ЛЕДАВІКО́ВАЯ ЭРО́ЗІЯ, экзарацыя,

разбурэнне ледавіком і ўмерзлымі ў яго абломкамі горных парод свайго ложа. Адбываецца пры росце і прасоўваннях ледавіка. Выклікае здзіранне, драбленне, растрэскванне, адшчапленне парод. Садзейнічае выпрацоўцы многіх форм ледавіковага рэльефу. Працэсы Л.э. на Беларусі абумовілі ўтварэнне гляцыядыслакацый (у т. л. адорвеняў), ледавіковых лагчын, эратычных валуноў, ледавіковай штрыхоўкі, сешчаў, значнай колькасці азёрных катлавін.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАРЭ́З,

частка апоры моста, быка плаціны, шлюза-рэгулятара або асобная канструкцыя перад апорамі для аховы іх у час ледаходу і папярэджання затораў. Мае нахіленую ці вертыкальную верхавую грань, накіраваную супраць цячэння, якая ламае ломіць* лёд і накіроўвае яго абломкі ў пралёты моста (плаціны). Бываюць бетонныя, жалезабетонныя і драўляныя.

Ледарэз (1) на апоры моста (2).

т. 9, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕТАРГІ́Я (грэч. lēthargia ад lētē забыццё + argia бяздзейнасць),

паталагічны стан чалавека, аслабленне ўсіх праяў жыцця (несапраўдная смерць), адсутнасць рэакцый на знешнія раздражняльнікі. Сустракаецца пры істэрыі, агульным знясіленні, пасля моцных хваляванняў. Прыступы раптоўныя, працягваюцца ад некалькіх гадзін да многіх дзён. Свядомасць пры Л. захоўваецца: хворыя ўспрымаюць і запамінаюць навакольнае, але не рэагуюць на яго.

т. 9, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКАЕ ВАЕ́ННАЕ ГУБЕРНА́ТАРСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1800—30. У яго ўваходзілі да 1801 Літоўская губерня, з 1801 Віленская губерня і Гродзенская губерня. З 1830 наз. Віленскае генерал-губернатарства. Ваенныя губернатары: М.​І.​Кутузаў (да 1801, 1809—12), Л.​Л.​Бенігсен (1801—06), А.​М.​Рымскі-Корсакаў (1806—09, 1812—30).

т. 9, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОТ (англ. lot),

партыя тавару, частка яго агульнай колькасці, што прадаецца ці пастаўляецца па дагаворы. Тэрмін пашыраны ў аўкцыённым гандлі (гл. Аўкцыён), дзе Л. можа складацца са стандартнага пакета каштоўных папер (100, 1000 адзінак і інш.), адной рэчы (напр., карціна, прадмет антыкварыяту), набору аднародных па якасці прадметаў (напр., калекцыя стараж. марак, манет).

т. 9, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́НІ (Morini) Фелічэ, балетмайстар і кампазітар 2-й пал. 18 ст. Родам з Венецыі. Балетмайстар Слонімскага тэатра Агінскага (паступіў на службу да 1781, працаваў да 1788). Стварыў шэраг балетных партытур. Пад яго кіраўніцтвам слонімскі балет дасягнуў высокага ўзроўню: 4 вучні Слонімскай балетнай школы, дзе выкладаў М., выступалі ў Варшаве ў балеце «Рыбакі» (1788).

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛІК-ШАХ, Малік-шах Абуль-Фатх Джалал-ад-дзін (жн. 1055 — ліст. 1092), правіцель (султан) Сельджукскай дзяржавы [1072—92]. Пры ім Сельджукская дзяржава дасягнула найб. магутнасці і ахоплівала тэрыторыю ад г. Кашгар ва Усх. Туркестане да Міжземнага м. Падпарадкаваў Караханідаў дзяржаву (1089). Спрыяў навукам і мастацтву, ажыццявіў рэформу календара. Пасля яго смерці дзяржава распалася.

т. 10, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫДЫЯ́Н ГЕАМАГНІ́ТНЫ,

лінія сячэння паверхні Зямлі верт. плоскасцю праз назіраемы пункт зямной паверхні і прамую, якая злучае паўн. і паўд. геамагнітныя полюсы. М.г. супадае з дугамі вял. кругоў, якія праходзяць праз магнітныя полюсы Зямлі. У адрозненне ад мерыдыянаў магнітных, што апісваюць рэальнае магнітнае поле Зямлі, М.г. апісваюць яго першае прыбліжэнне — поле аднародна намагнічанага зямнога шара.

т. 10, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЁРТВЫ ЛЁД»,

маса нерухомага ледавіковага лёду, якая адарвалася ад крыніцы свайго жыўлення. Трапляецца каля ніжняга краю актыўнага ледавіковага языка і часта не мае выразнай мяжы з ім. Таўшчыня да некалькіх дзесяткаў метраў. У гарах «Мл.» звычайна ўкрыты магутным слоем марэны, што служыць прычынай яго працяглага захавання. Пры дэградацыі плейстацэнавых ледавікоў узнікалі значныя масы «Мл.».

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕМНАМО́РСКІ КЛІ́МАТ,

тып умерана цёплага субтрапічнага клімату з гарачым летам і халаднаватай дажджлівай зімою. Уласцівасці яго абумоўлены перавагай летніх субтрапічных антыцыклонаў і інтэнсіўнай цыкланічнай дзейнасцю ў халоднае паўгоддзе. Т-ра паветра летам 20—25 °C, зімою 5—10 °C, ападкаў 400—600 мм за год, асобныя раёны паўзасушлівыя. М.к. тыповы для ўзбярэжжа Міжземнага мора.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)