КЛІ́ЧАЎСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя Клічаўскага, часткі сумежных з ім Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага і інш. р-наў Магілёўскай вобл., якую кантралявалі партызаны. Стваралася з кастр. 1941 у ходзе баёў партызан за вызваленне Клічаўскага р-на ад акупац. улад. Да сак. 1942 партызаны разграмілі больш за 80 варожых гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў. На пач. 1944 тэр. зоны склала больш за 3 тыс.км², дзе знаходзілася больш за 70 тыс. мірных жыхароў пад абаронай 18 тыс. партызан. На яе тэрыторыі ў розныя часы базіраваліся Бабруйскі падп. міжрайком КП(б)Б, Магілёўскі падп. абком КП(б)Б, штаб Магілёўскай ВАГ пры ім, раённыя падп. райкомы КП(Б)Б і ЛКСМБ, выдаваліся газ. «За Радзіму», «Голас партызана» і інш. З ліп. 1942 у Клічаве і в. Галынка Бярэзінскага р-на дзейнічалі партыз. аэрадромы. Стойкая абарона зоны (гл.Клічаўскія баі 1942, 1943, Кучынскі бой 1942) забяспечвала партызанам пастаянную сувязь з Вял. зямлёй, абарону насельніцтва ад карнікаў. У чэрв. 1944 партыз. фарміраванні зоны злучыліся з Чырв. Арміяй. У Клічаве ў гонар партызан насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік; помнік на месцы прызямлення 1-га самалёта з Вял. зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ РСДРП.
Аформілася ў канцы 1903. У студз. 1904 на правах раённай увайшла ў Палескі камітэт РСДРП. Пасля яго расфарміравання ў вер. 1905 пераўтворана ў раённую арг-цыю, падзялялася на Гарадскую, Навабеліцкую і Чыгуначную арг-цыі. У рэвалюцыю 1905—07 разам з Бундам кіравала выступленнямі працоўных, мела баявыя дружыны. У час кастр.паліт. стачкі 1905 яе прадстаўнікі ўваходзілі ў кааліцыйны рэв.к-т, у дні снежаньскай паліт. стачкі 1905 — у Гомельскі камітэт дэлегатаў. Вясной 1906 арг-цыя рэарганізавана ў акруговую. У 1907 разгромлена. У вер. 1909 адноўлены Гомельскі акр.к-тРСДРП. З 1911 дзейнічалі Чыгуначная і Навабеліцкая арг-цыі. Вясной 1912 Гомельская арганізацыя РСДРП удзельнічала ў правядзенні сходаў рабочых у знак пратэсту супраць Ленскага расстрэлу. Мела перадатачны пункт падп. л-ры, распаўсюджвала газ. «Правда» і збірала сродкі ў яе фонд, арганізоўвала стачкі, паліт. сходкі, выдавала і распаўсюджвала лістоўкі. Удзельнічала ў падрыхтоўцы Гомельскага перасыльнага пункта паўстання 1916. Напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917 у горадзе дзейнічалі с.-д. групы на эвакуіраваных заводах. У сак. 1917 яны ўвайшлі ў склад Гомельскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. У крас. 1917 бальшавікі выйшлі з яе і ўтварылі самастойны Палескі к-тРСДРП(б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., паміж Баранцавым і Карскім морамі, у Архангельскай вобл. (Расія). Пл. каля 83 тыс.км². Уключае 2 вял. астравы — Паўночны (48,9 тыс.км²) і Паўднёвы (33,3 тыс.км²), раздзеленыя пралівам Матаччын Шар, і дробныя астравы. Берагі фіёрдападобныя. Рэльеф горны, выш. да 1547 м (на Паўн. в-ве). Горы складзены з асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі) і вывергнутых парод. Клімат марскі арктычны, суровы. Сярэднія т-ры сак. (самы халодны месяц) ад -14 °C да -22 °C, жн. 2,5—6,5 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Каля 25% плошчы ўкрыта ледзяным покрывам, у т. л. на Паўн. в-ве самы вял. па плошчы ў Расіі покрыўны ледавік (20 тыс.км²). Усяго больш за 680 ледавікоў. Уваходзіць у зону арктычных пустынь, частка Паўд. в-ва — у зону арктычных тундраў. Растуць лішайнікі і імхі (каля 450 відаў), па далінах і паўд. схілах хмызнякі (карлікавыя вярба і бяроза). У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Птушыныя «кірмашы» (кайры, чайкі, чысцікі). У прыбярэжнай зоне цюлені, маржы, з рыб — траска, сёмга, омуль. Промысел пясца і марскіх жывёл. Палярныя станцыі. На Н.З. шмат гадоў праводзіліся выпрабаванні ядзернай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1856,
дагавор, які завяршыў Крымскую вайну 1853—56. Падпісаны ў Парыжы 30 сак. на заключным пасяджэнні міжнар. кангрэса прадстаўнікамі краін—удзельніц вайны (з аднаго боку пераможанай Расіі, з другога — Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі і Сардзінскага каралеўства), а таксама Аўстрыі і Прусіі. Расія вяртала Турцыі г. Карс у абмен на Севастопаль і інш. гарады Крыма, захопленыя саюзнікамі, Малд. княству (васал Турцыі) — вусце р. Дунай і ч.Паўд. Бесарабіі. Чорнае м. абвяшчалася нейтральным, Расія і Турцыя не маглі трымаць там ваен. флот і арсеналы. Дзяржавы гарантавалі аўтаномію Сербіі, Малд. княства і Валахіі, што выключала прэтэнзіі Расіі на яе асобую апеку над правасл. насельніцтвам Асманскай імперыі. Да дагавора прыкладаліся 3 канвенцыі: 1-я пацвярджала Лонданскую канвенцыю 1841 аб закрыцці Чарнаморскіх праліваў для ваен. суднаў, 2-я вызначала колькасць лёгкіх вартавых суднаў Расіі і Турцыі на Чорным м., 3-я абавязвала Расію не будаваць ваен. умацаванняў на Аландскіх астравах у Балтыйскім моры. П.м.д. аслабіў пазіцыі Расіі ў Еўропе і на Б. Усходзе, абвастрыў Усх. пытанне. Абмежаванні суверэнітэту Расіі на Чорным м. ліквідаваны паводле Лонданскай канвенцыі 1871. Пасля перамогі Расіі ў рус.-тур. вайне 1877—78 П.м.д. заменены трактатам, прынятым на Берлінскім кангрэсе 1878.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ ПАХО́Д 1926—28,
састаўная частка рэвалюцыі 1925—28 у Кітаі. Праводзіўся сіламі Нац.-рэв. арміі (НРА), створанай Нац. (Гуанчжоўскім) урадам пры ваен. дапамозе СССР (галоўнакамандуючы ген.Чан Кайшы, гал.ваен. саветнік В.К.Блюхер). П.п. быў накіраваны супраць мясц.ваен. правіцеляў, якія перашкаджалі аб’яднанню краіны. Пачаўся 7.9.1926. Наступленне вялі некалькі карпусоў (каля 100 тыс.чал.), якія былі падзелены на 2 групоўкі (калоны), іх падтрымліваў авіяц. атрад сав. лётчыкаў-добраахвотнікаў. У ліп.—жн. 1926 войскі НРА разбілі армію ген. У Пэйфу, занялі правінцыю Хунань, у кастр. — г. Ухань, у ліст.—снеж. — правінцыі Цзянсі і Фуцзянь, у сак. 1927 — гарады Шанхай і Нанкін. Пасля ваен. перавароту, здзейсненага Чан Кайшы ў Шанхаі (крас. 1927), і стварэння паралельных нац. урадаў (у Шанхаі і Ухані) войскі НРА дзейнічалі паасобку. У маі 1927 войскі уханьскага ўрада злучыліся з нац. арміямі Фэн Юйсяна, якія дзейнічалі ва Унутр. Манголіі. Пасля аб’яднання Гаміньдана і стварэння адзінага нац. ўрада да 1928 П.п. адноўлены. У крас.—маі 1928 НРА заняла правінцыю Шаньдун, у чэрв. — гарады Пекін і Цяньцзінь. Поспехі НРА прымусілі ваен. правіцеля Маньчжурыі маршала Чжан Сюэляна прызнаць у снеж. 1928 уладу нац. ўрада, што і стала завяршэннем П.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ ВО́ЗЕРА, Лукамль. У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ула, за 18 км на Пд ад г. Чашнікі, каля зах. ускраіны г. Новалукомль.
Пл. 36,7 км², даўж. 10,4 км, найб.шыр. 6,5 км, найб.глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі 36,4 км. Пл. вадазбору 179 км². Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пн і ПнЗ да 15 м), разараныя, на Пд і З параслі лесам, месцамі хмызняком. У паўн.ч. возера 2 вял. залівы. Берагі нізкія, месцамі пад хмызняком, на З і ПдЗ абразійныя, выш. 1—2 м. На Пн 5 астравоў агульнай пл. 0,7 км². Дно са шматлікімі мелямі, да глыб. 5—6 м выслана пясчанымі адкладамі, ніжэй — сапрапелем.
З 1969 возера выкарыстоўваецца як ахаладжальнік Лукомскай ДРЭС. Вада вяртаецца падагрэтай на 8—12 °C, што значна ўплывае на прыродныя працэсы; бязлёдавы перыяд павялічыўся на 2 месяцы. Ледастаў з 2-й пал.снеж. да сярэдзіны сак.. да 30% паўн.-ўсх.ч. возера не замярзае. Скідванне вады і ветравое яе перамешванне ў возеры павялічваюць аэрацыю. Багаты раслінны і жывёльны свет. На зах. беразе дзіцячы аздараўленчы лагер і прафілакторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЗІ́НІ ((Mazzini) Джузепе) (22.6.1805, г. Генуя, Італія — 10.3.1872),
дзеяч італьян.рэв. і нац.-вызв. руху, правадыр рэсп. крыла Рысарджымента. Юрыст. Скончыў ун-т у Генуі. З 1827 чл.т-вакарбанарыяў. У 1830 арыштаваны і высланы, знаходзіўся ў эміграцыі. Засн. тайную арг-цыю «Маладая Італія» (1831), мэтай якой было аб’яднанне Італіі на рэсп. пачатках, міжнар.рэв. арг-цыю «Маладая Еўропа» (1834) і «Інтэрнацыянальны саюз народаў» (1846). У час рэвалюцыі 1848—49 выдаваў у г. Мілан рэсп.газ. «L’Italia del Popolo» («Італія Народа»), змагаўся ў атрадзе Дж.Гарыбальдзі, узначальваў (сак.—ліп. 1849) рэв. ўрад Рым. рэспублікі. У 1853 заснаваў рэсп. «Партыю дзеяння». Садзейнічаў вызв. паходу Гарыбальдзі на Пд Італіі (1860). У 1860-я г. М. і яго прыхільнікі імкнуліся ўцягнуць італьян. рабочых у патрыят. рух за далучэнне Венецыі да Італіі, прапагандавалі мірны шлях дасягнення сац. роўнасці (праз стварэнне рабочымі спажывецка-вытв. арг-цый), з 1867 узмацнілі агітацыю за ўстанаўленне рэсп. ладу. У 1870 пры спробе аказаць дапамогу рэсп. паўстанню на в-ве Сіцылія М. арыштаваны ўладамі і высланы з краіны. У 1872 вярнуўся ў Італію.
Літ.:
Кирова К.Э. Жизнь Джузеппе Мадзини (1805—1872). М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1861—67,
узброеная інтэрвенцыя Вялікабрытаніі (1862), Іспаніі (1861—62) і Францыі (1862—67) супраць Мексікі з мэтай звяржэння дэмакр. ўрада прэзідэнта Б.П.Хуарэса Гарсіі і ўстанаўлення залежнага ад еўрап. дзяржаў манарх. рэжыму. Зачэпкай для інтэрвенцыі стаў прыняты 17.7.1861 мекс. кангрэсам закон аб часовым спыненні плацяжоў па знешніх пазыках. У адказ у канцы 1861 — пач. 1862 брыт., ісп. і франц. войскі высадзіліся на ўзбярэжжа Мексікі і захапілі важнейшы порт Веракрус. Аднак рашучае супраціўленне мексіканцаў, рознагалоссі паміж дзяржавамі-агрэсарамі, адсутнасць падтрымкі інтэрвенцыі з боку ЗША, якія таксама імкнуліся замацавацца ў суседняй краіне, прымусілі Вялікабрытанію і Іспанію ў крас. 1862 вывесці свае войскі з Мексікі. Францыя працягвала вайну, летам 1863 яе войскі захапілі г. Мехіка. У крас. 1864 імператарам Мексікі абвешчаны залежны ад Напалеона IIIаўстр. эрцгерцаг Фердынанд Максімілян (Максімілян I). На заклік мекс. ўрада Хуарэса на барацьбу з іншаземцамі паднялося ўсё насельніцтва краіны. Масавае нар. супраціўленне, контрнаступленне рэгулярнай мекс. арміі, а таксама абвастрэнне франка-амер. адносін і непапулярнасць гэтай авантуры ў Францыі прывялі да правалу М.э. У сак. 1867 франц. інтэрвенты пакінулі тэр. Мексікі. Максімілян I, які імкнуўся аказаць супраціўленне мекс. войскам, трапіў у палон і быў расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б Існавала з сак. 1925 замест Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі ў сувязі з утварэннем у КПЗБсэцэсіі і неабходнасцю яе ліквідацыі. У розны час Прадстаўніцтва ўзначальвалі А.С.Славінскі
(Качароўскі),
С.Т.Мілер, М.А.Блінчыкаў, А.У.Канчэўскі, Г.М.Дуа, Ю.Брун, Р.Д.Вольф, С.А.Мергэнс, Е.І.Шоламаў, І.Ф.Сяменікаў. Працавала пад кіраўніцтвам Прадстаўніцтва КПП пры Выканкоме Камінтэрна ў Маскве і фактычна лічылася яго філіялам у Мінску. Рэгулярна інфармавала кіруючыя органы КП(б)Б пра дзейнасць і мерапрыемствы ЦККПЗБ, стан рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, вяло перапіску па паліт. і арганізац. пытаннях з Бюро і Краявым сакратарыятам ЦККПЗБ, якія знаходзіліся ў падполлі, дапамагала ім рыхтаваць кадры для падп.парт. работы, выдаваць парт. л-ру, займалася справамі паліт. эмігрантаў і асоб, што прыбылі нелегальна з Зах. Беларусі, рыхтавала з’езды КПЗБ і КСМЗБ, кіравала Мінскай школай КПЗБ, часткай Цэнтр. рэдакцыі КПЗБ, якая выдавала л-ру для Зах. Беларусі, Камісіяй па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР і Зах. сектарам Гістпарта. Функцыянавала да лета 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВО́ДДЗЕ,
адносна працяглае павелічэнне воднасці ракі, якое паўтараецца штогод у адзін і той жа сезон і выклікае падняцце яе ўзроўню. Звычайна суправаджаецца выхадам вады з рэчышча і затапленнем поймы. Выклікаецца ўзмоцненым прытокам вады пры вясновым раставанні снегу на раўнінах, летнім раставанні снегу і ледавікоў у гарах, вял. дажджамі ў пэўны сезон года, напр., звязанымі з летнімі мусонамі ці зенітальнымі дажджамі (у трапічным поясе). На Беларусі Р. адбываецца вясной ад раставання снегу, звычайна пачынаецца на ПнЗ у пач.сак., на Пн у 3-й дэкадзе сакавіка. Канчаецца раней у бас.р. Нёман (канец крас. — пач. мая), найпазней у бас.р.Зах. Дзвіна і Прыпяць, дзе вельмі малыя нахілы і шырокія поймы (канец мая — пач. чэрвеня). Працягласць Р. (30—120 сут) залежыць ад запасаў снегу ў басейне, ступені прамярзання глебы, т-р паветра, інтэнсіўнасці раставання снегу, памераў ракі, забалочанасці, аблесенасці і азёрнасці вадазбору, формы рэчышча і своеасаблівасцей даліны. Узроўні вясновага Р. на Беларусі, як правіла, самыя высокія за год. Сярэдняе перавышэнне над самым нізкім летнім узроўнем дасягае на рэках Зах. Дзвіна 7—9 м, Дняпро 5—5,5 м, Нёман 2,5—4 м. На гэты перыяд прыпадае 36—77% гадавога сцёку рэк.