пашыраная ў свеце леварадыкальная ідэйна-паліт. плынь, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці поглядамі К.Маркса і У.І.Леніна на сацыялізм і камунізм і мае на мэце пабудову ў свеце камуніст. грамадства, першая фаза якога — сацыялізм. Аб’ядноўвае камуніст. і ідэйна блізкія да іх сацыяліст. і рабочыя партыі. Узнік у 1840—50-я г. амаль адначасова з марксізмам як састаўная частка міжнар. рабочага руху. Першай камуніст. арг-цыяй быў створаны ў 1847 Саюз камуністаў, які аб’ядноўваў камуніст. і карэспандэнцкія к-ты шэрагу зах.-еўрап. краін. У напісаным для Саюза Марксам і Ф.Энгельсам «Маніфесце Камуністычнай партыі» (1848) выкладзена праграма міжнар.рэв. рабочага руху і абгрунтавана неабходнасць стварэння паліт. партыі пралетарыяту. Камуніст. (марксісцкая) плынь дамінавала ў Інтэрнацыянале 1-м (1864—76), у с.-д. і сацыяліст. партыях, што стварылі Інтэрнацыянал 2-і (1889—1922). Да канца 19 — пач. 20 ст.камуніст. рух і сацыял-дэмакратыя развіваліся на агульнай аснове марксізму як паралельныя плыні ў рамках с.-д. і сацыяліст. партый, потым адзіны сусв.сацыяліст. рух распаўся на 2 самаст. плыні — сацыял-дэмакр. і камуністычную, якія разышліся ў поглядах на стратэгію і тактыку заваявання паліт. улады, сутнасць, шляхі і спосабы пабудовы сацыялізму. Сацыял-дэмакраты (Э.Бернштэйн і інш.) прыйшлі да высновы, што асобныя палажэнні марксізму не пацвердзіліся часам або ўстарэлі. Прадстаўнікі камуніст. плыні працягвалі адстойваць марксісцкія палажэнні аб выключна рэв. шляху дасягнення сацыялізму як першай стадыі камунізму праз класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту ў якасці абранага гісторыяй класа. Найб. відным выразнікам гэтай плыні ў пач. 20 ст. стаў лідэр рас.бальшавікоў Ленін. Пасля 1-й сусв. вайны с.-д. і сацыяліст. партыі канчаткова раскалоліся, з іх выйшлі прадстаўнікі рэв. марксізму, якія сталі называць сябе камуністамі і пачалі ствараць уласныя камуніст. партыі. Гэтаму працэсу спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 у Расіі. Няўдалай спробай прымірыць і аб’яднаць сацыяліст. рух з камуністычным было стварэнне і непрацяглае існаванне т. зв.«Інтэрнацыянала 2 1/2» (1921—23). Але ў 1919, са стварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна), рашэнні кіруючых органаў якога былі абавязковымі для партый-членаў, М.к.р. аформіўся ў самаст.паліт. сілу. У 1920—50-я г. фактычным цэнтрам усяго М.к.р. быў СССР. Грамадска-паліт. з’явы, якія мелі месца ў гэтай краіне (паліт. рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна, абмежаванасць паліт. правоў асобы, празмерная роля дзяржавы ў грамадстве і інш.) негатыўна адбіваліся на ўсім камуніст. руху. У 1920-я г. з М.к.р. вылучылася леваэкстрэмісцкая плынь — трацкізм (ад імя Л.Д.Троцкага), прадстаўнікі якога ў 1938 стварылі т. зв.«Інтэрнацыянал 4-ы». Станоўчая роля камуністаў у барацьбе супраць фашызму за свабоду і незалежнасць сваіх краін у гады 2-й сусв. вайны забяспечыла значны рост колькасці кампартый, узмацненне іх уплыву ў асобных краінах і ў свеце ў цэлым. У 14 краінах Еўропы, Азіі і Лац. Амерыкі (Куба) кампартыі заваявалі паліт. ўладу. Склалася Сусв.сацыяліст. сістэма. У 1980-я г.камуніст. і блізкія да іх рабочыя партыі дзейнічалі больш як у 90 краінах і аб’ядноўвалі больш за 80 млн. членаў. СССР пад кіраўніцтвам КПСС дамогся поспехаў у развіцці эканомікі і культуры. У 1960—70-я г.СССР, насельніцтва якога складала 6% ад насельніцтва зямнога шара, даваў 1/5 сусв.прамысл. вытворчасці. Пасля роспуску Камінтэрна (1943) прадпрымаліся новыя спробы каардынацыі М.к.р. У 1947—56 у Бялградзе (да 1948) і Бухарэсце (з 1948) працавала Інфарм.бюрокамуніст. і рабочых партый з правам каардынацыі іх дзейнасці (уваходзілі партыі 9 краін Еўропы). Вял. значэнне для згуртавання М.к.р. мелі нарады прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый (маскоўскія 1957, 1960, 1969, шматлікія рэгіянальныя). У 1958—90 у Празе выдаваўся тэарэт. і інфарм. часопіс «Проблемы мира и социализма». З канца 1940-х г. спробы КПСС навязваць кампартыям інш. краін свой вопыт барацьбы за ўладу і сацыяліст. будаўніцтва сустракалі нарастаючае супраціўленне з іх боку. На гэтай глебе М.к.р. перажыў шэраг новых расколаў. У 1948 адмовілася ад сав. мадэлі пабудовы сацыялізму і адасобілася ад М.к.р. Камуніст. партыя Югаславіі, у 1961 выступіла супраць крытыкі культу асобы Сталіна і фактычна выйшла з М.к.р. Албанская партыя працы. Найб. значны раскол у М.к.р. унесла ўзнікненне ў канцы 1950 — пач. 60-х г. мааізму (левадагматычны ўхіл у Кампартыі Кітая і шэрагу інш. партый у Азіі і дробных груповак у розных рэгіёнах свету, ад імя Мао Цзэдуна). У 2-й пал. 1970 — пач. 80-х г. у кампартыях Зах. Еўропы пашырыліся тэорыі «еўракамунізму». Іх прыхільнікі выступалі за мадэрнізацыю марксізму-ленінізму ў адпаведнасці з зах.-еўрап.эканам. і сац.-паліт. рэчаіснасцю, за плюралістычную мадэль сацыялізму. «Еўракамунізм» быў асуджаны КПСС і кампартыямі сацыяліст. краін. Зніжэнне тэарэт. ўзроўню дзейнасці камуніст. партый, дагматызацыя марксізму, недастатковая ўвага да распрацоўкі новых ідэй, акасцянеласць арганізац. структуры, форм і метадаў работы кампартый, адмова ад плюралізму ў меркаваннях, праследаванне іншадумства, адсутнасць шырокай сац. базы, сапраўднай сувязі з рабочым рухам, патрэбнага ўзаемадзеяння, а часта і варожасць да інш. левых сіл абумовілі крызіс М.к.р. ў канцы 1980 — пач. 90-х г., у выніку якога арганізаваны і каардынаваны М.к.р. фактычна перастаў існаваць. У выніку эканам. і паліт. крызісу (1989—91), абумоўленага пралікамі і дэфармацыямі ў дзейнасці КПСС і інш.камуніст. партый, камуністы страцілі ўладу ў краінах Усх. Еўропы і СССР. Распад СССР і забарона КПСС прывялі да спынення фін. падтрымкі, якую яна аказвала кампартыям многіх краін. У 1989—91 спынілі існаванне навук. і навуч.нац. і міжнар. цэнтры, што займаліся распрацоўкай камуніст. праблематыкі, перасталі выходзіць або пераймяноўваліся і змянілі накіраванасць камуніст.тэарэт. выданні. Ва ўсім свеце знізіўся ўплыў камуніст. партый, скарацілася іх колькасць і парушылася ўнутр. адзінства партый, рэзка зменшылася колькасць членаў. Асобныя кампартыі змянілі свае назвы, статуты, праграмы і ператварыліся ў сацыял-дэмакратычныя (у Італіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Балт. краінах). Кампартыя Францыі ўяўляе сабой гібрыд сацыял-дэмакратызму і камунізму. Камуніст. партыі Расіі, Украіны, Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі і Партыя камуністаў беларуская), Сербіі, з істотнымі агаворкамі таксама Румыніі і Чэхіі сталі на шлях абнаўлення пры захаванні вернасці марксізму-ленінізму. Кампартыі Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША не адыгрываюць прыкметнай ролі ў жыцці сваіх краін. Аднак камуніст. погляды не страцілі сваёй прыцягальнасці ў значнай часткі насельніцтва шэрагу краін свету. Кітай, Куба, В’етнам, Паўн. Карэя працягваюць ісці па шляху сацыялізму. Правячая Камуністычная партыя Кітая налічвае 58 млн. членаў (1997), Камуніст. партыя Рас. (КПРФ) — 530 тыс. членаў, аб’яднаных у 24 тыс. пярвічных арг-зацый. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 яе кандыдат атрымаў каля 30 млн. галасоў выбаршчыкаў. На выбарах 1999 у Дзярж. думу Расіі камуністы атрымалі (па парт. спісах) найб. колькасць галасоў выбаршчыкаў (24,3% ад агульнай колькасці тых, хто галасаваў). М.к.р. імкнецца ісці па шляху абнаўлення, пераадолення лжэсацыялізму, развіцця марксісцка-ленінскай тэорыі ў новых умовах. У чэрв. 1999 на міжнар. сустрэчы прадстаўнікоў камуніст. і рабочых партый у Афінах (Грэцыя) былі прадстаўлены 55 партый з 50 краін.
Літ.:
Партии и партийные системы современной Европы. М., 1994;
Социализм и демократия для XXI в. М., 1997;
Егоров А.Н. Есть ли у Республики Беларусь социалистическая перспектива? // Весн. Бел.дзярж. экан. ун-та. 1997. № 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯ́ЦЫЯ (франц. aviation ад лац. avis птушка),
тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д.Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.
Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням. інжынер О.Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.Райт. З 1906 будаваў самалёты франц. інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.М.Гакеля, Дз.П.Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.С.Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус. інжынер Б.М.Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.Яфімава, М.Папова, Р.Аляхновіча, Б.Расінскага, С.Утачкіна, А.Васільева, Л.Андрэадзі, Л.Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс.м.Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл.Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.П.Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.А.Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.
У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.А.Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.М.Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс.км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.
Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс.км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар.арг-цыяграмадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.
На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт.Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж.авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш.Гл. таксама Авіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.
Літ.:
Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;
Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;
Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.
Да арт.Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.Ф.Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».Да арт.Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13 — Ту-154 Іл-76; 14 — Іл-76 Ту-154; 15 — верталёт Мі-10К.Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРЭ́СІІ ПАЛІТЫ́ЧНЫЯў СССР,
розныя меры прымусу, якія ўжывалі ўлады СССР у адносінах да сваіх, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства па паліт. матывах. Ажыццяўляліся судамі або пазасудовымі органамі (т.зв. «тройкі», «двойкі», калегіі, асобыя нарады і інш.) ці ў адм. парадку органамі выканаўчай улады і службовымі асобамі і грамадскімі арг-цыямі з адм. паўнамоцтвамі. Р.п. ў СССР былі лагічным працягам рэпрэсій і тэрору перыяду грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, калі ў суд. і пазасуд. карнай практыцы прынцып права часта падмяняўся класавым падыходам і рэв. мэтазгоднасцю. На мяжы 1920—30-х г. камандна-адм. метады кіравання распаўсюдзіліся на большасць сфер грамадскага жыцця, дэмакр. сістэма прыняцця рашэнняў была выкраслена з жыцця грамадства. Рэзка абмежавалася самастойнасць ніжэйстаячых звёнаў выканаўчай улады і парт. органаў. Паступова выпрацоўвалася адзінства думак, якое падавалася нар. масам як вял. дасягненне ў сацыяліст. будаўніцтве. З пераходам да фарсіраванай індустрыялізацыі і суцэльнай калектывізацыі завяршыўся пераход ад паліт. рэжыму, у якім ген. лінія Кампартыі выпрацоўвалася ў ходзе супастаўлення і барацьбы думак, да рэжыму, дзе паліт. кіраўніцтва ажыццяўлялася на аснове жорсткай дысцыпліны. У СССР усталяваўся і пачаў умацоўвацца адм.-аўтарытарны рэжым, які пазней атрымаў назву адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Ва ўсіх сферах грамадскага жыцця была зроблена стаўка на дыктат. «Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва, — лічыў І.В.Сталін, — з’яўляюцца неабходным элементам наступлення». Разгортванню масавых рэпрэсій спрыяў культ асобы Сталіна, ва ўмовах якога кожная праява непавагі да яго дзейнасці каралася як контррэв. злачынства. Сярод інш. прычын на Р.п. паўплывалі знешнія ўмовы існавання СССР у капіталіст. акружэнні. З далучэннем да СССР у 1939—40 Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны, Бесарабіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі асаблівы размах набылі дэпартацыі насельніцтва на УСССР. У час Вял.Айч. вайны 1941—45 па абвінавачанні ў масавым супрацоўніцтве ці дапамозе ням. захопнікам дэпартаваны на У цэлыя народы: крымскія татары, калмыкі, немцы Паволжа, чэчэнцы, інгушы і інш. У пасляваен. перыяд былі рэпрэсіраваны многія ўдзельнікі антысав. руху ў Прыбалтыцы, Зах. Украіне і Зах. Беларусі. Буйнамаштабнай праявай Р.п. канца 1940—пач. 50-х г. была т.зв. Ленінградская справа. Паводле дакладной запіскі Ген. пракуратуры, мін-ваў юстыцыі і ўнутр. спраў СССР ад 1.2.1954, у 1921—53 па абвінавачанні ў контррэв. злачынствах было асуджана 3 777 380 чал., з якіх 642 980 чал. прыгавораны да расстрэлу. Большасць з іх была асуджана ў 1934—38. Масавыя Р.п. 1930 — пач. 50-х г. афіцыйна асуджаны на XX (1956) і XXII (1961) з’ездах КПСС. У 1954—61 рэабілітавана больш як 700 тыс.чал. Аднак з сярэдзіны 1960-х г. работа па рэабілітацыі была згорнута. З пач.перабудовы ў 1987 утворана Камісія Палітбюро ЦККПСС па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, што мелі месца ў 1930—40-х і пач. 1950-х г. У наступныя гады выдадзены Пастанова Палітбюро ЦККПСС «Аб дадатковых захадах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў» (5.1.1989), Указ Прэзідэнта СССР «Аб аднаўленні правоў усіх ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў» (13.8.1990), Законы РСФСР «Аб рэабілітацыі рэпрэсіраваных народаў» (26.4.1991) і «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій» (18.10.1991). У снеж. 1992 утворана Камісія пры Прэзідэнце Рас. Федэрацыі па рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій. Усяго ў канцы 1980 — пач. 90-х г. рэабілітавана каля 1 млн. чал.
Р.п. на Беларусі адбываліся ў тых жа ўмовах і на тых жа падставах, што і ў інш. рэспубліках СССР. У 1920—30-я г. на іх адбілася становішча БССР як нац. саюзнай рэспублікі, якая непасрэдна межавала з капіталіст. Захадам. У 1920-х г. тут, як і паўсюдна ў СССР, сфарміраваўся своеасаблівы рэпрэсіўны механізм, які ўключыў заканад. базу, а таксама сістэму суд., пазасуд. органаў і папраўча-працоўных лагераў (гл.ГУЛАГ). Непасрэднымі выканаўцамі палітыкі Р.п. на Беларусі былі рэсп. ўстановы і мін-вы сістэмы ВЧК, АДПУ, НКУС, НКДБ, МДБ, МУС і КДБ. Усяго ў перыяд масавых Р.п. (1917—53) пацярпелі каля 600 тыс. жыхароў Беларусі. З іх 250 449 чал. асуджаны судамі ці пакараны рашэннямі пазасуд. органаў («двоек», «троек», асобых нарад, калегій АДПУ, НКУС, МДБ і інш.). У гэтую лічбу ўваходзяць і асуджаныя за калабарацыянізм (гл.Калабарацыяністы) у гады Вял.Айч. вайны 1941—45. Астатнія былі рэпрэсіраваны (пераважна дэпартаваны, высланы, сасланы) у адм. парадку. Найб. размах Р.п. прыпаў на 1937—38. У 1935—40 куды ўваходзіць і гэты перыяд, ад Р.п. пацярпелі 86 168 жыхароў Беларусі, з іх 28 425 расстраляны. Усяго ў ліст. 1917 — крас. 1953 за контррэвалюцыйныя злачынствы да смяротнай кары прыгаворана 35 868 чал. У сувязі з калектывізацыяй і раскулачваннем у 1920—30-я г. рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян і членаў іх сямей. Рэпрэсіі па абвінавачанні ў нацыянал-дэмакратызме (з канца 1920-х г.) выліліся ў расправу над прадстаўнікамі навукі, л-ры, мастацтва, работнікамі шэрагу наркаматаў рэспублікі. З 826 чал., якія праходзілі па спісе ўдзельнікаў бел.нац. руху 1917—24, былі рэпрэсіраваны ўсе, хто застаўся пражываць у СССР. У 1930-я г. больш за палавіну свайго асабістага складу страціў у выніку рэпрэсій Саюз пісьменнікаў Беларусі, практычна поўнасцю была разгромлена Бел.АН, у т. л. рэпрэсіраваны 26 акадэмікаў і 6 чл.-карэспандэнтаў. Кульмінацыяй расправы над нац. інтэлігенцыяй у 1930—31 стала справа «нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі» «Саюз вызвалення Беларусі», па якой арыштавана 108 чал.Р.п. закранулі ўсе без выключэння пласты насельніцтва Беларусі. Іх ахвярамі сталі таксама сав., парт., камсамольскія, ваен. кадры, супрацоўнікі праваахоўных органаў. У 1931—38 органамі АДПУ—НКУСБССР былі праведзены паліт. працэсы над удзельнікамі «Аб’яднанага антысавецкага падполля», «Беларускай аўтакефальнай царквы», «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра», «Беларускага філіяла меншавікоў», «Беларускага філіяла Прампартыі», «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», Польскай арганізацыі вайсковай, «Саюзнага бюроРСДРП (меншавікоў)», «Партыі вызвалення сялян» і інш. Былі «выкрыты» таксама «контррэвалюцыйныя, шкодніцкія» арг-цыі амаль ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі, у т. л. ў наркаматах земляробства, аховы здароўя, асветы, трактарацэнтры, у галіне нарыхтоўкі сельгаспрадуктаў, папяровай прам-сці. Грамадзяне Беларусі ў значнай сваёй частцы неабгрунтавана прыцягваліся да адказнасці як удзельнікі антысав., контррэв. арг-цый і інш. З вер. 1939 рэпрэсіўная палітыка ўлад з У перамясцілася ў Зах. Беларусь, адкуль у 1939—41 дэпартавана больш за 100 тыс.чал. У выніку 2 пасляваен. аперацый па перасяленні (жн. 1951, крас. 1952) з Зах. Беларусі ў Сібір дэпартаваны 2079 сем’яў (каля 9000 чал.) Першая значная рэабілітацыя ахвяр Р.п. праведзена ў 1939—41 у адносінах да рэпрэсіраваных парт., дзярж. і ваен. дзеячаў. Усяго за 1930—40-я г. (і да пач. 1954) рэабілітавана больш за 35 тыс. жыхароў Беларусі. Распачатая з сярэдзіны 1950-х г. у сувязі з хрушчоўскай «адлігай» масавая рэабілітацыя ахвяр Р.п. у 2-й пал. 1960-х г. была згорнута. Новы імпульс гэты працэс набыў у час перабудовы. З 1990 у БССР, потым у суверэннай Рэспубліцы Беларусь пачала фарміравацца ўласная заканад. база па пытаннях рэабілітацыі і забеспячэння ахвяр Р.п. 21.12.1990 Вярх. Савет Беларусі зацвердзіў «Палажэнне аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20—50-х гадах». Яно прадугледжвала парадак аднаўлення працоўных, пенсіённых, жыллёвых і інш. правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій, а таксама кампенсацыю прычыненых ім маёмасных і інш. страт. У адпаведнасці з гэтым дакументам Савет Міністраў рэспублікі 29.12.1990 прыняў пастанову «Аб прадастаўленні льгот асобам, неабгрунтавана прыцягнутым да крымінальнай адказнасці ў перыяд рэпрэсій 20—50-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваным». Пастанова Вярх. Савета БССР ад 6.6.1991 «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў у Беларускай ССР» значна спрасціла працэдуру рэабілітацыі рэпрэсіраваных. У наступныя гады заканад. органамі і ўрадамі Рэспублікі Беларусь прыняты яшчэ некалькі дапаўненняў да пастаноў і падзаконных актаў па рэабілітацыі. Імі прадугледжаны разам з рэабілітацыяй грамадзян аднаўленне страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і маёмасных правоў. Усяго з 1954 да цяперашняга часу на Беларусі рэабілітавана больш як 200 тыс. рэпрэсіраваных. Рэабілітацыя працягваецца.
Літ.:
Реабилитация: Полит. процессы 30—50-х гг.М., 1991;
Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гг. на Беларусі. 1994;
Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст.: Матэрыялы навук.-практыч. канф.Мн., 1998;
Земсков В. Политические репрессии в СССР (1917—1990 гг.) // Россия, XXI. 1994. № 1/2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯЗНАЎСТВА
Першыя звесткі краязнаўчага характару пра Беларусь вядомы з 15—17 ст. Яны маюцца ў летапісах і хроніках, у т. л. ў Хроніцы Быхаўца (16 ст.), «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (1582), «Баркулабаўскай хроніцы» (пач. 17 ст.). Каштоўнымі краязнаўчымі крыніцамі з’яўляюцца паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523), «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618). Звесткі апісальнага характару ёсць у шматлікіх дзённіках (дыярыушах), у мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. Больш грунтоўнае вывучэнне краю пачалося ў канцы 18—19 ст., калі выкарыстоўваліся багатыя зборы бібліятэк, архіваў, карцінных галерэй, нумізматычных, мінералагічных і інш. калекцый, якія меліся ў рэзідэнцыях магнатаў, пры некаторых манастырах і навуч. установах. Пры Гродзенскай урачэбнай акадэміі былі батанічны сад (першы ва Усх. Еўропе) і заалагічны музей з калекцыяй у 10 тыс. экспанатаў. У 1786 А.Меер склаў «Апісанне Крычаўскага графства або былога староства». Краязнаўчая інфармацыя ёсць у «Гісторыі літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, у працы М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П. і Я.П.Тышкевічаў у Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей. У Паставах К.Тызенгаўз арганізаваў арніталагічны музей. У канцы 18 ст. Віленскі ун-т праводзіў на тэр. Беларусі батанічна-заалагічныя даследаванні. У 19 ст. разам з археалагічнымі, этнаграфічнымі і фальклорнымі даследаваннямі публікаваліся і краязнаўчыя матэрыялы. Прыкметную ролю ў станаўленні краязнаўства ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім ун-це, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Бел. вольнае эканамічнае т-ва ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. сабраны багатыя гербарыі раслін Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай, Віленскай губ. З сярэдзіны 19 ст. вяліся кліматычныя, гідралагічныя і феналагічныя назіранні. Іх праводзілі ў Маладзечанскай і Нясвіжскай настаўніцкіх семінарыях, у многіх гімназіях. У Віцебску і Полацку былі адкрыты музеі лясной гаспадаркі. Своеасаблівымі краязнаўчымі даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы тагачасных паэтаў і пісьменнікаў. Вынікі краязнаўчых даследаванняў друкавалі Віленская археалагічная і археаграфічная камісіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр.т-ва «Віленскі фармацэўтычны часопіс», «Памятныя кнігі губерняў», шматлікія календары. К.А.Буйніцкі склаў апісанне Зах. Дзвіны. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба». Выйшла серыя прац Г.К.Крэера па геабатанічным даследаванні лугоў Магілёўшчыны. У працы бел. урачоў А.А.Бекарэвіча, П.А.Грацыянава, В.В.Кошалева і інш. змешчаны медыка-геагр. характарыстыкі Бабруйска, Барысава, Магілёва, Мазыра, Мінска, Навагрудка, Пінска, Рэчыцы, Слуцка і асобных паветаў. У 1901 М.М.Арнольд апублікаваў «Каталог насякомых Магілёўскай губерні».
У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт, у 1911 — Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага ін-та, у 1912 — Мінскае т-ва аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся шматлікія тэматычныя зборнікі. Матэрыялы краязнаўчага характару друкаваліся ў «Записках. Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ. «Наша ніва». Краязнаўчыя студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі існавалі пры многіх ВНУ Расіі, у т. л.Бел. навукова-літ. гурток (1912) пры Пецярбургскім ун-це. У канцы 19 — пач. 20 ст. склалася плеяда бел. краязнаўцаў: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.
У Беларускай ССР у 1920-я г. краязнаўчыя аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л.Бел. вольна-эканамічнае т-ва (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязнаўчых арганізацый стаў Ін тбел. культуры, пры якім існавала Цэнтр.бюро краязнаўства (ЦБК). У лістападзе 1924 адбылася 1-я Усебел. краязнаўчая канферэнцыя, у лютым 1926—1-ы Усебел. краязнаўчы з’езд. З кастрычніка 1925 ЦБК выдавала штомесячны час. «Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясцовыя неперыядычныя зборнікі «Віцебшчына», «Полаччына» і інш. Удзел у краязнаўчым руху прымалі бел. пісьменнікі і вучоныя З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Бел.с.-г. акадэміі ў Горы-Горках. Вялікае значэнне краязнаўцы надавалі вывучэнню прыродных рэсурсаў Беларусі. Краязнаўчыя таварыствы рыхтавалі і выдавалі працы па краязнаўчым апісанні асобных раёнаў і акруг Беларусі: «Віцебшчына. Неперыядычны зборнік Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства» (Віцебск, т. 1—2, 1925—28), «Случчына. Першы зборнік Слуцкага таварыства краязнаўства» (Слуцк, 1930). Да гэтага часу адносяцца працы бел. краязнаўцаў М.В.Азбукіна, М.А.Грамыкі, М.І.Збіткоўскага, В.М.Палянскай, П.А.Самцэвіча і інш.
Развівалася краязнаўства і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязнаўчага т-ва, мясцовыя краязнаўчыя аб’яднанні, ствараліся краязнаўчыя музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922; Пінскі, 1924; Баранавіцкі і Слонімскі, 1929). Геабатанічныя назіранні праводзілі навучэнцы бел. гімназій. Вывучэннем заходнебел. краю займаліся Бел.навук.т-ва, Бел.ін-т гаспадаркі і культуры, Бел. музей імя І.Луцкевіча, Бел. навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У ліку актыўных краязнаўцаў Зах. Беларусі былі навукоўцы, мастакі, грамадскія дзеячы: Я.Булгак, Л.І.Вітан-Дубейкоўскі, Я.Н.Драздовіч, А.І.Луцкевіч, М.Манцэвіч, В.Мароз, П.Прадуха, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, М.Тулейка, М.Якімец і інш.
У пасляваенныя гады ўвага краязнаўцаў скіроўвалася пераважна на пошукавую працу: даследаванні падзей гісторыі Вял.Айч. вайны, партыз. руху на Беларусі. Адкрыты шэраг краязнаўчых музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей нар. творчасці (1978) і інш. У наш час краязнаўствам займаюцца Бел. добраахвотнае т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел.т-ва аховы прыроды, Бел. фонд культуры, Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны і інш. Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязнаўчыя канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Акрамя краязнаўчых музеяў краязнаўчыя матэрыялы збіраюць, апрацоўваюць, захоўваюць і прапагандуюць метэаралагічныя, аграметэаралагічныя, аэралагічныя станцыі, гідраметэаралагічныя абсерваторыі, аграметэаралагічныя пасты, сельскагаспадарчыя доследныя станцыі, архівы, мясц. ведамствы і ўстановы па каранціне сельскагаспадарчых раслін і інш.Найб. масавым з’яўляецца школьны краязнаўчы рух. Пры школах працуюць краязнаўчыя гурткі, атрады следапытаў, «зялёныя» і «блакітныя» патрулі, школьныя лясніцтвы, прыродазнаўчыя музеі. Існуюць краязнаўчыя аддзелы пры некаторых бібліятэках. Вынікі краязнаўчых даследаванняў надрукаваны ў «Энцыклапедыі прыроды Беларусі» (т. 1—5, 1983—86), «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—6, 1993—2003), у шматтомнай серыі кніг «Памяць». Праблемы краязнаўства асвятляюцца ў перыяд. выданнях: часопісах «Родная прырода» (з 1972), «Беларускі гістарычны часопіс» (з 1993), «Беларуская мінуўшчына» (з 1993), «Беларускі гістарычны агляд» (з 1994), «Падарожнік» (у ім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1970, з 1989 час. «Спадчына»), у альманахах «Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш., у рэсп. («Краязнаўчая газета», з 2003), абл. і раённых газетах, у навукова-краязнаўчых зборніках і інш. Уклад у краязнаўства пасляваен. перыяду зрабілі А.М.Белакоз, А.П.Грыцкевіч, В.П.Грыцкевіч, Л.У.Дучыц, М.І.Ермаловіч, Э.М.Загарульскі, У.Ф.Ісаенка, Л.Р.Казлоў, У.А.Калеснік, А.К.Каўка, Г.А.Каханоўскі, Г.В.Кісялёў, Ю.А.Лабынцаў, А.І.Мальдзіс, М.Ф.Мельнікаў, В.Л.Насевіч, В.У.Скалабан, М.А.Ткачоў, М.М.Улашчык, Ю.А.Якімовіч і інш.Гл. таксама Краязнаўства.
Літ.:
Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ САВЕ́ЦКАГА САЮ́ЗА (КПСС),
палітычная арганізацыя, якая з кастр. 1917 была кіруючай у РСФСР, з 1922 да ліст. 1991 — у Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Яе сац. база — рабочы клас і бяднейшае (потым калгаснае) сялянства, тэарэт. аснова — марксізм-ленінізм. Бярэ пачатак з Першага з’езда РСДРП (13—15.3.1898, Мінск), фактычна — з узнікнення бальшавіцкай плыні ў РСДРП на II яе з’ездзе (30.7—23.8.1903, Брусель—Лондан). У бальшавізме сканцэнтравалася сутнасць таго марксізму, які аказаўся прымальным ва ўмовах Расіі. З канца 20-х г. ён стаў асаблівай якасцю, кодэксам паводзін, спосабам ажыццяўлення марксізму, што вызначыла такія яго рысы, як крайні цэнтралізм, аднадумства тэарэт. дагматызм, радыкальныя формы рэв. барацьбы. Арганізацыйна бальшавіцкая партыя аформілася на VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (18—30.1.1912). Поўнасцю і канчаткова выйшла з сумесных з меншавікамі арг-цый РСДРП пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. 1-я Праграма партыі, прыпятая на II з’ездзе РСДРП, складалася з праграмы-мінімум і праграмы-максімум, якія вызначылі бурж.-дэмакр. і сацыяліст. этапы рэв. барацьбы: звяржэнне самадзяржаўя, перарастанне бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, пабудова сацыяліст. грамадства — 1-й ступені камуніст.сац.-эканам. фармацыі. У ходзе рэвалюцыі 1905—07 у Расіі бальшавікі актыўна падтрымалі створаныя рэв. ініцыятывай іванава-вазнясенскіх рабочых Саветы рабочых дэпутатаў, выступілі за ператварэнне іх у органы ўзбр. паўстання, зародак новай рэв. улады. Памылкова спадзеючыся на рэв. ўздым, бальшавікі байкатавалі выбары ў 1-ю і 2-ю Дзяржаўную думу. З 1907 свой удзел у Думе яны разумелі як адну з форм выкрыцця царскага ўрада і палітыкі лібералізму. Пазадумская барацьба заставалася для бальшавікоў асноўнай. На V з’ездзе РСДРП (13.5—1.6.1907, Лондан) замест Цэнтр.к-та (ЦК) і Цэнтр. органа (ЦО) выбраны толькі ЦК (з 12 членаў ЦК было абрана 5 бальшавікоў і 7 меншавікоў). Пасля з’езда бальшавікі на сваёй нарадзе стварылі Бальшавіцкі цэнтр на чале з У.А.Леніным, які выпускаў газ. «Пролетарий» (1906—09). У канцы 1910 бальшавікі разам з меншавікамі-партыйцамі наладзілі выпуск у Расіі легальнай газ. «Звезда». 22.4(5.5).1912 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газ.«Правда». З пач. 1-й сусв. вайны (1.8.1914) бальшавікі заклікалі да ператварэння імперыяліст. вайны ў грамадзянскую, да дэмакр. рэвалюцыі ў Расіі. Адсюль вынікаў тактычны лозунг — паражэнне свайго ўрада ў вайне. У жн. 1915 Ленін прапанаваў замяніць марксісцкае палажэнне аб адначасовай перамозе сацыялізму ва ўсіх ці ў большасці капіталіст. краін новым палажэннем, паводле якога «магчыма перамога сацыялізму першапачаткова ў нямногіх або нават у адной, асобна ўзятай капіталістычнай краіне». У пач. 1917 у партыі бальшавікоў налічвалася каля 24 тыс. членаў. Бальшавікі мелі свае арг-цыі ва ўсерас. маштабе і адзіны цэнтр — Рус.бюроЦК. Пасля перамогі 27 лют. (12 сак.) Лют. рэвалюцыі 1917 у Расіі ўзніклі 2 улады: Часовы ўрад і Петраградскі Савет, у выканкоме якога большасць склалі меншавікі. Вярнуўшыся з-за мяжы, Ленін на Красавіцкай канферэнцыі РСДРП бальшавікоў Петраграда прапанаваў праграму дзеянняў у новых умовах («Красавіцкія тэзісы»): пераход ад бурж.-дэмакр. да сацыяліст. этапу рэвалюцыі, стварэнне рэспублікі Саветаў, мірны пераход улады да Саветаў, братанне на фронце, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсіх зямель у краіне і інш. Петраградская канферэнцыя ўхваліла тэзісы. Супраць выступілі Л.Б.Каменеў і А.А.Рыкаў. VII (Красавіцкая) Усерас. канферэнцыя РСДРП(б) [24—29.4(7—12.5).1917, Петраград] па прапанове Леніна прыняла курс на сацыяліст. рэвалюцыю, разлічаны на пераход усёй дзярж. улады ў рукі Саветаў і ператварэнне іх у органы дыктатуры пралетарыяту. VI з’езд РСДРП(б)[26.7—3.8(8—16.8).1917, Петраград] пацвердзіў курс на сацыяліст. рэвалюцыю ў краіне праз узбр. паўстанне. 10(23) кастр. ў Петраградзе ЦК. прыняў рашэнне аб практычнай яго падрыхтоўцы. 16(29) кастр. пры Петраградскім Савеце быў створаны Ваен.-рэв. цэнтр з членаў ЦК. 24 кастр. (6 ліст.) Пецярбургскі к-т прыняў пастанову аб неадкладным звяржэнні Часовага ўрада і перадачы ўлады Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 25 кастр. (7 ліст.) Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 перамагла. У звароце «Да грамадзян Расіі!» Ленін выклаў праграму: дэмакр. мір, адмена памешчыцкай уласнасці на зямлю, рабочы кантроль над вытворчасцю, стварэнне Сав. ўрада. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10(7—9.11).1917, Петраград) выбраў Савет Народных Камісараў (СНК) з бальшавікоў на чале з Леніным, прыняў Дэкрэты аб міры і зямлі. Да вясны 1918 улада Саветаў усталявалася амаль усюды. VIII з’езд РКП(б) (18—23.3.1919, гэты і ўсе наступныя з’езды адбываліся ў Маскве) прыняў новую Праграму, у якой адзіным сродкам выхаду са створанага імперыялізмам тупіка і імперыяліст. вайны абвяшчалася толькі пралетарская, камуніст. рэвалюцыя. Рабілася стаўка на развіццё буйной прам-сці і с.-г. вытв-сці, пралетарскай дэмакратыі ў форме сав. улады як «вышэйшага тыпу дэмакратызму». X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) па ініцыятыве Леніна прыняў рашэнне аб пераходзе ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі (нэп), аб замене харчразвёрсткі харчпадаткам. З’езд забараніў у РКП(б) фракцыйную дзейнасць. Погляды апазіцыі павінны былі падпарадкоўвацца рашэнню большасці. У крас. 1922 пленум ЦК выбраў Ген. сакратаром ЦК партыі І.В.Сталіна. 6.10.1922 пленум ЦК РКП(б) прыняў рашэнне «прызнаць неабходным заключэнне дагавора паміж Украінай, Беларуссю, Федэрацыяй Закаўказскіх рэспублік і РСФСР аб аб’яднанні іх у «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», які быў створаны 30.12.1922 на I з’ездзе Саветаў СССР. У адпаведнасці з пастановай XII з’езда РКП(б) (17—25.4.1923) у краіне ўсталёўвалася дыктатура партыі, а да 1929 — сістэма наменклатуры ўліку і размеркавання пасад і кадраў. Апошняя стала ключавым звяном вяршэнства партыі над дзяржавай, фарміравання рэжыму асабістай улады Сталіна. З 1925 парт. органы прыступілі да выканання пастаўленай XIV з’ездам ВКП(б) (18—31.12.1925) задачы сацыяліст.індустрыялізацыі краіны з мэтай забеспячэння яе эканам. самастойнасці, умацавання абараназдольнасці, стварэння матэрыяльнай базы сацыялізму. На ліпеньскім (1928) пленуме ЦКВКП(б) Сталін заявіў, што «па меры нашага руху наперад супраціўленне капіталістычных элементаў будзе ўзрастаць, класавая барацьба будзе абвастрацца». Гэты тэзіс стаў тэарэт. абгрунтаваннем масавых рэпрэсій палітычных, якія пачалі разгортвацца ў краіне. У пач. 1930-х г. планавалася завяршыць калектывізацыю сельскай гаспадаркі і ліквідаваць кулацтва як клас. Парт. органы сканцэнтравалі ў сваіх руках вырашэнне важнейшых пытанняў, увялі кантроль над усімі сферамі жыцця насельніцтва, устанавілі ідэалаг. дыктат камуніст. дактрыны. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР спынілі дзейнасць інш.паліт. партыі. Камуніст. партыя ператварылася ў ядро грамадскіх арг-цый і дзярж. улады, што было замацавана ў Канстытуцыі СССР 1936. XVIII з’езд ВКЛ(б) (10—21.3.1939) канстатаваў, што сацыялізм у краіне ў асноўным пабудаваны і СССР уступіў у паласу завяршэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства. У маі 1941 Сталін, застаючыся сакратаром ЦК, прызначаны і Старшынёй СНКСССР. З першых дзён Вял.Айч. вайны парт. і дзярж. органы ўзначалілі барацьбу сав. народа супраць фаш. агрэсіі. Сакратар ЦКВКП(б) Сталін прызначаны і Старшынёй Дзярж.к-та абароны і Вярх. Галоўнакамандуючым. Больш за палову членаў партыі змагаліся з ворагам у дзеючай арміі, 140 тыс. — у партыз. атрадах і брыгадах. У краіне сфарміравалася скаардынаваная сістэма аб’яднанага парт., дзярж., гасп. і ваен. кіраўніцтва. На XIX з’ездзе партыі (5—14.10.1952) ВКП(б) перайменавана ў КПСС. На вераснёўскім (1953) пленуме ЦККПСС Першым сакратаром ЦК выбраны М.С.Хрушчоў. Па выніках даклада Хрушчова на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС (14—25.2.1956) «Аб кульце асобы і яго выніках» ЦККПСС 30.6.1956 прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». XXII з’езд КПСС (17—31.10.1961) прыняў 3-ю Праграму партыі — праграму будаўніцтва камунізму. На кастрычніцкім (1964) пленуме ЦККПСС Хрушчоў вызвалены ад усіх пасад, першым сакратаром абраны Л.І.Брэжнеў. У 2-й пал. 1960-х г.КПСС прыняла і пачала праводзіць у жыццё эканам. рэформу, скіраваную на інтэнсіфікацыю эканомікі, паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу. У пач. 1970-х г. было адзначана, што ў СССР пабудавана развітое сацыяліст. грамадства. XXIII з’езд КПСС (29.3—8.4.1966) аднавіў пасаду Ген. сакратара ЦККПСС, скасаваную ў 1953. У чэрв. 1977 Ген. сакратар ЦККПСС Брэжнеў выбраны адначасова Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У ліст. 1982 Ген. сакратаром ЦК КЛСС выбраны Ю.У.Андропаў, у маі 1984 — К.У.Чарненка (з красавіка ён быў і Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У сак. 1985 Ген. сакратаром ЦККПСС абраны М.С.Гарбачоў. Па яго ініцыятыве КПСС пачала перабудовупарт., сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. XXVII з’езд КПСС (26.2—6.3.1986) прыняў новую рэдакцыю Праграмы партыі — праграму планамернага і ўсебаковага ўдасканалення сацыялізму, у якой замацавана канцэпцыя, што КПСС дзейнічае ў рамках Канстытуцыі СССР. 17.6.1986 пленум ЦК зацвердзіў «Асноўныя палажэнні карэннай перабудовы кіравання эканомікай», якія прадугледжвалі перанясенне цэнтра цяжару з пераважна адміністрацыйных на пераважна эканам. метады кіраўніцтва, шырокую дэмакратызацыю грамадства. На XIX Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (28.6—1.7.1988) прынята рашэнне аб раздзяленні функцый паміж партыяй і Саветамі. 29.7.1988 пленум ЦК утварыў камісію на чале з Гарбачовым для падрыхтоўкі прапаноў па рэформе паліт. сістэмы сав. грамадства. 25.5.1989 з’езд нар. дэпутатаў СССР выбраў Ген. сакратара Гарбачова Старшынёй Вярх. Савета СССР, а 15.3.1990 — Прэзідэнтам СССР. 3-і Нечарговы з’езд нар. дэпутатаў СССР (сак. 1990) выключыў з Канстытуцыі СССР артыкулы, якія вызначалі КПСС як ядро паліт. сістэмы СССР. У снеж. 1989 XX з’езд Кампартыі Літвы аб’явіў КПЛ самастойнай паліт. арг-цыяй, у крас. 1990 адбыўся Устаноўчы з’езд Кампартыі РСФСР. XXVIII з’езд КПСС (2—13.7.1990) прыняў пастанову аб падрыхтоўцы новай Праграмы КПСС. 25.7.1991 пленум ЦККПСС зацвердзіў праект новай Праграмы КПСС «Сацыялізм, дэмакратыя, прагрэс» і прыняў рашэнне аб скліканні нечарговага XXIX з’езда партыі. Пасля выступлення 19—21.8.1991 Дзярж.к-та па надзвычайным становішчы Прэзідэнт РСФСР Б.М.Ельцын і Ген. сакратар ЦККПСС Гарбачоў 6.11.1991 выдалі сумесны дакумент аб роспуску КПСС, і яна спыніла існаванне. Перастала існаваць як састаўная частка КПСС і Камуністычная партыя Беларусі. У далейшым у краінах СНД былі створаны камуністычныя партыі, якія лічаць сябе ідэйнымі пераемнікамі КПСС, у ліку іх КПБ, ПКБ, КПРФ, КПУ і інш.
Літ.:
История ВКП(б): Краткий курс [2 изд.]. М., 1945;
Джилас М. Новый класс: Анализ коммунистической системы: Пер. с англ. Нью-Йорк. 1958;
История Коммунистической партии Советского Союза: В 6 т.Т. 1—5. М., 1964—82;
Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК. Т. 1—15. 9 изд. М., 1983—89;
Страницы истории КПСС: Факты. Проблемы. Уроки. М., 1988;
Страницы истории КПСС: Факгы. Проблемы. Уроки. М., 1989;
Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Восленский М. Номенклатура: Господствующий класс Советского Союза. М., 1991;
Рассел Б. Практика и теория большевизма: Пер. с англ.М., 1991;
История политических партий России. М., 1994;
Божанов В.А. Восхождение к абсолютной власти (большевики и советское государство в 20-е гг.). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Мінску і яго наваколлі. Узнікла і развівалася па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў, рабочых, ІТР, студэнтаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Станоўчую ролю ў стварэнні падп. груп і арг-цый адыграла дзейнасць Л.Я.Адзінцова, У.С.Амельянюка, І.Дз.Будаева, С.І.Зайца, І.К.Кавалёва, Дз.А.Караткевіча, А.Л.Коцікава, Ф.С.Кузняцова, С.В.Сержановіча, І.Г.Сцяпуры, б. вайскоўцаў Я.К.Горыцы, П.П.Суравягіна. У ліку першых утварыліся групы на чыг. вузле (А.Дз.Балашоў, Ф.К.Жавалёў, І.І.Івашчонак, Кузняцоў, В.С.Купрыянава, К.А.Паўлечка, Сцяпура і інш.), у раёне Камароўкі (С.К. і У.С.Амельянюкі, В.С.Жудро, Заяц, А.В.Каліноўскі, А.П.Макаранка, І.М.Цімчук, М.А.Шугаеў), у Кастрычніцкім раёне з б. работнікаў рэсп. канторы Белнафтазбыту (К.Дз.Грыгор’еў, А.Л.Зубкоўскі, І.П.Жазінец, В.К.Нікіфараў, Г.М.Сямёнаў і інш.), з выкладчыкаў і студэнтаў юрыд. ін-та (М.Ф.Малаковіч, М.Б.Осіпава, А.А.Сакалова). Падполле фарміравалася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Патрыёты вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты, што паступалі з тылу, выводзілі са строю абсталяванне на вытворчасці, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. Восенню 1941 пры актыўным удзеле ўпаўнаважанага ЦККП(б)Б І.К.Кавалёва створаны Мінскі падп. гарком КП(б)Б і Ваен. савет партыз. руху (ВСПР). У склад гаркома ўваходзілі Кавалёў (сакратар), Грыгор’еў, Жудро, Заяц, Казінец, Коцікаў, Нікіфараў, І.І.Рогаў, Сямёнаў. Стварэнне гаркома завяршыла аб’яднанне падп. груп і арг-цый горада ў адно арганізац. цэлае. У кастр.—снеж. 1941 гарком даў жыццё першым на Міншчыне партыз. атрадам «Дзядзькі Васі», Сяргеева, Пакроўскага. Па яго заданнях збіраліся звесткі пра размяшчэнне ў горадзе і наваколлі ваен. аб’ектаў, штабоў, складоў, бензабаз ворага, наладжваліся сувязі з надзейнымі людзьмі на перыферыі, арганізоўваліся ўладкаванне б. ваеннаслужачых на работу, матэрыяльная дапамога падпольшчыкам. Найб. важныя звесткі перапраўляліся ў партыз. атрады, адтуль — за лінію фронту. У пач. 1942 ВСПР аб’ядноўваў больш за 300 чал., ажыццяўляў кантакты з партыз. атрадамі, што дзейнічалі ў Дзяржынскім, Заслаўскім, Лагойскім, Плешчаніцкім і Рудзенскім р-нах; з яго ўдзелам створана некалькі атрадаў, куды савет накіроўваў камандзіраў і палітработнікаў. У канцы 1941 гарком і ВСПР арганізавалі першую падп. друкарню, дзе выпускаўся перыяд. лісток «Вестник Родины», зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; у маі 1942 выйшаў 1-ы нумар падп.газ.«Звязда» (рэд. У.Амельянюк, 2—4-га нумароў — Я.М.Савіцкая). У 1941 у Мінску і наваколлі дзейнічала каля 50 падп. груп і арг-цый (больш за 2 тыс.чал.): на Балотнай станцыі, плодаагародніннай базе № 1, цагельным з-дзе № 1, ст. Мінск-Таварная, у гаражы Мінгаруправы, у в. Прылепы, група студэнтаў і выкладчыкаў юрыд. ін-та, у паравозным дэпо, на вагонарамонтным з-дзе, на ЦЭЦ-2, Старажоўскай хлебапякарні, цагельных з-дах № 2 і 3, на Грушаўскім пасёлку, цвіковым з-дзе, у інфекц. бальніцы, «Вера», на гарбарным і станкабуд. з-дах, у медпункце і на чыг. ст. Мінск-Пасажырскі, у Доме друку, Доме ўрада, на Пугачоўскім зав., у аптэцы № 1, на піўзаводзе, на чыг. вузле, у в. Ліпкі, ваен. гарадку Сцяпянка, у раёне вуліц Калгаснай, Маладзечанскай, Саўгаснай і Старавіленскай, на хлебзаводзе «Аўтамат», у друкарні Дома друку, на малочным з-дзе, хімфармзаводзе, на дрожджа-патачным з-дзе, «Красворд», на мэблевай ф-цы па вул. Апанскага, група настаўнікаў, на складзе бухгалтарскіх бланкаў, група Лагойскага падп. райкома КП(б)Б, у раёне вуліц Р.Люксембург і К.Лібкнехта, на радыёзаводзе, у гаражы гаруправы, «Каўказ», медработнікаў, арг-цыя «Андруша». У складзе М.п.п. з ліп. 1941 дзейнічала камсам.-маладзёжнае падполле (кіраўнік С.А.Благаразумаў), створанае гаркомам КП(б)Б і структурнымі органамі ЛКСМБ: на радыёзаводзе, вагонарамонтным, гарбарным, цвіковым з-дах, на Балотнай станцыі, на чыг. вузле, арг-цыя «Андруша» (больш за 60 чал.). У снеж. 1942 пасля арышту і пакарання смерцю Благаразумава Мінскі падп. міжрайком ЛКСМБ стварыў Мінскі падп. гарком ЛКСМБ (дыслацыраваўся ў Заслаўскім р-не), які праз сувязных узначаліў маладзёжны падп. рух у Мінску. У першыя месяцы пасля стварэння гета (19.7.1941) яго вязні стварылі «дзесяткі» і інш. групы, якія адыгралі важную ролю ў наладжванні сувязі з гар. падполлем, арганізацыі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі падполлю і партызанам, зборы сакрэтнай інфармацыі, перапраўцы вязняў у партызаны.
Гарком і ВСПР сваю дзейнасць накіроўвалі ў адпаведнасці з падзеямі на фронце: у снеж. 1941, у час бітвы пад Масквой, група падпольшчыкаў учыніла дыверсію, у выніку якой на 10 дзён спыніўся рух ням. эшалонаў на фронт; на ЦЭЦ-2 зрывалі падачу электраэнергіі на ваен. аб’екты ворага (выводзілі са строю абсталяванне, зацягвалі яго рамонт, сапсавалі прылады гал. пульта). Недастатковая канспірацыя ў арганізацыі некаторых аперацый прывяла ў сак. 1942 да арышту і гібелі кіраўнікоў (П.І.Антохін, Рогаў) і многіх членаў ВСПР і да спынення дзейнасці гэтай арг-цыі. У сак.—крас. ахвярамі ням. рэпрэсій сталі члены арг-цый і груп падполля, вязні гета. Пасля катаванняў 7.5.1942 публічна пакараны смерцю 28 кіраўнікоў і актывістаў, у т. л.чл. гаркома Казінец, Заяц, Сямёнаў, расстраляны 251 падпольшчык. Але актыўная барацьба з акупантамі працягвалася. У пач. мая на канспіратыўнай кватэры М.П.Дразда адбылася нарада актыву падполля з 14 чал., на якой вырашаліся пытанні ўдасканалення арганізац. структуры і канспірацыі падполля. У склад гаркома давыбраны У.Амельянюк (пасля яго гібелі К.І.Хмялеўскі) і Караткевіч, выйшаў са складу Грыгор’еў Былі створаны 5 падп.гар. райкомаў КП(б)Б: Варашылаўскі (сакратар Шугаеў), Кастрычніцкі (Хмялеўскі, з вер. М.К.Каржанеўскі), Сталінскі (Н.Я.Герасіменка), Тэльманаўскі (раён гета, М.Л.Гебелеў), Чыгуначны (Коцікаў, з вер. І.І.Матусевіч). Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле гаркома адноўлена і пашырана сетка падп. арг-цый. З удзелам падпольшчыкаў да 1943 створана каля 20 партыз. атрадаў, брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», «Штурмавая». У выніку прапагандысцкай работы падпольшчыкаў 357 чал. з укр. ахоўных батальёнаў, больш за 150 салдат-антыфашыстаў (бельгійцы, немцы, палякі, сербы, славакі і інш.) перайшлі да партызан. Падпольшчыкі сістэматычна адпраўлялі партызанам зброю, выбуховыя прылады, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, паперу, соль, вопратку, бінты і інш., у т. л. члены падп. арг-цыі на Грушаўскім пас. і хлебазаводзе «Аўтамат» адвезлі брыгадзе Нікіціна машыну з хлебам; з хімзавода ў 11 атрадаў перадалі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы; з гарбарнага з-да тром атрадам — больш за 100 кажухоў, футравых безрукавак, некалькі соцень аўчынных шапак, рукавіц, 13 шавецкіх машын; са станкабуд. з-да вывозілі сакрэтную тэхн. дакументацыю; па заданні гаркома ў бюро пропускаў гар. камісарыята каля 2 гадоў працаваў З.З.Гала, які забяспечваў нелегалаў бланкамі пропускаў, узорамі ням. пячатак, подпісаў, папярэджваў пра аблавы і інш. карныя мерапрыемствы акупантаў; прафесар Я.У.Клумаў разам з інш. медыкамі лячыў параненых патрыётаў, забяспечваў падполле і партызан медыкаментамі, хірург. інструментам, поўнасцю абсталяваў 2 партыз. шпіталі. Ва ўзаемадзеянні з партызанамі падпольшчыкі правялі шэраг дыверсій у авіямайстэрнях, на станкабуд. і хіміка-фармацэўтычным з-дах, чыг. вузле, прыводзілі ў непрыгоднасць на складах акупантаў харч. прадукты, парушалі тэлефонную сувязь і інш. Пад уплывам гаркома дзейнічалі Дзяржынскае патрыятычнае падполле, Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле. У канцы 1942 — пач. 1943 пасля жорсткіх допытаў загінулі сакратар гаркома Кавалёў, чл. гаркома Караткевіч, Хмялеўскі, Нікіфараў, сакратары гаррайкомаў Герасіменка, Каржанеўскі, Матусевіч, Шугаеў, шмат актывістаў падполля. З вер. 1942 (час арышту кіраўнікоў падполля) да вер. 1943 у Мінску не існавала адзінага падп. кіруючага цэнтра. Партызаны выходзілі на падполле праз сувязных. У крас. 1943 акупанты правялі карную аперацыю «Чароўная флейта», у адказ на якую падпольшчыкі ўчынілі шэраг дыверсій на прадпрыемствах горада. У час Курскай бітвы 1943 чыгуначнікі затрымалі і пашкодзілі 155 паравозаў. Пасля вял. страт у антыфаш. руху Мінска ў 1943 ЦККП(б)Б, падп. Мінскі абком, Мінскі і Слуцкі міжрайкомы, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі райкомы, камандаванне партыз. фарміраванняў, што былі звязаны з М.п.п., прынялі дадатковыя меры для працягу антыфаш. барацьбы. 29.9.1943 ЦККП(б)Б зацвердзіў прапанову Мінскага падп. абкома пра стварэнне Мінскага падп. гаркома КП(б)Б (сакратары С.К.Ляшчэня, Г.М.Машкоў, І.П.Паромчык, базіраваўся ў партыз. зоне пры спецатрадзе НКДБСССР «Мясцовыя»), які накіроўваў дзейнасць падполля ў горадзе праз спец.партыз. сувязных. 22.9.1943 падпольшчыцы А.Р.Мазанік, Осіпава, Н.В.Траян здзейснілі падрыхтаванае падполлем знішчэнне ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Восенню 1943 акупанты правялі ў горадзе новыя карныя мерапрыемствы, у т. л. амаль поўнасцю знішчылі гета. Да канца 1943 сетка падп. утварэнняў ахапіла амаль увесь горад. Узніклі падп. групы на хлебазаводзе «Аўтамат», у Кастрычніцкім р-не, чыг. упраўленні па вул. Апанскага, на вул. Грушаўскай, з работнікаў грабянёвай ф-кі, гаруправы, хлебазавода № 1, Бел. тэатра, на чыг. вузле, «Першыя», «Суседзі», «Чацвёртыя», «Родныя», «Юрый», «Мсцівец», «Актыўныя», «Артур», арг-цыі «Танюша» на радыёзаводзе, вул. Грунтавая, «Зубілкін», «Галя», «Тамара», «Таццяна», «Роберт», «Адам», «Крылоў», «Вырві вока», «Віктар», «Уладзімір». Толькі ў 1944 у горадзе было зарэгістравана больш за 60 дыверсій, учыненых падпольшчыкамі. За час акупацыі ў горадзе дзейнічала больш за 90 падп. груп і арг-цый (6355 чал.), існавала больш за 200 канспіратыўных кватэр; падпольшчыкі правялі больш за 1500 баявых аперацый. У перыяд адступлення захопнікаў падпольшчыкі перашкаджалі ім у знішчэнні прамысл. і адм. будынкаў, вывазе і знішчэнні нарабаванай маёмасці і харч. прадуктаў. За гераізм і мужнасць у барацьбе супраць ням.-фаш. акупацыі У.С.Амельянюку, І.П.Казінцу, Я.У.Клумаву, І.К.Кабушкіну, М.А.Кедышку, А.Р.Мазанік, М.Б.Осіпавай, Н.В.Траян прысвоена званне Героя Сав. Саюза, каля 600 чал. узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 26.6.1974 Мінску нададзена ганаровае званне «Горад-герой». Імёнамі падпольшчыкаў Адзінцова, Амельянюка, Гала, Герасіменкі, Дразда, Жудро, І.К.Кабушкіна, Кавалёва, Казінца, Караткевіча, Каржанеўскага, М.А.Кедышкі, Клумава, А.М.Ляўкова, Матусевіча, Сямёнава, Хмялеўскага, В.Д.Шацько названы вуліцы Мінска. Месцы, звязаныя з дзейнасцю падполля і гібеллю падпольшчыкаў, адзначаны мемар. знакамі.
Літ.:
О партийном подполье в Минске в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944 гг.). Мн., 1961;
Савицкая Я.М. Бойцы подпольного фронта. Мн., 1982;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;
Лещеня С.К. С паролем горкома. 2 изд. Мн., 1988;
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.
Я.І.Бараноўскі, І.М.Ігнаценка.
Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Помнік падпольшчыкам у Цэнтральным скверы.Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Мемарыяльная дошка на вул. Караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫ́СТЫКА (ням. Statistik ад лац. status стан),
1) від грамадскай дзейнасці, скіраванай на атрыманне, апрацоўку і аналіз інфармацыі, якая характарызуе колькасныя заканамернасці жыцця грамадства ва ўсёй яго разнастайнасці (тэхн.-эканам., сац.-эканам., сац.-паліт. з’явы, культура).
2) Галіна грамадскай навукі, якая вывучае і сістэматызуе паказчыкі найб. тыповых масавых эканам., сац., паліт. з’яў і працэсаў, іх змены з цягам часу, надаючы ім лічбавае выражэнне.
Пачатак стат. практыкі адносіцца да часоў узнікнення дзяржавы. Элементарны ўлік зямель і насельніцтва вёўся ўжо ў стараж. Кітаі, Індыі, Егіпце, Грэцыі, Рыме, дзе перыядычна праводзілі перапісы насельніцтва і зямельных угоддзяў. З 16 ст. ў Францыі пачала складвацца гандлёвая С., у Англіі выдаваліся афіц. прэйскуранты і апісанні асобных дзяржаў з мноствам стат. звестак. У Зах. Еўропе пашырылася дэмаграфічная С. У Расіі стат. звесткі змяшчалі ў пісцовых кнігах, матэрыялах рэвізій. У 1811 пры Мін-ве паліцыі створана стат. аддзяленне, у 1852 створаны стат. к-т (перайменаваны ў 1859 у Цэнтр. стат. к-т) і стат. к-ты ў губернях. У ВКЛ праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага (першы попіс адбыўся ў 1528), вяліся інвентары маёнткаў і тарыфаў падымнага падатку (гл. Падымнае). У 1764—94 дзейнічала Камісія скарбовая ВКЛ. Збору стат. матэрыялаў спрыяла ўведзеная на Беларусі земская статыстыка. Заснавальнікам стат. навукі лічыцца англ. вучоны-эканаміст У.Пеці, які ў працы «Палітычная арыфметыка» (1683) вызначыў С. як апісальную навуку. Сістэм. выкарыстанне матэм. метадаў пры апрацоўцы стат. звестак увёў бельг. вучоны А.Кетле, які арганізаваў 1-ы міжнар. стат. кангрэс (1853). У Расіі навук. С. з’явілася ў 1770-я г. ў выглядзе «дзяржавазнаўства», прыхільнікі якога гал. задачай лічылі комплекснае апісанне дзяржаў (М.М.Шчарбатаў). Уклад у С. зрабілі К.Ф.Герман (1767—1838), Ю.Э.Янсан (1835—1893), Д.П.Жураўскі, А.Ч.Чупроў (1842—1908) і інш. У 1820—40-я г. выдадзены першыя стат. табліцы аб стане гарадоў, некалькі зборнікаў стат. звестак па Рас. імперыі. Губ. стат. к-ты выдавалі памятныя кніжкі і агляды губерняў, у якіх змяшчалі сабраную рознымі ведамствамі і апрацаваную С. прам-сці, землеўладання, с.-г., дэмагр., мед., адукацыі, судовую, пра склад і рух насельніцтва, стан гандлю, шляхоў зносін, сродкаў сувязі і інш. Памятныя кніжкі Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губ. пачалі выходзіць з 1860, Магілёўскай — з 1861; агляды — Магілёўскай губ. з 1878, Гродзенскай — з 1879, Віцебскай і Мінскай — з 1881. Першай стат. установай у БССР было Цэнтр. стат. бюро (з 1920), рэарганізаванае ў 1924 у Цэнтр. стат. ўпраўленне (ЦСУ) БССР.
З утварэннем Рэспублікі Беларусь сістэма дзярж. С. перабудавана. Удасканальваюцца метады збору інфармацыі і вядзення колькаснага аналізу грамадскіх працэсаў ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі; пашыраецца супрацоўніцтва з замежнымі стат. органамі, з Еўрастатам, Сусв. банкам, Міжнар. валютным фондам і інш. У 1992 прынята спец. праграма пераходу на міжнар. сістэму С. і ўліку. У 1994 створана Мін-ва С. і аналізу Рэспублікі Беларусь. Працуюць абласныя і Мінскае гар. ўпраўленні, ва ўсіх раёнах і буйных гарадах — аддзелы дзярж. С., якія дзейнічаюць на аснове Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай статыстыцы» (1997). У 1998 створана Бел. стат. асацыяцыя, якая аб’ядноўвае спецыялістаў, занятых у С., і ставіць за мэту папулярызацыю стат. ведаў, пашырэнне прафес.міжнар. сувязей. Кадры ў галіне С. рыхтуюць у БДУ і Бел.дзярж.эканам. ун-це.
Своеасаблівае становішча С. ў сістэме навук вызначае яе арган. сувязь з навук. дысцыплінамі, якія вывучаюць асн. заканамернасці і якасныя асаблівасці розных з’яў і працэсаў у жыцці грамадства (эканам. тэорыя, гісторыя, сацыялогія, матэматыка і інш.). Больш вядома С. як галіна практычнай дзейнасці. Практычная С. складаецца з агульнай тэорыі С., макраэканам. С. і С. галін эканомікі. Агульная тэорыя С. раскрывае метадалагічныя асновы арганізацыі назіранняў за масавымі з’явамі і працэсамі, сукупнасць метадаў апрацоўкі стат. звестак. Мнагамерны стат. аналіз (МСА) дазваляе апрацоўваць звесткі, якія характарызуюцца мноствам адзнак. Макраэканамічная С. — метадалагічны інструментарый для макраўзроўневага адлюстравання і аналізу эканомікі. Цэнтральнае месца ў ёй займае сістэма нацыянальных рахункаў. С. галін эканомікі — метадалагічны інструментарый і сістэма арганізац. мерапрыемстваў, які забяспечваюць збор, апрацоўку і звядзенне інфармацыі па галінах эканомікі (прам-сці, сельскай гаспадаркі, транспарту і інш.). Адрозніваюць таксама віды С., якія інтэгруюць паказчыкі розных галін (сац., працы, знешняга гандлю, матэрыяльных рэсурсаў і інш.). Асобнае месца займае С. дамашняй гаспадаркі і дэмаграфічная.
С. насельніцтва (дэмаграфічная) даследуе працэсы натуральнага і мех. руху насельніцтва. Вывучае яго колькасць і склад паводле полу, узросту, сямейных адносін, нацыянальнасці, адукацыі, размяшчэнне на тэр. краіны і яго міграцыю; аналізуе фактары дэмаграфічных працэсаў (нараджальнасць, смяротнасць, шлюбы і разводы, працягласць жыцця і інш.). Найб. дакладныя і падрабязныя звесткі пра колькасць, склад, размяшчэнне насельніцтва, яго дэмаграфічныя, эканам. і сац. характарыстыкі дае ўсеагульны перапіс насельніцтва. У прамежках паміж перапісамі крыніцамі стат. звестак з’яўляюцца бягучыя рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, дамавыя кнігі і інш.
С. працы даследуе наяўнасць, склад і выкарыстанне прац. рэсурсаў, у т. л. колькасны склад рабочых і служачых, арганізацыю выкарыстання рабочага часу, узровень і дынаміку аплаты працы, прадукцыйнасць працы, баланс прац. рэсурсаў і вартасць рабочай сілы.
С. ўзроўню жыцця насельніцтва і сацыяльнай сферы даследуе жыццёвы ўзровень народа і параўноўвае яго з інш. краінамі. Яна фарміруецца на аснове аналізу паказчыкаў жыл.-камунальнай гаспадаркі, сац. абароны, аховы здароўя, грамадскага харчавання, гандлю, транспарту, сувязі, культуры, адукацыі, навукі і інш. Сістэма паказчыкаў уключае велічыню даходаў і спажыванне на душу насельніцтва прадуктаў харчавання (і іх структуру) і непрадуктовых тавараў, паслуг сувязі, транспарту, устаноў аховы здароўя, культуры, грамадскага харчавання і гандлю, умовы жылля, працы і зарплаты, выкарыстанне вольнага часу і інш.Традыц. стат. даныя дапаўняюцца звесткамі спец. сацыялагічных абследаванняў, ацэнкамі экспертаў.
С. прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя вывучае велічыню, склад і выкарыстанне запасаў карысных выкапняў і аналізуе стан аховы навакольнага асяроддзя (атм. паветра, водныя, зямельныя, лясныя рэсурсы, жывёльны і раслінны свет). Уключае паказчыкі геалогіі і разведкі нетраў, лясной і воднай гаспадаркі, прыродаахоўнай дзейнасці розных галін эканомікі. Выкарыстоўваецца пры распрацоўцы дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні і рацыянальным выкарыстанні кампанентаў навакольнага асяроддзя, для кантролю за выкананнем гэтых мерапрыемстваў і пры планаванні буд-ва новых вытв. аб’ектаў (гл. таксама Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова прыроды, Ахова раслін), а таксама пры распрацоўцы Сістэмы эколага-эканам. ўліку (СЭЭУ), якая дазваляе на міжнар. узроўні ацэньваць эканам. эфект узаемаадносін грамадства і навакольнага асяроддзя.
С. нацыянальнага багацця даследуе і вядзе ўлік матэрыяльных і нематэрыяльных актываў, якімі валодае краіна і яе замежныя рэзідэнты. Адрозніваюць: вырабленыя нефін. актывы (асн. і абаротныя сродкі, каштоўнасці, маёмасць насельніцтва і інш.); нявырабленыя нефін. актывы (зямля, нетры, натуральныя біял., водныя рэсурсы і інш.); фін. актывы (манетарнае золата, грашовая наяўнасць, дэпазіты, акцыі і інш. каштоўныя паперы, спец. правы запазычання). Сістэма паказчыкаў: аб’ём і кампанентны склад нац. багацця, выкарыстанне і яго эфектыўнасць, працэс узнаўлення. Асн. палажэнні па класіфікацыі і ўліку нац. багацця змяшчае ў сабе сістэма нац. рахункаў.
С. прамысловасці даследуе працэсы і з’явы па галінах і рэгіёнах (аб’ём, структура і якасць вырабленай прадукцыі, яе рэалізацыя, запасы, рытмічнасць вытв-сці і інш.; фін. вынікі вытв. і камерцыйнай дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў; умовы вытв. дзейнасці, у т. л. наяўнасць і выкарыстанне матэрыяльных і прац. рэсурсаў, аплата працы і яе прадукцыйнасць, укараненне дасягненняў навукі і тэхнікі і інш.
С. сельскай гаспадаркі вывучае працэсы і з’явы ў с.-г. вытв-сці. Дае магчымасць рабіць вывады пра стан і развіццё галіны, пра мэтазгоднасць існуючага размеркавання вытв-сці с.-г. прадукцыі па тэрыторыях і гаспадарках, ацэньваць узровень канцэнтрацыі і спецыялізацыі с.-г. вытв-сці, выяўляць рэзервы павышэння яе эфектыўнасці. Адыгрывае важную ролю пры вызначэнні харчовай і сыравіннай бяспекі краіны. Уключае С.: зямельнага фонду, раслінаводства, жывёлагадоўлі, с.-г. прадукцыі, нарыхтовак, мат.-тэхн. базы, а таксама адпаведныя раздзелы С. працы і фін. дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў. Асн. крыніцы яе звестак — справаздачы калгасаў, саўгасаў, акц. т-ваў, фермерскіх гаспадарак, выбарачныя назіранні за падсобнымі гаспадаркамі насельніцтва, аднаразовыя ўлікі (склад працаўнікоў па адукацыі, перапісы ўгоддзяў, пасяўных плошчаў, жывёлы, асн. сродкаў і інш.).
С. будаўніцтва вывучае працэсы і з’явы, звязаныя з ажыццяўленнем капітальных укладанняў для ўзнаўлення асн. фондаў і з вытв. дзейнасцю буд-ва. Уключае С.: капітальных укладанняў, дзейнасці буд. і праектна-пошукавых арг-цый. Сістэма паказчыкаў: аб’ёмы інвестыцый, іх склад і крыніцы, увод у дзеянне асн. фондаў і вытв. магутнасцей, аб’ём незавершанага буд-ва, буд.-мантажных работ, праектна-пошукавых работ і інш. Разам са справаздачнасцю крыніцамі звестак з’яўляюцца перапісы, аднаразовыя ўлікі і абследаванні.
С. транспарту вывучае працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў гэтай галіне. Адрозніваюць грузавыя і пасажырскія перавозкі, работу розных відаў транспарту (аўтамаб., чыг., гар.эл., рачны, паветраны, трубаправодны). Да спецыфічных яе паказчыкаў адносяцца: аб’ём перавозак, эксплуатацыя транспарту, стан парка трансп. сродкаў, працягласць і стан шляхоў зносін і інш.
С. сувязі вывучае працэсы развіцця сетак сувязі і эксплуатацыйнай дзейнасці прадпрыемстваў паштовай, тэлеграфнай, тэлефоннай сувязі, радыёвяшчання і тэлебачання. Да спецыфічных паказчыкаў адносяцца: развіццё і размяшчэнне сеткі ўсіх відаў сувязі (стацыянарныя прадпрыемствы, лінейныя збудаванні, пункты), якасць абслугоўвання (хуткасць і надзейнасць дастаўкі інфармацыі) і інш.
С. гандлю вывучае працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў сферы тавараабарачэння: таварна-грашовы абмен, тавараабарот, узровень і рух рознічных цэн, якасць гандл. абслугоўвання, развіццё і размяшчэнне сеткі гандл. прадпрыемстваў і інш. Да спецыфічных паказчыкаў адносяцца таварныя запасы і іх абарачальнасць. Аналіз дынамікі цэн спажывецкіх тавараў дае магчымасць рабіць вывад пра ўзровень інфляцыі. Збор звестак вядзецца ў двух кірунках: справаздачнасць буйных гандл. прадпрыемстваў і выбарачнае назіранне за сярэднімі, дробнымі і рынкамі.
С. фінансаў вывучае з’явы і працэсы ў сферы фінансава-грашовага абарачэння і крэдыту. Адлюстроўвае наяўнасць фін. рэсурсаў, іх рух і дзейнасць фін.-крэдытных устаноў. Уключае С.: грашовага абарачэння, дзярж. фінансаў, фінансаў прадпрыемстваў, страхавання, падаткаў і падатковай сістэмы, каштоўных папер і фондавых біржаў, банкаўскую, крэдыту. Дазваляе распрацоўваць балансы фін. рэсурсаў, вылічваць бягучыя і будучыя крэдытныя стаўкі, плацежаздольнасць прадпрыемстваў і ўстаноў, падатковых даходаў, валютнай ліквіднасці і інш.
С. знешняга гандлю вывучае аб’ёмы, структуру і дынаміку знешняга гандлю, яго геагр. размеркаванне, склад тавараў, долю краіны ў сусв. тавараабароце, а таксама ролю знешняга гандлю ў эканоміцы краіны. Вядзе ўлік імпарту, экспарту і транзіту ў вартасных і колькасных выражэннях. Асн. крыніцы звестак — справаздачы прадпрыемстваў-экспарцёраў і мытных устаноў.
Літ.:
Миллс Ф. Статистические методы: Пер. с англ.М., 1958;
Казаченок А.Г., Черванев Д.Л. История развития государственной статистики в БССР. Мн., 1969;
Всемирная история экономической мысли. Т. 1—6. М., 1987—97;
Долан Э.Дж., Линдсей Д. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАГРА́ФІЯ (ад этнас + ...графія), этналогія, народазнаўства,
навука, якая даследуе этнічныя супольнасці, іх паходжанне (этнагенез), рассяленне, побыт і культуру, культ.-гіст. сувязі. Сучасная Э. (часцей ужываецца тэрмін «этналогія») вывучае комплекс праблем: этнагенез, этн. гісторыю, этн. (этнакульт., этнасац.) працэсы, нац. ўзаемаадносіны. Асн. метады даследаванняў: мэтавае апытанне мясц. жыхароў, тэкставыя запісы, анкеты, фотаздымкі, відэа- і фоназапісы, іх сістэматызацыя, расшыфроўка, параўн.-тыпалагічны параўн.-гіст. аналіз, рэтраспекцыя, картаграфаванне і інш.Асн. крыніцы — палявыя этнагр. матэрыялы, запісы падарожнікаў, гіст. і нарматыўныя дакументы, інвентарныя кнігі, каталогі, музейныя калекцыі. Цесна звязана з археалогіяй, антрапалогіяй, геаграфіяй, лінгвістыкай, сацыялогіяй, фалькларыстыкай. Сумежныя дысцыпліны: этнагеаграфія, этналінгвістыка, этнамузыкалогія, этнічная псіхалогія, этнапедагогіка.
Найб. даўнія звесткі пра Э. ў пісьмовых помніках Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Асірыі, Персіі, Індыі. Кітая. У творах ант. аўтараў (Герадот, Палібій, Пліній Старэйшы, Страбон, Тацыт, Фукідыд і інш.) ёсць апісанні народаў, спробы асэнсаваць гіст. падзеі і этнакульт. з’явы. Традыцыі ант. л-ры прадаўжаліся ў Візантыі (Пракопій Кесарыйскі, імператар Канстанцін, 10 ст., і інш.). Багаты матэрыял пра народы свету ў апісаннях падарожжаў Дж.Карпіні («Гісторыя манголаў»), М.Пола («Кніга Марка Пола»). Вялікія геаграфічныя адкрыцці (15—17 ст.) паскорылі развіццё этнагр. ведаў. Комплексныя этналагічныя даследаванні Л.Г.Моргана і інш. садзейнічалі параўн. вывучэнню і абагульненню фактычнага матэрыялу. У працэсе пошукаў новых падыходаў у асэнсаванні гісторыі чалавецтва і тлумачэнні этнакульт. разнастайнасці фарміраваліся навук. школы: міфалагічная школа, эвалюцыянісцкая (А.Бастыян, Г.Спенсер, Э.Тайлар), антрапагеагр. (Ф.Ратцэль), культурна-гістарычная школа, функцыян., этнапсіхал. і інш. Узніклі этнагр. ўстановы і т-вы, музеі этнаграфічныя, выдаваліся часопісы, склікаліся міжнар. канферэнцыі і кангрэсы. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст. адзначаны поспехамі слав. Э., з’яўленнем фундаментальных абагульняльных прац па розных кірунках этнагр. навукі (З.Глогер, Дз.К.Зяленін. Я.Ф.Карскі. К.Машынскі. Л.Нідэрле, А.М.Пыпін, П.Шафарык і інш.). У 1948 засн.Міжнар. саюз антраполагаў і этнографаў.
Першыя звесткі пра стараж. насельніцтва Беларусі ёсць у творах ант. аўтараў, стараж. летапісах («Аповесць мінулых гадоў») і інш.гіст. помніках 12—14 ст. У 16—18 ст.этнагр. звесткі пра беларусаў зафіксаваны ў «Баркулабаўскім летапісе», «Хроніцы Быхаўца», «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» А.Гваньіні, «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, шматлікіх інвентарах, запісках замежных і рус. паслоў і падарожнікаў (З.Герберштэйн, Т.Карабейнікаў, Я.Ласіцкі, М.Літвін, А.Маерберг, Б.Л.Танер і інш.), этнагр. помніку бел. рэнесансу «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Бел. асветнікі С.Будны. Ф.Скарына, В.Цяпінскі і інш. спалучалі ў сваіх творах хрысц. традыцыі і нац.-патрыят. ідэю, крытычна ставіліся да афіц. рэлігіі. імкнуліся наблізіць яе да народа, чаму садзейнічалі пераклады Бібліі на жывую бел. мову з адпаведнымі каментарыямі, прадмовамі і пасляслоўямі. Каштоўны ўклад у вывучэнне праблем сям’і і грамадства, нар. маралі і звычаёвага права зрабілі аўтары і складальнікі прававых Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (канец 18 ст.) з’явіліся нататкі экспедыцыі на Беларусь у 1773 І.І.Ляпёхіна, этнагр. апісанне бел. губерняў В.М.Севергіна, працы па краязнаўстве і Э. Беларусі Л.Галамбёўскага, А.К.Меера, М.Чарноўскай, І.Шыдлоўскага. Побыт і вусную нар. творчасць беларусаў даследавалі Я.Баршчэўскі, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Т.Зан, Ю.І.Крашэўскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, У.Сыракомля, Я.Чачот і інш. Каштоўныя матэрыялы па краязнаўстве сабралі Я.П. і К.П.Тышкевічы, па Э., гісторыі і фальклоры бел. насельніцтва — І.М.Снегіроў, звесткі пра духоўную культуру беларусаў — П.В.Кірэеўскі. Пазней даследаванні праводзілі чл. Расійскай АН, Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх, Румянцаўскага гуртка.
Актыўнае збіранне этнагр. матэрыялаў на Беларусі пачалося з заснаваннем у 1845 Рус.геагр.т-ва (РГТ) з аддзяленнем Э. У «Этнографических сборниках» т-ва друкаваліся працы па Э. Беларусі М.Анімеле, А.Кіркора, І.Юркевіча і інш. Каштоўныя звесткі пра жыццё беларусаў змешчаны ў працах П.В.Баброўскага, М.В.Без-Карніловіча, І.Зяленскага, творах А.Міцкевіча, Падбярэскага, У.Сыракомлі, Я.Чачота і інш., шматтомным выданні «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба» (1860-я г.), 3-томнай фундаментальнай працы «Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах» (1882—84, пад рэд. А.С.Дамбавецкага) і інш. Значную ролю ў вывучэнні Беларусі адыграў створаны ў 1867 у Вільні Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. Выдадзены першыя этнаграфічныя карты і атласы, якія пашырылі звесткі пра этн. склад насельніцтва Беларусі. З канца 1870-х г. распачалося выданне шматтомнай краязнаўчай працы «Жывапісная Расія». Матэрыялы, сабраныя Кіркорам у 1840—50-я г., склалі 2 часткі 3-га т., прысвечанага Беларусі і Літве («Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе», 1882). Побач з назапашваннем этнагр. матэрыялаў ішоў працэс асэнсавання, тэарэт. абагульнення і паглыбленага вывучэння розных бакоў нар. культуры. У час. «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества», «Современник», «Вестник Западной России», «Исторический вестник», «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»), «Athenaeum» («Атэнэум»), «Wisła» («Вісла») і інш.перыяд. выданнях і навук. зборніках публікаваліся працы даследчыкаў бел. Э. М.В.Доўнар-Запольскага, Карскага, Кіркора, М.М.Косіч, І.А.Сербава, А.К.Сержпутоўскага, А.М.Харузіна, П.М.Шпілеўскага, М.А.Янчука і інш.
Трывалыя асновы бел. Э. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. З’явілася плеяда этнографаў, збіральнікаў і даследчыкаў бел. спадчыны. Значны ўклад у вывучэнне побыту і культуры Паўн. Беларусі зрабіў М.Я.Нікіфароўскі. Яго «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895) — першае на Беларусі сістэматычнае і ўсебаковае даследаванне матэрыяльнай культуры. Энцыклапедыяй нар. жыцця з’явіўся «Беларускі зборнік» Е.Р.Раманава (т. 1—9, 1886—1912), у якім адлюстраваны амаль усе бакі матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў. Багатыя матэрыялы па Э. беларусаў Смаленскай губ. сабраў У.М.Дабравольскі. Плённай была збіральніцкая дзейнасць П.В.Шэйна, які сістэматызаваў і выдаў «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902), а таксама дзейнасць этнографаў, якія публікавалі працы пра Беларусь на польскай мове: Э.Ажэшкі, Глогера, Я.Карловіча, Машынскага, М.Федароўскага. Важнай вяхой у этнагр. вывучэнні Беларусі быў 1-ы ўсерас. перапіс насельніцтва (1897), які даў рэальную карціну этн. сітуацыі на Беларусі. Негатыўна паўплывалі на развіццё бел. Э. як навукі канцэпцыя заходнерусізму і забарона ў афіц. ужытку бел. друкаванага слова. Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны шырокай хваляй нац.-культ. адраджэння (М.Багдановіч, Ф.Багушэвіч, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Купала, Я.Колас). Прыкметную ролю ў выхаванні новай генерацыі даследчыкаў нар. культуры і побыту адыграла газ. «Наша ніва», якая шырока прадстаўляла этнагр. матэрыялы з жыцця бел. вёскі, асвятляла гіст. і культ. падзеі. Праблемы гіст. развіцця бел. народа, этнагенез і этн. гісторыю даследаваў Доўнар-Запольскі, гісторыю і традыц. культуру Беларусі — В.Ю.Ластоўскі. А.А.Смоліч — аўтар першай фундаментальнай працы «Геаграфія Беларусі» (1919), у якой разглядаліся прыродныя ландшафты, этн. склад насельніцтва, яго размяшчэнне, культ. асаблівасці і гасп. заняткі.
Вынікі даследаванняў у галіне бел. Э., славістыкі і мовазнаўства падвяла самая значная абагульняльная праца пра бел. этнас «Беларусы» Карскага (т. 1—3, 1903—22). У 1918 у Маскве створана Беларускае навукова-культурнае таварыства, адкрыты Беларускі народны універсітэт, дзе чытаўся курс лекцый па Э. і гісторыі Беларусі. У 1922 у Мінску на базе Навук.-тэрміналагічнай камісіі створаны Ін-тбел. культуры, у складзе якога працавала этнагр. камісія. Створанае ў 1923 Цэнтральнае бюро краязнаўства пачало выданне гіст.-краязнаўчага час. «Наш край», дзе змяшчаліся этнагр. матэрыялы з розных куткоў Беларусі. Важнай крыніцай этнагр. вывучэння Беларусі былі музейныя калекцыі, экспедыцыйныя матэрыялы. Побач са збіральніцкай дзейнасцю праводзілася даследчая работа (праца «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах», кн. 1—5, 7, 1926—30). Творчая праца многіх даследчыкаў нар. культуры была звязана з Палессем. Грунтоўныя комплексныя даследаванні на багатым фактычным матэрыяле, сабраным на Палессі, апублікавалі Дз.Г.Булгакоўскі, І.І.Жылінскі, І.Я.Забелін, Ю.Крашэўскі, Н.І.Лебедзева, Машынскі, Ч.Пяткевіч, З.Ф.Радчанка, П.П.Чубінскі і інш. Далейшае развіццё Э. атрымала з утварэннем Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклоруАН Беларусі. Пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі бел. Э. Даследаваліся праблемы Э.: этнагенез і этн. гісторыя (М.Я.Грынблат, М.Ф.Піліпенка, І.У.Чаквін), матэрыяльная культура вёскі (У.С.Гуркоў, Л.А.Малчанава, Л.І.Мінько, Э.Р.Сабаленка), побыт і культура гар. насельніцтва (В.М.Бялявіна, У.М.Іваноў, Л.В.Ракава), гіст.-этнагр. раянаванне (В.С.Цітоў), сям’я і сямейная абраднасць (А.М.Курыловіч, Т.І.Кухаронак, М.М.Нікольскі, Ракава, Сабаленка), нар. промыслы і рамёствы (І.М.Браім, Н.І.Буракоўская, Курыловіч, С.А.Мілючэнкаў, Цітоў, С.Ф.Цярохін), гісторыя бел. Э. (В.К.Бандарчык, У.А.Васілевіч, Г.А.Каханоўскі, І.У.Саламевіч, А.С.Фядосік, Цітоў, І.К.Цішчанка) і інш. Выдадзены калект. працы «Беларускае народнае жыллё» (1973), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1984), «Палессе: Матэрыяльная культура» (1988), а таксама энцыкл. выданне «Этнаграфія Беларусі» і інш. У 1976 адкрыты Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, у 1977 — Музей старажытна-беларускай культуры.
У 1990-я г. даследаваліся пытанні шматвяковай гісторыі і традыц. культуры народа: нар. дойлідства (Т.В.Габрусь, Гуркоў, А.М.Кулагін, А.І.Лакотка, С.А.Сергачоў, Ю.А.Якімовіч), нар. мастацтва (В.А.Лабачэўская, М.Ф.Раманюк, Я.М.Сахута, В.Я.Фадзеева), духоўныя традыцыі і абрады (Г.А.Барташэвіч, Т.Б.Варфаламеева, Васілевіч, П.А.Гуд, А.У.Гурко, Э.С.Дубянецкі, І.І.Крук, Кухаронак, А.С.Ліс, З.Я.Мажэйка, А.В.Мальдзіс, Л.Ф.Салавей), гісторыя культуры (Г.Я.Галенчанка, В.П.Грыцкевіч, Э.К.Дарашэвіч, А.К.Каўка, Каханоўскі, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, Л.М.Лыч, С.А.Падокшын, Саламевіч, Чаквін, І.А.Юхо). Апублікаваны калект. праца «Беларусы» (1998), энцыкл. выданне «Народная культура Беларусі» (2002). Працягваецца праца над шматтомным выданнем «Беларусы» (т. 1—6, 1995—2002), якое асвятляе разнастайнасць шматвяковых традыцый бел. народа ў матэрыяльнай, духоўнай і інш. сферах нац. культуры. Праблемы бел. Э. даследуюцца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы і Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, Ін-це праблем культуры, Бел.навук.-адукац. цэнтры, на кафедрах ВНУ, у музеях, цэнтрах і дамах нар. творчасці і інш.
Літ.:
Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 1—4. СПб., 1890—92;
Харузина В.Н. Введение в этнографию: Описание и классификация народов земного шара. М., 1941;
Токарев С.А. История русской этнографии. М., 1966;
Чебоксаров Н.Н.Чебоксарова И.А. Народы, расы. культуры. М., 1971;
Беларуская народная творчасць. Т. 1—45. Мн., 1970—2001;
Бромлей Ю.В. Этнос и этнография. М., 1973;
Зеленин Д.К. Восточнославянская этнография. М., 1991;
Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»;
Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў 19 і пач. 20 ст. 2 выд.Мн., 1993;
Цітоў В.С. Народная спадчына: Матэр. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці. Мн., 1994;
Яго ж. Этнаграфічная спадчына: Беларусь. Традыцыйна-бытавая культура. Мн., 2001;
Говард М. Сучасная культурная антрапалогія. Мн., 1995;
Сахута Я.М. Народнае мастацгва Беларусі. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ І ПАЛІТЫЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСІ Ў 1950-х — СЯРЭДЗІНЕ 1980-х г.
Прамысловасць, транспарт, сувязь. У развіцці прамысловасці, транспарту і сувязі было шмат супярэчнасцей. З аднаго боку, назіраўся рост прамысл. вытворчасці на базе пашырэння капітальнага будаўніцтва, стварэння новых і расшырэння дзеючых прадпрыемстваў. Новы характар набывала сама вытворчасць, якая пераходзіла ад машынна-індустрыяльнага тыпу да навукова-індустрыяльнага. Навука станавілася непасрэдным удзельнікам комплексна-механізаванай і аўтаматызаванай вытворчасці. Уводзіліся ў дзеянне новыя буйныя прамысл. прадпрыемствы, у т. л.Бел. аўтамабільны з-д у Жодзіне, з-д аўтаматычных ліній у Мінску, 3 салігорскія калійныя камбінаты, Полацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя, Гомельскі суперфасфатны, Мінскі маторны з-ды, Васілевіцкая і Бярозаўская ДРЭС, Магілёўскі шынны камбінат, з-д сінтэтычнага валакна ў Гродне, 4-ы Салігорскі калійны камбінат, Бел. металургічны з-д у Жлобіне, Маладзечанскі з-д парашковай металургіі і інш. Значныя вынікі дасягнуты ў павышэнні тэхн. ўзроўню вытворчасці — здаваліся ў эксплуатацыю паточныя лініі, спец. станкі і аўтаматы. Калі ў 1965 на прамысл. прадпрыемствах рэспублікі дзейнічала 2,7 тыс. паточных і механізаваных паточных і 189 аўтаматызаваных ліній, то ў 1985 іх колькасць вырасла адпаведна да 8131 і 1749. Новым кірункам у аўтаматызацыі вытворчасці з’явілася робататэхніка. У сярэдзіне 1980-х г.прамысл. робаты сталі выкарыстоўвацца на мінскіх заводах трактарным і «Тэрмапласт». Павышаная ўвага аддавалася развіццю тых галін прамысловасці, якія вызначалі навукова-тэхн. прагрэс (НТП). Адзначалася нарошчванне вытворчасці энергетычнай прамысловасці, машынабудавання, металаапрацоўкі. Паскоранымі тэмпамі ішло развіццё прыборабудаўніцтва, электронікі і радыёэлектронікі, вытворчасці ЭВМ і аўтам. ліній, хім. і нафтахім. прамысловасці. Істотныя змены адбываліся і ў развіцці тых галін прамысловасці, якія выпускалі тавары нар. спажывання — лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай. Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю дывановы камбінат у Брэсце, Гродзенская абутковая ф-ка, Бабруйскі гарбарны з-д, значна павялічаны магутнасці Мінскага камвольнага камбіната, Гродзенскай швейнай ф-кі, Магілёўскага з-да штучнага валакна і інш. У выніку да 1985 прадукцыя прамысловасці павялічылася ў параўнанні з 1970 больш чым у 3 разы, у т. л. вытворчасць сродкаў вытворчасці — у 3,3 раза, вытворчасць прадметаў спажывання — у 2,6 раза; валавы грамадскі прадукт вырас амаль у 2,5 раза, нац. даход — больш чым у 2,5 раза. Прыярытэтнымі ў рэспубліцы сталі энергетыка (вытворчасць электраэнергіі ў 1985 склала 33,2 млрд.кВт∙гадз), машынабудаванне (апераджальнымі тэмпамі развіваліся прыладабудаванне і радыёэлектроніка, выпуск прадукцыі якіх толькі ў 1985 павялічыўся больш чым у 1,9 раза), хімія і нафтахімія (яе прадукцыя павялічылася амаль у 3,5 раза), лёгкая, дрэваапрацоўчая, харчовая, мяса-малочная і інш. галіны.
Эфектыўнасць нар. гаспадаркі ў многім залежала ад зладжанай работы транспарту і дакладна наладжанай сувязі. Далейшае развіццё атрымалі чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны, рачны і паветраны транспарт. Гал. цяжар перавозак прыпадаў на чыгунку. У 1-й пал. 1980-х г. на яе долю прыпадала 52% усяго грузаабароту і 40% пасаж. абароту. Будаўніцтва новых чыг. ліній у рэспубліцы не вялося з 1950-х г. Іх даўжыня і ў 1985 амаль не змянілася і складала 5,5 тыс.км, у т. л. 830 км электрыфікаваных (першы электрыфікаваны ўчастак Мінск—Аляхновічы здадзены ў эксплуатацыю ў 1963). Рост перавозак забяспечваўся за кошт тэхн. ўдасканалення чыгункі і рухомага саставу, паляпшэння арганізацыі працы на транспарце, укаранення аўтаматызацыі вытв. і кіраўніцкіх працэсаў. У выніку аб’ём грузавых перавозак на чыг. транспарце ў 1985 перавысіў узровень 1960 амаль у 3 разы, у 4 разы выраслі перавозкі пасажыраў. Усё большае значэнне набываў аўтамабільны транспарт. Грузаабарот яго ў 1985 перавысіў узровень 1960 амаль у 6 разоў. Доля аўтамабільнага транспарту ў перавозках усіх відаў транспарту вырасла з 9,4% у 1960 да 18,5% у 1985. Удасканальваўся ўнутрыгарадскі транспарт. Побач з традыцыйнымі (трамвай, аўтобус, тралейбус) з’явіўся новы від сучаснага транспарту — метро. У 1984 у эксплуатацыю здадзена 1-я чарга Мінскага метрапалітэна. Для перавозкі грузаў і пасажыраў выкарыстоўваўся і рачны транспарт. У 1985 на яго долю прыпадала 2,4% грузаабароту ўсіх відаў транспарту. Паступова пашыраліся перавозкі пасажыраў і грузаў паветраным транспартам і выраслі ў 3 разы. У 1985 перавозкі пасажыраў авіятранспартам склалі больш за 1,8 млн. чалавек. Працягвалася будаўніцтва трубаправоднага транспарту. Уведзены ў дзеянне газаправоды Дашава—Мінск, Шчорс—Гомель, Таржок—Івацэвічы, адгалінаванне ад газаправода з Дашавы на Гродна; нафтаправод з Полацка на нафтабазы Віцебскай і Мінскай абл., па якім паступалі дызельнае паліва і бензін.
Пашыралася сетка тэлефоннай і радыёсувязі, тэлебачання. У 1985 у параўнанні з 1965 колькасць прадпрыемстваў пошты, тэлеграфа і тэлефона павялічылася на 37% і дасягнула амаль 4,5 тыс. З 130,6 тыс. да 1112 тыс. павялічылася колькасць устаноўленых тэлефонных апаратаў. З пач. 1970-х г. у рэспубліцы пачалі дзейнічаць міжнар. тэлефонныя аўтаматы. За гэтыя гады больш як у 3 разы павялічылася колькасць радыёпрыёмнікаў, а тэлевізараў — амаль у 8 разоў. Радыёсувязь і тэлебачанне ўсё шырэй выкарыстоўваліся ў кіраўніцтве ўнутрызаводскімі працэсамі, у вучэбным працэсе, укараняліся аўтаматызаваныя сістэмы (АСК). Калі ў 1970 у рэспубліцы функцыянавалі 6 АСК, то ў 1985—330. Крок наперад зроблены і па тэлефанізацыі вёскі. Да 1975 практычна па ўсёй тэр. Беларусі ажыццяўляўся прыём тэлевізійных перадач.
Такім чынам, у прамысловасці, сувязі, на транспарце Беларусі адбыліся колькасныя і якасныя змены. На карце рэспублікі з’явіліся новыя прадпрыемствы, аснашчаныя сучасным абсталяваннем, адбылося тэхн. перааснашчэнне шэрагу дзеючых прадпрыемстваў, павысілася якасць некаторых відаў прадукцыі. У 1960-я г. Беларусь удзельнічала больш чым у 200 міжнар. выстаўках і кірмашах, 30 вырабаў яе прамысл. прадпрыемстваў, н.-д. і канструктарскіх арг-цый былі адзначаны на іх 37 залатымі медалямі і ганаровымі дыпломамі. Залатымі прызамі, напр., былі адзначаны аўтасамазвалы БелАЗ-540 і БелАЗ-548, трактар «Беларусь-52», сіласаўборачныя камбайны з-да «Гомсельмаш», універсальная паўаўтаматычная прылада па мікразварцы і інш. вырабы, якія адпавядалі высокім патрабаванням сусв. стандартаў. Узаемнае азнаямленне на выстаўках з экспартна-імпартнымі партнёрамі садзейнічала расшырэнню колькасці прамысл. прадпрыемстваў і арг-цый Беларусі, што выраблялі экспартную прадукцыю. Калі ў 1964 іх было 140, то ў 1970 — больш за 300, пры гэтым больш за 100 з’яўляліся галаўнымі ў СССР па вытворчасці адпаведных відаў вырабаў.
Нягледзячы на значны рост аб’ёмаў прамысл. вытворчасці ў гэтыя гады, перавод прамысловасці на новы тэхн. ўзровень на базе навейшых дасягненняў навукі і тэхнікі ажыццяўляўся марудна. У шэрагу галін індустрыяльныя працэсы вельмі зацягваліся, а пераважным ва ўсіх галінах прамысловасці заставалася экстэнсіўнае развіццё. Гэта азначала, што ў эканоміцы дзейнічалі сілы тармажэння, звязаныя з захаваннем адм.-каманднай сістэмы. Спробаў 1957 стварыць інш. сістэму кіравання нар. гаспадаркай і перайсці ад галіновага (праз міністэрствы) да тэр.-галіновага (праз саўнаргасы) метаду істотных змен не прынесла. На гэтай аснове адбылося некаторае аслабленне ўплыву цэнтра, што аблегчыла развіццё мясц. прамысловасці, але ўскладніла развіццё цяжкай, таму што саўнаргасная сістэма ўскладняла правядзенне адзінай тэхн. палітыкі ў прамысловасці і была прычынай парушэння гасп. сувязей паміж прадпрыемствамі асобных эканам. раёнаў. Камандныя метады кіраўніцтва перашкаджалі радыкальным пераўтварэнням у эканоміцы, а недастатковая ўвага да НТП з’яўлялася прычынай яе развіцця без уліку найноўшых дасягненняў навукі. У выніку сталі зніжацца сярэднегадавыя тэмпы прыросту прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, фонда- і капіталааддачы, рэнтабельнасці прадпрыемстваў, даходаў насельніцтва.
Нарастанне цяжкасцей у развіцці прамысловасці, бясконцыя перабудовы і непрадуманыя рэарганізацыі выклікалі неабходнасць гасп. рэформы 1965, якая ў прамысловасці змяняла сістэму планавання, пашырала гасп. самастойнасць прадпрыемстваў на аснове гасп. разліку; былі ліквідаваны саўнаргасы і адноўлены міністэрствы па галінах прамысловасці. Першыя крокі гасп. рэформы падавалі надзеі. 8-я пяцігодка (1966—70) па шэрагу важных эканам. паказчыкаў была выканана. Валавая прадукцыя прамысловасці Беларусі ў параўнальных цэнах павялічылася за пяцігодку на 19% пры плане 10%. Агульны аб’ём капіталаўкладанняў у нар. гаспадарку рэспублікі ў 1966—70 склаў 10,8 млрд.руб., што было больш, чым за 2 папярэднія пяцігодкі, разам узятыя. За пяцігодку ў Беларусі ўведзена ў дзеянне 18 буйных прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. электралямпавы з-д у Брэсце, маторарамонтны з-д у Гомелі, ф-ка верхняга трыкатажу і панчошна-шкарпэтачны камбінат у Брэсце, бавоўнапрадзільная ф-ка ў Гродне, малочныя з-ды ў Бабруйску і Гродне, мясакамбінат у Барысаве і інш. Але поспех пачатковага этапа эканам. рэформы быў непрацяглы. Ужо ў першыя гады яе ажыццяўлення пачаліся шматлікія карэкціроўкі, папраўкі, дапаўненні, у выніку якіх яна з буйнамаштабнай ператварылася ў касметычную, а да пач. 1970-х г. фактычна перастала дзейнічаць. Рэформа была наборам супярэчлівых мер, бо немагчыма было, напр., спалучаць пашырэнне самастойнасці прадпрыемстваў і ўзмацненне паўнамоцтваў міністэрстваў і ведамстваў.
У 1970—80-я г. эканоміка Беларусі, як і ўсяго СССР, страціла былы дынамізм, нарасталі негатыўныя з’явы, якія сведчылі, што эканам. рэформа 1965 не дала жаданых вынікаў. Асабліва істотным у гэтых адносінах з’яўлялася адставанне тэмпаў паскарэння НТП і ўкаранення ў вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі. НТП закранаў не ўсе, а толькі асобныя галіны вытворчасці. У прамысловасці Беларусі за кошт навукова-тэхн. мерапрыемстваў забяспечвалася толькі 50% прыросту прадукцыйнасці працы. Штогод 5—7% прадпрыемстваў і аб’яднанняў не спраўляліся з планамі па рэалізацыі прадукцыі і прадукцыйнасці працы, амаль кожнае 6-е парушала дагаворную дысцыпліну. Усё гэта стрымлівала пераход прамысл. вытворчасці на якасна новае, інтэнсіўнае развіццё ўсіх яе галін. Не адбылося радыкальных змен у прамысловасці і ў выніку рэформы 1979, паводле якой дэкларавалася імкненне пакончыць з «валам», увесці такі паказчык, як нарматыўна чыстая прадукцыя. Рэформа не дала станоўчых вынікаў, таму што ажыццяўлялася ў рамках адм.-каманднай сістэмы, пры якой ігнараваліся таварна-грашовыя адносіны, закон вартасці, рыначныя адносіны, панавалі суб’ектывізм і валюнтарызм у эканоміцы. Гэтыя негатыўныя з’явы прывялі да рэзкага зніжэння тэмпаў эканам. росту, эканоміка БССР апынулася ў перадкрызісным стане (гл. табліцу).
Сярэднегадавыя тэмпы прыросту, %
Паказчыкі
Гады
1970—75
1976—80
1981—85
Валавы грамадскі прадукт
8,3
5,5
5,0
Нацыянальны даход
8,3
5,2
5,6
Прадукцыя прамысловасці
10,4
7,2
5,4
Прадукцыйнасць грамадскай працы ў прамысловасці
7,4
4,6
4,0
Сельская гаспадарка. У выніку ажыццёўленых у пач. 1950-х г. мер удалося аслабіць вастрыню крызісу сельскай гаспадаркі, а пазней дамагчыся яе росту. Гэтаму садзейнічалі нармалізацыя цэнавых прапорцый і павышэнне матэрыяльнай зацікаўленасці калгаснікаў у выніках сваёй працы. З 1956 калгаснікі пачалі кожны месяц атрымліваць грашовыя авансы на працадні. У калгасах ствараліся грашовыя і прадуктовыя фонды з тым, каб у нейкай меры гарантаваць рэгулярную аплату працы. Але гал. ролю ў паспяховым развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі адыграла ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы калгасаў і саўгасаў. Калі ў 1950 у сельскай гаспадарцы Беларусі працавала 11,6 тыс. трактароў, то ў 1960—34 тыс., а ў 1965—55,4 тыс., збожжаўборачных камбайнаў адпаведна 1,7 тыс., 10,6 тыс. і 13,5 тыс. Грузавых аўтамабіляў у 1950 налічвалася 6,6 тыс., у 1965—43,1 тыс. З мэтай лепшага выкарыстання тэхнікі ў 1958 адбылася рэарганізацыя МТС і перадача с.-г. тэхнікі непасрэдна калгасам. Але гэта паставіла ў вельмі цяжкае фін. становішча бяднейшыя калгасы, якія былі вымушаны набываць за высокі кошт часам даволі зношаную тэхніку. ВНУ і сярэднія спецыяльныя ўстановы рэспублікі ўсё больш рыхтавалі спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Калі ў 1950 яны выпусцілі 1550 такіх спецыялістаў, то ў 1965—7350. Новы курс у галіне сельскай гаспадаркі прывёў да таго, што з сярэдзіны 1950-х г. яна ўпершыню за пасляваен. гады стала рэнтабельнай. Пачаўся рост с.-г. вытворчасці. У 1958 валавая прадукцыя калгасаў і саўгасаў вырасла ў параўнанні з 1953 у 2,2 раза, у т. л. прадукцыя жывёлагадоўлі — у 3,1 раза. У 1960 валавы збор збожжа ў рэспубліцы перавысіў узровень 1953 на 36%; на 70% павялічылася вытворчасць мяса, малака, на 50% — яек. У наступныя гады рост працягваўся. У 1965 валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі перасягнула ўзровень 1950 на 10%. У 1960-я г. разгарнулася шырокае будаўніцтва жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, механізацыя работ у паляводстве і жывёлагадоўлі. З 1966 пачалася шырокая меліярацыя зямель. Да 1970 асушана больш за 900 тыс.га забалочаных зямель, а на сярэдзіну 1980-х г. агульная плошча асушаных зямель у рэспубліцы дасягнула 2,7 млн.га. Усё гэта спрыяла пашырэнню пасяўных плошчаў, а ў цэлым — росту вытворчасці с.-г. прадукцыі. Аднак работы па меліярацыі мелі нярэдка сур’ёзныя адступленні ад першапачатковых праектаў. У прыватнасці, створаныя меліярацыйныя сістэмы часта не прадугледжвалі двухбаковага воднага рэгулявання, многія з іх давялося дарабляць, а часам і перарабляць. Акрамя таго, як паказаў час, меліярацыя мела і адмоўныя экалагічныя вынікі. У 1960-я г. ў рэспубліцы зроблены крок і ў павышэнні ўраджайнасці збожжавых, якая доўгі час складала 7—8 ц з га. У сярэдзіне 1960-х г. яна перасягнула 10 ц, а ў 1970 у цэлым па рэспубліцы склала 17 ц з га.
Паспяховаму развіццю сельскай гаспадаркі ў 1950—60-я г. садзейнічалі дэмаграфічнае становішча ў вёсцы і ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы сельскай гаспадаркі. Нарошчванне с.-г. вытворчасці адбывалася ва ўмовах поўнай дастатковасці, а па шэрагу раёнаў і з лішкам рабочай сілы на сяле. У наступныя гады дэмаграфічнае становішча на вёсцы стала мяняцца. Хуткімі тэмпамі пачаўся адток сялян у горад, у інш. галіны гаспадаркі. Калі ў 1966 у БССР сельскае насельніцтва складала 61%, а гарадское 39%, то ў 1985 — адпаведна 38% і 62%. Новыя пакаленні сялян сфарміраваліся як простая рабочая сіла, якая поўнасцю была адлучана ад сродкаў вытворчасці і распараджэння прадметамі сваёй працы. Сельская гаспадарка, хоць і развівалася, але ў яе развіцці было шмат супярэчнасцей, якія не дазвалялі ёй стаць высокаэфектыўнай галіной вытворчасці.
Паскарэнне НТП у прамысловасці ў 1960—70-я г. адкрыла новыя магчымасці для пашырэння ў 1970—85 матэрыяльна-тэхн. базы сельскай гаспадаркі. Капіталаўкладанні дзяржавы і калгасаў выраслі з 5,7 млрд.руб. у гады 9-й пяцігодкі да 8,8 млрд.руб. у гады 11-й.
Павялічыліся пастаўкі вёсцы тэхнікі, мінеральных угнаенняў. Штогод калгасы і саўгасы атрымлівалі прыкладна 15 тыс. трактароў, 10 тыс. аўтамабіляў, 5 тыс. збожжаўборачных камбайнаў і інш. сельгасмашын. На гэты час па сутнасці ўсе калгасы і саўгасы былі электрыфікаваны. Усё гэта дазволіла механізаваць значную частку работ у паляводстве і жывёлагадоўлі. Паскорана развівалася хімізацыя. Калі ў 1970 сельскай гаспадарцы пастаўлена 925 тыс.т мінеральных угнаенняў, то ў 1985—1867 тыс.т. У развіцці сельскай гаспадаркі ўсё большую значнасць набывалі прамысловасць, інш. галіны, што абслугоўвалі і былі звязаны з ёю. У рэспубліцы быў створаны аграпрамысл. комплекс (АПК). Ён павінен быў звязаць у адзін вузел, у адну тэхнал. лінію як сельскую гаспадарку, так і адпаведныя галіны прамысловасці, транспарту, гандлю і накіраваць іх на дасягненне агульнай мэты — вытворчасць прадуктаў харчавання і інш. прадметаў спажывання. Аднак з-за ведамаснай раз’яднанасці і пераваг у нар. гаспадарцы ведамасных інтарэсаў так і не адбылося аб’яднання ў адзіны арганізм сельскай гаспадаркі і абслуговых яе структур, што адмоўна адбілася на павышэнні эфектыўнасці с.-г. вытворчасці. Нягледзячы на гэта, колькасныя паказчыкі развіцця сельскай гаспадаркі павялічваліся. У 1980 валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі перавысіла ўзровень 1960 амаль у 1,5 раза, прадукцыйнасць працы вырасла ў 2,5 раза; амаль у 2 разы павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у 1,4 — свіней, больш чым у 2 разы — птушкі і г.д. Аднак дасягнуты ўзровень вытворчасці с.-г. прадукцыі не задавальняў попыт насельніцтва ў прадуктах харчавання. Найперш таму, што нязначным было павелічэнне прадукцыі сельскай гаспадаркі ў разліку на душу насельніцтва. Тэмпы росту прадукцыі сельскай гаспадаркі ні ў якое параўнанне не ішлі з тэмпамі развіцця прамысловасці і не адпавядалі патрэбам рэспублікі. Таму на пач. 1980-х г. харчовае забеспячэнне рэспублікі пагоршылася. Сельская гаспадарка апынулася ў перадкрызісным стане.
У 1-й пал. 1980-х г. стала відавочнай неабходнасць карэннай перабудовы с.-г. вытворчасці, якая ўжо не задавальняла ўзрастаючыя патрэбы ў прадуктах харчавання. Ураджайнасць збожжавых у Беларусі на працягу 1971—85 заставалася на адным узроўні (21 ц/га), а значыць пагаршалася забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання. Становішча ўскладнялася вялікімі стратамі ўжо вырабленай сельгаспрадукцыі ў час яе транспарціроўкі, перапрацоўкі і захоўвання. Але гал. прычыны, якія патрабавалі кардынальнай эканам. рэформы, былі ў тым, што сельская гаспадарка развівалася як сыравінны прыдатак горада, працягвалася ўшчамленне эканам. інтарэсаў сялянства, адлучэнне яго ад зямлі і вынікаў працы. Усё гэта ўзмацняла безгаспадарчасць на аснове росту апатыі і абыякавасці да вынікаў працы ў асн. масы работнікаў, што зводзіла на нішто затраты дзяржавы і грамадства на развіццё сельскай гаспадаркі.
Грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё. З сярэдзіны 1950-х г. пачаўся новы этап развіцця сав. грамадства, які быў складаны і супярэчлівы. 5.3.1953 памёр І.В.Сталін. Сумеснае пасяджэнне ЦККПСС, Савета Міністраў і Прэзідыума Вярх. Савета СССР 6.3.1953 зацвердзіла на пасадзе Старшыні Савета Міністраў краіны Г.М.Малянкова; сакратарыят ЦК, апарат ЦККПСС узначаліў М.С.Хрушчоў. Але гэтыя прызначэнні не задавальнялі 1-га нам. Старшыні Савета Міністраў Л.П.Берыю, які дамагаўся ажыццяўлення кантролю над партыяй, рыхтаваўся да захопу ўлады. Каб апярэдзіць сваіх канкурэнтаў, ён нават выступаў за «неабходнасць дэмакратызацыі жыцця, аднаўленне ленінскіх прынцыпаў нацыянальнай палітыкі, аб’яднанне Германіі» і інш. У чэрв. 1953 Берыя зрабіў спробу змясціць з пасады 1-га сакратара ЦККПБ М.С.Патолічава. Аднак на пленуме ЦККПБ (25—27.6.1953) бел. камуністы не далі згоды на такую кадравую змену. Па ініцыятыве Хрушчова 26.6.1953 у час пасяджэння Прэзідыума ЦККПСС Берыя быў арыштаваны. 2—7.7.1953 пленум ЦК разгледзеў пытанне аб «злачынных антыпартыйных і антыдзяржаўных» дзеяннях Берыі. Ён быў выключаны з партыі, зняты з усіх пасад і паводле прыгавору суда расстраляны ў снеж. 1953.
Пасля смерці Сталіна пачаўся некаторы паварот да калектыўнага вырашэння парт., дзярж. і нар.-гасп. пытанняў. У вер. 1953 1-м сакратаром ЦККПСС абраны Хрушчоў. Адносная дэмакратызацыя назіралася ў дзейнасці кампартыі і дзярж. органаў Беларусі, прымаліся меры па ўмацаванні законнасці і правапарадку. Гэтаму садзейнічала скасаванне ў вер. 1953 Асобай нарады пры МУССССР, якая фактычна без суда выносіла ў масавым парадку такія пакаранні, як высылка, зняволенне, расстрэл. Былі скасаваны вайсковыя пракуратуры і трыбуналы войск МДБ.
Аднаўляўся парадак, паводле якога грамадзяне пазбаўляліся волі толькі ў адпаведнасці з прыгаворам суда. У сувязі з указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Аб амністыі» (27.3.1953) разам з крымінальнымі элементамі пачалася кампанія па вызваленні вязняў, асуджаных па паліт. матывах тэрмінам да 5 гадоў. Іх працаўладкаваннем займаліся мясц.парт. і сав. органы.
Новым крокам у спробах дэмакратызацыі грамадска-паліт. жыцця з’явіўся XX з’езд КПСС (14—25.2.1956). Разам з разглядам пытанняў, скіраваных на паляпшэнне спраў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, культуры, навуцы, з пашырэннем дэмакратыі, абгрунтаваннем прынцыпаў мірнага суіснавання дзяржаў з розным грамадска-паліт. ладам з’езд вымушаны быў звярнуць увагу на нечуваныя парушэнні законнасці ў гады сталінскага праўлення. У канцы работы з’езда на яго закрытым пасяджэнні дэлегаты заслухалі даклад «Аб кульце асобы і яго выніках», з якім выступіў Хрушчоў. Гэта прамова стала для іх вялікай нечаканасцю. 1 хоць даклад не быў апублікаваны да пач. 1990-х г., яго агульная скіраванасць паступова стала вядома грамадству. Тым больш што 30.6.1956 ЦККПСС прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў», у якой была зроблена спроба выявіць прычыны гэтай заганнай з’явы, паказаны яе сутнасць і наступствы. Хаця гэта рабілася на ўзроўні таго часу, сам факт вынясення пытання на парт. форум, а потым прыняцце ЦК адпаведнай пастановы мелі надзвычай вялікае значэнне для паляпшэння грамадска-паліт. сітуацыі ў краіне.
Пачалася рэабілітацыя ахвяр паліт. рэпрэсій. На працягу 1956—62 у БССР было рэабілітавана больш за 29 тыс.чал., а ў парт. парадку — каля 200. I хоць гэта з’яўлялася зусім нязначнай часткай ад шматлікай колькасці неабгрунтавана асуджаных і бязвінна закатаваных людзей, для далейшага грамадска-паліт. развіцця такі зрух быў вельмі важным. Але нават спроба крыху прыўзняць заслону патаемнасці над паліт. рэпрэсіямі сустрэла моцнае супрацьдзеянне ў вышэйшых эшалонах улады. У чэрв. 1957 на пасяджэнні Прэзідыума ЦККПСС, якое працягвалася 3 дні, была зроблена спроба зняць з пасады Хрушчова за тое, што ён нібыта вельмі далёка зайшоў у справе крытыкі культу асобы, чым нанёс моцны ўрон прэстыжу камуніст. партыі і СССР як у вачах сав. народа, так і сусв. супольнасці. Аднак. гэта спроба правалілася, і чэрвеньскі пленум ЦККПСС пацвердзіў курс XX з’езда партыі, асудзіў дзеянні антыпарт. групы Малянкова, Молатава, Кагановіча і Шапілава, які прымкнуў да іх. Адметнасцю першай паліт. «адлігі» з’яўлялася тое, што гэтыя дзеячы не былі рэпрэсіраваны. Адначасова зроблены крокі па дэмакратызацыі партыі. Наладжана рэгулярнае скліканне парт. з’ездаў і пленумаў ЦККПСС і саюзных рэспублік. Стала шырока практыкавацца абмеркаванне парт. і дзярж. дакументаў у друку і на сходах працоўных калектываў. Па найважнейшых пытаннях развіцця розных галін нар. гаспадаркі пачалі склікацца нарады з залучэннем шырокага кола спецыялістаў.
У дзейнасці Кампартыі Беларусі, Саветаў, прафсаюзаў, камсамола паглыблялася калегіяльнасць і рабіліся пэўныя захады па пашырэнні ўдзелу насельніцтва ў іх рабоце. У 1957—58 Вярх. Савета БССР зацвердзіў палажэнне аб сельскіх, пасялковых, раённых, гар. Саветах дэпутатаў, скіраванае на паляпшэнне дзейнасці Саветаў у эканоміцы і грамадска-паліт. жыцці. У выніку Саветы атрымалі больш шырокія правы. Але істотных змен у іх дзейнасці не адбылося, яны па-ранейшаму рэальнай уладай не валодалі. Пашыраліся гасп. правы саюзных рэспублік шляхам перадачы ім пытанняў, якія раней вырашаліся ў саюзным цэнтры. Толькі ў 1956 у распараджэнне ўрада БССР перададзена 356 прадпрыемстваў, а ў 1957 — больш за 500. 11.3.1957 Вярх. СаветСССР прыняў закон, паводле якога рэспублікі самі маглі вырашаць пытанні абл. і краявога адм.-тэр. будаўніцтва. Пашыраліся заканадаўчыя правы саюзных рэспублік. У іх кампетэнцыю ўвайшло прыняцце грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага кодэксаў. У 1962 праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў Кампартыі Беларусі. Яны падзяляліся на прамысл. і сельскія. Былі створаны Прэзідыум ЦККПБ, БюроЦК па кіраўніцтве прамысловасцю і будаўніцтвам, БюроЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай, а таксама адзіны кантрольны орган — К-тпарт.-дзярж. кантролю ЦККПБ і Савета Міністраў БССР. Сельскія райкомы партыі былі скасаваны, а замест іх утвораны парт. к-ты калгасна-саўгасных упраўленняў. Аднак такая структура не апраўдала сябе і ў 1964 была ліквідавана.
Адм.-камандная сістэма, нягледзячы на некаторыя змены, заставалася непахіснай. Але яна не магла функцыянаваць без штодзённых рэгулярных мабілізацый сваіх грамадзян для дасягнення розных мэт. Вось чаму на XXII з’ездзе КПСС (17—31.10.1961) была прынята новая парт. праграма, якая паставіла мэту за 20 гадоў пабудаваць камуніст. грамадства і «забяспечыць самы высокі жыццёвы ўзровень у параўнанні з любой іншай краінай капіталізму». Пастаноўка непрадуманых, ілюзорных, навукова не абгрунтаваных задач прыводзіла да расчаравання ў грамадстве. Нарастанне цяжкасцей у развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі, бясконцыя перабудовы, непрадуманыя рэарганізацыі і, як вынік, — абвастрэнне сац. напружанасці ў сав. грамадстве сталі гал. прычынамі змены паліт. кіраўніцтва СССР. У кастр. 1964 на пленуме ЦККПСС Хрушчоў быў вызвалены ад займаемых пасад. 1-м сакратаром ЦККПСС абраны Л.І.Брэжнеў, Старшынёй Савета Міністраў СССР назначаны А.М.Касыгін.
Аднак змена кіраўніцтва не прынесла істотных вынікаў. Універсальным сродкам вырашэння ўсіх сац.-эканам. праблем абвешчана павышэнне кіруючай ролі партыі. XXIV з’езд КПСС (30.3—9.4.1971) унёс у статут палажэнне аб праве кантролю парт. арг-цыямі дзейнасці адміністрацыі. Парт. органы дубліравалі органы гасп. кіраўніцтва. Вянчала гэту палітыку замацаванне ў арт. 6 Канстытуцыі СССР (1977) палажэння аб кіруючай ролі партыі ў грамадстве. У 1978 прынята Канстытуцыя Беларускай ССР, якая была пабудавана ў поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР. Абвешчаны курс на стабільнасць набываў рысы палітыкі стагнацыі. У паліт. лексікон тых часоў увайшло паняцце «развіты сацыялізм», афіц. выснову аб якім зрабіў Брэжнеў у юбілейным дакладзе да 50-годдзя Кастр. рэвалюцыі (1967) і вызначэнне якому дадзена ў Канстытуцыі СССР (1977). Новая канцэпцыя павінна была вырашыць супярэчнасці паміж дэкларацыяй аб блізкай перамозе камунізму і нерэалізаваным яго ўвасабленнем у жыццё. У грамадстве складваўся кантраст паміж лозунгамі і рэальнымі справамі.
У пач. 1980-х г. крызісныя з’явы набылі канкрэтныя рысы. Гал. іх прычына заключалася ў абвастрэнні супярэчнасцей «дзяржаўнага сацыялізму», найперш паміж сав. бюракратыяй і працоўным народам. Узнік своеасаблівы механізм тармажэння, які ўяўляў сабой сукупнасць антыдэмакр. уладкаванняў і застылых эканам. адносін, пры якіх не ўлічваліся інтарэсы канкрэтнага вытворцы — чалавека працы. Праблема заключалася яшчэ і ў тым, што кіраўніцтва вялікай шматнац. краіны не здолела аб’ектыўна ацаніць узніклыя праблемы і своечасова прымаць адпаведныя захады.
4-ы пяцігадовы план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі БССР (1945—50) прадугледжваў шэраг сац. мерапрыемстваў па разгортванні тавараабароту, павышэнні расходаў на жыллёвае і культ.-быт. абслугоўванне насельніцтва, павелічэнні заработнай платы і інш. Аднак рэалізацыя гэтых задач стрымлівалася шматлікімі складанасцямі. У першыя пасляваен. гады матэрыяльнае становішча насельніцтва Беларусі было цяжкім. На аднаўленне нар. гаспадаркі ішла большая частка сродкаў, фонд тавараў нар. спажывання значна скараціўся. З 1946 урад краіны праводзіў палітыку збліжэння цэн на тавары, якія прадаваліся па картках (пайкавыя цэны) і праз камерцыйны гандаль, шляхам павышэння першых і зніжэння другіх. У снеж. 1947 у краіне адменена картачная сістэма на харчовыя і прамысл. тавары і ажыццёўлены пераход да продажу іх у парадку гандлю без картак па адзіных дзярж. цэнах. Разам з адменай картачнай сістэмы праведзена грашовая рэформа. Замена старых грошай на новыя праводзілася ў разліку 10 руб. старых на 1 руб. новых.
Характэрнай рысай першых пасляваен. гадоў было тое, што павышэнне рэальных даходаў насельніцтва ажыццяўлялася як за кошт павышэння зарплаты рабочых і служачых, так і шляхам пэўнага зніжэння цэн. У 1950 фонд заработнай платы ў нар. гаспадарцы рэспублікі ў 2,5 раза перавысіў яго ў 1945, а ў параўнанні з 1940 заработная плата рабочых і служачых у гэты час была павялічана амаль у 2 разы. У выніку трох паслядоўных паніжэнняў цэн у сак. 1950 яны сталі на 43% ніжэйшыя за сярэдні ўзровень цэн 4-га квартала 1947. Разам з тым узровень рэальнай заработнай платы так і не дасягнуў даваен. ўзроўню. Гэта тлумачылася тым, што, нягледзячы на неаднаразовыя паніжэнні цэн у 2-й пал. 1940-х г., яны па-ранейшаму былі значна вышэйшыя за даваенныя. Да таго ж у тыя гады адбыўся рост падаткаў, якія збіраліся непасрэдна з зарплаты. Яшчэ ў гады вайны былі ўведзены падаткі на халасцякоў, адзінокіх і маласямейных грамадзян. Цяжарам на плечы людзей клаліся штогадовыя дзярж. пазыкі, якія праводзіліся пад націскам парт. і адм. органаў. Так званая падпіска на аблігацыі вызначалася на суму, не меншую за месячны аклад работніка ў год. І без таго невялікая заработная плата яшчэ памяншалася, а пры ўзроўні існуючых цэн не забяспечвала неабходных сродкаў для сапраўднага матэрыяльнага дастатку. Больш цяжкім было жыццё вясковага насельніцтва. Аднаўленне сельскай гаспадаркі Беларусі некалькі палепшыла матэрыяльнае становішча сялянства. Але ў сярэднім на адзін працадзень выдавалася збожжавых і інш. прадуктаў яшчэ менш, чым да вайны. Да таго ж асабістая гаспадарка селяніна знаходзілася пад магутным падатковым прэсам. На ўсё, што ён меў на сваім падворку, накладаўся такі вялікі падатак, што трымаць жывёлу, вырошчваць садавіну і агародніну было нявыгадна.
У пасляваен. гады ў рэспубліцы ў значных памерах ажыццяўлялася жыллёвае будаўніцтва. У выніку ням.-фаш. акупацыі жыллёва-камунальны фонд гарадоў Беларусі быў знішчаны на 80—90%. Найб. інтэнсіўна будаўніцтва вялося ў буйных гарадах рэспублікі, дзе адноўлены разбураныя і ўведзена нямала новых шматпавярховых дамоў. Аднак жыллёвы фонд за гады 4-й пяцігодкі ўдалося аднавіць толькі на 74,5% і патрэбы насельніцтва ў жыллі яшчэ далёка не былі забяспечаны. Цяжкасць сац. праблем была абумоўлена і тым, што на першы план ставіліся задачы прамысловасці. Сац. праблемы адсоўваліся на задні план. На іх вырашэнне вылучаліся толькі тыя рэсурсы, якія заставаліся пасля вытв. затрат. На жаль, такі тэхн. склад думак кіруючых органаў захаваўся да канца 20 ст.
Тым не менш, 1950—60-я г. былі адметныя павышэннем матэрыяльнага і культ. ўзроўню жыцця бел. народа і значнымі тэмпамі развіцця сац. сферы. Пэўныя змены адбыліся ў падатковай сферы. Сістэматычна змяншаліся падаткі з рабочых і служачых, якія атрымлівалі мінімальную зарплату, і з калгаснікаў; адменены падаткі на халасцякоў і маласямейных, уведзеныя ў Вял.Айч. вайну. З 1957 была адменена абавязковая падпіска на дзярж. пазыкі. На працягу 1953—64 зарплата рабочых павялічылася на 44,5%, служачых — на 32,9%. У 1967 у краіне ўведзены 5-дзённы працоўны дзень з двума выхаднымі днямі пры захаванні існаваўшага ўзроўню зарплаты. Рэальнае павышэнне даходаў насельніцтва адбывалася і за кошт грамадскіх фондаў спажывання. З іх дзяржава аплачвала 2/3 расходаў на жыллё, пенсіі, адукацыю, мед. абслугоўванне, утрыманне дзіцячых дашкольных устаноў, бібліятэк, клубаў, дамоў адпачынку, санаторыяў і інш. У 1967 выплаты з гэтых фондаў працоўным Беларусі ў параўнанні з 1958 падвоіліся. Павялічваліся і рэальныя даходы калгаснікаў. Неаднаразова павышаліся стаўкі аплаты працы механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Выраслі і рэальныя даходы пенсіянераў. У 1965 прыняты закон аб пенсіях калгаснікам. 500 тыс. калгаснікаў Беларусі сталі атрымліваць пенсію, у той час як у 1963 яе атрымлівалі толькі 60 тыс.чал. У галіне жыллёва-камунальнага будаўніцтва задача будаваць больш, хутчэй і танней вырашалася за кошт шырокага выкарыстання тыпавых праектаў дамоў з жалезабетону і панэльных блочных канструкцый, укаранення індустрыяльных метадаў будаўніцтва. У выніку тэмпы здачы ў эксплуатацыю жылой плошчы значна выраслі. За 1959—65 пабудавана ў 2,2 раза больш, чым за папярэднія 7 гадоў. Гэта дазволіла палепшыць жыллёвыя ўмовы 2675 тыс.чал. У 1958 на ахову здароўя людзей расходавана сродкаў амаль удвая больш, чым у 1950.
Экстэнсіўны характар развіцця сав. эканомікі ў 1970—80-я г., нарастанне эканам. цяжкасцей, далейшая канцэнтрацыя сродкаў у цяжкай і ваен. прамысловасці абмяжоўвалі магчымасці вырашэння сац. задач. У 1970-я г. ў вытв. галінах нар. гаспадаркі ўстаноўлены новыя стаўкі і аклады. У выніку заработная плата рабочых і служачых Беларусі павысілася на 63% і склала 173 руб. за месяц (па СССР — 190 руб.), аплата працы калгаснікаў — больш чым у 2,7 раза і склала 154 руб. (па СССР — 153 руб.). У 1970-я г. ўведзены дадатковыя льготы інвалідам Вял.Айч. вайны і сем’ям ваеннаслужачых, што загінулі; устаноўлена 100-працэнтная аплата па цяжарнасці і родах працуючым жанчынам незалежна ад іх працоўнага стажу; павялічана колькасць аплачваемых дзён па доглядзе за хворым дзіцем; павялічана дапамога інвалідам з маленства I і II групы, палепшаны матэрыяльна-быт. ўмовы ўдзельнікаў Вял.Айч. вайны і інш. Аднак рост агульных намінальных даходаў не адлюстроўваў сапраўднае становішча спраў, бо рэальная (фактычная) зарплата не павышалася, а зніжалася. Памяншалася і доля фонду зарплаты ў нац. даходзе. Так, у 1985 доля фонду зарплаты ў нац. даходзе СССР, які быў створаны ў прамысловасці, склала толькі 36,5%, у той час як у ЗША — 64%, а ў краінах Зах. Еўропы — 60—80%.
Разам з тым на мяжы 1980-х г. у эканоміцы актыўна выявіліся інфляцыйныя тэндэнцыі. На працягу 10-й (1976—80) і 11-й (1981—85) пяцігодак істотна павышаны рознічныя цэны не толькі на прэстыжныя тавары (ювелірныя вырабы, хрусталь, дываны і інш.), але і на многія тавары масавага попыту (мэбля, некаторыя швейныя вырабы, шарсцяныя хусткі, бензін, буд. матэрыялы, многія гасп. тавары, кандытарскія вырабы і інш.). Акрамя таго, павялічыліся тарыфы на паслугі сувязі, быт. і інш. камунальныя паслугі. Нягледзячы на павышэнне цэн на шэраг тавараў і паслуг, у канцы 1970 — пач. 1980-х г. узрос агульны дэфіцыт прадметаў спажывання. Павелічэнне грашовых даходаў ва ўмовах зніжэння тэмпаў эканам. развіцця прывяло да павелічэння грашовай масы, рост якой стаў апярэджваць вытворчасць тавараў. Гэтаму садзейнічала падцягванне акладаў нізкааплатных слаёў насельніцтва да акладаў сярэднеаплатных. Нарастала незбалансаванасць рынку. А па ўзроўні спажывання СССР у 1985 займаў 77-е месца ў свеце. Вострай заставалася жыллёвая праблема. Тэмпы ўводу жылля ў карыстанне зніжаліся. У выніку на пач. 1989 амаль 30% сем’яў і адзінокіх грамадзян чакалі вырашэння кватэрнага пытання. З-за недахопу кватэр на многіх прадпрыемствах не хапала рабочых, захоўвалася высокая цякучасць кадраў, вытв. магутнасці прадпрыемстваў поўнасцю не выкарыстоўваліся. Не адпавядала сучаснаму стану ахова здароўя. Устарэла яе матэрыяльна-тэхн. база. З 1970 пачала расці дзіцячая смяротнасць. Да пач. 1980-х г.сав. грамадства апынулася на 35-м месцы ў свеце па працягласці жыцця. Амаль 50 краін мелі больш нізкую дзіцячую смяротнасць.
Вялікай трагедыяй у жыцці бел. народа стала аварыя на Чарнобыльскай АЭС (крас. 1986). Пад уздзеянне радыяцыі на Беларусі трапілі 54 раёны? Эканоміка рэспублікі панесла велізарныя матэрыяльныя страты: з абароту выведзена больш за 20% с.-г. угоддзяў, амаль 15% лясоў. Агульныя выдаткі склалі больш за 100 млрд.руб., або 16 нац. гадавых бюджэтаў Беларусі. Ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы стала надзённай праблемай для Беларусі. Вярх. СаветБССР прыняў шэраг законаў па сац. падтрымцы людзей, што пацярпелі ад аварыі. У ходзе іх выканання толькі ў 1991 было асвоена капіталаўкладанняў на 500 млн.руб. больш, чым за папярэднія 4 гады.
У канцы 1980-х матэрыяльнае становішча народа пачало яшчэ больш пагаршацца, эканам. крызіс ахапіў сац. сферу, абвастрыўся дэфіцыт прадуктаў і спажывецкіх тавараў. Гэта садзейнічала ўзнікненню сац. напружанасці ў грамадстве.
Адукацыя, навука. Распачатая ў 1959 школьная рэформа прадугледжвала ўвядзенне ўсеаг. 8-гадовага навучання, рэарганізацыю 10-класных сярэдніх школ у 11-класныя працоўныя політэхн.навуч. ўстановы з абавязковай прафесійнай падрыхтоўкай вучняў. Пашыралася сетка завочнага і вячэрняга навучання. Узяты курс на масавае стварэнне школ-інтэрнатаў (у 1970 іх было 115). У той жа час у айч. сістэме асветы вывучэнне бел. мовы пераведзена на добраахвотную аснову. У сярэдзіне 1960-х г. школьная рэформа адкарэкціравана — вырашана вярнуцца да 10-гадовага тэрміну навучання. Неабавязковым стала і вытв. навучанне — у далейшым яно ажыццяўлялася ў вучэбна-вытв. камбінатах (да 1981 іх адкрыта 191). Паступова скарачалася колькасць 3-класных пач. школ. Да 1980 у рэспубліцы дасягнута ўсеаг. сярэдняя адукацыя ў дзённых агульнаадук. і спецыялізаваных школах. Колькасць сярэднеспецыяльных тэхнікумаў і вучылішчаў пры гэтым вырасла за 1960—85 са 102 да 139. У 1978/79 навуч.г. ў Беларусі працавала каля 7,7 тыс. школ усіх тыпаў (больш за 1,7 млн. навучэнцаў), 23,1% з іх мелі бел. мову выкладання (пераважна ў сельскай мясцовасці).
З улікам далейшага развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі адбывалася эвалюцыя вышэйшай школы. За 1960—85 колькасць ВНУ у рэспубліцы вырасла з 24 да 33. Адметнымі падзеямі сталі арганізацыя новых універсітэтаў у Гомелі (1969) і Гродне (1977), адкрыццё ў Мінску радыётэхнічнага (1964) і культуры (1975) ін-таў, у Брэсце — інж.-будаўнічага ін-та (1966), у Віцебску — тэхнал. ін-та лёгкай прамысловасці (1965), у Магілёве — машынабудаўнічага (1961) і тэхнал. (1973) ін-таў, у Наваполацку — політэхн. ін-та (1974). Колькасць студэнтаў у ВНУ на канец 1970-х г. дасягнула 171 тыс. чал.
Цэнтрам айч. вышэйшай адукацыі заставаўся Мінск, дзе працавала 17 ВНУ (100 тыс. студэнтаў). Разам з тым хуткі колькасны рост ВНУ абвастрыў праблему падрыхтоўкі выкладчыцкіх кадраў — нават у Мінску ступені дактароў навук мелі каля 3% выкладчыкаў, а кандыдатаў навук — 34%.
Новая хваля НТР патрабавала навуковых даследаванняў і абумовіла нарастаючую ролю навукі. За 1956—85 колькасць навук. устаноў у Беларусі павялічылася з 76 да 167. Да таго ж на прамысл. аб’ектах дзейнічала больш за 1 тыс. праектна-тэхнал. арг-цый і канструктарскіх бюро. Апрача фундаментальных даследаванняў, што вяліся ў ВНУ, у 1970-я г. пры іх дзейнічалі 12 н.-д. сектараў, 12 праблемных і 20 галіновых лабараторый, шэраг НДІ (пры БДУ і Бел.політэхн. ін-це). Вядучую ролю ў навук. даследаваннях па-ранейшаму адыгрываў Мінск, дзе працавала больш за 40 НДІ. Акрамя Акадэміі навук буйныя даследчыя цэнтры былі створаны пры Дзяржплане БССР, мін-вах сельскай гаспадаркі, аховы здароўя. Для каардынацыі дзейнасці навук. устаноў у с.-г. галіне ў 1971 у Мінску арганізавана Зах. аддзяленне Усесаюзнай акадэміі с.-г.навук. У 1960-я г. пры Ін-це ядзернай энергетыкі пабудаваны першы ў рэспубліцы атамны рэактар (пад Мінскам). З Расіі ў Беларусь на працу запрошаны вядучыя вучоныя: фізікі М.А.Ельяшэвіч, Б.І.Сцяпанаў; матэматыкі М.П.Яругін, А.К.Красін, А.В.Лыкаў. Сусв. вядомасць атрымалі даследаванні айч. навукоўцаў А.А.Ахрэма, М.А.Барысевіча, Я.Р.Канавалава, М.Я.Мацапуры, У.П.Платонава, А.Н.Сеўчанкі, Ф.І.Фёдарава, Б.Л.Шапашніка і інш. У 1985 на Беларусі працавала 1011 дактароў навук і 13,1 тыс. кандыдатаў навук. На працягу 1956—85 бел. вучоныя атрымалі 26 Дзярж. прэмій СССР і 57 Дзярж. прэмій Беларусі.
Літ.:
Сельское хозяйство СССР: Стат. сб. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;
Гісторыя Беларускай ССР. Мн., 1977;
Белорусская Советская Социалистическая Республика. Мн., 1978;
Гиоргиадзе З.И., Геращенко Л.Ф. Белоруссия за десять пятилеток. Мн., 1982;
Короткевич А.Т. Наука в Белоруссии на современном этапе. Мн., 1986;
Матэрыялы XXX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1986;
Народное хозяйство Белорусской ССР: Стат. ежегодник. Мн., 1987;
На пороге кризиса: нарастание застойных явлений в партии и обществе. М., 1990;
Грыгор’ева В.В., Марчанка І.Я. Сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР (сярэдзіна 50-х — сярэдзіна 80-х гг.) // Актуальныя пытанні гісторыі БССРМн., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;
Сарокін А.М. На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. веска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб Зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999;
БССР в цифрах, 1986 г.Мн., 1987;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии Мн., 2001;
Нонканфармізм у Беларусі: 1953—1985: Давед.Т. 1. Мн., 2004.
І.І.Гвардзееў (прамысловасць, транспарт, сувязь, сельская гаспадарка), У.Я.Казлякоў (грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё), А.Ф.Самусік (адукацыя, навука).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА ШЛЯХУ ДА СУВЕРЭНІТЭТУ І ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ
Народная гаспадарка. У 2-й пал. 1980-х г.эканам. развіццё Беларусі ішло супярэчліва. З аднаго боку, рос эканам. патэнцыял, дэфіцыт бюджэту і знешняя запазычанасць былі невялікімі, спажывецкі рынак знаходзіўся ў стане адноснай раўнавагі. З другога боку, з сярэдзіны 1980-х г. у эканоміцы назіралася зніжэнне тэмпаў росту вытворчасці і пагаршэнне яе гал.эканам. паказчыкаў. Гэта азначала, што дзеючая дзярж. сістэма ўласнасці, строга цэнтралізаванае кіраўніцтва прывялі да адмаўлення ўласцівых эканоміцы ўнутраных законаў яе развіцця. Гаспадарамі ў эканоміцы СССР былі цэнтр. ведамствы, якія вырашалі, што будаваць і якую прадукцыю вырабляць у Беларусі. Толькі гэтым можна растлумачыць стварэнне ў г. Жодзіна вытворчасці магутных аўтасамазвалаў, пры тым, што у Беларусі няма металу і кар’ераў распрацоўкі выкапняў, дзе выкарыстоўваліся б гэтыя самазвалы. БССР давала 1/4 агульнасаюзнай вытворчасці хім. валокнаў, 7% шын (у 2 разы больш на душу насельніцтва, чым у сярэднім па краіне). Але такая высокая канцэнтрацыя шкоднай вытворчасці не мела пад сабой эканам. абгрунтаванняў і з’яўлялася крайне экстрэмальнай з пункту гледжання экалогіі. Таму для многіх вучоных-эканамістаў краіны, як і для шэрагу палітыкаў, станавілася відавочнай неабходнасць карэнных пераўтварэнняў у эканоміцы. Пошук шляхоў рэфармавання эканомікі пачаўся з красавіцкага (1985) пленума ЦККПСС, на якім быў узяты курс на паскарэнне сац.-эканам. развіцця краіны. Пад паскарэннем тады разумелася павышэнне тэмпаў эканам. развіцця шляхам усямернай інтэнсіфікацыі вытворчасці на аснове навукова-тэхн. прагрэсу, структурнай перабудовы эканомікі, новых, эфектыўных форм арганізацыі, кіравання і стымулявання працы. У такім кірунку і прадугледжвалася развіццё Беларусі на 1986—90. Рост прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы павінен быў скласці больш за 20%. Гэта азначала, што па сутнасці ўвесь прырост вытворчасці неабходна забяспечыць за кошт яе інтэнсіфікацыі. Асн. надзеі ўскладаліся на адм. меры, на ўмацаванне адказнасці, працоўнай дысцыпліны, мабілізацыю скрытых рэсурсаў, сродкаў і іх пераразмеркаванне. Да восені 1986 стала відавочна, што нар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, працягвала працаваць па старой схеме, выкарыстоўваючы загады, карэкціроўку планаў, «выбіванне» ўсё новых рэсурсаў, сродкаў і інш. Механізм паскарэння ніяк не мог зламаць механізм тармажэння, эканоміка захоўвала затратны характар і працягвала рух да крызісу. Таму наступным важным этапам у перабудове эканам. адносін стаў пераход ад курсу на паскарэнне да радыкальнай эканам. рэформы. У чэрв. 1987 Вярх. СаветСССР прыняў закон «Аб дзяржаўным прадпрыемстве», а Савет Міністраў СССР і ЦККПСС прынялі шэраг дакументаў аб радыкальнай эканам. рэформе, якая прадугледжвала пераход ад пераважна адм. метадаў да эканамічных і перавод галін нар. гаспадаркі, прадпрыемстваў і аб’яднанняў на поўны гасп. разлік і самафінансаванне, што азначала пэўнае аслабленне дыктату цэнтра і павышэнне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў. З 1.1.1987 ва ўмовах гасп. разліку ў Беларусі пачалі працаваць, акрамя прадпрыемстваў і аб’яднанняў лёгкай прамысловасці, калектывы аўтамабільнай, нафтахім. прамысловасці, прыладабудавання і шэрагу інш. галін. Аб’ём вытворчасці гэтых прадпрыемстваў складаў больш за 1/3прамысл. прадукцыі. Эканоміка рэспублікі стала развівацца больш дынамічна. За 1986—87 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 11,1%, нац. даход — на 11,5% (пры плане 9,1%). Сярэднегадавы прырост аб’ёмаў прамысл. вытворчасці склаў 6,9%, прадукцыйнасці працы — 6,4%. У 1988 ва ўмовах гасп. разліку і самафінансавання працавалі ўся прамысловасць, аграпрамысл. комплекс, транспарт, гандаль, большасць буд. арг-цый. У выніку за 1986—89 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 15%, нац. даход — на 14,8%, аб’ём прамысл. вытворчасці — на 27,3%, прадукцыйнасць працы — на 26%.
Аднак радыкальнага аздараўлення эканомікі не адбылося. Як і раней, яна працягвала развівацца на экстэнсіўнай аснове. Нар. гаспадарка арыентавалася не на спажыўца, не на яго запатрабаванні, а на прамежкавыя валавыя паказчыкі. Не адбылося істотнага росту эфектыўнасці вытворчасці, працягваў дзейнічаць затратны механізм гаспадарання. Тлумачылася гэта тым, што на практыцы т.зв. «радыкальная» эканам. рэформа не пайшла далей размоў аб гасп. разліку. Міністэрствы і ведамствы ў большасці выпадкаў працягвалі планаваць прадпрыемствам амаль усе гал.эканам. паказчыкі. У 1988—90 планавы дзярж. заказ працягваў ахопліваць большую частку вытворчасці (да 90%). Стварыць новае эканам. асяроддзе не ўдалося. Адм. метады рэгулявання аслабелі, а эканамічныя не былі ўведзены. Спад тэмпаў вытворчасці працягваўся. Калі сярэднегадавы прырост нац. даходу ў 1981—85 склаў 5,3%, то за 1986—90 ужо 3,9%, валавога грамадскага прадукту — адпаведна 4,6 і 4,5%. Значна знізіліся тэмпы прыросту прамысл. прадукцыі па гадах: у 1986 на 7%, у 1987 на 6, у 1988 на 3, у 1989 на 4,8, у 1990 на 4,1%. Гэта не магло не адбіцца на зніжэнні тэмпаў прыросту практычных даходаў насельніцтва, якія ў 1986—90 у сярэднім за год складалі 2% супраць 2,3% у 1981—85, 3,8% у 1976—80.
Яшчэ больш марудна ішлі перамены ў сельскай гаспадарцы, скіраваныя на змену камандных метадаў кіраўніцтва калгасамі з боку дзяржавы. Паводле прыкладнага статута калгаса, прынятага ў 1988, у кампетэнцыю калгасаў перадаваліся пытанні аб памерах прысядзібных участкаў калгаснікаў, колькасці жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках; прадугледжвалася павышэнне ролі брыгад і ферм у жыццядзейнасці працоўных калектываў. Але курс на рэалізацыю кааператыўных прынцыпаў у калгасным жыцці не ажыццявіўся. Паводле афіц. звестак, у 2-й пал. 1980-х г. у параўнанні з 1-й паловай валавы збор збожжа павялічыўся на 28%, бульбы — на 5%, агародніны — на 12%. Агульны аб’ём прадуктовых тавараў у 1989 перасягнуў узровень 1985 на 23%. Аднак у сувязі з агульным крызісам у эканоміцы ў 1990 стан сельскай гаспадаркі пагоршыўся, для забеспячэння насельніцтва харчовымі прадуктамі была ўведзена сістэма талонаў.
Такім чынам, у 1990-я г.нар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, усё яшчэ заставалася ва ўладзе адм.-каманднай сістэмы кіравання. Дзярж. заказ ахопліваў амаль усю вытворчасць, рэсурсы і сыравіна размяркоўваліся цэнтралізавана, цэны вызначаліся зверху, дзярж. форма ўласнасці пераважала над іншымі, большая частка капіталаўкладанняў кантралявалася з цэнтра. Але гэта сістэма падрывалася пастаяннымі эксперыментамі з эканам. паўрэформамі, якія паралізавалі існаваўшую эканам. сістэму. З сярэдзіны 1990 пачаліся канфлікты паміж цэнтр. і мясц. ўладамі. Апошнія адмаўляліся выконваць абавязкі па гасп. дагаворах, забаранялі вывозіць прадукцыю мясц. прамысловасці і сельскай гаспадаркі, праводзілі асабістую цэнавую палітыку. Стаў відавочным параліч улады. Гэта прывяло да таго, што з 1990 пачалося некантралюемае падзенне вытворчасці.
Дэмакратызацыя грамадскага жыцця. Складанае сац.-эканам. і паліт. становішча, у якім апынуўся Сав. Саюз на мяжы 1970—80-х г., патрабавала рэфармавання. Красавіцкі (1985) пленум ЦККПСС, XXVII з’езд партыі (1986), XIX Усесаюзная парт. канферэнцыя (1988) вызначылі палітыку перабудовы: правядзенне рэформы эканам. і паліт. сістэм, сац. і культ. сфер жыцця, стварэнне прававой дзяржавы. Значную ролю ў дэмакратызацыі грамадскага жыцця адыграла абвешчаная ў сярэдзіне 1987 публічнасць. На старонках газет і часопісаў, у тэле- і радыёперадачах разгарнулася палеміка пра ўмовы жыцця, шляхі абнаўлення сацыялізму і паскарэння рэформ. Развіццё публічнасці, пачатае зверху, хутка ахапіла шырокія слаі грамадскасці і ператварылася ў магутную плынь, спыніць якую КПСС ужо не здолела. Сталі раскрывацца т.зв. «белыя плямы» ў гісторыі, пачаўся 2-і этап рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Неўзабаве пачала набіраць сілу ідэя, што без паліт. рэформы нельга ажыццявіць эканамічную. Нечарговая 12-я сесія Вярх. Савета СССР у канцы 1988 прыняла Закон «Аб зменах і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага Закона) СССР», паводле якога было вырашана склікаць з’езд нар. дэпутатаў і стварыць пастаянна дзеючы Вярх. СаветСССР, а таксама Закон «Аб выбарах народных дэпутатаў СССР», паводле якога не стала абмяжоўвацца колькасць кандыдатаў у нар. дэпутаты. Упершыню ў выбарчай практыцы ўводзілася права вылучаць кандыдатаў у нар. дэпутаты ад сходаў выбаршчыкаў па месцы жыхарства. Трэцюю частку нар. дэпутатаў СССР прадугледжвалася выбіраць ад грамадскіх арг-цый, у т. л. ад КПСС.
Важную ролю ў паліт. рэформе адыграла абнаўленне выбарчай сістэмы ў саюзных і аўтаномных рэспубліках, у т. л. ў Беларусі. У кастр. 1989 сесія Вярх. Савета БССР прыняла законы аб выбарах нар. дэпутатаў Беларускай ССР і аб выбарах нар. дэпутатаў мясц. Саветаў. Грамадзяне атрымалі магчымасць упершыню за многія дзесяцігоддзі выбіраць дэпутатаў з некалькіх кандыдатур. Але па прыкладу саюзнага заканадаўства рэсп. закон захаваў права абрання ў Вярх. СаветБССР 50 дэпутатаў ад грамадскіх арг-цый. У выніку выбараў (адбыліся 4.3.1990) значна абнавіўся склад Вярх. і мясц. Саветаў, ажывілася іх праца.
З развіццём дэмакратыі ў грамадстве склаліся ўмовы для развіцця шматпартыйнасці, адкрытай формы паліт. плюралізму. Грамадзяне атрымалі права адстойваць свае інтарэсы або інтарэсы сац. груп ці слаёў праз адпаведныя паліт. аб’яднанні. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі ўзнікаць т.зв. «нефармальныя» аб’яднанні (суполкі «Талака», «Спадчына», т-вы «Тутэйшыя», «Узлёт», клуб «Мінская альтэрнатыва» і многія інш.), якія выступалі супраць афіц. ідэалогіі, за захаванне і развіццё бел. мовы і культуры, шмат увагі аддавалі экалагічнай сітуацыі. Узніклі шматлікія грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і рухі. Найб. уплывовым рухам у рэспубліцы з’явіўся Бел.нар. фронт (БНФ «Адраджэньне»), створаны як грамадска-паліт. рух у падтрымку палітыкі перабудовы. Устаноўчы з’езд яго адбыўся 24—25.6.1989 у Вільнюсе. У прынятай на ім праграме фронт яшчэ салідарызаваўся з лепшымі сіламі КПСС у справе рэформ, ставіў сабе за мэту адраджэнне нац. культуры, прыняцце закона аб дзяржаўнасці бел. мовы. Высоўвалася ідэя сапраўднай суверэннасці БССР у складзе Сав. Саюза, пад якой тады разумелася перавага рэсп. правоў над саюзнымі. Неадкладнай задачай прызнавалася ліквідацыя вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і паляпшэнне дабрабыту людзей. Паступова ад падтрымкі перабудовы БНФ перайшоў да адкрытай антыкамуніст. скіраванасці сваёй дзейнасці і жорсткай канфрантацыі з уладамі, асабліва па праблеме вырашэння нац. пытання. На працягу 1990—91 заснаваны Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Нац.-дэмакр. партыя беларусаў, Бел. сацыял-дэмакр. грамада (пераемніца БСГ), Бел.сял. партыя, Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць. Узнікненню ў Беларусі новых партый і паліт. рухаў садзейнічаў Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», які ўступіў у дзеянне з 1.1.1991. З першых крокаў сваёй дзейнасці паліт. аб’яднанні, што ствараліся ў Беларусі, выступалі супраць манапалізму КПСС—КПБ, за дэпартызацыю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый.
Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Працэсы дэмакратызацыі ў СССР канца 1980-х г. узмацнілі цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Яны былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 аб кіруючай ролі КПСС у сав. грамадстве паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў пра «аднаўленне незалежнай Літоўскай дзяржавы», скасаванне дзеяння канстытуцый Літ. ССР і СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. саюзныя рэспублікі, хаця спачатку яны не заяўлялі пра выхад з СССР. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў Рас. Федэрацыі. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бел.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі зацвердзіў Вярх. СаветБССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў; за захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму.
У той жа час у Беларусі больш за 80% тых, хто галасаваў, выказаліся за захаванне СССР.
19.8.1991 група вышэйшых парт. і дзярж. кіраўнікоў у Маскве стварыла т.зв. Дзярж.к-т па надзвычайным становішчы (ДКНС), абвясціла аб пераходзе да яго ўсёй паўнаты ўлады і ўвядзенні ў шэрагу рэгіёнаў СССР надзвычайнага становішча. Гэтыя дзеянні выклікалі адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве Рас. Федэрацыі і інш. саюзных рэспублік. БюроЦККПБ і Прэзідыум Вярх. Савета БССР заклікалі камуністаў і ўсіх працоўных рэспублікі да спакою і вытрымкі. 20 жніўня на пл. Незалежнасці ў Мінску адбыўся шматтысячны мітынг супраць ДКНС і КПСС. Пасля правалу 21 жніўня выступлення ДКНС урады і Вярх. Саветы суверэнных саюзных рэспублік канчаткова ўзялі курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Бел. ССР. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь; адначасова была ўведзена новая дзярж. сімволіка — бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі Камянецкага р-на) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) са штаб-кватэрай у Мінску. У дакуменце канстатавалася, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансаваў Дагавор 1922 аб утварэнні СССР.
Рэспубліка Беларусь атрымала рэальную магчымасць будаваць уласную дзяржаўнасць.
Адукацыя, навука. У сярэдзіне 1980-х г. у Беларусі ўзнята пытанне пра чарговую карэкціроўку школьнай рэформы, неабходнымі ўмовамі якой лічылася прадастаўленне навуч. установам большай самастойнасці, а таксама інтэграцыя іх у адзінае цэлае з навукай, нар. гаспадаркай і культурай. Дасягненне ўсеаг. сярэдняй адукацыі дазволіла пачаць скарачэнне вячэрніх навуч. устаноў (у Мінску ў 1990 іх засталося толькі 8 з 28 ранейшых). Зварот да еўрап. асветніцкага вопыту садзейнічаў пашырэнню новых тыпаў агульнаадук. і спецыялізаваных школ — гімназій, ліцэяў, каледжаў (восенню 1990 у Мінску створана першая бел.нац. гімназія). У сістэме вышэйшай адукацыі гэта рэформа праявілася ў падрыхтоўцы да пераводу айч. інстытутаў у ранг акадэмій і універсітэтаў (рэалізавана ў 1990-я г.). Паралельна адкрываліся і новыя ВНУ, у т. л. Гомельскі мед.ін-т (1990). З’явіліся падставы і для арганізацыі недзярж. навуч. устаноў (сярэдніх і вышэйшых). Усё большую заклапочанасць грамадства выклікаў працяг русіфікацыі айч.навуч. устаноў (у 1987 беларускамоўных школ у рэспубліцы засталося крыху больш за 18%). Выпраўленню становішча і фарміраванню нац. сістэмы адукацыі павінен быў садзейнічаць «Закон аб мовах у Беларускай ССР», прыняты Вярх. Саветам БССР 26.1.1990. Паводле яго бел. мова атрымала статус дзяржаўнай, што дазволіла распачаць пашырэнне яе выкарыстання ў сістэме айч. адукацыі.
У 2-й пал. 1980-х г.навук. даследаванні на Беларусі значна актывізаваліся. Тлумачылася гэта ўрадавым курсам на паскарэнне агульнага развіцця гаспадаркі і ўмацаванне сувязей навук. устаноў з прамысловасцю і сельскай гаспадаркай. Менавіта такая арыентацыя садзейнічала таму, што ў айч.навук. асяроддзі пераважалі прадстаўнікі фіз.-матэм. і тэхн. навук (60%). Патрэбы бел. эканомікі абумовілі стварэнне ў 1985 у Гродне НДІ біяхіміі, арганізацыю ў Мінску ў 1990 Ін-та сацыялогіі і буйнога вылічальнага цэнтра пры АН Беларусі. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС (1986) востра паставіла ў рэспубліцы пытанне пра наступствы радыеактыўнага забруджвання — у 1987 у Мінску пачаў працу НДІ радыебіялогіі. Пашырэнне цікавасці да здабыткаў нац. культуры абумовіла арганізацыю ў 1989 Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны, якое выступала за шырокае ўжыванне бел. мовы ва ўсіх сферах паўсядзённага жыцця. У цэлым у 2-й пал. 1980-х г. Беларусь займала 3-е месца ў СССР па колькасці вучоных (пасля Расіі і Украіны).
Развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей. Тагачасная знешнепаліт. дзейнасць і міжнар. сувязі Беларусі развіваліся ў рэчышчы скаардынаванай знешняй палітыкі СССР і сацыяліст. краін—членаў Варшаўскага Дагавора і Савета Эканам. Узаемадапамогі (СЭУ). Магчымасці ўдзелу БССР у міжнар. дзейнасці Сав. Саюза пашыраліся дзякуючы адмаўленню сав. кіраўніцтва ад тэзіса пра непазбежнасць войнаў з капіталіст. краінамі, ад палітыкі жорсткай ізаляванасці ад астатняга свету, абвяшчэнню прынцыпу мірнага суіснавання дзяржаў з супрацьлеглымі грамадскімі сістэмамі. Разам з тым працягвалася «халодная вайна». БССР даволі актыўна праяўляла сябе ў дзейнасці амаль 70 міжнар. арг-цый і іх органаў, гал. чынам ААН, далучылася да шэрагу міжнар. дагавораў. У 1960-я г. адкрыліся пастаянныя прадстаўніцтвы Беларусі пры Аддзяленні ААН (1962) і інш.міжнар. арг-цыях у Жэневе, у 1962 — пры ЮНЕСКА у Парыжы, у 1982 — пры міжнар. арг-цыях у Вене. Міжнар. правасуб’ектнасць рэспублікі была замацавана ў Канстытуцыі БССР 1978. У 1974—75 Беларусь з’яўлялася непастаянным членам Савета Бяспекі. Рэспубліка 5 разоў выбіралася членам Эканам. і Сац. Савета ААН. Пашырыўся яе ўдзел у Міжнар. арг-цыі працы (МАП, з 1954), Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі (МАГАТЭ, з 1957). Рэспубліка стала членам Міжнар.бюро выставак (з 1960), Пастаяннай палаты трацейскага суда (з 1962), Сусв. арг-цыі інтэлектуальнай уласнасці (з 1970), Міжнар. арг-цыі марской спадарожнікавай сувязі (з 1979), Арг-цыі Аб’яднаных Нацый па прамысл. развіцці (ЮНІДО, з 1985) і інш. Калі ў канцы 1950-х г. Беларусь была ўдзельніцай 54 міжнар. дагавораў, канвенцый і пагадненняў, то ў сярэдзіне 1980-х г. — 168, сярод якіх дагаворы аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, касмічнай прасторы і пад вадой (1963), аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Месяц (1967), аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў, у яго нетрах ядзернай зброі і інш. сродкаў масавага знішчэння людзей (1971), канвенцыі аб забароне распрацоўкі, вытворчасці і назапашвання бактэрыял. і таксічнай зброі (1972), аб забароне ваен. або ўсякага інш. варожага выкарыстання сродкаў уздзеяння на прыроднае асяроддзе (1977), аб забароне або абмежаванні прымянення канкрэтных відаў звычайнай зброі, якія могуць лічыцца тымі, што наносяць празмерныя пашкоджанні або маюць невыбіральнае дзеянне (1981) і інш.
Беларусь у кансалідаванай палітыцы СССР у ААН курыравала пытанні пакарання фаш. злачынцаў, ініцыіравала і падтрымлівала ўсе рэзалюцыі ААН, што датычыліся раззбраення, спынення гонкі ўзбраенняў. Пры актыўным удзеле БССРААН прыняла Канвенцыю аб непрыдатнасці тэрміну даўнасці да ваен. злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва (1969), ухваліла прынцыпы міжнар. супрацоўніцтва ў адносінах адшукання, арышту, выдачы і пакарання такіх асоб (1973); па ініцыятыве бел. дэлегацыі была прынята дэкларацыя аб выкарыстанні навукова-тэхн. прагрэсу ў інтарэсах міру і на карысць чалавецтва (1975). Беларусь падтрымала шэраг дакументаў ААН у галіне правоў чалавека і народаў: дэкларацыю аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам (1960), міжнар. пакты аб эканам., сац. і культурных правах (1966), аб грамадзянскіх і паліт. правах (1968), міжнар. канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі (1966); стала сааўтарам дэкларацыі сац. развіцця (1969). Па прапанове Беларусі Ген. Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб абароне асоб, якія затрыманы ці пазбаўлены волі за барацьбу супраць апартэіду, расізму, расавай дыскрымінацыі, каланіялізму, агрэсіі і замежнай акупацыі (1977).
Пашырэнню міжнар. сувязей Беларусі садзейнічала стварэнне пастаяннай камісіі па замежных справах Вярх. Савета БССР, адпаведных падраздзяленняў у Савеце Міністраў рэспублікі, Дзяржплане, міністэрствах, ведамствах, установах, на прадпрыемствах, у грамадскіх арг-цыях. У 1972 у Мінску адкрыты ген. консульствы Польшчы і ГДР, у 1990 — Балгарыі. БССР стала больш адкрытай як для афіц. зносін, так і для чалавечых кантактаў. Рэспубліку наведвалі дэлегацыі, кіраўнікі розных краін, паліт. і грамадскія дзеячы, у т. л.ген. сакратары ААН У Тан (1970) і Х.Перэс дэ Куэльяр (1987), Сусв. Савета Міру — Р.Чандра (1975), сакратар Міжнар.дэмакр. федэрацыі жанчын Х.Кампусана (1975); кіраўнікі кампартый і сацыяліст. дзяржаў: Манголіі — Ю.Цэдэнбал (1965), Чэхаславакіі — А.Новатны (1965), Югаславіі — І.Броз Ціта (1965), Герм.Дэмакр. Рэспублікі — В.Ульбрыхт (1966), Кубы — Ф.Кастра Рус (1972), Польшчы — Э.Герак (1975), Балгарыі — Т.Жыўкаў (1961, 1976), КНДР — Кім Ір Сен (1984); кіраўнікі развітых капіталіст. краін і краін, якія развіваюцца: прэзідэнты Францыі — Ж.Пампіду (1973), ЗША — Р.Ніксан (1974), Фінляндыі — У.К.Кеканен (1977), Анголы — Ж.Э. душ Сантуш (1988); кіраўнік адміністрацыі Эфіопіі М.Хайле Марыям (1982), прэм’ер-міністр Індыі Р.Гандзі (1985) і інш. Дэлегацыі БССР выязджалі ў сацыяліст. краіны, а таксама ў Аўстрыю, Бельгію, Вялікабрытанію, Грэцыю, ЗША, Іспанію, Італію, Канаду, Люксембург, Фінляндыю, Францыю, ФРГ, Швейцарыю, Швецыю, Японію. Актыўны ўдзел у расшырэнні міжнар. сувязей Беларусі прымалі створаныя раней Бел.к-т абароны міру і К-т маладзёжных арг-цый БССР. Бел.т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі мела 12 рэсп. аддзяленняў: з 1958 дзейнічалі рэсп. аддзяленні т-ваў сав.-польскай, сав.-кітайскай дружбы і Сав.т-ва дружбы з Германіяй; з 1961 — т-ваў сав.-балгарскай і сав.-чэхаславацкай дружбы, з 1962 — Т-ва «СССР—Канада», з 1963 — т-ваў сав.-венгерскай дружбы і «СССР—Фінляндыя», з 1964 — Т-ва «СССР—Францыя», з 1966 — Т-васав.-в’етнамскай дружбы, з 1973 — Т-васав.-кубінскай дружбы, з 1980 — Т-васав.-аўстрыйскай дружбы. На 1.1.1990 працавалі 10 абл., 38 гар. і раённых, 311 пярвічных арганізацый т-ваў дружбы. У 1970 — пач. 1980-х г. у Беларусі адбыўся шэраг міжнар. форумаў антываен. скіраванасці. У форуме, які прайшоў пад дэвізам «Няхай ніколі не паўторыцца трагедыя Хатыні, Лідзіц, Арадура, Хірасімы, Сангмі» (ліп. 1972) прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 краін свету. На Міжнар. сустрэчу прыхільнікаў міру ў Мінску, прысвечаную 30-годдзю перамогі над фашызмам (май 1975), сабраліся 140 удзельнікаў з еўрап. краін, Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, Манголіі, Кубы, Сусв. Савета Міру, Дэмакр. федэрацыі жанчын. У межах Міжнар. года жанчыны Мінск прыняў удзельніц Міжнар. сустрэчы жанчын з 27 краін (жн. 1975), якая праходзіла пад дэвізам «Жанчыны ў барацьбе супраць фашызму, за трывалы і справядлівы мір на ўсёй зямлі». Кангрэс Міжнар. федэрацыі змагароў супраціўлення (май 1978) сабраў у сталіцы Беларусі прадстаўнікоў 29 краін, Сусв. федэрацыі ветэранаў вайны, Міжнар.к-та вязняў канцлагераў, якія заклікалі забараніць нейтронную бомбу, выступілі супраць неанацызму. У ліп. 1982 сталіца Беларусі стала завяршальным этапам Маршу прыхільнікаў міру, які пачаўся ў Хельсінкі і прайшоў праз расійскія гарады. Правядзенне міжнар. форумаў сведчыла аб прызнанні ролі Беларусі ў барацьбе з фашызмам, мела значэнне ў сэнсе яе сусв. папулярызацыі.
З 1957, калі быў заключаны дагавор аб пабрацімскіх сувязях паміж Мінскам і англ.г. Нотынгем, БССР уключылася ў сусв. рух параднёных гарадоў. Пабрацімамі Мінска сталі таксама: з 1973 Сендай (Японія), Бангалор (Індыя); з 1976 Ліён (Францыя), Луанда (Ангола); з 1979 Мерыда (Мексіка); з 1983 Дэтройт (ЗША). Дагаворы аб пабрацімстве заключылі і інш.бел. гарады: Гродна з Беластокам (Польшча, у 1960) і Ліможам (Францыя, у 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, у 1967); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры (Германія) і Зялёна-Гурай (Польшча, абодва ў 1969); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, у 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, у 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, у 1975); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, у 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, у 1990); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, у 1977). Супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў спрыяла развіццю дружбы, узаемнаму азнаямленню з гісторыяй, культурай, дасягненнямі ў эканоміцы, сац. сферы і інш. З 1963 апошняя нядзеля красавіка ў Беларусі, як і ў інш. краінах, пачала адзначацца як сусв. дзень параднёных гарадоў. Адбывалася таксама парадненне абласцей Беларусі з тэр. адзінкамі еўрап.сацыяліст. краін. Усе вобласці мелі сістэматычныя сувязі на аснове дагавораў з ваяводствамі Польшчы: Брэсцкая з Люблінскім (з 1956) і Бельска-падляскім (з 1975, цяпер Люблінскім); Гродзенская з Беластоцкім (з 1956, цяпер Падляскім) і Сувалкаўскім (з 1975, цяпер Падляскім); Мінская — з Варшаўскім (у 1959—77), Плоцкім і Сядлецкім (з 1977, цяпер Мазавецкім); Віцебская — з Зеленагурскім (з 1967, цяпер Любускім); Магілёўская — з Тарунскім і Вроцлаўскім (з 1978, цяпер Куяўска-Паморскім і Дольнашлёнскім); Гомельская — з Зеленагурскім (з 1978, цяпер Любускім). У 1966 Магілёўская вобл. параднілася таксама з Габраўскай акр. Балгарыі, Гомельская — з Паўд.-Чэшскай вобл. Чэхаславакіі; у 1968 Мінская вобл. заключыла дагавор аб пабрацімстве з Патсдамскай, а ў 1969 Віцебская — з акругай Франкфурт, ГДР. Развіваўся рух параднёных прадпрыемстваў. Напр., Мінскі падшыпнікавы з-д супрацоўнічаў з чэхаславацкімі з-дамі ў Брно і Прэшаве, МТЗ — з польскім трактарным з-дам «Урсус» і Карлаўскім балгарскім трактарным здам. Да 1987 дагаворы аб устанаўленні прамых вытв. і навукова-тэхн. сувязей падпісалі 61 бел. прадпрыемства з 70 прадпрыемствамі і арг-цыямі сацыяліст. краін: Балгарыі (5), Венгрыі (3), ГДР (9), Польшчы (41), Чэхаславакіі (10), Югаславіі (2). Знешнеэканам. сувязі Беларусі ажыццяўляліся праз пасрэдніцтва агульнасаюзных арг-цый: Мін-ва знешняга гандлю СССР і Дзярж.к-т па знешніх эканам. сувязях. Развіццю знешнеэканам. сувязей спрыяла дзейнасць створанага ў 1952 Бел. аддзялення Усесаюзнай гандл. палаты, якое ў 1972 пераўтворана ў Гандлёва-прамысл. палату БССР. Яна ўваходзіла ў сістэму Гандлёва-прамысл. палаты СССР і падпарадкоўвалася дзярж. органам, садзейнічала арганізацыі міжнар. выставак, а таксама бел. раздзелаў на міжнар. кірмашах і сав. выстаўках за мяжой. У 1963—77 прадукцыя бел. прадпрыемстваў дэманстравалася больш як на 300 міжнар. выстаўках і кірмашах. Толькі на працягу 1972—78 Гандлёва-прамысл. палатай БССР было арганізавана ў Мінску 49 замежных і міжнар. спецыялізаваных выставак, у якіх прыняло ўдзел 600 фірм і арг-цый з 22 краін свету. Мінск быў адным з нямногіх гарадоў СССР, дзе штогод на працягу 1970—80-х г. праводзіліся міжнар. выстаўкі. З канца 1970-х г. Гандлёва-прамысл. палата БССР падтрымлівала дзелавыя сувязі амаль з 500 замежнымі фірмамі і аб’яднаннямі 23 краін свету. За істотны ўклад у развіццё міжнар. супрацоўніцтва Гандлёва-прамысл. палата рэспублікі ў 1985 адзначана міжнар. прэміяй «Залаты Меркурый». Такой жа прэміяй адзначаны і найб. актыўныя ўдзельнікі міжнар. супрацоўніцтва — трактарны, аўтамабільны, маторны з-ды, аб’яднанне вылічальнай тэхнікі.
Асн. формай знешнеэканам. сувязей Беларусі быў гандаль. У 1960 прадукцыя 106 прадпрыемстваў пастаўлялася ў 47 краін, 300 прадпрыемстваў у 1985 выйшлі на рынкі больш чым 100 краін свету. Большая частка тавараў накіроўвалася ў сацыяліст. краіны, каля 20% — у капіталістычныя, 10% — у краіны, якія сталі на шлях развіцця. У бел. экспарце пераважалі вырабы навукаёмістых і тэхналагічна складаных вытворчасцей, найперш машынабудавання і хім. прамысловасці. У 1972 у агульным аб’ёме экспарту БССР прадукцыя машынабудавання складала 44% (у экспарце СССР у 1970—22%, ЗША — 42%). У імпарце на тавары лёгкай і харчовай прамысловасці прыпадала 71%, на прадукцыю машынабудавання — 13%. Знешнегандл. сальда Беларусі ў 1970—80 было адмоўным: імпартныя закупкі значна перавышалі экспарт. БССР выйшла на 3-е месца пасля РСФСР і Украіны па аб’ёме знешняга гандлю, але поўнасцю яе магчымасці не выкарыстоўваліся: напр., у 1982 доля Беларусі ў знешнегандл. абароце СССР не перавышала 2,85%, хоць доля рэспублікі ў агульнасаюзнай вытворчасці складала 4%. Вываз бел. прадукцыі ішоў гал. чынам у інш. рэгіёны Сав. Саюза. У 1961 Мінскі трактарны з-д прадаваў прадукцыю больш чым у 40, а ў 1980 — у 70 краін. Экспартныя трактары накіроўваліся пераважна ў краіны «сацыялістычнага лагера» — Польшчу, Балгарыю, ГДР, Венгрыю, Румынію і інш. Так, у 1969 у Балгарыі працавала 15 тыс. трактароў «Беларусь», або кожны 6-ы трактар у гэтай краіне. Бел. трактары карысталіся попытам таксама і ў капіталіст. краінах, прадаваліся ў Францыю, Канаду, Фінляндыю, ЗША, Швецыю, Егіпет, Індыю. Напр., да канца 1970-х г. у Канаду было прададзена больш за 3 тыс.бел. трактароў. Да сярэдзіны 1990-х г. трактары «Беларусь» на міжнар. кірмашах і выстаўках атрымалі 27 медалёў, у т. л. 24 залатыя (1-е месца сярод бел. прадпрыемстваў па колькасці атрыманых узнагарод на міжнар. выстаўках). Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага з-да больш чым на 90% ішла ў інш.сав. рэспублікі і за межы СССР. У 1963 мінскія грузавікі працавалі ў 35 краінах свету — Балгарыі, Аб’яднанай Арабскай Рэспубліцы, В’етнаме, Гане, Афганістане, на Кубе і інш.
У 1970 МАЗ-516 на Лейпцыгскім і ў 1985 МАЗ-5432 на Плоўдзіўскім кірмашах адзначаны залатымі медалямі. Прадукцыя аўтазавода ў 1980 экспартавалася ў 52 краіны, у сярэдзіне 1990-х г. — амаль у 80 краін свету. Шырокім попытам па-за межамі СССР карысталася прадукцыя «Гомсельмаша», Віцебскага станкабудаўнічага з-да, Аршанскага льнокамбіната, Салігорскага калійнага камбіната і інш. У 1980 Мінскі маторны з-д экспартаваў прадукцыю ў 52 краіны, электратэхнічны імя Казлова — у 28, рысорны — у 26, падшыпнікавы — у 23, «Ударнік» — у 21, прыборабудаўнічы імя Леніна — у 20, інструментальны — у 19, электрамантажных вырабаў — у 18, веласіпедны — у 16, станкабудаўнічыя імя Кірава і імя Кастр. рэвалюцыі — у 15, «Гарызонт» і гадзіннікавы — у 13, электронных вылічальных машын — у 12. Значнае месца заняла вытв. кааперацыя. Абсталяваннем з Беларусі аснашчаліся прадпрыемствы, што будаваліся з дапамогай СССР: Бхілайскі металургічны камбінат у Індыі, Асуанская ГЭС у Егіпце, машынабудаўнічы з-д у Алжыры, цэментны з-д у Йемене, трактарны з-д у Эфіопіі і інш.Бел. спецыялісты дапамагалі ў геолага-разведачных работах у Афганістане, Іране, Мазамбіку, Сірыі, Малі. Імпартнае абсталяванне, гал. чынам з сацыяліст. краін, паступала і для аснашчэння бел. прадпрыемстваў. Так, у 1961—69 у БССР паступіла больш за 120 камплектаў імпартнага абсталявання, якім было аснашчана амаль 100 прадпрыемстваў, у т. л. Гродзенскі і Полацкі хім. камбінаты, Светлагорскі з-д штучнага валакна, Слуцкі і Жабінкаўскі цукровыя з-ды, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Мінскі з-д халадзільнікаў і інш.
Істотную ролю ў міжнар. супрацоўніцтве Беларусі адыгрывалі культурныя, навук., турысцкія і спарт. сувязі. Традыцыйнай формай культурнага абмену з’яўляліся Дні культуры. У Беларусі прайшлі Дні польскай (1958), чэхаславацкай (1962), венгерскай (1963), мангольскай (1966) культуры. Адбыліся Дэкада балгарскай культуры (1965), Дні балгарскай літаратуры (1966), Дні навукі і тэхнікі Польшчы (1966), Дні Беларусі ў В’етнаме і Дні В’етнама ў Беларусі (1968), Дні тэхнікі і прамысловасці Беларусі ў Польшчы (1968), Дні фінскай культуры ў Мінску (1970), Дні Францыі ў Беларусі (1981), Дні Беларусі ў Славеніі (1986). У 1970—80-я г. Дні культуры Беларусі праведзены таксама ў Індыі, Іраку, Калумбіі, Мексіцы і інш. За межамі СССР было выдадзена больш за 300 кніг 55 бел. пісьменнікаў. Напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа праведзена значная работа па перакладзе твораў бел. класікаў на замежныя мовы і папулярызацыі іх спадчыны. Наладжвалася супрацоўніцтва паміж маст. калектывамі. Адпаведныя дагаворы былі заключаны паміж Дзярж. тэатрам оперы і балета і опернымі тэатрамі ў Вроцлаве і Лодзі (Польшча), Бел.дзярж. акадэмічным тэатрам імя Я.Купалы і Славенскім нар. тэатрам г. Марыбар (Югаславія). У Мінску адбыліся выстаўкі фінскай графікі (1970), сучаснага жывапісу Югаславіі (1973—74), шэдэўраў жывапісу з калекцыі А.Хамера (ЗША, 1974), польскага жывапісу з калекцый Варшавы і Кракава (1974), шэдэўраў Дрэздэнскай карціннай галерэі (1975), зах.-еўрап. і амерыканскага жывапісу з музеяў ЗША (1976), польскага партрэта 17—18 ст. (1977), шэдэўраў зах.-еўрап. жывапісу 17—18 ст. са збору Нац. галерэі ў Празе (1979), «К.Кольвіц і нямецкая графіка яе часу» з музея Альтэнбурга (ГДР, 1979), нар. мастацтва Ніжняй Аўстрыі (1981) і інш.
Навукова-тэхн. супрацоўніцтва ажыццяўлялася гал. чынам з сацыяліст. краінамі ў рамках СЭУ. Атрымалі шырокае распаўсюджанне такія яго формы, як узаемная тэхн. дапамога ў будаўніцтве прадпрыемстваў, абмен перадавым вытв. вопытам, навукова-тэхн. дакументацыяй, спецыялістамі, павышэнне кваліфікацыі рабочых. Заводы абменьваліся групамі рабочых, якія асвойвалі новыя прыёмы працы. Так, у ліст.—снеж. 1960 група польскіх інжынераў і рабочых трактарнага з-да «Урсус» вывучала вопыт работы на МТЗ. У кастр. 1977 на Мінскім трактарным з-дзе працавала міжнар. школа-семінар перадавога вопыту слесараў-зборшчыкаў прадпрыемстваў трактарнага і с.-г. машынабудавання сацыяліст. краін.
Пашыраліся міжнар. сувязі ВНУ і навук. устаноў БССР з замежнымі партнёрамі. БДУ супрацоўнічаў з універсітэтамі Іены, Сафіі, Кракава, Любляны, Камагуэя; БПІ — з тэхн.ВНУ Браціславы, Ільменаў, Беластока; Бел.тэхнал.ін-т — з Варшаўскай с.-г. акадэміяй; Мінскі пед.ін-т замежных моў — з Солфардскім ун-там. Дзесяткі тысяч замежных грамадзян атрымалі сярэднюю прафесійную і вышэйшую адукацыю ў прафтэхвучылішчах і ВНУ Беларусі. Да канца 1985 у рэспубліцы завяршылі навучанне каля 10 тыс. замежных грамадзян, у т. л. каля 4 тыс. атрымалі вышэйшую і больш за 1 тыс. сярэднюю спец. адукацыю. У 1985 23 ін-ты АН Беларусі і 90 н.-д. устаноў краін—членаў СЭУ, Югаславіі, Бельгіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі праводзілі сумесныя даследаванні па 59 праблемах і тэмах. З 1974 пры Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі дзейнічаў Міжнар. цэнтр акадэмій навук краін «сацыялістычнага лагера» па павышэнні кваліфікацыі маладых вучоных па праблеме «Цепла- і масаабмен».
Развіваўся замежны турызм, у т. л. транзітны. Заахвочваўся турыстычны абмен паміж прадпрыемствамі. У Мінск з турыстычнымі мэтамі прыбывалі цягнікі дружбы, дэлегацыі рабочых з капіталіст. краін, групы прафс. і грамадскіх дзеячаў. Акрамя азнаямленчых, ставіліся і паліт. мэты ідэалаг. ўздзеяння на гэтых патэнцыяльных саюзнікаў у ідэалаг. супрацьстаянні з зах. светам. У 1971—80 Беларусь наведала каля 100 прафс. дэлегацый амаль з 20 краін. Вял. колькасць замежных турыстаў прыняў Мінск летам 1980 у час спаборніцтваў XXII Алімпійскіх гульняў, на стадыёне «Дынама» адбыліся адборачныя гульні па футболе; у Мінск прыехала каля 15 тыс. удзельнікаў, гасцей Алімпіяды і замежных турыстаў. Калі ў 1958 у Мінску пабывалі крыху больш за 4 тыс. турыстаў з 25 краін, то на працягу 1977—82 Мінскае бюро падарожжаў і экскурсій абслужыла каля 34 тыс. замежных грамадзян. Толькі ў 1978 БССР наведалі 10 092 замежныя турысты, у т. л. 2946 з сацыяліст. і 7146 з капіталіст. краін, найбольш з Францыі (4000) і Італіі (2304). Павялічваўся і выезд бел. турыстаў за межы СССР. Калі ў 1960 па прафс. пуцёўках выехала 535 чал., то ў 1970-я г. выязджала больш за 7 тыс.чал. за год.
З абвяшчэннем у 1985 перабудовы ўсіх бакоў жыцця сав. грамадства ў СССР быў абвешчаны прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у сферы міжнар. адносін, пашырыўся ўдзел саюзных рэспублік у дзейнасці міжнар. арг-цый, ім была аказана дапамога ў падрыхтоўцы дыпламат. кадраў. Развіваліся чалавечыя кантакты. Разам з тым «аксамітныя рэвалюцыі» ў шэрагу сацыяліст. краін, ліквідацыя арганізацый Варшаўскага Дагавора і СЭУ аслабілі афіц. кантакты з гэтымі краінамі. Як і раней, асн. кірункам дзейнасці БССР на міжнар. арэне была работа ў рамках 70 арг-цый і органаў сістэмы ААН, 35 бел. спецыялістаў працавалі ў пач. 1988 у сакратарыятах міжнар. арг-цый. На 41-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя БССР выступіла разам з дэлегацыямі СССР і інш.сацыяліст. краін з ініцыятывай стварэння ўсеаг. сістэмы міжнар. бяспекі. У 1987, на 42-й сесіі Ген. Асамблеі ААН, Беларусь выступіла ў якасці сааўтара мемарандума і прынятай рэзалюцыі аб усеаг. сістэме міжнар. міру і бяспекі, у якой прызнавалася неабходнасць новага паліт. мыслення для ўсіх краін, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у міждзярж. адносінах, вызначаліся шляхі забеспячэння міжнар. бяспекі ў ваен., паліт., эканам. і гуманітарнай сферах. На той жа сесіі Беларусь выступіла сааўтарам прынятых рэзалюцый аб ядзерным і хім. раззбраенні, забароне інш. відаў зброі, умацаванні мер даверу, дэкаланізацыі і барацьбе супраць апартэіду, праве народаў на жыццё ва ўмовах міру. БССР ратыфікавала канвенцыі ААН аб аператыўным апавяшчэнні аб ядзернай аварыі (1986), аб дапамозе ў выпадку ядзернай ці радыяцыйнай аварыйнай сітуацыі (1986), аб барацьбе з захопам заложнікаў (1987), аб барацьбе супраць незаконнага абароту наркатычных сродкаў (1989). Унутранае заканадаўства рэспублікі прыводзілася ў адпаведнасць з міжнар. нормамі. У 1989 БССР заявіла аб прызнанні юрысдыкцыі Міжнар. Суда па шэрагу міжнар. дакументаў у галіне правоў чалавека. Аб прыхільнасці да Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека (1948) Беларусь заявіла ў кастрычніку 1991. У 1985 у Беларусі праведзены Год ААН, у 1986 — Міжнар. год міру.
Перабудова садзейнічала пашырэнню міжнар. кантактаў грамадзян. У 1989 Бел.т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі супрацоўнічала з 320 грамадскімі арг-цыямі 74 краін свету па кірунках: садзеянне сац.-эканам. развіццю БССР, гуманітарнае супрацоўніцтва, турыстычны абмен, з 1986 — садзеянне ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У выніку спрашчэння прыгранічных паездак толькі за 1-е паўгоддзе 1988 у Польшчы пабывалі больш за 18 тыс. жыхароў Гродзеншчыны, а Гродзенскую вобл. наведалі 34,2 тыс. палякаў. Працягваліся кантакты з гарадамі, абласцямі і прадпрыемствамі-пабрацімамі. У Віцебску адбыўся 1-ы фестываль польскай эстраднай песні (1987), у Бяльскападляскім ваяв. прайшлі Дні Брэсцкай крэпасці-героя (1988). У 1989 больш за 60 бел. прадпрыемстваў ажыццяўлялі прамыя сувязі з прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі Балгарыі. У 1987 былі зроблены спробы ўстанавіць прамыя шэфскія сувязі Гродзенскай вобл. з правінцыяй Лагман, Мінскай — з правінцыяй Кунар Афганістана.
Актывізавалася знешнеэканам. дзейнасць. З 1987 у плане эканам. і сац. развіцця БССР быў выдзелены спец. раздзел па знешнеэканам. сувязях. У 1990 прыняты Закон аб асновах знешнеэканам. дзейнасці Беларускай ССР. Больш за 90 прадпрыемстваў і аб’яднанняў рэспублікі ўстанавілі прамыя вытв. і навукова-тэхн. сувязі з замежнымі партнёрамі. У 1987 было створана гаспразліковае аб’яднанне «Беларусьзнешгандаль», а на 8 буйных прадпрыемствах («БелаўтаМАЗ», МТЗ, «Палімір», «Атлант» і інш.) — знешнегандл. фірмы, якія наладжвалі адносіны з фірмамі замежных дзяржаў. Толькі па прамых сувязях з замежнымі краінамі прадпрыемствы і арг-цыі Беларусі ў 1989 экспартавалі прадукцыі на 74,1 млн.руб., імпартавалі — на 61,6 млн.руб. Усяго ў 1989 на экспарт пайшло 22,8 тыс. трактароў, 4,7 тыс. грузавых аўтамабіляў, 2,2 тыс. металарэзных станкоў, 438,7 тыс. халадзільнікаў, на 52,8 млн.руб. вылічальнай тэхнікі, 3,4 млн.т калійных угнаенняў, 17,5 тыс.т сінтэтычных валокнаў і інш. У 1989 зарэгістраваны 22 сумесныя прадпрыемствы па выпуску абутку, вырошчванні жывёлы і перапрацоўцы мяса, вытворчасці тавараў нар. спажывання. Найбольш паспяхова дзейнічалі сумесныя прадпрыемствы «Белвест» (створана віцебскай абутковай ф-кай і зах.-герм. фірмай «Саламандэр», пачало выпуск прадукцыі ў 1989) і сав.-венгерскае па выпуску высакаякаснай пражы «Барыфорг», заснаванае ў Барысаве. З Польшчай былі створаны сумесныя калектывы канструктараў і вучоных Мінскага НВА «Дармаш» і камбіната «Сталева Воля», Гомельскага станкабудаўнічага ВА імя Кірава і з-да дакладных станкоў «Механіцы». 9 НДІАН Беларусі вялі распрацоўкі з партнёрамі з сацыяліст. краін.
Такім чынам, у 1960—80-я г. Беларусь пашырыла сваю дзейнасць у рамках ААН і інш.міжнар. арг-цыях, актыўна ўключылася ў міжнар.эканам. і гуманітарнае супрацоўніцтва.
Войтович С.Д., Воробей Н.С., Толстой В.С. Сотрудничество Белорусской ССР с социалистическими странами. Мн., 1970;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;
Белорусская ССР в международных отношениях: Многосторонние междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР с иностр. государствами (1960—1980). Мн., 1983;
Сергеева Г.Г. Белорусская ССР в научном сотрудничестве Советского Союза и социалистических стран (1945—1985 гг.). Мн., 1986;
Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн. 1986;
Лейкин Э.А. Ради жизни на земле: БССР в борьбе за мир и междунар. безопасность. Мн., 1986;
Матэрыялы XXX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1986;
Белорусская ССР и социалистические страны: укрепление дружбы, сотрудничества, братства (1945—1987 гг.). Мн., 1987;
Леднева А.С. Интернациональные связи рабочего класса Белорусской ССР (1976—1987 гг.): (Произв. сотрудничество рабочего класса БССР с социалист. странами). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР. Мн., 1989;
Войтович С.Д. БССР в экономических отношениях СССР с зарубежными странами (1945—1987). Мн., 1989;
Грыгор’ева В.В. Беларуская ССР на этапе перабудовы: Некаторыя аспекты сац.-экан. развіцця. Мн., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Матэрыялы па гісторыі Беларусі. Мн., 1998;
Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;
Снапкоўскі У. Беларуская ССР на міжнароднай арэне (1944—1990 гг.) // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. №2;
Абрамаў І.М. Тэндэнцыі развіцця эканомікі Беларусі // Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;
Гісторыя Беларусі: Вучэб. дапам. 2 выд.Мн., 2000;
Борисенко В.В. Участие Беларуси во внешнеэкономических связях Советского Союза, 1971—1985: Автореф. дисс... канд. ист. наук. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 5—6. Мн., 2002—03;
Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). Мн., 2003;
Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях, 1772—2002. Мн., 2003.
І.І.Гвардзееў (народная гаспадарка), У.Я.Казлякоў (дэмакратызацыя грамадскага жыцця, абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь), А.Ф.Самусік (адукацыя, навука), Г.П.Бушчык (развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей).
Генеральны сакратар ААН У Тан у час наведвання Хатыні. Ліпень 1970.Прэзідэнт Францыі Ж.Пампіду і Генеральны сакратар ЦККПСС Л.І.Брэжнеў у Заслаўі. Студзень 1973.Прэзідэнт ЗША Р.Ніксан на прыёме ў 1-га сакратара ЦККПБ П.М.Машэрава. Мінск. 1.7.1974.Ліцэісты з французскага г. Ліён — пабраціма Мінска — каля экспазіцыі, прысвечанай подзвігам лётчыкаў палка «Нармандыя—Нёман». Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Красавік 1979.