ра́ды, ‑ая, ‑ае; рад, ‑а.

1. Які перажывае пачуццё радасці, задавальнення. Радая, поўная шчасця, Наталля гаварыла: — Я нават не ўяўляю, як гэта магла б жыць без цябе. Скрыган. Лабановіч шпарка пайшоў .. [Садовічу] насустрач, незвычайна рады нечаканаму спатканню. Колас. І агародаў няма ў гэтых жыльцоў. Пасее сабе пад вокнамі градку [а]гуркоў і рад. Навуменка.

2. у знач. вык. (звычайна кароткая ф.), каму-чаму, з дадан. сказам і без дап. Пра пачуццё радасці, задавальнення, якое перажывае хто‑н. Стол устаўлены багата, Госцю я сардэчна рад. Бялевіч. Дамоў і палацаў кварталы Ўзняліся да самых нябёс. Я рады, што гэткаю стала, Зямля, куды сонца я нёс. Прыходзька. Ён быў страшэнна рад, гэты дзівак Пацяроб, і не мог схаваць свае нядобрае злоснае радасці. Зарэцкі. [Шафёр] рад быў, што памог чалавеку ў бядзе. Да таго ж ён бачыў, што з дзяўчынай нічога небяспечнага няма. Грамовіч.

3. у знач. вык., з інф. Пра жаданне, гатоўнасць зрабіць што‑н. Косця рад быў выканаць дзедава даручэнне. Якімовіч. Спевы, грукат перуновы Слухаць буду рад, Толькі не грымі ты, лесе, Грукатам гармат. Русак.

•••

Рад бачыць вас гл. бачыць.

І не рад(ы); (і) сам не рад(ы) — пра чый‑н. жаль, шкадаванне з прычыны таго, што адбылося па яго ініцыятыве, пры яго ўдзеле.

Рад (ці) не рад — паняволі, хочаш не хочаш.

Рад старацца! — а) у дарэвалюцыйнай арміі — салдацкі адказ на пахвалу начальства; б) пра гатоўнасць каго‑н. рабіць што‑н.

Чым багаты, тым і рады гл. багаты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЕНЕРАЛО́ГІЯ,

аддзел клінічнай медыцыны, які вывучае прычыны, шляхі пашырэння, клінічныя праяўленні, метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі венерычных хвароб. Даследуе інфекц. захворванні, узбуджальнікі якіх перадаюцца пераважна палавым шляхам (у т. л. некат. хваробы мочапалавога тракту, скурныя хваробы, СНІД). Венералогія цесна звязана з дэрматалогіяй. Вял. значэнне набывае вывучэнне сац. прычын венерычных хвароб, а таксама распрацоўка метадаў іх індывід. і грамадскай прафілактыкі.

Звесткі пра венерычныя хваробы ёсць у творах Гіпакрата, Цэльса, Плутарха, Галена, Ібн-Сіны і інш. асветнікаў, у працах прадстаўнікоў Салернскай мед. школы (12—13 ст.). Канец 15 ст. адзначыўся пандэмічным пашырэннем сіфілісу, з’яўленне якога ў Расіі ўпершыню апісана ў 1490. У 19 ст. адкрыты ўзбуджальнікі трыхаманозу (А.​Данье, 1836), ганарэі (А.​Найсер, 1879), мяккага шанкеру (П.​Ферары, А.​У.​Петэрсен і А.​Дзюкрэй, 1885—89), сіфілісу (Ф.​Шаўдзін і Э.​Гофман, 1905). Ням. вучоныя А.​Васерман і Найсер распрацавалі метад серадыягностыкі сіфілісу (рэакцыя Васермана, 1906). Пачаткам навук. венералогіі ў Расіі лічыцца 2-я пал. 19 ст., калі пры Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу створана кафедра венерычных хвароб (1869) пад кіраўніцтвам В.​М.​Тарноўсгага, засн. сіфілідалогіі. Значны ўклад у развіццё венералогіі зрабілі М.​І.​Стукавенкаў, А.​І.​Паспелаў, А.​Г.​Ге і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па венералогіі пачаліся ў 19 — пач. 20 ст. У 1867 створана т-ва мінскіх урачоў, з якога ў 1914 вылучылася група ўрачоў-дэрматавенеролагаў. Мэтанакіраваныя даследаванні па венералогіі пачаліся ў 1923 на кафедры скурных і венерычных хвароб мед. ф-та БДУ. У 1932—88 яны канцэнтраваліся ў Бел. н.-д. скурна-венералагічным ін-це, вядуцца таксама ў Мінскім, Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па дэрматалогіі і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Даследавалася пашырэнне (В.Ю.Мранговіус), удасканальваліся прафілактыка і лячэнне венерычных хвароб, вывучаўся ўплыў ганарэі на рэпрадукцыйную функцыю мужчын і жанчын. Распрацаваны метады лячэння сіфілісу пеніцылінам (А.​Я.​Пракапчук), безмыш’яковісты (С.​С.​Гарбулёў), скарочаны (Ю.Ф.Каралёў, А.П.Комаў), інструментальная дыягностыка, антыбіётыкатэрапія ганарэі, неганарэйных урэтрытаў (П.​В.​Дыла, А.​Ц.​Сасноўскі, Л.​Р.​Фёдарава), удасканалена методыка серадыягностыкі сіфілісу (Б.​М.​Гінзбург). Укаранёны новыя сучасныя метады дыягностыкі і скарочаныя высокаэфектыўныя метады лячэння сіфілісу, ганарэі і неганарэйных захворванняў мочапалавога тракту (Я.​С.​Пеўзнер, А.​П.​Віторскі, Л.Г.Барабанаў, В.Г.Панкратаў, М.З.Ягоўдзік і інш.). Працуе цэнтр па прафілактыцы і барацьбе са СНІДам з сеткай кабінетаў добраахвотнага ананімнага абследавання на ВІЧ-носьбіцтва пры скурвендыспансерах абл. гарадоў і ў Мінску.

Літ.:

Гусаков Н.И. Развитие отечественной дермато-венерологии и ее важнейшие научные школы: Очерки. Ч. 1. М., 1992.

Л.​Г.​Барабанаў.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ТА (італьян. ghetto),

частка тэрыторыі горада, адведзеная для прымусовага пасялення пэўнай расавай, нац., прафесійнай ці рэліг. групы насельніцтва, найчасцей яўрэяў. У сярэднія вякі гета існавалі ў многіх гарадах Зах. Еўропы і мусульм. Усходу з прычыны нац.-рэліг. адасобленасці яўр. насельніцтва. У 1-й пал. 19 ст. ў еўрап. краінах гета зніклі і захаваліся толькі на мусульм. Усходзе. У гарадах ВКЛ, Рэчы Паспалітай і царскай Расіі гета не было.

У 2-ю сусв. вайну гета ў адносінах да яўрэяў адроджаны ва Усх. Еўропе ням.-фаш. захопнікамі ў якасці лагераў смерці, канцлагераў для ізаляцыі, а потым і масавага знішчэння яўр. насельніцтва. На тэр. Беларусі акупанты стваралі гета ў гарадах, мястэчках і вял. вёсках. Сюды часта звозілі і яўрэяў з Германіі, Польшчы, Аўстрыі і інш. краін Еўропы. Тэр. гета звычайна абносілі калючым дротам, ахоўвалі войскамі або паліцыяй; самавольны выхад за межы гета караўся смерцю. Вязні гета павінны былі насіць на вопратцы апазнавальныя знакі: паўкруглыя жоўтыя нашыўкі для ўсіх, чырвоныя — для тых, каго выкарыстоўвалі на работах, зялёныя — для ўтрыманцаў. У некат. гета знакамі служылі жоўтыя шасціканцовыя зоркі (магендовіды) на грудзях і спіне. Умовы жыцця ў гета былі невыносныя. Кіравалі імі ням. каменданты, пры якіх ствараліся марыянетачныя органы «самакіравання» — саветы старэйшын, а ў буйных гета — яўр. саветы (юдэнраты) і яўр. паліцыя. Па няпоўных звестках, на тэр. 165 нас. пунктаў Беларусі (у сучасных межах) размяшчалася 176 гета: у некат. гарадах іх было па некалькі (напр., у Гомелі — 4, па 2 у Бабруйску, Брэсце, Глыбокім, Гродне, Жлобіне, Мінску, Навагрудку). У 2 мінскіх гета ўтрымлівалася каля 100 тыс. чал. За гады акупацыі на тэр. Беларусі загінула каля 865 тыс. яўрэяў, у т. л. 55 тыс. з замежных краін. У цяжкіх умовах гета дзейнічала антыфаш. падполле, асабліва актыўна ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Бярозе, Нясвіжы, Слоніме. Напярэдадні падрыхтоўкі фашыстамі масавых расстрэлаў або вывазу ў лагеры смерці адбыліся паўстанні ў Глыбокім, Докшыцах, Клецку, Лахве (Лунінецкі р-н), Міры (Карэліцкі р-н), Нясвіжы і інш. У партыз. руху і падполлі Беларусі ўдзельнічала каля 15 тыс. яўрэяў, гал. чынам б. вязняў гета. У шэрагу нас. пунктаў Беларусі на месцах б. гета пастаўлены абеліскі, памятныя знакі. У 1992 зарэгістравана Бел. асацыяцыя яўрэяў — б. вязняў гета і нацысцкіх канцлагераў.

Кр.:

Трагедия евреев Белоруссии в годы немецкой оккупации (1941—44): Сб. материалов и док. Мн., 1997.

Літ.:

Гай Д. Десятый круг. М., 1991;

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;

Иоффе Э.Г. Страницы истории евреев Беларуси. Мн., 1996;

Месцы прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Давед. Мн., 1996.

Э.​Р.​Іофе.

т. 5, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,

раздзел фізікі, у якім вывучаюцца працэсы генерацыі, узмацнення і распаўсюджвання лазернага выпрамянення, яго ўзаемадзеяння з рознымі асяроддзямі і аб’ектамі; фіз. асновы стварэння і выкарыстання лазераў частка квантавай электронікі.

Узнікла ў 1960-я г. на мяжы оптыкі, радыёфізікі, электронікі і матэрыялазнаўства. Атрымала хуткае развіццё з прычыны асаблівых якасцей лазернага промня: яго надзвычай высокіх кагерэнтнасці, монахраматычнасці, накіравальнасці распаўсюджвання, прасторавай і часавай шчыльнасці энергіі, вельмі малой працягласці асобных імпульсаў. Гэтыя якасці, іх спалучэнні і камбінацыі абумовілі развіццё лазернай тэхнікі — лазерных сродкаў даследавання розных асяроддзяў і аб’ектаў, выканання разнастайных лазерных тэхналогій, у т. л. тонкіх, стварэння аптычнай сувязі, апрацоўкі, запісу і счытвання інфармацыі (гл. Аптычны запіс). Выкарыстанне лазернага выпрамянення выклікала змены шэрагу паняццяў і ўяўленняў оптыкі і інш. галін ведаў. У выніку выкарыстання лазераў выяўлены і даследаваны такія нелінейна-аптычныя з’явы, як генерацыя гармонік, складанне і адыманне частот, вымушанае камбінацыйнае рассеянне, самафакусіроўка і тунэляванне лазернага пучка, чатырохфатоннае змешванне, двухфатоннае паглынанне, амплітудна-фазавая канверсія мадуляцыі, утварэнне салітонаў і інш. Нелінейна-аптычныя з’явы знайшлі шырокае выкарыстанне для кіравання характарыстыкамі лазернага выпрамянення (пры яго генерацыі і распаўсюджванні), вывучэння структуры рэчыва (гл. Лазерная спектраскапія) і дынамікі розных працэсаў у асяроддзях. У імпульсах лазернага выпрамянення фемтасекунднай (10 с) працягласці дасягнуты шчыльнасці магутнасці парадку 10​21 Вт/см². Сілы ўздзеяння такіх імпульсаў на электроны і ядры атамаў істотна перавышаюць сілы іх узаемадзеяння ў ядрах, што дае магчымасць кіроўнага ўздзеяння на структуру атамаў і малекул. Лазерныя крыніцы выпрамянення выкарыстоўваюцца ў звычайных аптычных прыладах, што значна паляпшае іх характарыстыкі і пашырае магчымасці, і для стварэння прынцыпова новых прылад і метадаў даследавання, новых тэхн. сродкаў (аптычныя дыскі. лазерныя прынтэры, аудыё- і відэапрайгравальнікі, лініі валаконна-аптычнай сувязі, галаграфічныя і кантрольна-вымяральныя прылады). Дасягненні Л.ф. шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, прамысл. тэхналогіях, у ваен. тэхніцы, касманаўтыцы, медыцыне.

На Беларусі даследаванні па Л.ф. пачаліся ў 1961 у Ін-це фізікі АН пад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава. Праводзяцца ў ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю Нац. АН Беларусі, установах адукацыі і прамысл. арг-цыях. Прадказана і атрымана генерацыя на растворах складаных малекул, створана серыя лазераў з плаўнай перастройкай частаты ў шырокім дыяпазоне; прапанаваны метады разліку і кіравання энергет., часавымі, частотнымі, палярызацыйнымі і вуглавымі характарыстыкамі лазераў і лазернага выпрамянення; створаны новыя тыпы лазерных крыніц святла агульнага і спец. прызначэння. Распрацаваны фіз. асновы дынамічнай галаграфіі, вывучаны заканамернасці ўзнікнення і працякання многіх нелінейна аптычных з’яў і распаўсюджвання святла ў нелінейна-аптычных асяроддзях.

Літ.:

Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;

Коротеев Н.И., Шумай И.Л. Физика мощного лазерного излучения. М., 1991;

Ярив А. Введение в оптическую электронику: Пер. с англ. М., 1983;

Ахманов С.А., Выслоух В.А., Чиркин А.С. Оптика фемтосекундных лазерных импульсов. М., 1988.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 9, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛІЧНЫЯ КАРЫСНЫЯ ВЫКАПНІ.

Праяўленні металічных карысных выкапняў на Беларусі прымеркаваны пераважна да крышталічнага фундаменту. Найбольш буйнымі аб’ектамі з’яўляюцца 2 радовішчы жалезных руд: Аколаўскае і Навасёлкаўскае. Аколаўскае радовішча выяўлена ў Стаўбцоўскім раёне на глыбіні 235—338 м. Пахавана пад адкладамі платформавага чахла. Яно прадстаўлена серыяй стромка нахіленых цел жалезістых кварцытаў (магутнасцю ад некалькіх да 40,6 м), якія пераслойваюцца з бязруднымі пародамі. Буравымі работамі рудныя гарызонты прасочаны на адлегласці да 3,3 км па распасціранні і на 800 м па падзенні. Галоўны рудны мінерал магнетыт складае ў сярэднім 14,28%, агульнага жалеза (Fe​2+, Fe​3+) у рудзе 24,5%. Руды высакаякасныя і лёгкаабагачальныя. Разведаныя іх запасы на глыбіню 700 м складаюць 175,4 млн. т руды (2003). Навасёлкаўскае радовішча і шэраг падобных рудапраяўленняў выяўлены ў Карэліцкім раёне. Акрамя жалеза яны маюць у павышаных колькасцях тытан і ванадый. Першасныя руды ўяўляюць сабой украпванне ільменіту і магнетыту ў габроідах, другасныя ўтвараюць суцэльныя метасаматычныя паклады. Рудная зона магутнасцю 90—180 м прымеркавана да субпластавых цел габроідаў і прасочваецца на 1200 м па распасціранні. Карысныя кампаненты ў рудзе складаюць: агульнае жалеза (Fe​2+, Fe​3+) 16—52%, магнетытавае жалеза 8—29%, дыаксід тытану 2—7%, пентааксід ванадыю да 0,16%. Выяўленыя жалезныя руды Беларусі пакуль не маюць прамысловага значэння з прычыны вялікіх глыбінь залягання.

У межах Беларускага крышталічнага масіву і на Пд Беларусі выяўлены рудапраяўленні некаторых рэдкіх металаў і рэдкіх зямель. Рэдкаметальна-рэдказямельнае радовішча Дыябазавае выяўлена на Пд Беларусі ў Жыткавіцкім гранітоідным масіве. Яно прымеркавана да дайкі дыябазаў, якія фіксуюць глыбінны разлом. Рудныя целы прадстаўлены інтэнсіўна змененымі гранітоідамі і дыябазамі з вельмі нераўнамерным украпваннем і гнёздамі берылу, фенакіту, спадумену, бертрандыту, бастнезіту, цыркону і інш. мінералаў берылію і рэдкіх зямель. Акрамя таго маюць месца рудапраяўленні вальфраму шэеліт-скарнавага тыпу (в. Раёўшчына Стаўбцоўскага раёна, в. Глушкавічы Лельчыцкага раёна).

У межах Беларускага крышталічнага масіву выяўлена некалькі рудапраяўленняў каляровых металаў розных генетычных тыпаў: поліметалічнае (Рубяжэвічы ў Стаўбцоўскім раёне), медна-нікелевае (Стаўбцоўскае), медна-малібдэнавае (Шніпкі, Скідзель на захадзе Гродзенскай вобл.), сернакалчаданнае (Пухаўшчына ў Стаўбцоўскім раёне). На некаторых праяўленнях каляровых і чорных металаў ёсць прыкметы накладзенай золатасульфіднай мінералізацыі (Уніхава, Рубяжэвічы, Рудзьма, Аколаўскае ў Стаўбцоўскім раёне).

У верхнепратэразойскіх (вендскіх) адкладах платформавага чахла на захадзе Прыпяцкай упадзіны вядомы праяўленні медзістых пясчанікаў, у якіх да 1% медзі ў выглядзе ўкрапвання халькапірыту (каля в. Азярніца Лунінецкага р-на і інш.). Ёсць праяўленні і самароднай медзі.

Праяўленні алюмініевай руды прадстаўлены баксіт-даўсанітавай фармацыяй, выяўленай у каалінітавай тоўшчы ніжнекаменнавугальных адкладаў Прыпяцкага прагіну на глыбіні 400—1200 м. Магутнасць руданосных пластоў 1,5—7 м (Заазерная і Асташкавіцкая плошчы ў Гомельскай вобл.), дзе прагнозныя рэсурсы перавышаюць 180 млн. т. Скопішчы мінералу даўсаніту перспектыўныя для атрымання алюмінію і соды.

В.​У.​Саладзілава.

т. 18, кн. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІТАРЫ́ЗМ (ад лац. militaris ваенны),

сістэма палітычных, эканамічных і ідэалагічных сродкаў, арыентаваных на нарошчванне ваен. моцы дзяржавы, стварэнне ваен.-паліт. блокаў, узмацненне ў грамадстве ролі ўзбр. сіл, ваен.-прамысл. комплексаў (ВПК) і звязаных з імі ін-таў і арг-цый.

Як сацыяльная з’ява М. узнік ва ўмовах пераходу першабытнаабшчыннага ладу ў рабаўладальніцкі. З цягам часу паліт., эканам. і інш. грамадскія адносіны ўсё больш замацоўваліся насіллем, у т. л. ўзброеным, расло значэнне мілітарысцкай палітыкі ў міжнар. адносінах (тэрмін «М.» з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст.). Мілітарысцкая палітыка шэрагу дзяржаў прывяла ў 20 ст. да 2 сусв. і больш як 300 лакальных войнаў, у час якіх загінула каля 100 млн. чал. Да 1970-х г. у выніку гонкі ўзбраенняў ядзерныя арсеналы вядучых дзяржаў свету шматразова перасягнулі т.зв. ўзровень «непрымальнай шкоды» (сукупная ядзерная магутнасць 400 Мт дастатковая для знішчэння ​1/3 насельніцтва і ​1/2 прамысл. патэнцыялу буйной краіны). Новая стратэг. сітуацыя, якая атрымала назву «ўзаемнага гарантаванага знішчэння», а таксама шэраг інш. вынікаў мілітарызацыі, звязаных гал. чынам з узмацненнем яе негатыўных сац. бакоў (разбурэнне эканомікі, ускладненне экалагічных праблем, пагроза псіхіцы чалавека і інш.) прымусілі найб. моцныя ядзерныя дзяржавы да заключэння шэрагу пагадненняў (дагавораў) пра абмежаванне стратэг. наступальных узбраенняў, сістэм проціракетнай абароны і інш., а таксама па папярэджванні развіцця М. ў грамадстве. У сучасных умовах ядро М. ў большасці дзяржаў складаюць іх узбр. сілы з адпаведнай інфраструктурай, базай камплектавання, сістэмай кіравання і ідэалаг. забеспячэння. Суб’ектамі мілітарызацыі з’яўляюцца таксама ваен.-паліт. блокі і іх органы кіравання. Важным звяном М. з’яўляюцца навук. і даследчыя цэнтры, грамадскія арг-цыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах ВПК, і інш. М. ўласціва гонка ўзбраенняў, рост ваен. бюджэтаў, нарошчванне ваен. прысутнасці па-за межамі сваіх краін, стварэнне і пашырэнне ваен.-паліт. блокаў, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да інш. дзяржаў, а таксама ўзмацненне ўплыву ВПК на эканоміку, палітыку, ідэалогію, выкарыстанне ўзбр. сіл у інтарэсах груповак, якім належыць улада, і інш. М. з’яўляецца апорнай базай аўтарытарных і таталітарных паліт. рэжымаў.

Да пач. 1990-х г. у сувязі з шэрагам геапалітычных фактараў (ваен.-паліт. процістаянне СССР і ЗША і інш.), а таксама з прычыны вываду шэрагу часцей, злучэнняў і аб’яднанняў Узбр. Сіл СССР з Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі ў зах. рэгіёны СССР мілітарызацыя тэр. Беларусі значна павялічылася. Пасля атрымання незалежнасці Рэспубліка Беларусь пачала раззбраенне, канверсію, рэфармаванне Узбр. Сіл і ваенна-прамысл. комплексу. Упершыню ў сусв. гісторыі бяз’ядзерны статус атрымала краіна, на тэр. якой знаходзіўся вял. ядзерны арсенал і значны патэнцыял М.

Літ.:

Рыбкин Е.И. Война и политика в современную эпоху. М., 1973;

Денисов В.В. Социология насилия. М., 1975;

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;

История войн. Т. 1—3. Ростов н/Д, 1997;

Каурин М.И. Наш ориентир — профессионалы // Армия. 1996. № 1.

Р.​Ч.​Лянькевіч, В.​М.​Пташнік.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭЙДЫ́ЗМ,

назва школ і кірункаў, якія выкарыстоўваюць вучэнне З.Фрэйда для тлумачэння псіхалогіі чалавека, з’яў культуры і грамадскага жыцця ўвогуле. Засяроджвае ўвагу на тэорыі псіхааналізу, а не на яго метадах. Агульная рыса разнастайных школ Ф. — уяўленне пра ўнутр. бессвядомыя памкненні як рухальную сілу паводзін людзей, асн. механізм іх псіхікі. Адрозненні ў поглядах фрэйдыстаў звязаны з розным разуменнем таго, якое з бессвядомых памкненняў з’яўляецца вызначальным для свядомасці і паводзін людзей, трактоўкай фрэйдаўскай тэорыі асобы (суадносін кампанентаў псіхікі «Яно», «Я» і «Звыш-Я»), Многія з паслядоўнікаў Фрэйда імкнуліся тлумачыць з’явы маралі і права, навукі і мастацтва, рэлігіі, прычыны войнаў і інш. гіст. падзей канфліктамі ў глыбінях чалавечай псіхікі. Сярод плыней Ф. вылучаюць класічны і псіхакульт. Ф., неафрэйдызм, фрэйдамарксізм і інш., прадстаўнікі якіх адны палажэнні вучэння Фрэйда крытыкуюць, другія развіваюць, распрацоўваюць новыя фрэйдысцкія тэорыі.

Сярод школ Ф. вылучаюць вучэнні, распрацаваныя А.Адлерам і К.Г.Юнгам — вучнямі Фрэйда, якія пазней адышлі ад яго тэорыі, стварылі ўласныя і далі пачатак неафрэйдызму. Прадстаўнік класічнага Ф. — лідэр псіхааналізу ў Вялікабрытаніі Г.​Фрэйд (дачка З.​Фрэйда) пашырыла разуменне ролі «Я», дапусціла магчымасць яго незалежнага функцыянавання ад «Яно», развіла базавае палажэнне псіхааналізу пра «ахоўныя механізмы» псіхікі ад станаў непакою, удакладніла фрэйдаўскія паняцці і наблізіла іх да паняццяў акад. эксперым. псіхалогіі. Сярод амер. прыхільнікаў Ф. вылучаюцца Г.​У.​Олпарт, Г.​Мюрэй, Э.​Эрыксан, Э.​Бёрн. Олпарт прызнаваў значэнне бессвядомых памкненняў, але выступаў супраць іх абсалютызацыі; на яго думку, у паводзінах здаровага чалавека гал. ролю адыгрывае рацыянальнае, і толькі неўротыкі кіруюцца імпульсамі бессвядомага. Мюрэй гал. задачу «Я» бачыў у падаўленні непажаданых імпульсаў «Яно». Эрыксан развіваў фрэйдаўскае вучэнне пра стадыяльнае развіццё асобы і падкрэсліваў значэнне сац. фактараў у пераходзе ад адной стадыі да іншай. Бёрн прызнаваў незалежнасць ад свядомасці многіх псіхічных працэсаў і засяроджваў увагу на станах «Я», звязаных са зносінамі з інш. людзьмі («аналіз узаемадзеянняў»). У сав. псіхалогіі праблемы бессвядомага даследавалі Дз.​М.​Узнадзе, В.​М.​Лейбін і інш. Узнікненне псіхакультурнага Ф. звязана з даследаваннямі К.Хорні і Э.Фрома, якія трактавалі культуру як усё грамадскае асяроддзе чалавека, што істотна ўплывае на яго, але вызначальнымі для псіхічнай дзейнасці прызнавалі «ўнутр. жыццёвыя сілы». Прадстаўнікі фрэйдамарксізму (Т.Маркузе, В.​Райх і інш.) імкнуліся да сінтэзу псіхааналізу Фрэйда і марксізму, абгрунтоўвалі агульнасць шэрагу палажэнняў гэтых вучэнняў. У 1990-я г. тэорыю бессвядомага і псіхааналізу развівалі амер. псіхолагі І.​Вайнер і Дж.​Р.​Сёрл, рас. вучоныя Лейбін, А.​М.​Руткевіч і інш.

Літ.:

Руткевич А.М. От Фрейда к Хайдеггеру. М., 1985;

Психоанализ и культура: Избр. труды Карен Хорни и Эриха Фромма: Пер. с англ. М., 1997;

Олпорт Г. Личность в психологии: Пер. с англ. М., 1998;

Берн Э. Групповая психотерапия: Пер. с англ. М., 2000;

Лейбин В.М. Классический психоанализ: история, теория, практика. М.;

Воронеж, 2001;

Вайнер И. Основы психотерапии: Пер. с англ. 2 изд. СПб., 2002;

Серл Д. Открывая сознание заново: Пер. с англ. М., 2002.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НІНЫ,

расійскія дзярж. і ваен. дзеячы. Мікіта Іванавіч П. (29.9.1718, г. Гданьск, Польшча — 11.4.1783). Служыў у коннай гвардыі. У 1747 пасланнік у Даніі, у 1748—60 — у Швецыі. У 1760—73 выхавальнік вял. кн. Паўла Пятровіча (гл. Павел I). Удзельнічаў у звяржэнні Пятра III і ўзвядзенні на прастол Кацярыны II. Старэйшы чл. (фактычна кіраўнік) Калегіі замежных спраў у 1763—81, саветнік імператрыцы па пытаннях знешняй палітыкі. Распрацоўваў і праводзіў у жыццё план «Паўн. акорда» — саюзу Расіі, Прусіі, Даніі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Рэчы Паспалітай супраць Францыі, Аўстрыі і італьян. дзяржаў. Напачатку прыхільнік захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай. Склаў праект стварэння дысідэнцкіх канфедэрацый: пратэстанцкай Тарунскай і пратэстанцка-правасл. Слуцкай канфедэрацыі. Пасля акупацыі Аўстрыяй ч. Польшчы (1769) удзельнічаў у падрыхтоўцы першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), за што атрымаў ва ўласнасць сялян і землі ў Полацкай прав. Знаходзіўся ў тайнай, але пастаяннай апазіцыі да Кацярыны II і яе фаварытаў (Р.Р.Арлова і інш.). У пач. 1770-х г. узначальваў змову (брат Пётр Іванавіч П., драматург Дз.І.Фанвізін, які ў 1773 склаў праект канстытуцыйнага абмежавання манархіі, інспірыраваны П. і інш.) на карысць Паўла Пятровіча. Быў пазбаўлены ўсіх пасад і ў 1781 пад націскам царадворцаў падаў у адстаўку. Пётр Іванавіч П. (1721, с. Вязоўка Калужскай вобл. — 26.4.1789), ген.-аншэф (1762), граф (1767). Брат Мікіты Іванавіча П. На ваен. службе з 1735. Удзельнік рас.-тур. вайны 1735—39. У Сямігадовую вайну 1756—63 ген.-маёр, з 1759 ген.-паручнік; вызначыўся ў бітвах супраць прускіх войск пры Грос-Егерсдорфе (1757), Цорндорфе (1758) і Кунерсдорфе (1759), удзельнічаў ва ўзяцці Берліна (1760). З 1762 рас. ген.-губернатар Усх. Прусіі, камандуючы рас. войскамі ў Памераніі і Гольштэйне. У рас.-тур. вайну 1768—74 камандуючы 2-й арміяй, узяў штурмам крэпасць Бендэры (1770), але пры гэтым меў значныя страты і дапусціў шэраг стратэг. пралікаў, за што звольнены ў адстаўку. Разам з братам Мікітам Іванавічам П. адзін з лідэраў апазіцыі ўраду Кацярыны II. У чэрв. 1774 — жн. 1775 галоўнакамандуючы войскамі пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 1775 зноў у адстаўцы. Разам з П.​А.​Румянцавым адзін са стваральнікаў лёгкай пяхоты (егераў) у рас. арміі. Мікіта Пятровіч П. (28.4.1770, г. Харкаў, Украіна — 13.3.1837), сын Пятра Іванавіча. З 1791 на ваен. і прыдворнай службе. У 1796 (пасля падзелу Рэчы Паспалітай) гал. камісар рас. боку па ўстанаўленні мяжы паміж Расіяй і Прусіяй. Са снеж. 1796 чл. Калегіі замежных спраў. З ліп. 1797 надзвычайны паўнамоцны міністр Расіі ў Прусіі. З 1799 віцэ-канцлер. Выступаў супраць лініі Паўла I на збліжэнне з Францыяй, першы прапанаваў вял. кн. Аляксандру Паўлавічу (гл. Аляксандр I) план адхілення Паўла I ад улады. У 1800 звольнены і сасланы ў Маскоўскую губ. Пры Аляксандру I чл. Калегіі замежных спраў, фактычны кіраўнік рас. знешняй палітыкі, у 1801 з прычыны рознагалоссяў з царом зноў звольнены. З 1804 да канца жыцця ў афіц. апале з забаронай наведваць сталіцы. Жыў у маёнтку Дугіна Смаленскай губ., дзе займаўся музыкай (напісаў оперы «Гарбуны» і «Модная крама»).

Літ.:

Гаврюшкин А.В. Граф Никита Панин: Из истории рус. дипломатии XVIII в. М., 1989.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТО́МІЯ (ад грэч. anatomē рассячэнне, расчляненне),

навука пра форму і будову асобных органаў, сістэм і арганізма ў цэлым; раздзел марфалогіі. Адрозніваюць анатомію чалавека (антрапатомію), анатомію жывёл (заатомію) і анатомію раслін (фітатомію). Самастойнай з’яўляецца параўнальная анатомія жывёл. Разам з фізіялогіяй анатомія складае аснову тэарэт. і практычнай медыцыны і ветэрынарыі.

У сваім развіцці анатомія чалавека і жывёл як навука прайшла шэраг этапаў. Першапачатковы, апісальны, этап узнік пры выкарыстанні метаду расчлянення, калі збіраліся і апісваліся факты пра будову цела чалавека і жывёл. Заснавальнік яе — фламандзец А.​Везалій (16 ст.). Апісальную анатомію падзяляюць на сістэматычную (вывучае органы па сістэмах), тапаграфічную (разглядае будову і форму органаў і іх узаемаразмяшчэнне) і пластычную (даследуе статыку і дынаміку вонкавых формаў цела). Новы этап у развіцці анатоміі — функцыянальны — тлумачэнне назапашаных фактаў з пункту гледжання антагенезу і філагенезу і функцыянальнага назначэння органаў і сістэм. Сучасны этап — эксперыментальны — аналіз структурна-функцыянальнай арганізацыі органаў і сістэм у сувязі з рознымі фактарамі навакольнага асяроддзя. Вылучаюць таксама анатомію дынамічную, узроставую, мікраскапічную (гісталогія і цыталогія) рэнтгенаанатомію і інш. Заснавальнікі анатоміі: Арыстоцель, К.​Гален, Везалій, Леанарда да Вінчы, У.​Гарвей і інш. У Расіі найб. значныя даследаванні ў 18—19 ст. па пытаннях будовы і функцыі страўніка (А.​П.​Пратасаў), будовы нырак (А.​М.​Шумлянскі), стварэнні тапаграфічнай анатоміі (М.​І.​Пірагоў), рус. анат. тэрміналогіі (М.​І.​Шэін). У 19 ст. засн. першая рус. анат. школа (П.​А.​Загорскі, 1807), складзены анатамічны слоўнік (Н.​М.​Амбодзік-Максімовіч). Прагрэсу анат. навукі спрыялі таксама працы П.​С.​Лесгафта, Дз.​М.​Зёрнава, У.​А.​Беца, В.​П.​Вараб’ёва, У.​М.​Танкова, Дз.​А.​Жданава, Б.​М.​Долга-Сабурава і інш.

На Беларусі 1-е анатаміраванне цела праведзена ў 1586 у Гродне для ўдакладнення прычыны смерці караля Стафана Баторыя. Станаўленне сучаснай анат. навукі звязана з арганізацыяй у 1921 кафедры анатоміі на мед. ф-це БДУ. Заснавальнік — С.​І.​Лябёдкін, які стварыў нац. школу марфолагаў. Н.-д. работа вядзецца на кафедрах анатоміі Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага, Мінскага мед. ін-таў, Бел. акадэміі фізічнай культуры і спорту, у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, БДУ і інш. Значную ролю ў развіцці анатоміі адыгралі працы Д.​М.​Голуба па праблемах эмбрыягенезу чалавека і жывёл, вывучэнні структурнай арганізацыі вегетатыўнай нерв. сістэмы, нерв. шляхоў і дапаўняльных цэнтраў інервацыі. Высветлена анатомія сімпатычнага ствала, нерваў наднырачнікаў, крывяносных сасудаў і інш. органаў (А.​С.​Леанцюк, А.​П.​Амвросьеў, П.​І.​Лабко і інш.). Даследуюцца будова лімфатычных сасудаў касцей і суставаў (У.​І.​Ашкадзёраў), касцявы і перапончаты лабірынты чалавека і жывёл (З.​І.​Ібрагімава), узроставыя асаблівасці галаўнога мозга чалавека і яго артэрыяльных сасудаў (А.​М.​Габузаў). Існуе навук. т-ва анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў.

Літ.:

Анатомия человека. Т. 1—2. 2 изд. М., 1993;

Акаевский А.И. Анатомия домашних животных. 3 изд. М., 1975.

П.​І.​Лабко.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРАЦЫЯ НАСЕЛЬНІЦТВА.

Да 1960-х г. галоўная роля ў перамяшчэннях насельніцтва Беларусі належала знешняй міграцыі. Беларусь інтэнсіўна страчвала частку свайго насельніцтва ў выніку абмену з РСФСР, Украінай, Казахстанам, рэспублікамі Прыбалтыкі. Па меры развіцця вытворчых сіл і павелічэння колькасці працоўных месц на працягу 1960—80-х г. знешняя міграцыя стала памяншацца і вядучае месца занялі перамяшчэнні ўнутры краіны — з вёсак у гарады і з дробных гарадоў у буйныя. Кардынальныя змены ў аб’ёмах, інтэнсіўнасці і накіраванасці міграцыйных патокаў адбыліся ў 1980-я — пач. 1990-х г., што звязана з пачаткам перабудовы ў эканам. і паліт. жыцці краіны, а таксама з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС (26.4.1986) і яе наступствамі. У першыя дні пасля катастрофы з найб. небяспечнай 30-кіламетровай зоны эвакуіравана 24,7 тыс. чал. У 1990—96 у чыстыя раёны краіны пераселена амаль 61 тыс. чал., самі выехалі 45,6 тыс. чал. (разам 40 тыс. сем’яў); з забруджаных радыенуклідамі раёнаў усяго выехала больш за 130 тыс. чал. З сярэдзіны 1990-х г. некаторыя сем’і пачалі вяртацца ў забруджаныя раёны. У 1999 на забруджаных тэрыторыях жыло каля 16% усяго насельніцтва краіны.

На змену тэндэнцыі міграцыйных працэсаў істотна паўплываў распад СССР, у выніку чаго міжрэспубліканская міграцыя насельніцтва ператварылася ў міжнародную. Рэзка паменшыліся аб’ёмы эканам., сваяцкіх, навучальных міграцый, затое выраслі аб’ёмы рэпатрыяцыйных патокаў, бежанцаў і перасяленцаў, выкліканых стрэсавымі сітуацыямі (эканам. і паліт. крызіс, ваен. канфлікты). У абмене насельніцтвам з іншымі дзяржавамі па гадах адзначаюцца істотныя адхіленні сальда міграцыі ў той ці іншы бок. Напр., сальда знешняй міграцыі на Беларусі ў 1985 было +0,2 тыс. чал., у 1986 -15,8, у 1989 +10,3, у 1990 -32, у 1992 +53,6, у 1993 +32,4, у 1994 -3,3, у 1998 +19,9, у 2002 +6,6 тыс. чал. Па ўсіх унутрыдзяржаўных патоках сальда міграцыі было дадатным для гарадоў і адмоўным для сельскай мясцовасці. Сальда міграцыі паміж Беларуссю і краінамі СНД і Балтыі было дадатным для гарадоў і для сельскай мясцовасці; сальда міграцыі з краінамі далёкага замежжа было адмоўным і для гарадоў, і для сельскай мясцовасці Беларусі.

Знешнюю міграцыю насельніцтва ўмоўна падзяляюць на міграцыю з краінамі СНД і Балтыі і міграцыю з іншымі дзяржавамі свету. Гэтыя патокі маюць розныя аб’ёмы і накіраванасць (гл. табл. 25, рыс. 4).

У 1990-я г. Беларусь мела дадатнае сальда міграцыі практычна з усімі былымі рэспублікамі СССР. З часам гэты міграцыйны абарот пастаянна зніжаецца (гл. табл. 26).

Асноўны міграцыйны абмен Беларусі адбываецца з Расіяй, Украінай і Казахстанам (91,5% ад усіх, хто прыбыў на Беларусь). Дынаміка міграцыйных патокаў з блізкім замежжам абумоўлена шэрагам фактараў. Стрымліваюць насельніцтва на месцах эканам. фактары (раз’яднанне валютных сістэм, недахоп сродкаў для пераезду, адсутнасць перспектыў набыцця жылля, занепакоенасць з прычыны магчымых цяжкасцей з працаўладкаваннем) і адміністрацыйныя (праблемы з грамадзянствам, з вылічэннем працоўнага стажу для атрымання пенсіі і інш.). Уплываюць таксама раздзяленне ўзбр. сіл і перавод ваеннаслужачых на службу па месцы прызыву і інш. прычыны.

У 1990 сальда міграцыі з краінамі Балтыі склала +4,6 тыс. чал. Сярод асоб, што прыбылі на Беларусь, пераважалі вяртанцы, якія выехалі з рэспублікі ў папярэднія гады (94,9% з іх — беларусы, рускія, украінцы, палякі, яўрэі). Сярод зарэгістраваных імігрантаў 40—50% склалі асобы тытульнай нацыянальнасці (з краін Балтыі больш за 50%). Рээміграцыя беларусаў пачалася ў канцы 1980-х г., у 1990-я г. яна стала асабліва інтэнсіўнай. За апошнія 12 гадоў з краін былога СССР на Беларусь вярнулася больш за 10% беларусаў, якія жылі за яе межамі. Максімальны прыток насельніцтва на Беларусь прыпадае на 1992. За перыяд 1989—99 з краін Закаўказзя выехаў кожны трэці беларус (з Арменіі амаль усе беларусы); з краін Балтыі — 14% беларусаў; з краін Сярэдняй Азіі — 11%; з Расіі — каля 12%; з Казахстана, Украіны, Малдовы адток беларусаў быў менш інтэнсіўны. Вяртанне на Беларусь беларусаў і іншых «рускамоўных» народаў з краін былога СССР пераважна звязана з невалоданнем імі тытульнай мовы гэтых дзяржаў, якая пры абвяшчэнні іх незалежнасці стала ў многіх з іх адзінай дзярж. мовай, а таксама з боязі страціць права на грамадзянства Рэспублікі Беларусь, на кватэру і пенсію.

Значная частка беларусаў пры выбыцці з неславянскіх дзяржаў асела ў Расіі і на Украіне, таксама як і многія рускія і ўкраінцы ў гэтыя гады пераехалі з іншых дзяржаў на Беларусь. Паток імігрантаў з Расіі пераважаў з рэгіёнаў Поўначы і Сібіры.

Асобы іншых нацыянальнасцей у агульным патоку зарэгістраванай іміграцыі складалі 5—6%. Працэнт імігрантаў з краін Закаўказзя, асабліва з Арменіі і з т.зв. гарачых кропак былога СССР у 1991 даходзіў да 70%.

Эміграцыя за межы былога СССР у 1986—90-я г. актывізавалася з-за пагаршэння сац.-эканам. і экалагічнай сітуацыі на Беларусі, а таксама з прычыны дазволу свабоднай этнічнай эміграцыі і спрашчэннем парадку выезду і ўезду. Паводле звестак МУС Рэспублікі Беларусь у 1989 з Беларусі ў краіны далёкага замежжа выехала 14,7 тыс. чал., у 1990—34,1, 1991—22, 1992—9,7, 1993—6,9, 1994—7, 1995—8,8, 1996—8,9, 2002—8 тыс. чал. У абмене з дзяржавамі далёкага замежжа Беларусь страчвала сваё насельніцтва. У час, калі выезд суайчыннікаў за мяжу быў выбарачным і абмежаваным, назіралася дадатнае сальда міграцыі. У патоку эмігрантаў з Беларусі ў 1989—95 пераважалі асобы яўрэйскай нацыянальнасці. Найб. долю ў аб’ёме эміграцыі займаюць Ізраіль, ЗША, Германія. Міграцыйны абарот (у 1991—2003) зменшыўся з 46,5 тыс. чал. у 1990 да 6,2 тыс. чал. у 2002. Гэта абумоўлена нармалізацыяй эміграцыйнага працэсу — свабодныя паездкі да сваякоў, аблегчаны выезд за мяжу ў асабістых мэтах на кароткі час і інш.

Найбольш актыўна эмігрыруюць у замежныя краіны людзі ў маладым працаздольным узросце (20—24 гады) і ўзросце найб. прафес. актыўнасці (30—49 гадоў). Больш за 90% асоб, якія ад’язджаюць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства, маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Адбываюцца змены ў матывацыях выезду; калі раней пераважаў этналагічны характар, то цяпер — эканам.-сацыяльны. Ад’езд за мяжу ў краіны з больш высокім узроўнем жыцця разглядаецца як пошук нашымі суайчыннікамі лепшага матэрыяльнага становішча для сябе і сваёй сям’і.

Працоўная міграцыя (рэгіструемая) для Беларусі пакуль мае невялікія аб’ёмы. Рэформы ў паліт. і эканам. сферы стварылі ўмовы ўваходжання краіны ў міжнар. рынак працы. У наш час пераважае экспарт рабочай сілы над імпартам. Таму дзярж. інтарэсы патрабуюць узмацнення ўплыву на структуру эміграцыйна-іміграцыйных патокаў, удасканалення сістэмы органаў дзярж. кіравання, адказных за каардынацыю гэтай дзейнасці. Адсутнасць рэгулявання прытоку і адтоку рабочай сілы абумовіла стыхійны характар яе руху на міжнар. рынку працы, што прывяло да негатыўных наступстваў. Асноўныя дзяржавы для працаўладкавання працоўных-мігрантаў з Беларусі — Расія, Малдова, Чэхія, Украіна, Венгрыя. Пераважныя сферы дзейнасці для нашых грамадзян за мяжой — с.-г. вытворчасць (34,4%) і будаўніцтва (30,1%). Працоўная эміграцыя ахоплівае пераважна актыўныя групы насельніцтва з высокай кваліфікацыяй. З асоб, што выехалі на працу ў іншыя краіны на падставе афіцыйна падпісаных дагавораў і кантрактаў, пераважае моладзь ва ўзросце да 24 гадоў, большасць з якіх студэнты. Мае месца і нелегальная працоўная міграцыя, калі людзі ад’язджаюць у краіну па турыстычных або гасцявых візах, а потым уладкоўваюцца там на часовую або пастаянную працу.

У рэгуляванні міжнар. працоўнай міграцыі важнае месца належыць міжурадавым пагадненням па стварэнні дагаворна-прававых умоў па абмене рабочай сілы і іх сацыяльна-прававой абароне. Такія пагадненні Рэспубліка Беларусь падпісала з Расіяй, Малдовай, Украінай, Польшчай, Літвой і Казахстанам. Рост працоўнай эміграцыі з Беларусі стрымліваецца недастатковым валоданнем замежнымі мовамі, адсутнасцю вопыту ўзаемаадносін ва ўмовах рыначнага гаспадарання, нізкай канкурэнтаздольнасцю на сусветным рынку працы і абмежавальнай палітыкай шэрагу краін у адносінах да іміграцыі, а таксама эканам. санкцыямі нашай дзяржавы (рост цэн на транспарт, на візы, пашпарты і інш.).

Вымушаная міграцыя (бежанцы) — новая для Беларусі праблема, якая ў 1990-я г. набыла масавы характар. Вымушаныя перасяленцы мігрыруюць пад уплывам пагражальных або дыскрымінацыйных абставін на радзіме. За 1996—99 бел. дзярж. міграцыйная служба зарэгістравала каля 32 тыс. асоб з краін блізкага замежжа, якія прэтэндавалі на статус бежанца. Акрамя вымушаных мігрантаў з блізкага замежжа, на Беларусі павялічваецца колькасць бежанцаў — выхадцаў з краін далёкага замежжа: Афганістана (пераважная большасць), Эфіопіі, Ірана, Ірака, Пакістана, Шры-Ланкі, Самалі і інш. дзяржаў, якія вучацца ў бел. навучальных установах і не жадаюць вяртацца на радзіму па паліт. матывах.

Нелегальная міграцыя на тэр. Беларусі адбываецца з краін СНД, Азіі, Афрыкі, Блізкага і Сярэдняга Усходу. Паводле ацэнак розных спецыялістаў на нелегальным становішчы ў краіне знаходзіцца ад 100 да 300 тыс. асоб. Такія мігранты выкарыстоўваюць каналы турызму, транзітнага праезду, бязвізавага ўезду па службовых і асабістых справах, пераважна з парушэннямі правіл уезду. Часта нелегальныя мігранты прыбываюць на Беларусь пад выглядам бежанцаў; большасць з іх выкарыстоўваюць краіну, як транзітную тэрыторыю для наступнай нелегальнай эміграцыі ў краіны Зах. Еўропы. Жорсткае міграцыйнае заканадаўства заходнееўрапейскіх дзяржаў, ажыццяўленне імі мер па пераходзе да палітыкі нулявой міграцыі ствараюць перашкоды для эміграцыі на захад. У выніку на Беларусі асядаюць іншаземцы, якія не змаглі эмігрыраваць у дзяржавы Зах. Еўропы, і іх колькасць хутка расце. Павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў і асоб з нявызначаным статусам на тэр. Беларусі абвастрае крымінальнае становішча, бо яны не рэгіструюцца, вядуць антысацыяльны лад жыцця і ствараюць сур’ёзную пагрозу дзярж. бяспецы краіны.


Табліца 25
Дынаміка знешняй міграцыі насельніцтва, тыс. чал.
Год Прыбыло Выбыла Міграцыйны прырост
Усяго СНД і Балтыя Іншыя краіны Усяго СНД і Балтыя Іншыя краіны Усяго СНД і Балтыя Іншыя краіны
1994 53,1 50,0 3,1 56,5 47,7 8,7 -3,3 2,3 -5,6
1995 34,9 33,3 1,6 35,1 26,1 9,0 -0,2 7,2 -7,4
1996 31,9 30,1 1,8 22,6 14,1 8,5 9,4 16,0 -6,7
1997 31,4 29,9 1,5 16,7 9,7 7,0 14,7 20,2 -5,5
1998 33,2 31,6 1,6 13,3 7,5 5,8 19,9 24,1 -4,2
1999 30,8 29,1 1,7 13,3 7,0 6,2 17,5 22,1 -4,5
2000 25,9 24,8 1,7 13,8 7,4 6,4 12,1 16,8 -4,7
2001 23,4 21,8 1,5 14,3 8,3 6,0 9,1 13,5 -4,4
2002 18,9 17,5 1,4 13,4 8,6 4,8 5,6 8,9 -3,4

Табліца 26
Дынаміка міждзяржаўнай міграцыі насельніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і былымі рэспублікамі СССР, тыс. чал.
Год Іміграцыя з краін СНД і Балтыі Эміграцыя ў краіны СНД і Балтыі Сальда міграцыі Міграцыйны абарот
1990 99,3 105,9 -6,6 205,2
1991 95,8 61,5 34,3 157,3
1992 117,7 50,8 66,9 168,5
1993 86,0 46,9 39,1 132,9
1994 50,0 47,7 2,3 97,7
1995 33,3 26,1 7,2 59,4
1996 30,1 14,1 16,0 44,2
1997 29,9 9,7 20,2 39,6
1998 31,6 7,5 24,1 39,1
1999 29,1 7 22,1 36,1
1990—1999 602,8 377,2 225,6 980
2000 24,8 7,4 17,4 32,2
2001 21,8 8,3 13,5 30,1
2002 17,5 8,6 8,9 26,1
2000—2002 64,1 24,3 39,8 88,4
Дынаміка паказчыкаў чыстай знешняй міграцыі насельніцтва па асноўных яе патоках.

т. 18, кн. 2, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)