ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ УЛА́СНАСЦІ,
злачынствы, накіраваныя супраць уласнасці ўсіх форм; выяўляюцца ў пасяганні на маёмасць уласніка. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.у. адносяцца: раскраданне маёмасці шляхам крадзяжу, рабавання, разбою, махлярства, прысвойвання і растраты, завалодання маёмасцю шляхам злоўжывання службовым становішчам; прычыненне маёмаснай шкоды шляхам падману ці злоўжывання даверам, парушэнне правіл карыстання энергіяй або газам у быце, вымаганне маёмасці, прысваенне знойдзенай маёмасці; наўмыснае або неасцярожнае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці (у т. л. падпал, вынікам якога сталі чалавечыя ахвяры, вял. страты, знішчэнне або значнае пашкоджанне лясных масіваў); нядобрасумленныя адносіны да аховы маёмасці, вынікам чаго з’явіліся яе раскраданне, пашкоджанне або знішчэнне ў буйных памерах. Пакаранне за такія злачынствы залежыць ад памераў матэрыяльнай шкоды, прычыненай уласніку, і шэрагу інш. акалічнасцей, якія адносяцца да асобы злачынцы (паўторнасць учыненага злачынства, папярэдняя змова групы асоб, насілле над пацярпелым, ранейшыя судзімасці за падобныя злачынствы і да т.п.). Напр., выкраданне маёмасці ў асабліва буйных памерах цягне за сабой пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў; доўгатэрміновае пазбаўленне волі прадугледжана заканадаўствам пры наяўнасці вышэйадзначаных акалічнасцей; дробнае выкраданне маёмасці прадпрыемства, установы, арг-цыі, учыненае ўпершыню, падлягае адм. адказнасці.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 7, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́Н III Васілевіч
(22.1.1440, Масква — 27.10.1505),
вялікі князь уладзімірскі і маскоўскі [1462—1505], Сын Васіля II Цёмнага. Імкнуўся да ўмацавання і цэнтралізацыі Маскоўскай дзяржавы. У час яго праўлення выйшаў Судзебнік 1497, пачаў складвацца цэнтралізаваны апарат улады, павялічылася значэнне памеснага землеўладання і дваранства, аслаблены пазіцыі ўдзельных князёў. Праводзіў палітыку «збірання рускіх зямель» вакол Масквы: да Маскоўскага княства далучыў Яраслаўскае (1463) і Растоўскае (1474) княствы, Цвярское вял. княства (1485), Вяцкія (1489) і ч. Разанскіх зямель, Наўгародскую феад. рэспубліку. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 і вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 да Маскоўскага княства адышлі гарады Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Бранск, Гомель, Старадуб, Мцэнск і інш. Пры І. III канчаткова скасавана залежнасць Масквы ад Залатой Арды (1480), але ён падтрымліваў добрыя адносіны з Крымскім ханствам для барацьбы з ВКЛ. У гады яго праўлення вырас міжнар. аўтарытэт Рус. дзяржавы, пачалося афармленне поўнага тытула вял. князя «ўсяе Русі».
Літ.:
Ткаченко В.А. Московские великие и удельные князья и цари. М., 1992;
Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;
Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М. 1985.
т. 7, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНЫ ДАГАВО́Р,
лакальны нарматыўны акт, які рэгулюе прац. і сац.-эканам. адносіны паміж наймальнікам і работнікамі, якія ў яго працуюць. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь, К.д. заключаецца на прадпрыемствах, ва ўстановах і арг-цыях усіх форм уласнасці і гаспадарання і іх адасобленых падраздзяленнях, а таксама ў прадпрымальнікаў, якія дзейнічаюць без утварэння юрыд. асобы. Бакамі ў К.д. з’яўляюцца прафсаюзы або інш. орган, што прадстаўляе інтарэсы работнікаў, і наймальнік ці яго паўнамоцны прадстаўнік. Змест К.д. вызначаецца бакамі ў межах іх кампетэнцыі, а таксама заканад. актамі ў прадугледжаных імі выпадках. К.д. можа мець палажэнні аб арганізацыі працы, нарміраванні, формах і сістэмах аплаты працы, памерах ставак і службовых акладаў, аб даплатах і надбаўках, працягласці рабочага часу і адпачынку, бяспецы працы і ахове здароўя работнікаў, унутр. прац. распарадку і дысцыпліне працы, буд-ве і размеркаванні жылля, арганізацыі санаторна-курортнага лячэння, стварэнні ўмоў для павышэння культ. і фіз. ўдасканалення работнікаў, адказнасці наймальніка за магчымую шкоду іх здароўю, інш. прац. і сац.-эканам. умовах. К.д. заключаецца ў пісьмовай форме, на тэрмін не менш як на 1 год і не больш як на 3 гады, падпісваецца прадстаўнікамі бакоў і рэгіструецца ў парадку, вызначаным урадам.
Г.А.Маслыка.
т. 7, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕЎСКІ (Іван Васілевіч) (3.4.1806, Масква — 23.6.1856),
расійскі філосаф, літ. крытык, публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафільства. Брат П.В.Кірэеўскага. З 1822 слухаў лекцыі ў Маскоўскім ун-це; адзін з заснавальнікаў гуртка «Таварыства любамудраў». У 1830 у Германіі слухаў лекцыі філосафаў Ф.Шлеермахера, Г.Гегеля, Ф.В.Шэлінга і інш. У 1832 пачаў выданне час. «Европеец» (забаронены пасля выхаду двух нумароў). У 1830—50-я г. развіваў тэарэт. аснову славянафільства. Асн. творы: «Пра характар асветы Еўропы і пра яго адносіны да асветы ў Расіі» (1852), «Пра неабходнасць і магчымасць новых пачаткаў для філасофіі» (1856). Яго ўяўленні пра арыгінальнасць і глыбіню рус. правасл. культуры склаліся як своеасаблівая рэакцыя на ўласнае першапачатковае «заходніцтва». Супрацьпастаўленне Расіі і Еўропы ён ажыццяўляў і на макраўзроўні (2 тыпы асветы, або «адукаванасці»: еўрапейскі секулярызаваны і абстрактны, рускі, які атрыманы ад Візантыі і грунтуецца, на думку К., на асновах брацтва і пакоры), і на мікраўзроўні (аднабакова адукаванаму зах. чалавеку — носьбіту духу адмаўлення, г.зн. эгаізму і індывідуалізму супрацьпастаўляў чалавека рус. культуры — носьбіта цэласнай свядомасці, саборнага, «абшчыннага духу»). Адзін з першых зрабіў спробу замацаваць рус. філасофію на падмурку праваслаўя як аснове нац. духу.
Тв.:
Критика и эстетика. М., 1979;
Избр. статьи. М., 1984.
Н.К.Мазоўка.
т. 8, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС ЗАКО́НАЎ АБ ПРАЦЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КЗаП),
адзіны заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы працоўнага права, што дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь. Рэгулюе адносіны, заснаваныя на працоўным дагаворы і звязаныя з удзелам работнікаў і іх прадстаўнікоў у кіраванні прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі; у арганізацыі працы, у дзейнасці прафсаюзаў і вядзенні калект. перагавораў, у прафес. падрыхтоўцы работнікаў на вытв-сці, забеспячэнні занятасці насельніцтва; кантроль і нагляд за выкананнем прац. заканадаўства. Зацверджаны законам 23.6.1972 і дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі ў рэдакцыі законаў ад 15.12.1992, 16.7.1993, 2.2.1994, 6.9.1995. Складаецца з 19 глаў і 257 артыкулаў. У Кодэксе выкладзены агульныя палажэнні, вызначана сфера дзейнасці заканадаўства аб працы, замацаваны асн. правы работнікаў; рэгламентуюцца пытанні заключэння і дзеяння калект. і прац. дагавораў, адпачынку, рабочага часу, зарплаты, яе форм, сістэм і памераў; вызначаюцца ўмовы прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці за прычыненую імі матэрыяльную шкоду наймальніку, прац. дысцыпліны, аховы працы; вызначаюцца абавязкі работнікаў і наймальніка, устанаўліваюцца віды ўзнагароджанняў і спагнанняў. Спец. главы прысвечаны працы жанчын і моладзі, працы асобных катэгорый работнікаў, у т. л. на сумесных і замежных прадпрыемствах, працы на кантрактнай аснове, правам прафес. саюзаў, дзярж. сац. страхаванню і інш.
Ю.Я.Савельеў.
т. 8, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫХ ПРАВАПАРУШЭ́ННЯХ,
адзіны сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адм. правапарушэннямі і прыцягненнем за іх да адказнасці. Прыняты Вярх. Саветам БССР 6.12.1984 і ўведзены ў дзеянне з 1.6.1985. Дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі, унесенымі ў адм. заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Складаецца з 5 раздзелаў (32 главы, больш за 300 артыкулаў). У Кодэксе выкладзены задачы заканадаўства аб адм. правапарушэннях і мерах па іх прадухіленні; сфармуляваны паняцці адм. правапарушэння і адм. спагнання, вызначаны ўмовы і акалічнасці, пры якіх настае адм. адказнасць; пералічаны канкрэтныя віды адм. правапарушэнняў і адм. спагнанняў за кожнае з іх у розных сферах дзярж., грамадскай і гасп. дзейнасці; вызначаны органы і службовыя асобы, правамоцныя разглядаць справы аб адм. правапарушэннях, іх падведамаснасць і кампетэнцыя; рэгулююцца пытанні вытворчасці па справах аб адм. правапарушэннях і выканаўчага вядзення іх; вызначаны парадак і формы фіксацыі фактаў адм. правапарушэнняў, службовых асоб, правамоцных гэтым займацца, і меры, з дапамогай якіх забяспечваецца вытворчасць па справах аб адм. правапарушэннях; рэгламентуюцца правы і абавязкі правапарушальнікаў і інш. асоб, якіх прыцягваюць да разгляду спраў, і парадак іх разгляду адпаведнымі органамі, замацоўваюць права на абскарджанне і апратэставанне іх рашэнняў і інш.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 8, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЭР (ад англ. leader вядучы, кіраўнік),
аўтарытэтны член арг-цыі або групы, асабістыя якасці якога істотна ўплываюць на жыццядзейнасць і маральна-псіхал. клімат у калектыве. Л. валодае найб. ярка выяўленымі і карыснымі якасцямі для групы, дзякуючы чаму яе дзейнасць становіцца больш эфектыўнай, за ім прызнаецца права прымаць найб. значныя рашэнні. Аўтарытэт Л. заснаваны на псіхал. феномене адлюстраванай суб’ектыўнасці, на здольнасці згуртоўваць і аб’ядноўваць інш. людзей. Ён рэгулюе ўзаемаадносіны ў групе, адстойвае яе інтарэсы, уплывае на фарміраванне ўнутрыгрупавых каштоўнасцей. Да сац. фактараў, што дэтэрмінуюць сутнасць Л., адносяцца: асобасныя якасці Л.; характэрныя рысы сац. груп і індывідаў, Л. якіх з’яўляецца дадзены суб’ект; характар узаемаадносін паміж Л. і яго паслядоўнікамі; сац.-эканам. і паліт. ўмовы, у якіх Л. ажыццяўляе сваю дзейнасць. Псіхал. якасці Л. можна падзяліць на змястоўныя (матывы, мэты, каштоўнасці, перакананні, веды і ўяўленні) і працэсуальныя (тэмперамент, здольнасць, сіла волі, асаблівасці эмацыянальнай сферы). Адрозніваюць Л. фармальных (іх дзейнасць звязана з пэўнымі бюракратычнымі працэдурамі, прадугледжвае канкрэтныя функцыян. адносіны і абавязкі) і нефармальных (фарміруюцца на аснове асобасных узаемаадносін, істотна ўплываюць на членаў групы сваімі асобаснымі якасцямі і паводзінамі). Ад мэты, матываў і дзеянняў Л. ў многім залежыць далейшае развіццё грамадства. Гл. таксама Лідэрства.
І.В.Катляроў.
т. 9, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛО́ГІКА (ад мета... + логіка),
галіна логікі, у якой сродкамі метатэорыі вывучаюцца будова і ўласцівасці розных фармальна-лагічных сістэм і логікі ў цэлым. Узнікла ў сувязі з даследаваннямі асноў дэдуктыўных навук (асабліва матэматыкі). У вузкім сэнсе М. ўключае 3 часткі: лагічны сінтаксіс (гл. Сінтаксіс у логіцы), у якім даследуюцца структурныя ўласцівасці фармальных тэорый, правілы пабудовы і пераўтварэння выразаў, што прыняты ў розных сістэмах злічэння; семантыка лагічная, у якой вывучаюцца сэнс і значэнне выразаў мовы і правілы інтэрпрэтацыі лагічных злічэнняў; лагічная прагматыка, што раскрывае спосабы і шляхі практычнага выкарыстання суб’ектамі фармальных тэорый. У шырокім сэнсе да М. адносяць усе патрабаванні да пабудовы фармальных сістэм (гл. Фармалізацыя) і ўжывання аксіяматычнага метаду, агульныя правілы дэдукцыі, вываду і доказу, тэорый вызначальнасці паняццяў, мадэлей, сапраўднасці ў фармалізаваных мовах і інш. У рамках М. вывучаюцца таксама праблемы ўзаемаадносін паміж т.зв. экстэнсіянальнымі і інтэнсіянальнымі мовамі (гл. Семіётыка), сэнсавыя адносіны і псіхал. аспекты звычайных змястоўных разважанняў, пытанні мадэліравання інтэлектуальнай дзейнасці чалавека. Ідэі і метады М. выкарыстоўваюць таксама ў даследаваннях законаў разважання, у прыродазнаўчых тэорыях. Праблемы М. распрацоўваюцца ў творах Г.Фрэге, Д.Гільберта, К.Гёдэля, А.Тарскага, А.Чорча, Р.Карнапа, П.С.Новікава і інш.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 10, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІЦЫ́ЗМ,
метад пазнання і светапогляд, заснаваныя на прызнанні механічнай формы руху матэрыі адзіна аб’ектыўнай. Адмаўляе якасную разнастайнасць з’яў у прыродзе і грамадстве і лічыць іх суб’ектыўнай ілюзіяй. У больш шырокім сэнсе М. — метад звядзення складаных з’яў да больш простых, раскладання цэлага на часткі, неспецыфічныя для гэтага цэлага (напр., на біял. адносіны пры разглядзе сац. з’яў). Узнікненне і распаўсюджанне М. звязана з дасягненнямі класічнай механікі ў 16—18 ст. (Г.Галілей, І.Ньютан, П.Лаплас, Т.Гобс, Ж.Ламетры, П.Гольбах), хоць асобныя яго рысы сустракаюцца ў ант. атамізме і сярэдневяковым наміналізме. У 19 ст. метады механікі распаўсюджваліся на грамадскія працэсы, сферу цеплавых з’яў, электрычнасці і магнетызму (Л.Бюхнер, К.Фогт, Я.Молешот, Я.Дзюрынг). У 20 ст. М. час ад часу адраджаўся ў новых «энергетычных», «тэрмадынамічных» і інш. канцэпцыях (В.Оствальд, А.Барсело і інш.), аднак дасягненні навукі 19—20 ст. разбурылі механіст. карціну свету. М. крытыкавалі Б.Спіноза, Г.Лейбніц, Д.Дзідро; як метад мыслення пераадолены Г.Гегелем (яму належыць тэрмін М.). М. зрабіў значны ўклад у развіццё навукі і філасофіі, прапанаваў прыродазнаўчанавук. разуменне многіх з’яў прыроды, вызваліў іх ад міфалагічнага і рэліг.-стахаст. тлумачэння.
І.В.Катляроў.
т. 10, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л КІРУЛА́РЫЙ (Michaēl Kerularios; каля 1000—1058),
канстанцінопальскі патрыярх у 1043—58. Паходзіў са знатнай сям’і. У 1040 быў адным з арганізатараў змовы супраць візант. імператара Міхаіла IV, пасля яе правалу сасланы і пастрыжаны ў манахі. Змяніў на патрыяршым прастоле Аляксея Студыта. Імкнуўся да ўзвышэння ролі канстанцінопальскага патрыяршаства. У 1054 адкрыта абвясціў прынцып перавагі духоўнай улады над свецкай. Адстойваў незалежнасць царквы ад імператарскай улады (у 1057 прымусіў імператара адмовіцца ад права прызначэння на некаторыя вышэйшыя царк. пасады), закрыў у Візантыі падпарадкаваныя Рыму цэрквы і манастыры. Адмовіўся прызнаць вяршэнства папы над усх. царквой, імкнуўся пашырыць праваслаўе і ў Паўд. Італіі. 16.6.1054 у Канстанцінопалі рым. легат кардынал Гумберт адлучыў М.К. ад царквы, той у сваю чаргу адлучыў Гумберта і аб’явіў прыхільнікаў зах. царквы ератыкамі (у ліп. 1054 адбыўся канчатковы падзел усх. і зах. хрысціянскіх цэркваў). У 1057 М.К. паспрыяў уступленню на прастол імператара Ісаака I Камніна, але адносіны паміж імі абвастрыліся ў выніку канфіскацый імператарам царк. і манастырскай маёмасці. У ліст. 1057 арыштаваны і сасланы. Адмовіўся добраахвотна адрачыся ад патрыяршага прастола і памёр, не дачакаўшыся суд. працэсу, прызначанага імператарам.
Н.К.Мазоўка.
т. 10, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)