ВО́КА БУ́РЫ, вока тайфуну,

вобласць у цэнтры трапічнага цыклону папярочнікам 20—30 км (часам да 60 км), з ясным небам і слабымі вятрамі (нярэдка поўны штыль). Акружана магутнай воблачнасцю, з якой звязаны ліўневыя ападкі, навальніцы, штармавыя вятры і моцнае хваляванне на моры. Утвараецца пры апусканні паветра, што суправаджаецца яго ўшчыльненнем, награваннем і высушваннем.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАВО́Е ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

1) тое, што святло.

2) Адзін з паражальных фактараў ядзернай зброі — магутны паток светлавой энергіі.

Крыніца С.в. — святлівая вобласць, якая складаецца з нагрэтых да высокай т-ры прадуктаў ядз. рэакцыі, паветра, пары глебы і вады. Выклікае апёкі скуры, пашкоджванне вачэй, узгаранне, асмальванне і аплаўленне розных матэрыялаў. Гл. таксама Ахова ад радыеактыўных выпрамяненняў.

т. 14, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТРАСКО́П (ад спектр + ...скоп),

найпрасцейшая са спектральных прылад для візуальнага назірання спектраў выпрамянення. Звычайна робіцца па схеме прызмавага спектрографа, у факальнай плоскасці якога змяшчаецца матавае шкло. З дапамогай флюарэсцэнтнага акуляра візуальна назіраюць ультрафіялетавы спектр, з дапамогай электронна-аптычнага пераўтваральніка — блізкую інфрачырвоную вобласць спектра. Выкарыстоўваецца для якаснага спектральнага аналізу рэчываў у хіміі, металургіі і г.д.

т. 15, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэгіён

(англ. region, ад лац. regio, -onis = вобласць)

частка тэрыторыі, якая вылучаецца характэрнымі рысамі (геаграфічнымі, этнаграфічнымі, эканамічнымі і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ВА́РМІЯ (Warmia),

гістарычная вобласць на Пн Польшчы на У ад г. Эльбланг і ніжняга цячэння Віслы. Знаходзіцца ў Альштынскім Паазер’і, у межах Альштынскага ваяводства. У старажытнасці тэрыторыя прускага племя вармаў. У пач. 13 ст. заваявана крыжакамі, з 1234 вылучана ў Вармінскае біскупства, падпарадкавана ордэну. З 1466 у складзе Польшчы, з 1773 — Прусіі. У 1945 вернута Польшчы.

т. 4, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВІ́НСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

гістарычная вобласць на Русі ў бас. Паўн. Дзвіны ў 11—15 ст. Уключала ч. сучаснай Архангельскай вобл. на Пн ад Волга-Паўночнадзвінскага водападзела — «валокі» (наз. таксама Завалочча). Насельніцтва займалася земляробствам, пушным і рыбным промысламі. З 11 ст. ўладанне Ноўгарада. У 14—15 ст. за валоданне Дз.з. з Ноўгарадам сапернічала Масква. У 1478 далучана да Маскоўскага вял. княства.

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́ЙСКІ АНТЫЦЫКЛО́Н, Паўночна-Ціхаакіянскі антыцыклон,

вобласць высокага атмасфернага ціску. Размешчана над субтрапічнымі і трапічнымі шыротамі Паўн. паўшар’я ў Ціхім ак. з цэнтрам паблізу Гавайскага архіпелагу. Атмасферны ціск у цэнтры антыцыклона 1022—1026 мб. Гавайскі антыцыклон — адзін з цэнтраў дзеяння атмасферы, аналагічны Азорскаму антыцыклону. Праяўляецца ўвесь год, найб. летам, з ім звязаны пасаты і мусоны на Пн Ціхага ак.

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МПТАНАЎСКАЯ ДАЎЖЫНЯ́ ХВА́ЛІ,

фізічная велічыня, якая мае размернасць даўжыні і вызначае вобласць праяўлення рэлятывісцкіх квантавых эфектаў. Для элементарнай часціцы з масай m К.д.х. λ0 = ħ mc , ħ = h 2π — пастаянная Планка, c — скорасць святла ў вакууме. Назва звязана з тым, што λ0 вызначае змену даўжыні хвалі эл.-магн. выпрамянення ў Комптана эфекце на адпаведнай часціцы.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАНІ́Я (Lakōnia), Лаканіка,

паўднёва-ўсходняя вобласць п-ва Пелапанес у Стараж. Грэцыі на мяжы з Аргалідай і Аркадыяй на Пн, Месеніяй на 3. У 12 ст. да н.э. заваявана дарыйцамі, якія на яе тэрыторыі заснавалі дзяржаву Спарта (афіц. назва Лакедэмон). Назвы Л., Лакедэмон, Спарта часта выкарыстоўваюцца як сінонімы. Паводле паданняў жыхары Л. былі вядомы дакладнасцю і сцісласцю мовы — лаканізмам.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛІЯ,

гістарычная вобласць на тэр. Манг. Рэспублікі і Кітая, якую насяляюць манголы. Вядома з 8 ст. У час мангольскіх заваяванняў у 13 ст. — галоўная ч. Мангольскай імперыі. Пасля падзення манг. улады над Кітаем — сукупнасць манг. княстваў. У 16 ст. падзялілася на Паўн. і Паўд. М., у час маньчжурскага панавання (17 — пач. 20 ст.) адпаведна Манголія Знешняя і Манголія Унутраная.

т. 10, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)