МАХТУМКУЛІ́ (каля 1733, с. Хаджыгаўшан Балканскай вобл., Туркменістан — 1780-я г.),
туркменскі паэт-мысліцель; пачынальнік туркм. л-ры. Сын Д.Азадзі. Вучыўся ў медрэсэ Шыргазі (г. Хіва). Шмат падарожнічаў, вывучаў л-ру, фальклор Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана. Захавалася больш за 10 тыс. вершаваных радкоў (вершы, паэмы, оды, элегіі; упершыню апублікаваны ў 1842). У вершах, ліра-эпічных паэмах сац.-філас. зместу асуджаў міжплемянныя спрэчкі і варожасць, выказваў пратэст супраць феад. ўціску, заклікаў да яднання ў змаганні за незалежнасць. Пісаў творы інтымнай тэматыкі. У сатыр. вершах высмейваў людскія заганы. Многія яго творы адметныя рэліг. настроем. Замяніў араба-перс. метрыку (аруз) нар. сілабічнай сістэмай, наблізіў мову паэзіі да народнай і фальклору. На бел. мову творы М. пераклалі Р.Баравікова, Р.Барадулін, А.Вольскі, В.Жуковіч, Х.Жычка, А.Звонак, У.Караткевіч, А.Клышка, В.Коўтун, А.Лойка, П.Макаль, У.Паўлаў, П.Прыходзька, М.Танк, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕ́СЯЦ»,
серыя сав.аўтаматычных міжпланетных станцый (АМС) для даследавання Месяца і касм. прасторы, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў. Створаны для дасягнення паверхні Месяца і мяккай пасадкі на яе, вываду на калямесяцавую арбіту, транспарціроўкі месяцавых самаходных апаратаў, вяртання на Зямлю і інш.
«М.-1» (запуск 2.1.1959) — першая ў свеце АМС, запушчаная ў бок Месяца, першы штучны спадарожнік Сонца. «М.-2» (запуск 12.9.1959) упершыню ў свеце дасягнула паверхні Месяца (14.9.1959). «М.-3» (запуск 4.10.1959) перадала на Зямлю фотаздымкі адваротнага боку Месяца (7.10.1959). «М.-9» (запуск 31.1.1966) здзейсніла мяккую пасадку на паверхню Месяца (3.2.1966). «М.-10» (запуск 31.3.1966) — першы штучны спадарожнік Месяца. «М.-16» (запуск 12.9.1970) даставіла месяцавы грунт на Зямлю; гэта ж зрабілі «М.-20» і «М.-24». «М.-17» (запуск 10.11.1970) даставіла на Месяц месяцавы самаходны апарат («Месяцаход-1»); гэта ж зрабіла «М.-21» з «Месяцаходам-2». Усяго ў 1959—76 запушчаны 24 «М.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАНДЭРТА́ЛЬЦЫ (Homo neandertalensis),
палеаантрапы, стараж. людзі, якія жылі ў эпоху палеаліту. Назва ад даліны Неандэрталь у Германіі, дзе ў 1856 упершыню знойдзены рэшткі шкілета гэтага выкапнёвага чалавека. Пазней рэшткі Н. знойдзены ў розных мясцінах Еўропы, Азіі, Афрыкі (акрамя Амерыкі і Аўстраліі). Па аб’ёме мозга Н. займаюць прамежкавае становішча паміж сучасным чалавекам і пітэкантрапам, сінантрапам, атлантрапам і гейдэльбергскім чалавекам. Чэрап Н. вызначаецца нізкім скляпеннем, пакатым ілбом, вял. надвочнымі валікамі і вышынёй твару. Падзяляюцца на больш старажытных, звязаных з ашэльскай культурай, і больш позніх, звязаных з мусцьерскай культурай. Паводле шматлікіх прыкмет раннія Н. маюць большае падабенства да сучасных людзей, чым познія. У Н. фарміравалася абстрактнае мысленне, зараджаліся грамадская свядомасць і мастацтва. Лічаць, што Н. былі першымі людзьмі, якія праніклі на тэр.паўд. і паўд.-ўсх. Беларусі ў сярэднім палеаліце.
Літ.:
Алексеев В.П. Человек: Эволюция и таксономия: некоторые теорет. вопросы. М., 1985;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
Л.І.Цягака.
Неандэрталец (фас і профіль). Рэканструкцыя М.М.Герасімава. 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́БЕЛІ (Nobel),
шведскія вынаходнікі, прадпрымальнікі і прамыслоўцы. Паходзілі са стараж.швед. роду Рудбекаў, адзін з прадстаўнікоў якога ў 1682 змяніў прозвішча на Нобеліус (пазней трансфарміравалася ў Нобель) па назве мяст. Нёбёлеў, дзе жыў род. Эмануэль (24.3.1801—3.9.1872), вынаходнік падводных мін. Бацька Людвіга, Роберта, Эміля і А.Б.Нобеля. У 1842—59 жыў з сям’ёй у С.-Пецярбургу, дзе заснаваў мех.з-д. У час Крымскай вайны 1853—56 пастаўляў рас. войскам узбраенне і міны. Людвіг (27.7.1831, Стакгольм — 12.4.1888), канструктар станкоў, нафтапрамысловец, інжынер-тэхнолаг. Ператварыў заснаваны бацькам з-д у буйны маш.-буд.з-д «Людвіг Н.» (цяпер «Рускі дызель» у С.-Пецярбургу). У 1876 разам з братамі Робертам і Альфрэдам заснаваў нафтапрамысловае прадпрыемства ў Баку (з 1879 «Т-ва братоў Нобель»), якое стала найбуйнейшай нафтафірмай у Рас. імперыі. Увёў транспарціроўку нафты па трубаправодах, упершыню ў свеце выкарыстаў марскія і рачныя нафтаналіўныя судны. Эмануэль (22.6.1859—31.5.1932), сын Людвіга. У 1888—1917 узначальваў прадпрыемствы сям’і Н. у Расіі. З 1918 у Швецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КСФАРД (Oxford),
горад у Вялікабрытаніі, на ПнЗ ад Лондана, на р. Тэмза. Адм. ц. графства Оксфардшыр. Каля 130 тыс.ж. (1999). Паліграф. і эл.-тэхн.прам-сць. Старажытны універсітэцкі горад (гл.Оксфардскі універсітэт). Арх. помнікі: рамана-гатычны сабор (12—16 ст.), арх. ансамблі універсітэцкіх каледжаў пераважна ў стылі англ. готыкі. Музей Ашмала (археал. і маст. калекцыі). У прыгарадзе Каўлі — аўтамабілебудаванне.
Упершыню згадваецца як крэпасць у 912. Да канца 12 ст. горад абкружаны валамі і драўлянымі ўмацаваннямі. Стварэнне ў 2-й пал. 12 ст. ун-та вызначыла яго развіццё як універсітэцкага горада. Як крэпасць і цэнтр навукі ў сярэднявеччы О. адыгрываў ролю 2-й сталіцы Англіі. У 1258 у О. збіраўся т.зв. «шалёны парламент», які абмежаваў уладу караля. З 1541 рэзідэнцыя англіканскага епіскапа. У час англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя рэзідэнцыя і штаб-кватэра караля Карла I. У 1646 горад заняты войскамі О.Кромвеля. У 1681 у час рэстаўрацыі Сцюартаў Карл II правёў тут апошняе пасяджэнне парламента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІ́РУС (лац. papyrus ад грэч. papuros),
пісчы матэрыял, які ў старажытнасці і раннім сярэдневякоўі вырабляўся з травяністай расліны папірусу, а таксама рукапісы на гэтым матэрыяле. Упершыню вынайдзены ў Стараж. Егіпце ў пач. 3-га тыс. да н.э. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. шырока распаўсюдзіўся ў іншых краінах Міжземнамор’я. Для прыгатавання пісчага матэрыялу стрыжань сцябла расліны разразалі на падоўжныя палосы, шчыльна ўкладвалі на гладкую дошку, склейвалі, клалі пад прэс і высушвалі на сонцы — атрымлівалі доўгую трывалую старонку. Старонкі склейвалі і скручвалі ў скруткі. У Егіпце П. карысталіся да 9 ст.н.э. Дакументы папскай канцылярыі пісаліся на П. яшчэ ў 11 ст., з 8 ст. яго пачала замяняць папера (слова паходзіць ад «П.»), якая пранікла ў Еўропу з Кітая праз Багдад. Захаваліся егіп., грэч., лац., копцкія, арабскія і інш. П. — каштоўная крыніца для вывучэння гасп., культ. і паліт. жыцця Стараж. Егіпта і антычнага свету. Тэксты П. вывучае папіралогія.
Літ.:
Коростовцев М.А. Введение в египетскую филологию. М., 1963. С. 19—27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛУ́ЦКІ, Паўлоцкі Зміцер Іванавіч (?, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — сак. 1747), расійскі падарожнік бел. паходжання, даследчык Чукоткі. Яго бацька з ліцвінаў, што перайшлі ў рас. падданства. Служыў у войску, капітан. У 1727 узначаліў экспедыцыю (400 казакаў, 10 матросаў) на Камчатку і інш. землі Д. Усходу. Паводле загаду П. судна «Св. Гаўрыіл» пад камандаваннем І.Фёдарава выйшла з Анадыра (на Чукотцы) і 31.8.1732 дасягнула «Вялікай Зямлі» (узбярэжжа сучаснага амер. штата Аляска ў раёне м. Прынца Уэльскага), якую геадэзіст М.С.Гвоздзеўупершыню нанёс на карту. Т.ч. была адкрыта паўн.-зах. ўскраіна Паўн. Амерыкі. П. на чале экспедыцыі (215 казакаў і 220 абарыгенаў) даследаваў Чукотку; прайшоў чукоцкім узбярэжжам Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў ад Чаўнскай губы да Анадыра (2000 вёрст), некалькі разоў перасек увесь край па розных маршрутах. Даў першыя звесткі па геаграфіі, араграфіі, гідраграфіі і этнаграфіі Чукоткі. Загінуў у сутычцы з чукчамі.
Літ.:
Ермоленко В.А. Д.И.Павлуцкий (? — 1747) // Вест. Бел. гос. ун-та. Сер. 2. 1997. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМ (Radom),
горад у цэнтр.ч. Польшчы, у Мазавецкім ваяводстве. Каля 250 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Значны прамысл.цэнтр.Прам-сць: маш.-буд. (швейныя і пішучыя машынкі, тэлефоны і інш.), хім., гарбарна-абутковая, шкляная, харч. і харчасмакавая. Арх. помнікі 14—18 ст.
У раннім сярэднявеччы Р. знаходзіўся на гандл. шляху з Русі і ВКЛ ў Малапольшчу і Сілезію. Упершыню згадваецца ў 1155. Гар. права да 1350. З 15 ст. развіваўся як рамесніцкі цэнтр і месца з’ездаў шляхты. Тут была прынята Радамская канстытуцыя 1505. У 1767 у Р. паводле ініцыятывы рас. пасла М.Рапніна створана ген.Радамская канфедэрацыя пад кіраўніцтвам К.С.Радзівіла, скіраваная супраць караля і прыхільнікаў рэформ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) пад уладай Аўстра-Венгрыі. З 1809 у складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Польскага Каралеўства, з 1843 — Радамска-Келецкай (з 1867 Радамскай) губ. У 1939 акупіраваны ням. фашыстамі. Вызвалены ў 1945 войскамі 1-га Бел. фронту. У 1975—99 адм. цэнтр Радамскага ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЎВАЕНСАВЕ́ТЫ, Рэвалюцыйныя ваенныя саветы (РВС),
вышэйшыя калегіяльныя органы ваен. улады і паліт. кіраўніцтва ў франтах, арміях, флатах і флатыліях у Сав. Расіі ў 1918—21 (на Д. Усходзе да ліст. 1922, у Сібіры да студз. 1923, на Зах. фронце да крас. 1924, у Сярэдняй Азіі да чэрв. 1926). Упершыню створаны на Усх. фронце паводле пастановы СНК ад 13.6.1918 у складзе каманд. фронтам і 2 камісараў. Прызначаліся з мэтай арганізацыі ваен. дзеянняў, кіраўніцтва, падрыхтоўкі і забеспячэння войск, парт.-паліт. і культ.-выхаваўчай работы. Мелі правы органаў сав. улады на тэр. дыслакацыі дадзенага аб’яднання; праводзіць мабілізацыю людскіх і матэрыяльных рэсурсаў на патрэбы фронту, забяспечваць рэв. парадак; у выпадку неабходнасці маглі ўмешвацца і адмяняць распараджэнні камандуючага і нават адлучаць яго ад пасады, аб чым павінны былі неадкладна рапартаваць вышэйстаячаму РВС. Непасрэдна РВС падпарадкоўваліся: штаб, рэв.ваен. трыбунал, палітаддзел, ваен. кантроль, нач. забеспячэння, нач. санітарнай службы і кіраўніцтва інспектараў родаў войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКРАТА́Р (ад позналац. secretarius першапачаткова — давераная асоба),
1) службовая асоба, якая вядзе справаводства ўстановы або асобы.
2) Складальнік пратакола сходу, пасяджэння.
3) Выбарны кіраўнік грамадскай, партыйнай або міжнар. арг-цыі.
4) Службовая асоба ў канцылярыі ВКЛ, якая непасрэдна займалася справаводствам вял. князя (караля) і прызначалася ім. Упершыню ўпамінаецца ў 1407. Часам так называліся і велікакняжацкія пісары. З 2-й пал. 16 ст. С. — асобная пасада, дзейнасць якой не абавязкова звязана са справаводствам (выконвалі абавязкі мернікаў, рэвізораў, паборцаў, памежных камісараў і інш.). Некат. С. вялі дакументацыю Рады Вялікага княства Літоўскага, што пазней рабілі рэгенты. С. вялікі духоўны — міністэрская пасада, асобная ад апарата канцлера і падканцлера ВКЛ. Утворана на сойме 1670. Прызначаўся каралём з духоўных асоб, вёў спецыяльна даручаныя справы. С. вялікі свецкі — міністэрская пасада. У пач. 16 ст. з тытулам «найвышэйшага сакратара ВКЛ» выступаў пісар І.С.Сапега, як мяркуецца, на ўзор адпаведнай пасады ў Польшчы. Сталая пасада С. вялікага свецкага ўстаноўлена ў ВКЛ на каранацыйным сойме 1764.