ГЕЛІЯЛІТАІДЭ́І
(Heliolitoidea),
падклас вымерлых каланіяльных беспазваночных жывёл кл. каралавых паліпаў. 3 атр., 8 сям., 30 родаў. Жылі ў сярэднім ардовіку — сярэднім дэвоне на мелкаводдзі амаль усіх мораў зямнога шара. На Беларусі мноства знаходак вядома з верхнесілурыйскіх адкладаў на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна), значна радзей трапляюцца ў інш. рэгіёнах (паўн. схіл Бел. антэклізы).
Мелі масіўны вапняковы шкілет, які складаўся з круглых трубак (каралітаў), поласць кожнага была падзелена шматлікімі папярочнымі днішчамі; унутры 12 верт. перагародак (септаў). Паміж каралітамі знаходзіўся прамежкавы шкілет (цэненхіма) з вапняковых пузыркоў (дысепіментаў), трубачак (сіфонапораў) або верт. слупкоў (трабекулаў). Па рэштках геліялітаідэяў вызначаюць узрост палеазойскіх адкладаў.
т. 5, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАКСІ́НІЯ
(Gloxinia),
род кветкавых раслін сям. геснерыевых. 6 відаў. Пашыраны ў Амерыцы ад Мексікі да Бразіліі. Пад назвай глаксінія ў кветкаводстве больш вядомая група гібрыдаў, атрыманых ад відаў блізкага роду сінінгія (Siningia). На Беларусі іх часта вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Шматгадовыя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом і клубнямі. Лісце эліпсападобнае, чаранковае, цёмна-зялёнае, апушанае, сабранае ў разетку. Кветкі буйныя, яркія, званочкавыя, разнастайныя па колеры. Цвіце ў маі—верасні (за сезон на адной расліне ўтвараецца да 50—100 кветак). Плод — шматнасенная каробачка. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Размнажаюцца насеннем, сцябловымі і ліставымі чаранкамі, дзяленнем клубняў.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́ЙНІКІ
(Rhantus),
род жукоў сям. плывунцоў. 82 віды. Жывуць у стаячых або з павольным цячэннем водах сажалак, рачных затокаў, лясных рэк і ручаёў, часовых вадаёмаў. На Беларусі 9 відаў. Часцей трапляюцца глейнік плямагруды (Rh. notatus), глейнік чарнабрухі (Rh. suturellus) і глейнік жаўтабрухі (Rh. exoletus). Глейнік невядомы (Rh. incognitus) занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 7—14 мм. Цела круглаватае, злёгку пукатае. Пярэдняспінка жоўтая, зрэдку з чорнай плямай пасярэдзіне. Надкрылы жоўтыя са шматлікімі чорнымі крапінкамі. Лічынкі з падоўжаным целам, рухомыя. Кукалкі развіваюцца на сушы. Дарослыя і лічынкі драпежнікі. Пры масавым размнажэнні шкодзяць рыбнай гаспадарцы. Адначасова карысныя — знішчаюць лічынак і кукалак камароў.
т. 5, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАЕВІКІ́
(Laparosticti),
група жукоў сям. пласцініставусых. Уключае падсям. гнаевічкі (Aphodiinae), сапраўдныя гнаевікі, або геатрупы (Geotrupinae), гнаевікі (Coprinae) і інш. Больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі часцей трапляюцца прадстаўнікі падсям. геатрупаў і гнаевічкоў; гнаявік веснавы (Geotrupes vernalis) занесены ў Чырв. кнігу.
Цела (даўж. 3—70 мм) бурае або чорнае, іншы раз з метал. бляскам. Яйцы адкладваюць у памёт жывёл. Жукі і лічынкі большасці гнаевікоў кормяцца гноем, нямногія трупамі, расліннаедныя. Некат. жукі назапашваюць памёт у выглядзе шарыкаў і закопваюць іх у норкі. Карысныя як «санітары» і глебаўтваральнікі; некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей.
т. 5, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЯЗДО́ЎНІК
(Neottia),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы і Азіі. На Беларусі зрэдку трапляецца гняздоўнік звычайны, або сапраўдны (N. nidus-avis). Расце ў цяністых хвойных і мяшаных лясах. Сапратроф. Цвіце ў маі—чэрвені.
Шматгадовыя жаўтавата-бурыя травяністыя расліны з тоўстым голым узыходным сцяблом выш. да 50 см. Карэнішча кароткае, з мясістымі каранямі, якія ўтвараюць шчыльнае спляценне накшталт птушынага гнязда (адсюль назва). Лісце сядзячае, лускападобнае, без хларафілу. Кветкі жаўтавата-бурыя, з адтапыранай двухраздзельнай верхняй губой, з мядовым пахам, сабраныя ў шматкветную доўгую гронку. Плод — шматнасенная каробачка. Лек. (проціглісны сродак) расліны.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ БЕ́ЛАЯ ЧА́ПЛЯ
(Egretta alba),
птушка сям. чаплевых атр. буслападобных. Пашырана на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жыве ў бязлесных або бедных лясной расліннасцю мясцінах з вадаёмамі і вял. трысняговымі і чаротавымі зараснікамі. На Беларусі пералётная, зрэдку гняздуецца, часцей трапляецца на Палессі, занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 85—102 см, маса 1,1—1,5 кг, размах крылаў 1,4—1,7 м. Апярэнне снежна-белае. У шлюбным уборы на патыліцы невял. чубок. Ногі і шыя доўгія, дзюба прамая, вострая. Корміцца буйнымі насякомымі, іх лічынкамі, дробнымі млекакормячымі, рыбай, жабамі, малюскамі і інш. Гнёзды пераважна на заломах трыснягу, чароту. Выседжвае 3—5 птушанят.
т. 4, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧО́РНІЦА
(Hesperis),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і Азіі. На Беларусі вырошчваюцца і трапляюцца як здзічэлыя вячорніца матроны, або начная фіялка, начная прыгажуня (Hesperis matronalis), і густаваласістая (Hesperis pycnotricha).
Двух- або шматгадовыя апушаныя залозістымі валаскамі (радзей голыя) травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1 м. Лісце цэласнае, ланцэтна-яйцападобнае, зубчастае, кароткачаранковае. Кветкі двухполыя, ліловыя, белыя, жаўтаватыя або зеленавата-бурыя, духмяныя, у цыліндрычных гронках. Плод — лінейны стручок. Лек., меданосныя і дэкар. (выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве — на клумбах, рабатках, у міксбордэрах; нізкарослыя садовыя формы з белымі простымі і махрыстымі кветкамі — у бардзюрах) расліны.
Д.І.Траццякоў.
т. 4, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ІЧКІ,
група птушак сям. сініцавых (Paridae) атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі (на Пн ад лесатундры да Міжземнамор’я, Ірана і Кітая) і ў Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах рознага тыпу, поймавых зарасніках і садах. На Беларусі 2 віды: гаічка бурагаловая, або пухляк (Parus montanus), і гаічка чорнагаловая (Parus palustris). Трапляюцца ўсюды, аселыя і вандроўныя.
Даўж. 11,5—14 см, маса 10—13 г. Апярэнне пушыстае, буравата-шэрага колеру. На галаве чорная, бурая або цёмна-шэрая «шапачка», гарляк з чорнай або шэра-бурай плямай. Кормяцца пераважна насякомымі, іх кукалкамі. Гнёзды ў дуплах.
т. 4, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІНЗО́ГА
(Galinsoga),
род кветкавых раслін сям. астравых. 4 віды амер. паходжання. Пашырыліся як заносныя амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 2 віды: галінзога драбнакветная (Galinsoga parviflora) і раснічастая, або шчаціністая (Galinsoga ciliata). Растуць каля дарог, на пустках, у садах, пасевах, на агародах.
Аднагадовыя амаль голыя або густаапушаныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 100 см. Лісце простае, падоўжана- ці шырокаяйцападобнае, супраціўнае, чаранковае. Кветкавыя кошыкі гетэрагамныя, звычайна шматлікія, дробныя, паўшарападобныя, у верхавінкавых ці пазушных паўпарасоніках. Краявыя кветкі язычковыя, белыя, песцікавыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя, двухполыя. Плод — сямянка з чубком. Пустазелле. Некаторыя віды маюць лек. ўласцівасці.
т. 4, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМБУ́ЗІЯ
(Gambusia affinis),
рыба сям. пецыліевых атр. карпазубых. Радзіма — Паўн. і Цэнтр. Амерыка. Жыве ў невял. стаячых прэснаводных вадаёмах. Акліматызавана ў многіх краінах Еўразіі, Аргенціне, на Гавайскіх а-вах у мэтах барацьбы з малярыйнымі камарамі. Разводзяць у акварыумах.
Даўж. цела самца да 4 см, самкі да 7,5 см. Афарбоўка цела шаравата-аліўкавая ці жаўтаватая з цёмнымі плямамі, плаўнікі бясколерныя. Самцы цямнейшыя. У самцоў пярэднія прамяні анальнага плаўніка пераўтвораны ў спаравальны орган (ганаподый). Апладненне ўнутранае. Жывародная. Корміцца лічынкамі і кукалкамі камароў, зоапланктонам, ікрой і маляўкамі рыб, у т. л. і сваімі. Шкодзіць рыбнай гаспадарцы.
т. 5, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)