ВІ́ЦЕБСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў Віцебску ў 1883 (арх. І.​Камінскі). Разам з Мікалаеўскай царквой завяршыў кампазіцыю Саборнай пл. (сучасная пл. Свабоды). 2-павярховы П-падобны ў плане асіметрычны будынак вызначаецца манументальнасцю і маштабнасцю формаў.

Цэнтр фасада вылучаны 3-павярховым рызалітам, завершаным атыкавай сценкай з трохвугольным франтонам. Інтэр’еры памяшканняў багата аздоблены (ляпныя плафоны, разеткі, карнізы, пілястры і інш.).

В.​М.​Чарнатаў.

Віцебскага акруговага суда будынак.

т. 4, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́НА СМЕ́РЦІ (Death Valley),

міжгорная бязводная ўпадзіна на ПдЗ ЗША (штат Каліфорнія), у пустыні Махаве. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 250 км. Адна з найб. глыбокіх (85 м ніжэй узр. м.) і бязводных упадзін на Зямлі, самае нізкае месца Паўн. Амерыкі. Абс. максімум т-ры паветра 56,7 °C (самая высокая ў Зах. паўшар’і). Назва звязана з золаташукальнікамі, якія загінулі тут у 1849 ад недахопу вады. Нацыянальны помнік прыроды (1933).

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ВІЧЫ,

геалагічнае агаленне паміж вёскамі Дарашэвічы і Кабакі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Пл. 3 тыс. м². ахоўная зона вакол 12 тыс. м². Размешчана на схіле 2-й надпоймавай тэрасы левага берага р. Прыпяць. У абрыве ракі агаляюцца магутныя адклады (больш за 2 м) торфу, якія ўтварыліся ў муравінскае міжледавікоўе 130—70 тыс. г. назад у вял. стараж. возеры.

В.​Ф.​Вінакураў.

Геалагічнае агаленне Дарашэвічы.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГІ́НАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1886 з цэглы ў в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. Храм 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асн. аб’ём з прыдзеламі, апсіда.

Прыдзелы і апсіда вырашаны паўратондамі. 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца надбудавана над прытворам і завершана цыбулепадобнай галоўкай. Над сяродкрыжжам буйны 8-гранны светлавы барабан накрыты самкнутым сферычным купалам.

А.​М.​Кулагін.

Даўгінаўская Троіцкая царква.

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́МІЯ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры каля в. Кімія Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Помнік датуецца 6 ст. да н.э. — 4 ст. н.э. Выяўлены рэшткі наземнага жытла, каменная пляцоўка, агнішча з пляскатых камянёў, горнаў для выплаўкі жалеза і інш. Знойдзены жал. сярпы, нож, посахападобныя шпількі, бронзавы бранзалет, касцяныя шпілька і вастрыё, гліняныя прасліцы, грузікі дзякаўскага тыпу, камяні зерняцёрак і інш. Ляпная штрыхаваная кераміка формай падобна да керамікі мілаградскай культуры.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМО́ЎСКІ МАРЦІ́Н-КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). За 900 м на ПнУ ад в. Кузьмы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун шэрага гнейсу са шматлікімі крышталямі гранатаў, палявых шпатаў і мінералаў цёмнага колеру. Даўж. 3,7 м, шыр. 2,9 м, выш. 1,8 м, у абводзе 10 м, аб’ём 10,3 м³, маса каля 27 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫЯ́НАЎ (Пётр Іванавіч) (1926, г. Жодзіна Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 2.11.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Сын Н.Ф.Купрыянавай. У Вял. Айч. вайну ў партыз. атрадзе «Радзіма» брыгады «Разгром». У Чырв. Арміі з 1944. Вызначыўся ў ліст. 1944 у баі за вышыню ў Кулдыгскім р-не (Латвія): закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. На радзіме К. пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Вілейцы, Жодзіне, Мінску, Полацку, Слуцку, Смалявічах.

П.І.Купрыянаў.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБКО́ВІЧЫ,

вёска ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Сож, каля аўтадарогі Крычаў—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета. За 18 км на Пн ад горада і 13 км ад чыг. ст. Крычаў, 122 км ад Магілёва. 776 ж., 293 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі Лабковіцкае радовішча фасфарытаў.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕМЯШЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Прыпяць. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на У ад горада і 27 км ад чыг. ст. Пінск, 219 км ад Брэста. 480 ж., 165 двароў (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1885). Каля вёскі стаянка эпох неаліту і бронзы і селішча жал. веку.

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЛЕ́ЎШЧЫНА,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл.; чыг. станцыя на лініях Маладзечна—Полацк і Крулеўшчына—Варапаева. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 18 км на Пн ад г. Докшыцы, 205 км ад Віцебска. 3348 ж., 1421 двор (1998). Торфабрыкетны з-д, лакаматыўнае дэпо. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Царква, касцёл. Каля вёскі Крулеўшчынскае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)