МЕ́ЧНІКАЎ (Ілья Ільіч) (15.5.1845, в. Іванаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 15.7.1916),
расійскі біёлаг, адзін з заснавальнікаў эвалюц. эмбрыялогіі, стваральнік параўнальнай паталогіі запалення і фагацытарнай тэорыі імунітэту. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1902), многіх замежных АН, навуковых т-ваў і ін-таў. Брат Л.І.Мечнікава. Скончыў Харкаўскі ун-т (1864). Працаваў у Германіі і Італіі. У 1870—82 праф. Новарасійскага ун-та ў г. Адэса. У 1886 арганізаваў першую ў Расіі бактэрыял. станцыю. З 1887 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы (з 1905 нам. дырэктара). Навук. працы па праблемах старэння. Адначасова з А.А.Кавалеўскім вызначыў агульныя заканамернасці ў развіцці беспазваночных і пазваночных жывёл, залажыў асновы эвалюц. эмбрыялогіі. Даследаваў унутрыклетачнае страваванне і адкрыў фагацытоз. На аснове вывучэння запалення, патагенных уласцівасцей халерных і інш. мікробаў сфармуляваў агульную тэорыю запалення і фагацытарную тэорыю імунітэту. Стварыў рускую школу мікрабіёлагаў, імунолагаў і патолагаў. Нобелеўская прэмія 1908 (разам з П.Эрліхам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІДЗАГУ́ЦІ (Кэндзі) (16.5.1898, Токіо — 24.8.1956),
японскі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў яп. кінамастацтва. Скончыў маст. вучылішча ў Токіо. У ранні перыяд пад уплывам ням. экспрэсіянізму паставіў фільм «Кроў і душа», экранізаваў творы зах. л-ры («813» паводле М.Леблана, «Порт у тумане» паводле Ю.О’Ніла, усе 1923, і інш.). Пазней звяргаўся пераважна да сац. тэматыкі. Гал. тэмай яго творчасці стала сутыкненне традыц.яп. побыту і светаўяўлення з сучаснасцю, якое раскрываў праз лёс жанчын. Сярод лепшых фільмаў: «Элегія Наніва», «Гіёнскія сёстры» (абодва 1936), «Жанчына Сайкаку» (паводле І.Сайкаку, 1952, інш. назва «Жыццё О-Хару, куртызанкі», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1952), «Месяц у тумане» (паводле легенды А.Уэда, 1953, інш. назвы «Казкі туманнага месяца пасля дажджу», «Угэцу манагатары», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1953), «Кіраўнік Сансё» (паводле А.Моры, 1954, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1954), «Раён чырвоных ліхтароў» (1956) і інш.
Літ.:
Ивасаки А. История японского кино: Пер. с яп.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З БЫЛЫ́Х МАЛАЛЕ́ТНІХ ВЯ́ЗНЯЎ ФАШЫ́ЗМУ (МСБВФ) краін СНД, грамадска-патрыят.арг-цыя. Створана ў 1986 на базе Сав. дзіцячага фонду імя У.І.Леніна (да 1992 наз. «Дзеці вайны 1941—45»). Уваходзяць саветы б. вязняў краін СНД і Прыбалтыкі, у т. л.Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму. Аб’ядноўвае больш за 450 000 малалетніх вязняў фашызму (1999). Асн. задача — сац. абарона б. малалетніх вязняў, якія пацярпелі ў гады 2-й сусв. вайны ў канцлагерах Германіі, Польшчы і інш. месцах прымусовага ўтрымання прафаш. рэжымаў дзяржаў Еўропы. У саюзе ёсць секцыя «Дзеці-вязні — інваліды Вял.Айч. вайны». Вышэйшы орган МСБВФ — з’езд. Цэнтральны савет арг-цыі знаходзіцца ў Маскве, пры падтрымцы германа-бел., -рас. і -ўкр. фондаў «Узаемаразуменне і прымірэнне», з 1992 у Маскве на рус. мове выдаецца газ. «Судьба». Адбылося 8 з’ездаў МСБВФ, у т. л. 4-ы ў г. Брэст (22.6.1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЭЛЕМЕ́НТЫ,
хімічныя элементы, якія ёсць у жывых арганізмах у нязначнай колькасці (10−3 — 10−5 %). Знаходзяцца ў збалансаваных суадносінах. Крыніца паступлення ў арганізм — ежа і пітная вада. Вядома больш за 50 М. (бор, медзь, марганец, малібдэн, ёд, цынк, кобальт, нікель, крэмній, стронцый, тытан, ванадый і інш.). Уваходзяць у састаў ферментаў (напр., цынк у карбаангідразу), вітамінаў (напр., кобальт у вітамін B₁₂), гармонаў (напр., ёд у тыраксін), таксама бялкоў, нуклеінавых к-т. Некат. М. ўдзельнічаюць у будове апорных тканак арганізма (фтор, стронцый), абмене бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, тканкавым дыханні, росце і размнажэнні арганізмаў. Рэгулююць функцыі крывятворных органаў, нерв., эндакрыннай, сардэчна-сасудзістай, палавой, імуннай сістэм; адаптацыю арганізма да змены фактараў навакольнага асяроддзя. Пры нястачы ці лішку М. парушаецца абмен рэчываў, узнікаюць эндэмічныя захворванні (напр., на Беларусі — эндэмічны валляк пры нястачы ёду).
Літ.:
Химические элементы и аминокислоты в жизни растений, животных и человека. 2 изд. Киев, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЦКІ (Станіслаў Паўлавіч) (7.11.1814, в. Ленкія, Беластоцкая вобл. — 6.9.1890),
бел. мовазнавец і фалькларыст. Д-рфілал.н. (1878). Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). Працаваў на кафедры параўнальнага мовазнаўства Варшаўскага ун-та (1873—88). З 1853 па даручэнні Пецярбургскай АН збіраў на Беларусі і ў Літве бел. гаворкі. З сабраных матэрыялаў у 1855 склаў слоўнік на 2010 слоў, якія растлумачыў і праілюстраваў прыкладамі з бел.нар. песень, прыказкамі і прымаўкамі. Частка зборніка (310 слоў) надрукавана ў «Известиях имп. Академии наук по Отделению русского языка и словесности» (т. 3, 1854), тут жа былі змешчаны яго філал. назіранні — параўнанне каранёў і слоў санскрыту і слав. моў. Збіраў таксама бел. фальклор, апублікаваў «Беларускія песні і загадкі, запісаныя ў Віцебскай губерні, у маёнтку Зябкі Дрысенскага павета» (1853), у які ўвайшлі жніўныя, хрэсьбінныя, вясельныя і салдацкія песні, прыпеўкі. Аўтар прац «Абласныя словы беларускіх старцаў» (1853), «Беларускія словы» (1854).
Літ.:
Гуліцкі М. Беларускі слоўнік Станіслава Мікуцкага // Полымя. 1971. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЮ́ЦІН (Дзмітрый Аляксеевіч) (10.7.1817, Масква — 7.2.1912),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1898), граф (1878). Чл.-кар. (1853) і ганаровы чл. (1866) Пецярбургскай АН. Брат М.А.Мілюціна і У А.Мілюціна. Скончыў Шляхетны пансіён пры Маскоўскім ун-це (1833) і Ваен. акадэмію (1836). У арміі з 1833. Удзельнік Каўк. вайны 1817—64 (баі 1839—45 супраць Шаміля). У 1845—56 праф.Ваен. акадэміі. У 1856—59 нач.Гал. штаба Каўк. арміі; пры яго ўдзеле распрацаваны план дзеянняў па далучэнні Усх. Каўказа да Рас. імперыі. У 1860 таварыш (нам.) ваен. міністра, у 1861—81 ваен. міністр Расіі, кіраваў правядзеннем Ваенных рэформаў 1860—70-х г. у Расіі, пры ім сфарміраваны Ген. штаб. У рус.-тур. вайну 1877—78 адзін з ініцыятараў паспяховай аблогі Плеўны (гл.Плевен). Пасля Берлінскага кангрэса 1878 фактычна кіраваў знешняй палітыкай Расіі. Ганаровы чл. шэрагу ваен. акадэмій. Аўтар работ па ваен. геаграфіі, гісторыі, статыстыцы.
Літ.:
Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993. С. 297—304.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ МУЖЧЫ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Існавала ў 1803—1918. Адкрыта на месцы Мінскай губ. школы (створана ў 1773 з Мінскага езуіцкага калегіума). Напачатку 6-класная, з 1804 7-класная. З 1833 выпускнікі гімназіі атрымалі права на 14-ы чын (пры ўмове добрага ведання рус. мовы і славеснасці). У 1834 атрымала агульнаімперскі статут 1828. У 1863 і 1871 рэарганізоўвалася. У пач. 20 ст. ўтрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і ахвяраванняў. Выкладаліся: рус. мова і славеснасць, латынь, ням. і франц. мовы, гісторыя, філасофія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка і інш. Сярод выхаванцаў Я.Лучына і Ядвігін Ш. Выкладчыкі — выпускнікі ун-таў, духоўных акадэміі і семінарыі, настаўніцкіх ін-таў, кансерваторыі. Пры гімназіі дзейнічала царква, царк. і свецкі хары, змешаны і духавы аркестры, фіз., прыродазнаўчы і мінералагічны кабінеты (у 1842—62 дзейнічаў шляхетны пансіён). У 1915—690 навучэнцаў. Восенню 1915 эвакуіравана ў Маскву.
Літ.:
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Мінская дыяцэзія,
адм.-тэр. адзінка каталіцкай царквы ў канцы 18—20 ст.Засн. ў 1798 паводле імператарскага ўказа. Тэрыторыя супадала з межамі Мінскай губерні. З 1798 дзейнічала духоўная семінарыя. У 1842 епархіі нададзены 3-і клас. У 1869 епархія скасавана, яе тэрыторыя ўключана ў Віленскую рымска-каталіцкую епархію. З 1883 касцёлы і адзіны дзеючы Слонімскі кляштар бернардзінак б. епархіі падпарадкаваны Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі. У ліст. 1917 дзейнасць М.р.-к.е. адноўлена. У 1925 на частцы яе тэрыторыі, што адышла да Польшчы, створана Пінская рымска-каталіцкая епархія. Землі БССР па-ранейшаму ўваходзілі ў Мінскую епархію, але яна практычна не функцыянавала, хоць кананічна не была скасавана. У 1991 створана Мінска-Магілёўская рымска-каталіцкая епархія, якая з’яўляецца пераемніцай Мінскай і Магілёўскай епархій, з 2000 ахоплівае тэр. Мінскай і Магілёўскай абл.
Літ.:
Kumor B. Ustróy i organizacja Kościoła polskiego w okresie niewoli narodowej (1772—1918). Kraków, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ШКО́ЛА КПЗБ, Падпольная школа КПЗБ у Мінску,
навучальная ўстанова, у якой у 1925—37 праходзілі падрыхтоўку падпольшчыкі Зах. Беларусі. Створана паводле пастановы ЦККПЗБ ад 17.7.1924. Пачала дзейнічаць у пач. 1925 у в. Лошыца (цяпер у межах Мінска); пазней размяшчалася ў б. памешчыцкай сядзібе на вул. Грушаўскай. Штогод у школе навучалася 25—30 падпольшчыкаў парт. і камсам. профілю. Вучоба працягвалася 9—10 месяцаў па спец. праграме. Заняткі праводзілі выкладчыкі з БДУ, інш.ВНУ Мінска, дзеячы рэв. і нац.-вызв. руху Зах. Беларусі; з дакладамі выступалі кіруючыя работнікі КПП і КПЗБ, сакратары ЦККП(б)Б і старшыні СНКБССР. Усе слухачы і выкладчыкі, звязаныя з падполлем, карысталіся псеўданімамі. Сярод выпускнікоў школы дзеячы рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.Р.Анісаў, А.Р.Бергман, С.В.Прытыцкі і інш. Перастала існаваць у 1937 у сувязі з рэпрэсіямі ў адносінах да ўдзельнікаў рэв.-вызв. руху Зах. Беларусі.
Літ.:
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НАК.
Існаваў у 17—19 ст. у Мінску. Засн. ў 1633 віленскім канонікам В.Сялявай. Першыя манашкі прыехалі з Нясвіжа. Напачатку будынкі былі драўляныя. У 1647—49 дзякуючы фундацыі Крыштофа і Соф’і Хадкевічаў пабудаваны мураваны касцёл св. Войцеха ў стылі барока (арх. і будаўнік А.Кромер) — 1-нефавы 2-вежавы храм, завершаны прэсбітэрыем з 3-граннай алтарнай апсідай. Гал. фасад фланкіраваны дзвюма 3-яруснымі вежамі-званіцамі. Інтэр’ер храма, перакрыты мураванымі скляпеннямі, упрыгожвалі 5 алтароў. У 1780-я г. касцёл рэканструяваны (арх. Т.Раманоўскі). Да касцёла прылягаў мураваны жылы будынак кляштара (пабудаваны пасля 1682 на сродкі К.С.Свірскай) — 2-павярховы, прамавугольны ў плане, накрыты высокім вальмавым дахам. Меліся 2 флігелі, бровар, свіран, стайня і інш. У 1871 кляштар скасаваны. У 1872—73 перабудаваны пад правасл. жаночы Праабражэнскі манастыр (арх. С.Іваноў). У 1930-я г. будынак касцёла прыстасаваны пад клуб, у сярэдзіне 1960-х г. разбураны.
Літ.:
Дзянісаў У.М. Кляштар бенедыктынак // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1981 №3.