 11 млрд.т. Найб. разведаныя Любанскае радовішча гаручых сланцаў і Тураўскае радовішча гаручых сланцаў.