НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ІНТАРЭ́СЫ,

інтарэсы дзяржавы, супольнасці або групы, аб’яднанай спецыфічнымі сувязямі і ўзаемаадносінамі генет. і культ. аднароднасці. Разнастайныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя патрэбнасці, матывы і стымулы дзейнасці нац. супольнасцей ва ўзаемаадносінах паміж народамі трансфармуюцца ў Н.і. Яны, у сваю чаргу, аб’ектывуюцца ў праграмах нац. руху, дзярж. палітыцы і ў інш. формах. Н.і. функцыянуюць на асобасным, надасобасным і групавым узроўнях і характарызуюцца складанай структурай, якая вызначаецца спецыфічным палажэннем нац. супольнасцей у сістэме грамадскага жыцця ў якасці суб’ектаў калект. свядомасці і псіхалогіі, культуры, традыцый, мовы, самавызначэння. У структуру асаблівых патрэб нац. суб’екта ўключаюцца прадметныя і духоўныя каштоўнасці, што ўвайшлі ў нац. свядомасць, спосаб і стыль жыцця (экалагічна чыстае прыроднае асяроддзе, месца ў падзеле працы, генет. і гіст., культ. і лінгвістычныя сувязі, ідэйная блізкасць і інш.). Вылучаюць эканам., паліт., дзярж., тэрытарыяльныя, культ. і інш. разнавіднасці Н.і. Часам яны аб’ядноўваюцца ў адзінае цэлае, у агульныя Н.і., якія падпарадкоўваюцца важнай нац. мэце. Для Беларусі нац. прыярытэтам з’яўляюцца: умацаванне незалежнасці і суверэнітэту краіны, братнія адносіны з Расіяй і інш. народамі, захаванне міру і стабільнасці ў міжнар. адносінах, абарона правоў грамадзян краіны, сац. справядлівасці, развіццё бел. нац. самасвядомасці, мовы і культуры. Гл. таксама Нацыянальная бяспека.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КСАН ((Nixon) Рычард Мілхаўс) (9.1.1913, Іорба-Лінда, штат Каліфорнія, ЗША — 22.4.1994),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў (1937) ун-т Дзьюка (г. Дарэм), займаўся юрыд. практыкай. У 1942—46 афіцэр ВМС. З 1947 чл. палаты прадстаўнікоў ад Рэсп. партыі, у 1951—53 сенатар. У 1953—61 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Д.Д.Эйзенхаўэра. У 1969—74 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі. Урад Н. палепшыў адносіны з Кітаем (1972), падпісаў Парыжскае пагадненне 1973 пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме (з 1969 паводле дактрыны Н. аб «в’етнамізацыі» вайны паступова скарачаўся амер. ваен. кантынгент у Паўд. В’етнаме), заключыў шэраг дагавораў і пагадненняў з СССР пра абмежаванне стратэг. узбраенняў, прадухіленне ядз. вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры (1972—74) і інш. У час афіц. візіту ў СССР 1.7.1974 наведаў Мінск. 9.8.1974 добраахвотна пайшоў у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША) перад пагрозай імпічменту з-за паліт. скандалу па справе «Уотэргейт». У 1974 амнісціраваны прэзідэнтам Дж.​Фордам. Аўтар кніг «Мемуары» (1978), «Ніякіх больш В’етнамаў» (1985), «1999: перамога без вайны» (1988) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — На арене: Воспоминания о победах, поражениях и возрождении. М., 1992.

Р.М.Ніксан.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВО́Е ВЫХАВА́ННЕ,

сістэма медыцынскіх і педагагічных мер, накіраваных на выхаванне ў дзяцей, падлеткаў і моладзі разумных, здаровых адносін да пытанняў полу. Накіравана на фарміраванне цэласнай асобы хлопчыка (мужчыны) і дзяўчынкі (жанчыны), здольных разумець псіхал. і фізіял. асаблівасці палоў у сувязі з сац. і маральнымі нормамі, устанаўліваць, падтрымліваць і ўдасканальваць партнёрскія і сац. адносіны, падрыхтоўвацца да шлюбу і бацькоўства. П.в. пажадана пачынаць на раннім дзіцячым узросце. Да 7 гадоў дзеці павінны ведаць пра асн. адрозненні полаў, ролю маці і бацькі ў паходжанні дзяцей, развіцці дзіцяці ў арганізме маці, пра яго паяўленне на свет, харчаванне пасля нараджэння. Далей складваюцца спрыяльныя ўмовы для асэнсавання адносін паміж поламі і выпрацоўцы ўстановак супрацоўніцтва хлопчыкаў і дзяўчынак як раўнапраўных, але не аднолькавых партнёраў. Дысгармонія ў жыцці падлеткаў найб. выяўляецца паміж працэсам палавой спеласці, праяўленнем палавой цягі і ўзроўнем спеласці. Таму важна, каб правільнае ўяўленне пра палавое развіццё і гігіенічныя навыкі яны атрымлівалі ад бацькоў. Пэўную ролю ў гэтым адыгрываюць умовы жыцця ў сям’і, школе, на вуліцы, пазашкольная выхаваўчая работа. П.в. падлеткаў старэйшага школьнага ўзросту і юнакоў уключае раскрыццё маральных, сац. і гігіенічных аспектаў узаемаадносін полаў, азнаямленне з асновамі гігіены і фізіялогіі палавога жыцця, гігіены шлюбу.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДА́ЧА ў машынах,

механізм, які служыць для перадачы энергіі (мех. вярчальнага руху) ад вядучага звяна (элемента) да вядзёнага, як правіла, з пераўтварэннем скорасці і адпаведнай зменай вярчальнага моманту. Пры дапамозе П. ў розных прыводах часам пераўтвараюць вярчальны рух у паступальны, мяняюць напрамак руху, прыводзяць у рух некалькі механізмаў ад аднаго рухавіка. Адрозніваюць гідраўлічныя перадачы, мех., пнеўматычныя, эл. і камбінаваныя (напр., гідрамеханічныя перадачы).

Да механічных П. адносяцца зубчастыя перадачы (у т. л. галоўныя перадачы, планетарныя перадачы), раменныя перадачы, фрыкцыйныя перадачы, ланцуговыя перадачы, чарвячныя перадачы (у т. л. глабоідныя перадачы), вінтавыя перадачы і інш. Такія П. бываюць са ступеньчатым і бесступеньчатым (гл. Бесступеньчатая перадача) рэгуляваннем перадатачных адносін. Мех. П. ўваходзяць як састаўныя часткі ў варыятары, каробкі перадач, мультыплікатары, рэдуктары, электрычныя прыводы і інш. Пнеўматычныя П. выкарыстоўваюцца пры вял. частотах вярчэння выхо́днага звяна (да 30 тыс. аб/мін); электрычныя П. дазваляюць перадаваць вял. магутнасці, маюць простую і зручную сістэму аўтам. рэгулявання, выкарыстоўваюцца ў розных галінах тэхнікі, асабліва ў прыводах цяжкіх трансп. машын. Асн. характарыстыкі П.: перадаваемы вярчальны момант, частата вярчэння на ўваходзе (або на выхадзе), перадатачны лік (адносіны вуглавых скарасцей вядучага і вядзёнага элементаў), ккдз. Гл. таксама Сілавая перадача.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦАЁМКАСЦЬ,

паказчык, які характарызуе колькасць рабочага часу, неабходнага для вытв-сці прадукцыі (тавару, вырабу, закончанага комплексу работ, аб’екта буд-ва і да т.п.) або выканання пэўнай тэхнал. аперацыі. З’яўляецца паказчыкам прадукцыйнасці працы і характарызуе эфектыўнасць (прадукцыйнасць) выкарыстання прац. рэсурсаў. Адносіны затрат рабочага часу (у гадзінах, днях і да т.п.), выдаткаваных на выпуск прадукцыі (вырабаў, работ, паслуг), да выкананага аб’ёму або намінальнага значэння асн. параметра, называюць удзельнай П. У залежнасці ад саставу затрат працы рознага персаналу адрозніваюць П.: поўную — уключае затраты працы ўсіх катэгорый прамысл.-вытв. персаналу прадпрыемства (цэха, участка і да т.п.), які ўдзельнічае ў вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі; тэхналагічную — затраты працы асн. рабочых, што ўлічваюцца ў таварнай (валавой) прадукцыі; вытворчую — затраты працы асн. і дапаможных рабочых; вытворча-абслуговую — затраты працы дапаможных рабочых, якія забяспечваюць матэрыяльныя, тэхн. і інш. віды абслугоўвання вытв-сці; кіраўніцкага апарату — затраты працы работнікаў, якія заняты ў сферы кіравання. Састаў затрат працы, што ўключаюцца ў паказчык П., залежыць ад мэты і задач разліку, тыпу прадпрыемства і галіны. На яго велічыню ўплываюць фактары: фонда- і энергаўзброенасць працы, карысныя ўласцівасці прадметаў працы, тэхналогія вытв-сці і складанасць вырабу прадукцыі (работ, паслуг), кваліфікацыя работнікаў, арг-цыя працы і інш.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХІЯТРЫ́Я (ад псіха... + грэч. iatreia лячэнне),

раздзел медыцыны, які вывучае прычыны ўзнікнення, развіццё, клініку і дыягностыку, метады лячэння і прафілактыкі псіхічных хвароб. Як навука П. вылучылася ў канцы 18 — пач. 19 ст. Навук.-тэарэт. аснова П. ў вучэнні І.П.Паўлава аб вышэйшай нервовай дзейнасці. Уключае таксама сац. аспекты: арганізацыю псіхіятрычнай дапамогі, рэабілітацыю хворых, адносіны псіхічна хворых з грамадствам, прававыя, эканам. і інш. Разглядае ўзнікненне і развіццё псіхічных хвароб у сувязі з парушэннем дзейнасці галаўнога мозга. Падзяляецца на агульную (вывучае асн. заканамернасці праявы і развіцця паталогіі псіхічнай дзейнасці, прыроду псіхапаталаг. працэсаў, прынцыпы класіфікацыі, праблемы аднаўлення, метады даследавання) і прыватную (даследуе асобныя псіхічныя хваробы). Цесна звязана з псіхатэрапіяй і псіхафармакалогіяй, таксама неўрапаталогіяй, паталаг. анатоміяй, псіхалогіяй, біяхіміяй. Асн. метад дыягностыкі ў П. — клінічнае даследаванне (вызначэнне псіхічнага статуса хворага), таксама дадатковая інфармацыя (лабараторныя тэсты, камп’ютэрная тамаграфія, рэнтгенаграфія і інш.). На Беларусі праблемы П. вывучаюцца і даследуюцца ў Мінскім, Віцебскім, Гродзенскім і Гомельскім мед. інстытутах.

Літ.:

Руководство по психиатрии. Т. 1—2. М., 1988;

Каплан Г.И., Сэдок Б.​Дж. Клиническая психиатрия: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1994;

Клиническая психиатрия: Пер. с англ. М., 1999.

А.​А.​Зайцаў, У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гукавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да гуку (у 2 знач.). Светлавыя і гукавыя з’явы.

2. Які перадае, узнаўляе або запісвае гукі. Гукавы апарат.

3. Які складаецца з гукаў. Гукавая сігналізацыя.

4. Які мае адносіны да гука (у 4 знач.). Гукавы склад слова.

•••

Гукавое кіно гл. кіно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кадэ́цкі 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кадэта ​1.

•••

Кадэцкі корпус гл. корпус.

кадэ́цкі 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кадэта ​2. Кадэцкі лібералізм. □ Ход выбараў паказваў, што верх бярэ ў іх так званая канстытуцыйна-дэмакратычная або кадэцкая партыя, памяркоўна-апазіцыйная партыя памешчыкаў і ліберальнай буржуазіі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́ртачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да карты, карт (у 2 знач.). Картачная гульня. // Звязаны з гульнёй у карты. Картачны доўг. // Прызначаны для гульні ў карты. Картачны стол.

2. Які мае адносіны да карткі (у 1, 4 знач.). Картачны каталог.

•••

Картачная сістэма гл. сістэма.

Картачны домік гл. домік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спіртавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да спірту. Пах .. [перапрэлага лісця] перамешваецца са спіртавым духам дуба і гаркаватым — асіны. Мележ. // Зроблены са спірту, са спіртам. Спіртавыя лакі. // Які дзейнічае пры дапамозе спірту. Спіртавы тэрмометр. Спіртавая лямпа. // Які мае адносіны да вырабу спірту. Спіртавы завод. Спіртавая прамысловасць.

•••

Спіртавое браджэнне гл. браджэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)