АЛЬХІМО́ВІЧ (Казімір) (20.12.1840, в. Дэмбрава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.12.1916),
жывапісец і графік; прадстаўнік позняга рамантызму і рэалізму ў бел. жывапісе 19 — пач. 20 ст. Вучыўся ў Варшаве ў маст.школе В.Герсана (1871—73), у Парыжы (1876—78), скончыў Мюнхенскую АМ (1875). За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы ў Сібір (да 1869). З 1878 у Варшаве, удзельнічаў у выстаўках Варшаўскага т-ва заахвочвання мастацтваў і Салона ў Парыжы. Аўтар гіст. палотнаў: «Пахаванне Гедзіміна», «Пасля бітвы», «Смерць Маргера», «Ліздзейка з дачкой на руінах царквы Перуна», «Абарона Ольштына» (1883), «Смерць Глінскага ў турме» (каля 1884). У карцінах «Жніво» (1869), «Вясковая дзяўчынка» (1880-я г.), «Наём работнікаў» (1893), «Парабкава хата», «У поце чала», «Шляхціц і селянін» (1898) і інш. адлюстраваў быт, пакутлівы лёс сялян і парабкаў. Пад уплывам ссылкі напісаў творы «Смерць у выгнанні», «Пахаванне на Урале» (каля 1820), «На этапе» (1894) і інш. Па матывах творчасці А.Міцкевіча стварыў серыю карцін і 12 кардонаў-ілюстрацый да яго паэмы «Пан Тадэвуш». Ілюстраваў творы Ю.Славацкага і Ю.Крашэўскага. Размалёўваў (з Т.Попелем і А.Пятроўскім) касцёл Св. Кацярыны ў Пецярбургу.
К.Альхімовіч. Аўтапартрэт. 1864.К.Альхімовіч. Вясковая дзяўчына. 1880-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
інстытут духоўнай адукацыі ў ламаізме. Існавалі пераважна пры манастырах, радзей у форме індывідуальнага навучання. Рыхтавалі ламаў. Да паступлення ў манастыр навучанне грамаце, пач. культавым абрадам і малітвам вялося ламай у сям’і. З 6-гадовага ўзросту хлопчыка аддавалі ў манастыр паслушнікам, потым ён займаўся ў пач.рэліг.школе, дзе ўдасканальваўся ў пісьме і веданні культу, вывучаў паэтыку, стылістыку, сінаніміку і кампазіцыю тэксту, астралогію, асновы харэаграфіі і драмы (т. зв. «5 малых прадметаў»). Навучэнцаў знаёмілі таксама з «5 вялікімі прадметамі» (мовазнаўства, логіка, медыцына, філасофія, тэхналогія). Здольных вучняў у 15—20-гадовым узросце размяркоўвалі ў манастырскія (дацанскія) школы, якія падзяляліся на 3 класы: ніжэйшы і сярэдні па 5 гадоў навучання, старэйшы — 4. У дацанскіх школах выкладалася т. зв. «ўнутраная навука» — рэліг.-філас. сістэма будызму. Яе выпускнікі набывалі сярэднюю ступень адукацыі ламы і маглі паступаць у вышэйшую рэліг.-філас. школу (7 гадоў навучання). Заканчэнне яе давала права паступаць на багаслоўскія або філас. ф-ты пры буйнейшых манастырах, дзе 10—15 гадоў вучылі навук. і містычную філасофію, аддаючыся медытацыі для «дасягнення стану Буды». Выпускнікі ва ўзросце 50—60 гадоў атрымлівалі вышэйшыя вучоныя ступені. У 20 ст. шэраг Л.ш. існуе ў Тыбеце і інш. рэгіёнах пашырэння ламаізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАВІКО́РД (позналац. clavichordium ад лац. clavis ключ + грэч. chordē струна),
струнны ўдарны клавішны муз. інструмент. Клавіятура размешчана ўнутры плоскай прамавугольнай скрынкі розных памераў ад малых (актаўных) да параўнальна вялікіх (даўж. да 1,5 м). На канцы кожнай клавішы прымацаваны метал. штыфт з плоскай галоўкай — тангент, які пры націсканні клавішы ўдарае па струне. Гук К. пяшчотны, цёплы, ціхі, але выразны, дыяпазон 1—5 актаў. Выкарыстоўваўся звычайна для камернага музіцыравання. Быў пашыраны ва ўсіх еўрап. краінах. У л-ры ўпамінаецца з 15 ст. На пач. 19 ст. К. выцеснены фартэпіяна.
На Беларусі ўпамінанні пра К. адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю капэл у Гродне (клавікардысты Е.Баркоўскі, М.Гжанкоўскі, Б.Карчміт, Д.Пташынскі, Б.Сітанскі, Ю.Ярмаковіч; навучанне дзяўчынак ігры на К. вялося ў мясц.тэатр.школе) і Слоніме (Д.Грабенбаўэр, паводле кантракта з М.К.Агінскім, абавязваўся арганізаваць «школу сістэматычнага навучання пэўных асоб на клавікордах»). К. выкарыстоўваўся ў аркестры ў Будславе (Мядзельскі р-н; 1837). К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.Фотха (пач. 19 ст.). У 20 ст. выкарыстоўваецца пры выкананні старадаўняй музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТА́ЎНІЦКІЯ СЕМІНА́РЫІ,
спецыяльныя пед.навуч. ўстановы ў 19 — пач. 20 ст., якія рыхтавалі настаўнікаў для пач. школ. У іх прымалі асоб, якія скончылі двухкласныя пачатковыя вучылішчы з 5—6-гадовым курсам. Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Да 1908 былі толькі мужчынскія Н.с. Выкладаліся багаслоўскія дысцыпліны, рус. мова і л-ра, прыродазнаўства, фізіка, чарчэнне, музыка і спевы, методыка выкладання ў пач.школе і інш. Пры Н.с. дзейнічалі ўзорныя пач. вучылішчы, у якіх семінарысты праходзілі пед. практыку. Першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя дзейнічала ў 1834—39. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты 4 мужчынскія Н.с.: Маладзечанская настаўніцкая семінарыя (першая на тэр.Рас. імперыі), Полацкая (1872), Нясвіжская (1875), Свіслацкая (1876). На пач. 20 ст. адкрыты яшчэ 5 Н.с.: мужчынская ў Рагачове (1909), жаночыя ў Оршы (1911), Барысаве і Гомелі (1915), Бабруйску (1916). У 1-ю сусв. вайну Маладзечанская, Нясвіжская і Свіслацкая Н.с. эвакуіраваны ў Расію. У чэрв. 1917 Н.с. прыраўнаваны да сярэдніх навуч. устаноў (гімназій і рэальных вучылішчаў), пераўтвораны ў навуч. ўстановы змешанага тыпу, пры паступленні адменены ўсе абмежаванні. Уведзена выкладанне замежных моў, сусв. гісторыі, геаграфіі і інш. У 1919 пераўтвораны ў 3-гадовыя пед. курсы, у 1920-я г. — у пед. тэхнікумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВО́Е ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма медыцынскіх і педагагічных мер, накіраваных на выхаванне ў дзяцей, падлеткаў і моладзі разумных, здаровых адносін да пытанняў полу. Накіравана на фарміраванне цэласнай асобы хлопчыка (мужчыны) і дзяўчынкі (жанчыны), здольных разумець псіхал. і фізіял. асаблівасці палоў у сувязі з сац. і маральнымі нормамі, устанаўліваць, падтрымліваць і ўдасканальваць партнёрскія і сац. адносіны, падрыхтоўвацца да шлюбу і бацькоўства. П.в. пажадана пачынаць на раннім дзіцячым узросце. Да 7 гадоў дзеці павінны ведаць пра асн. адрозненні полаў, ролю маці і бацькі ў паходжанні дзяцей, развіцці дзіцяці ў арганізме маці, пра яго паяўленне на свет, харчаванне пасля нараджэння. Далей складваюцца спрыяльныя ўмовы для асэнсавання адносін паміж поламі і выпрацоўцы ўстановак супрацоўніцтва хлопчыкаў і дзяўчынак як раўнапраўных, але не аднолькавых партнёраў. Дысгармонія ў жыцці падлеткаў найб. выяўляецца паміж працэсам палавой спеласці, праяўленнем палавой цягі і ўзроўнем спеласці. Таму важна, каб правільнае ўяўленне пра палавое развіццё і гігіенічныя навыкі яны атрымлівалі ад бацькоў. Пэўную ролю ў гэтым адыгрываюць умовы жыцця ў сям’і, школе, на вуліцы, пазашкольная выхаваўчая работа. П.в. падлеткаў старэйшага школьнага ўзросту і юнакоў уключае раскрыццё маральных, сац. і гігіенічных аспектаў узаемаадносін полаў, азнаямленне з асновамі гігіены і фізіялогіі палавога жыцця, гігіены шлюбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Аляксей Дзмітрыевіч) (24.3.1892, г. Пугачоў Саратаўскай вобл., Расія — 18.8.1961),
расійскі рэжысёр, тэарэтык тэатра, педагог. Нар.арт.СССР (1948). Д-р мастацтвазнаўства (1957). Вучыўся ў школе жывапісу ў Казані. З 1912 акцёр МХТ, з 1918 рэжысёр у правінцыяльных т-рах, з 1923—3-й Студыі МХАТ (з 1926 Т-р імя Я.Вахтангава), з 1930 маст. кіраўнік Т-ра Рэвалюцыі. У 1935—58 гал. рэжысёр Цэнтр.т-раСав. Арміі. З 1919 выкладаў ў тэатр. студыях, з 1935 у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1940 праф., у 1961 маст. кіраўнік). Стварыў нар.-гераічныя спектаклі. Тыповыя рысы сучасніка раскрываў праз беражлівую перадачу кожнага вобраза і адначасова праз насычаныя думкай і пачуццём масавыя сцэны. Паставіў спектаклі: «Зойчына кватэра» М.Булгакава (1926), «Змова пачуццяў» Ю.Алешы (1929), «Паэма пра сякеру» (1931), «Мой сябар», «Пасля балю» (1934) М.Пагодзіна, «Рамэо і Джульета» (1935), «Утаймаванне свавольніцы» (1937), «Сон у летнюю ноч» (1941) У.Шэкспіра, «Даўным-даўно» А.Гладкова (1942), «Рэвізор» М.Гогаля (1951), «Паднятая цаліна» паводле М.Шолахава (1957). Аўтар прац па тэорыі т-ра. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1950, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВЫШЭ́ЙШАЯ ДУХО́ЎНАЯ СЕМІНА́РЫЯ,
вышэйшая навуч. ўстанова Бел.правасл. царквы. Засн. ў 1785 у Слуцку як «Набожная Слуцкая праасвяшчэннага Віктара Садкоўскага семінарыя». У 1789 семінарыя закрыта. У 1793 яе дзейнасць адноўлена, і ў гэтым жа годзе, пасля ўсталявання Мінскай правасл. епархіі, яна атрымала назву Мінская духоўная семінарыя. У 1840 семінарыя пераведзена ў Мінск. Акрамя рэлігійных навук вывучаліся медыцына, прыродазнаўства, сельская гаспадарка, гісторыя роднага краю. У 1918 семінарыя закрыта. У 1945 у Жыровіцкім Успенскім манастыры адкрыты пастырска-багаслоўскія курсы, якія ў 1947 пераўтвораны ў семінарыю. У 1963 семінарыя зноў закрыта. У 1989 яна адноўлена на тэр. Жыровіцкага манастыра. У 1991 семінарыя пераўтворана з сярэдняй у вышэйшую навуч. ўстанову з 5-гадовым тэрмінам навучання. У ёй выкладаюцца 39 дысцыплін (багаслоўскія, філас., філал., гіст., царк.-практычныя і інш.). Пасля заканчэння 5-га курса студэнты абараняюць дыпломныя працы на ступень бакалаўра багаслоўя, што дае магчымасць паступаць у Духоўную акадэмію. Пры семінарыі дзейнічаюць нядзельная (з 1990) і рэгенцкая (з 1993) школы. У 1999/2000 навуч.г. на дзённым аддзяленні больш за 230 студэнтаў, на завочным — каля 200 студэнтаў-святароў, у рэгенцкай школе 30 навучэнцаў, у нядзельнай — 30 дзяцей.
расійскі скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1933). Нар.маст.СССР (1958). Акад.АМСССР (1947). Вучыўся ў Цэнтр. вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца (з 1908), Рысавальнай школеТ-ва заахвочвання мастацтваў (1909—11), скончыў Пецярбургскую АМ (1916). З 1926 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Выкладаў у Ленінградскай АМ (1921—29, 1935—41, 1945—47), маскоўскіх ін-це прыкладнога і дэкар. мастацтва (з 1946) і маст. ін-це (з 1952). З 1947 віцэ-прэзідэнт АМСССР. Працаваў пераважна ў галіне манум.бронз. скульптуры. Зазнаў уплыў позняга акадэмізму. Сярод твораў: помнікі В.І.Чапаеву ў Куйбышаве (1932), У.І.Леніну ў Мінску (1933) і Ульянаўску (1940), Т.Шаўчэнку ў Харкаве (1935) і Кіеве (1938), І.П.Паўлаву ў Разані (1949), І.У.Мічурыну ў Мічурынску (1950), статуя «Зоя Касмадзям’янская» (1942), статуі і скульпт. групы для станцый маскоўскага метрапалітэна «Плошча Рэвалюцыі» (1936—39) і «Ізмайлаўскі парк» (1944), партрэтаў і інш. Аўтар кн. «Скульптар пра сваю работу» (т. 1—2, 1940—52). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАВІ́ДСКАЯ БІ́ТВА 1863.
Адбылася паміж паўстанцамі і рас. войскамі ў час паўстання 1863 — 64 у Польшчы, Беларусі і Літве. У сярэдзіне мая 1863 каля в. Мілавіды (цяпер Баранавіцкі р-н) сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх атрадаў (каля 800 чал.), лагер якіх знаходзіўся ў лесе паблізу шашы Брэст — Бабруйск. Камандаваў аб’яднанымі сіламі А.Лянкевіч. На ліквідацыю гэтых атрадаў былі накіраваны царскія войскі са Слоніма і Нясвіжа. З чэрв. яны з розных бакоў атакавалі лагер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. Калі стала цямнець, царскія войскі, страціўшы 50 чал. забітымі і параненымі, адступілі на зыходныя пазіцыі. Назаўтра наступленне аднавілася, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лагер (іх страты — 18 чал.). На месцы пахавання рас. салдат устаноўлены чыгунны крыж, на месцы пахавання паўстанцаў — Мілавідская мемарыяльная капліца. У 1990 пастаўлены яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітой і надпісам па-беларуску. У 1993 мілавідскай школе прысвоена імя А.Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца тут і ў назве вуліцы Паўстанцаў.
Літ.:
Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: Материалы и док. М., 1965;
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Супрун В. Бітва пад Мілавідамі // Беларусь. 1973. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫПАТЭТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (ад грэч. peripatoi крытая галерэя — лекцыйная зала),
лікей, філасофская школа Арыстоцеля. Была буйным цэнтрам ант. ведаў, спалучала функцыі акадэміі навук (даследаванні на падставе метаду Арыстоцеля ў розных галінах ведаў, каардынацыя даследчай дзейнасці). Адрозніваюць некалькі перыядаў перыпатэтызму. 1-ы перыяд — 4—2 ст. да н.э. Лікей створаны ў 335 да н.э. ў Афінах Арыстоцелем, пасля яго школай кіраваў Тэафраст (паклаў пачатак батаніцы; на яго лекцыях прысутнічала каля 2 тыс. слухачоў). У школе выкладалі Эўдэм Радоскі, Арыстаксен з Тарэнта і інш. Вучнямі былі Дурыс, Хамелеон з Гераклеі Пантыйскай, Праксіфан з Лесбаса. Калі школу ўзначальваў філосаф і прыродазнавец Стратон з Лампсака, характэрнай яе рысай стала схільнасць да заняткаў асобнымі навукамі (гісторыя, геаграфія, гісторыя л-ры і інш.). У 2-і перыяд (1 ст. да н.э.) вучоныя Андронік Радоскі, Ксенарх, Стасей з Неапаля былі пераважна выдаўцамі, рэдактарамі і каментатарамі арыстоцелеўскіх твораў. Падобная дзейнасць характэрна і для 3-га перыяду (1—2 ст.н.э.). Сярод вучоных таго часу Аляксандр з Эгі, Адраст, Гермін, Арыстокл з Месены, Аляксандр Афрадысійскі. Большасць з іх займалася гіст. біяграфіямі, літ.-знаўствам, папулярнай этыкай. З 4 ст. ўласна перыпатэтычныя традыцыі знікаюць, творы Арыстоцеля пачалі каменціраваць неаплатонікі.