КРЭ́МЕР (Арон Іосіфавіч) (1865, г. Швенчоніс, Літва — 1935),

дзеяч рэв. руху; адзін са стваральнікаў Бунда і першых прапагандыстаў марксізму ў Расіі. У брашуры «Аб агітацыі» (1897, пад рэд. Ю.​В.​Мартава) аддаваў перавагу эканамічным, а не паліт. патрабаванням рабочых. У сак. 1898 дэлегат Першага з’езда РСДРП у Мінску ад Бунда. У 1898—1905 чл. ЦК Бунда. Пасля рэвалюцыі 1905—07 адышоў ад паліт. дзейнасці. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, выехаў у Польшчу, дзе аднавіў актыўную дзейнасць у Бундзе, стаяў на пазіцыях правага крыла Апошнія гады жыў у Вільні.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧУБЕ́Й (Васіль Лявонцьевіч) (1640, Украіна — 25.7.1708),

украінскі ваен. і дзярж. дзеяч. Пры гетмане Мазепе на вышэйшых пасадах у Гетманскім урадзе: ген. пісар (1687—99), ген. суддзя (1699—1708). Удзельнік Азоўскіх паходаў (1695—96). Паведаміў Пятру I пра тайныя перагаворы Мазепы са швед. каралём Карлам XII і польскім каралём Станіславам Ляшчынскім. Уцёк у Расію, але Пётр I, давяраючы гетману, выдаў яго Мазепе разам з палк. І.​І.​Іскрай. Пасля катаванняў пакараны смерцю. Калі стала вядома аб здрадзе Мазепы, К. і Іскра былі пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛАГ ((Kellogg) Фрэнк Білінгс) (22.12.1856, г. Патсдам, ЗША — 21.12.1937),

дзяржаўны дзеяч ЗША, дыпламат. Чл. Рэсп. партыі. У 1877—1904 адвакат, кансультант шэрагу карпарацый на ПнЗ ЗША. У 1904—12 спец. саветнік па антытрэстаўскіх справах пры ген. пракурору. З 1912 старшыня Амер. асацыяцыі адвакатаў. У 1917—23 чл. сената ЗША (выступаў за ўступленне ЗША у Лігу Нацый), у 1924—25 пасол ЗША у Вялікабрытаніі. У 1925—29 дзяржсакратар ЗША, адзін з ініцыятараў заключэння Келага—Брыяна пакта 1928. У 1930—35 чл. Міжнар. суда ў Гаазе. Нобелеўская прэмія міру 1929.

Ф.Келаг.

т. 8, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНЕСАРЫ́ КАСЫ́МАЎ (1802—1847),

дзеяч казахскага нац.-вызв. руху. Унук хана Аблая. Султан, з 1841 хан Сярэдняга жуза (плем. аб’яднанне на ПнУ сучаснага Казахстана, у 1740 пры хане Аблаю далучаны да Расіі). Выступаў за аддзяленне Казахстана ад Рас. імперыі і супраць палітыкі рас. улад, якія абмяжоўвалі правы каз. знаці. У 1837—47 кіраваў антырас. ўзбр. паўстаннем казахаў; аснову яго войска складалі дружыны сваякоў. Меў падтрымку з боку сярэднеазіяцкіх ханстваў. У 1846 выцеснены рас. войскамі на Пд у межы Старэйшага жуза. Загінуў у час набегу на кіргізаў.

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НЭДЗІ ((Kennedy) Роберт Фрэнсіс) (20.11.1925, г. Бруклайн, ЗША — 6.6.1968),

дзяржаўны і паліт. дзеяч ЗША. Брат Дж.Ф.Кенэдзі. Па адукацыі юрыст. У 1953—60 юрыд. саветнік сенацкіх камісій, у т. л. ў 1953—54 пастаяннага падкамітэта па расследаваннях на чале з Дж.Р.Макарці. У 1961—64 міністр юстыцыі (ген. пракурор), падтрымліваў рух за грамадз. правы негрыцянскага насельніцтва, спрыяў прыняццю ў 1964 закона аб грамадз. правах. У 1964—68 сенатар ад штата Нью-Йорк. У 1968 абвясціў пра намер дамагацца вылучэння сваёй кандыдатуры на пасаду прэзідэнта ЗША ад Дэмакр. партыі. Забіты ў час перадвыбарчай кампаніі.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́НГІСЕП ((Kingissepp) Віктар Эдуардавіч) (24.3.1888, в-аў Саарэмаа, Эстонія — 4.5.1922),

эстонскі паліт. дзеяч. Скончыў Пецярб. ун-т (1917). З чэрв. 1917 адзін з кіраўнікоў бальшавіцкай арганізацыі Эстоніі, арганізатар Чырв. гвардыі. З ліст. 1917 нам. старшыні ВРК, чл. Выканкома Саветаў Эстляндскага краю. З сак. 1918 у Маскве, у Вярх. рэўтрыбунале і ВЧК, чл. ВЦВК. З ліст. 1918 адзін з кіраўнікоў Кампартыі Эстоніі, якая дзейнічала ў падполлі, на яе 1-м (1920) і 2-м (1921) з’ездах выбраны чл. ЦК і яго палітбюро. Арыштаваны эст. паліцыяй і паводле прыгавору ваен.-палявога суда расстраляны.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАКО́ЎСКІ (Шыман Марцін) (1741, в. Шылы Ковенскага пав., Літва — 25.4.1794),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Брат Ю.Касакоўскага. У 1767 як сакратар дэлегацыі ад Радамскай канфедэрацыі выязджаў у Маскву для пошуку падтрымкі ў барацьбе супраць рэформ у Рэчы Паспалітай. Адзін з кіраўнікоў Барскай канфедэрацыі. Пасля разгрому яе змяніў паліт. арыентацыю на карысць Расіі. Ў 1792 пасля абвяшчэння Таргавіцкай канфедэрацыі прымаў удзел у ваенных дзеяннях Расіі супраць Рэчы Паспалітай. Пасля захопу Вільні прызначыў сябе польным гетманам ВКЛ. Адстойваў аўтаномію ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 прылюдна павешаны паўстаўшымі ў Вільні.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СЕМ, Касім Абдэль Керым (Абд аль-Карым; 1914, Багдад — 9.2.1963), іракскі ваен. і дзярж. дзеяч. Брыгадны генерал (1955). Удзельнік 2-й сусв. вайны (змагаўся супраць брыт. войск у 1941), араба-ізраільскай вайны 1948—49. 14.7.1958 узначаліў антыманархічны ваен. пераварот (гл. Іракская рэвалюцыя 1958) і 27.7.1958 абвясціў Ірак рэспублікай. У 1958—63 прэм’ер-міністр і адначасова міністр абароны Ірака, устанавіў у краіне дыктатарскі рэжым; падкрэсліваў іракскую самабытнасць і самастойнасць, што выклікала канфлікт з панараб. сіламі. У лют. 1963 скінуты ў выніку ваен. перавароту і расстраляны.

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЭ́НКА (Анатоль Іванавіч) (н. 27.1.1940, хутар Мацвееў Краснаармейскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. ваенны дзеяч, дыпламат. Ген.-палк. (1989). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1970) і Генштаба (1981). Служыў у групе сав. войск у Германіі, Бел. (1970—79) і Далёкаўсх. ваен. акругах. З 1987 1-ы нам. камандуючага, з 1989 каманд. войскамі Бел. ваен. акругі. З 1992 1-ы нам. міністра, у ліп. 1994 — чэрв. 1995 міністр абароны Рэспублікі Беларусь. З 1996 аташэ па пытаннях абароны, ваенны і ваенна-паветр. аташэ пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЙВІСТА ((Koivisto) Маўна Генрык) (н. 25.11.1923, г. Турку, Фінляндыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Фінляндыі. Скончыў ун-т у Турку. Д-р філасофіі. Чл. С.-д. партыі Фінляндыі (з 1947). У 1958—67 адзін з кіраўнікоў Хельсінкскага рабочага ашчаднага банка, у 1968—82 ген. дырэктар і старшыня праўлення Паштовага банка Фінляндыі, старшыня праўлення каап. аб’яднання «Эланта». У 1966—67 міністр фінансаў, у 1972 — нам. прэм’ер-міністра і міністр фінансаў, у 1968—70 і 1979—82 прэм’ер-міністр. У 1982—94 прэзідэнт Фінляндыі.

Тв.:

Рус. пер. — Вехи пути. М., 1987.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)