адна з гал. хрысціянскіх святынь Беларусі. Ушаноўваецца правасл. і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны. Знаходзіцца ў Жыровіцкім Успенскім манастыры. Абраз — авал з яшмы, на адным баку якога рэльефная выява Маці Божай тыпу Замілаванне з дзіцем на правай руцэ. Паводле царк. падання, з’явіўся ў 1470 пастушкам у лесе на грушы-дзічцы. Гісторык П.М.Жуковіч лічыў больш верагоднымі датамі падзеі 1493—95. З пач. 17 ст. абраз стаў славіцца за цудоўныя вылячэнні. Пакланіцца яму прыязджалі людзі розных саслоўяў, у т. л. каралі Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV, Ян Казімір, Ян III Сабескі, Аўгуст II, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 1730 на абраз ускладзены прывезеныя з Рыма кароны, зроблены дарагі абклад, кароны аздоблены каштоўнымі камянямі, падараванымі Ганнай Сангушкай. У 1660 абраз вывозілі ў Быценскі кляштар базыльян, у 1915 — у Маскву, адкуль ён вярнуўся без большасці аздоб. З яго шматразова рабіліся жывапісныя копіі на дошках і палатне, выконваліся гравюры, найб. вядомая Л.Тарасевіча (1682) па малюнку П.Бацэвіча. Абраз пашкоджаны пажарам, верагодна, у 1-й пал. 16 ст. Свята абраза адзначаецца 7(20) мая.
Літ.:
Пуцко В. Жыровіцкі рэльеф // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1989. № 2;
Жировицкая святыня: (По материалам митрополита Антония Мельникова) // Вестн. Бел. Экзархата. 1990. № 3;
Карнілава Л. Цудатворныя абразы Гродзеншчыны: Абраз Маці Божай Жыровіцкай // Гарадзенскія запісы. Гародня, 1993. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІСА́Р (франц. commissaire ад сярэднелац. commissarius упаўнаважаны),
1) у ВКЛ член камісіі, прызначанай вял. князем, радай або сеймам для разгляду судовай справы або для выканання пэўнага даручэння (гл.Камісарскі суд).
2) Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 К. — службовая асоба, якая ўзначальвала мясц. адміністрацыю ў Пскоўскай і Магілёўскай губ. Выконваў паліцэйскія функцыі. Пры К. стваралася камісарская ўправа.
3) У СССР і БССР у 1917—46, да ўтварэння мін-ваў, назва члена ўрада (народны К.), які ўзначальваў наркамат (народны камісарыят).
4) 3 1918 у Чырв. Арміі ваенны К. — прадстаўнік кампартыі ў часцях (на караблях), установах, злучэннях. Кантраляваў дзеянні камандзіраў, займаўся паліт. і выхаваўчай дзейнасцю. Інстытут ваенных К. існаваў да 1925—28, потым у 1937—40, у Вял.Айч. вайну з 16.7.1941 да 9.10.1942. У Беларусі ваенныя К. існавалі ў партыз. фарміраваннях. Упершыню яны прызначаны 16.7.1941 Віцебскім і 23.7.1941 Палескім абкомамі КП(б)Б у тыя партыз. атрады, якія фарміраваліся на неакупіраванай тэр. рэспублікі. У тыле ворага прызначаліся падп. органамі КП(б)Б. У кастр. 1942 скасаваны (як і ў Чырв. Арміі), але ў студз. 1943 адноўлены па патрабаванні Цэнтр. штаба партыз. руху і ўказанні ЦКВКП(б).
5) У Рэспубліцы Беларусь і некат. інш. краінах ваенны К. — асоба, што ўзначальвае ваенны камісарыят (ваенкамат), орган мясц.ваен. кіравання.
6) У некат. краінах службовая асоба з адм. або паліцэйскімі функцыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЦЫ́НЫ (італьян. cappuccino ад cappuccio капюшон),
каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў Італіі ў 1525 як адна з трох галін ордэна францысканцаў. Заснавальнік Матэо Серафіні з Баскіо імкнуўся надаць ордэну характар аскетызму часоў св. Францыска Асізскага (13 ст.), пашырыць уплыў на ніжэйшыя слаі грамадства. У 1619 папа Павел V зацвердзіў ордэн як самастойны. У апошняй чвэрці 16 ст. К. распаўсюдзіліся ў Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, у 17 ст. праніклі ў Бразілію, Цэнтр. Амерыку, Індыю і інш. У адрозненне ад адукаваных езуітаў К. вялі місіянерскую дзейнасць сярод простага люду, іх называлі пралетарыямі сярод манахаў. У ВКЛ яны аселі ў Любяшове (1756, цяпер Валынская вобл. Украіны) і Юравічах (1781, цяпер Калінкавіцкі р-н Гомельскай вобл.). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з канца 18 ст. дзейнасць К. у Рас. імперыі стала затухаць, у 1888 іх кляштары зачынены. Жаночая галіна ордэна — капуцынкі — засн. ў 1538. Іх кляштары былі ў Германіі, Швейцарыі, Перу. У 2-ю сусв. вайну ордэн моцна пацярпеў, але аднавіўся. У 1965 у свеце былі 93 адм.-тэр. адзінкі К. (правінцыі, віцэ-правінцыі і інш.). З 1940 у Рыме дзейнічае Гістарычны ін-т, які даследуе гісторыю францысканцаў, у т. л. К.; з 1931 выдаецца квартальнік «Collectanea Franciscana» («Францысканскія зборнікі»).
Літ.:
Dydycz A.P. Dzieje zakonu braci mniejszych Kapucynów na Litwie (1756—1993). Rzym, 1994;
Kdscioł katolicki w Polsce 1918—1990: Rocznik statysiyczny. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛА́ЙЛ, Карлейль (Carlyle) Томас (4.12.1795, Эклфехан, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 5.2.1881), англійскі філосаф, гісторык, літаратар. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1814). Погляды К. фарміраваліся пад уплывам шатл. пурытан і рэліг.-філас. канцэпцыі ням. рамантыкаў. У працы «Героі, шанаванне герояў і гераічнае ў гісторыі» (1841) К. увёў у гістарыясофію і этыку 19 ст. паняцці «героі» і «культ герояў»; на яго думку, свет — гэта эманацыя боскага духа, які найб. ярка выяўляецца ў дзейнасці вял. людзей, а гісторыя — барацьба памкненняў асобных індывідуальнасцей — герояў, што яе ствараюць, пераадольваючы сваёй актыўнасцю і энергіяй супраціўленне мас. У маральна-этычных поглядах быў праціўнікам геданізму, утылітарызму і эгалітарызму; сцвярджаў, што слабыя людзі павінны саступаць мацнейшым, а больш слабыя народы — мацнейшым народам, адкуль рабіў выснову пра тое, што «мае рацыю той, хто перамагае» і матываваў поспехі боскай воляй («Французская рэвалюцыя», 1837; «Пісьмы і прамовы Олівера Кромвеля», 1845). У працы «Гісторыя Фрыдрыха Вялікага» (1858—65) апраўдваў дзейнасць прускага караля Фрыдрыха II, у т. л. называў падзелы Рэчы Паспалітай актам «боскай справядлівасці». У літ. дзейнасці пераважна папулярызаваў у Англіі ням. культуру (пераклады твораў І.В.Гётэ, ням. рамантыкаў, царк. песень М.Лютэра). Апублікаваў аўтабіягр. твор «Sartor Resartus» (1833—34).
Тв.:
Рус.пер. — Французская революция: История. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КМІ́ТА-ЧАРНАБЫ́ЛЬСКІ Філон Сямёнавіч (каля 1530 — да 29.11.1587),
ваенны і паліт. дзеяч ВКЛ. З шляхецкага роду Кмітаў. У час Лівонскай вайны 1558—83 камандаваў войскамі на ўсх. мяжы ВКЛ. У 1566 за ваен. заслугі атрымаў каралеўскі прывілей на прызначэнне дзяржаўцам г. Чарнобыль у Кіеўскім ваяв. (адсюль другое прозвішча); аршанскі староста. У 1579 прызначаны ваяводам смаленскім, што давала права на месца ў Сенаце Рэчы Паспалітай. У час паходу 1580 на Вял. Лукі быў разбіты. У 1580—81 вёў ваен. дзеянні на паграніччы з Маскоўскай дзяржавай, рабіў рэйды ў глыб рас. тэрыторый. Збераглося 30 лістоў-данясенняў К.-Ч. за 1573—74, дасланых з Оршы ў Вільню членам дзярж. рады ВКЛ (упершыню апубл. ў 1844, найб. поўна з навук. каментарыямі — у 1975), якія з’яўляюцца гіст. дакументам эпохі, помнікам стараж.бел. л-ры. Лісты ўтрымліваюць звесткі пра ваенна-паліт. становішча на ўсх. межах ВКЛ, у Маскоўскай дзяржаве, палітыку Івана IV Грознага, рус.-тат. адносіны і інш.; у іх даецца ацэнка тагачасных гіст.-паліт. падзей. Вылучаюцца лісты да кашталяна трокскага Я.Валовіча, з якіх паўстае асоба аўтара ярка выяўленай індывідуальнасці; яны раскрываюць характар, перажыванні і адносіны К.-Ч. да навакольнай рэчаіснасці, асобныя бакі жыцця і побыту служылай шляхты. Лісты напісаны эмацыянальна, публіцыстычна, з выкарыстаннем нар. прыказак і прымавак, сродкаў гумару і сатыры, вобразаў і цытат з літ. твораў.
Тв.:
Лісты // Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА З ПАЗІ́ЦЫІ СІ́ЛЫ,
палітычны курс дзяржавы, ваенна-паліт. саюзу або міжнар. супольнасці, пры якім выкарыстанне сілы ў розных формах становіцца гал. сродкам дасягнення паліт. мэт. Найб. актыўна выкарыстоўваецца ў перадваенны перыяд і ў ходзе вайны. Узнікла ў стараж. часы ў выглядзе агрэсіўных памкненняў адной дзяржавы супраць другой (гл.Агрэсія). Мела пашырэнне і ў славян, у т. л. ва ўзаемаадносінах княстваў і гарадоў Полацкай зямлі з суседзямі і паміж сабой. Такая палітыка прывяла да шматлікіх войнаў у Еўропе, у т. л. паміж Рэччу Паспалітай і Рус. дзяржавай, у час якіх адбываліся вял. разбурэнні і страты насельніцтва Беларусі. Яна стала адной з прычын 1-й і 2-й сусв. войнаў, амаль усіх ваен.-паліт. канфліктаў у пасляваен. перыяд. Формы і метады такой палітыкі: пагроза скарыстання ваен. сілы, эканам. націск, рэжым блакады, інфарм.-псіхал. ўздзеянне, паліт. шантаж, «палітыка кананерак» і інш. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі ўпаўнаважаны выкарыстоўваць ваен. сілу для прадухілення пагрозы міру (парушэння міру) і актаў агрэсіі; можа ўключаць таксама дэманстрацыі, блакады, інш. аперацыі. Унутры краіны такая палітыка можа выкарыстоўвацца ўрадам як сродак сілавога задушэння сепаратысцкіх тэндэнцый (напр., падзеі ў Паўн. Ірландыі, Турцыі, Расіі), а таксама паліт. суб’ектамі ў працэсе іх барацьбы за ўладу.
Літ.:
Военная политология. Мн., 1993;
Игнатов В.А., Шульгин В.В. Организация Объединенных Наций: Краткий справ. 2 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАЎЁЎ Сяргей Міхайлавіч (17.5.1820, Масква — 16.10.1879),
расійскі гісторык. Бацька У.С.Салаўёва. Чл. Пецярбургскай АН (1872). Д-р рускай гісторыі, праф. (1847). Скончыў Маскоўскі ун-т (1842), з 1847 выкладаў у ім, у 1871—77 рэктар. У апошнія гады жыцця старшыня Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх, дырэктар Аружэйнай палаты ў Крамлі. У гіст. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад славянафільства да памяркоўна-ліберальнага заходніцтва. У гал. працы «Гісторыя Расіі з найстаражытнейшых часоў» (т. 1—29, 1851—79) проціпаставіў сваю гіст. канцэпцыю поглядам М.М.Карамзіна. Гіст. развіццё зводзіў да змен дзярж. форм, грамадска-паліт. жыццю адводзіў другарадную ролю. Адзначаў агульнасць рыс у развіцці Зах. Еўропы і Расіі, аднак своеасаблівасць апошняй бачыў у геапаліт. становішчы краіны, псіхалогіі народаў у яго ўзаемаадносінах з суседзямі. Гісторыю Беларусі разглядаў у кантэксце развіцця рас. дзяржаўнасці. Унутр. супярэчнасці ў Беларусі ў перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай трактаваў найперш як рэліг. барацьбу насельніцтва супраць націску каталіцызму, станоўча ацэньваў ролю правасл. царквы ў гэтай барацьбе. У працы «Гісторыя падзення Польшчы» (1863) адлюстраваў гісторыю Беларусі канца 18 — пач. 19 ст. Факталагічны бок прац С. да нашага часу не страціў сваёй актуальнасці для вывучэння гісторыі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫНІЯ́НСТВА,
антытрынітарны рэлігійна-філас. рух 16—17 ст., распаўсюджаны пераважна ў Польшчы і ВКЛ. Асн. палажэнні С. сфармуляваны яго заснавальнікам Ф.Соцынам. Для С. характэрна далейшая рацыяналізацыя ідэй антытрынітарыяў. аднаўленне догмату аб Тройцы і боскай прыроды Хрыста, прызнанне прыярытэту розуму ў пытаннях веры. Адзінай крыніцай веравучэння сацыніяне лічылі Свяшчэннае пісанне. Яны сцвярджалі, што не існуе першароднага граху, адмаўлялі патрэбнасць збаўлення, абвяргалі кальвінісцкі догмат аб прадвызначэнні. Агульным цэнтрам С. быў г. Ракаў Сандармірскага ваяв. ў Польшчы (цяпер вёска ў Свентакшыскім ваяв.), на Беларусі — г. Навагрудак. Соцын і яго першыя паслядоўнікі (на Беларусі Я.Ліцыній Намыслоўскі, Я.Даманеўскі, М.Цвердахлеб, Ц.Кузьміч і інш.) — прадстаўнікі ранняга С. Тэарэтыкі позняга С. (2-я пал. 17 ст.) Я.Крэль, С.Пшыпкоўскі, А.Вішаваты і інш. патрабавалі верацярпімасці, аддзялення царквы ад дзяржавы, вял. ўвагу аддавалі развіццю асветы, прыродазнаўства і матэматыкі. У час Контррэфармацыі ў 1658—60 сацыніяне былі выгнаны з Рэчы Паспалітай і эмігрыравалі ў Германію, Англію і Галандыю. Ідэі С. распаўсюдзіліся ў некат. краіны Зах. Еўропы, паўплывалі на філас. погляды Б.Спінозы, Дж.Лока, англ. дэістаў. Філас. спадчына ідэолагаў С. была выдадзена ў 1665—68 у Амстэрдаме пад назвай «Бібліятэка польскіх братоў».
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;
Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́РМУНТ Алена (Гелена; 5.11.1827, в. Калоднае Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 1.2.1874),
бел. мастак. Маст. адукацыю атрымала ў Вільні ў В.Дмахоўскага (1844—45), удасканальвала майстэрства ў Берліне і Дрэздэне. У ранні перыяд творчасці пісала партрэты Канстанцыі, Тэклі Скірмунт (1845—48), Тэафілі, Зяноны Любанскіх (1850), якія вызначаюцца глыбінёй і трапнасцю характарыстык. У 1850-я г. звярнулася да рэліг. тэматыкі: «Марыя Чапская моліцца ў кляштары візітак у Вільні» (1851), алтарны абраз «Бязгрэшнае зачацце», праект алтара для касцёла ў в. Ахова каля Пінска. З мастаком-самавукам К.Радыкам рэстаўрыравала абразы і гафты на літургічных шатах у пінскім касцёле. У 1852—54 брала ўрокі скульптуры ў Вене і Рыме. Пазней працавала пераважна ў скульптуры. Выканала медалі Б.Залескага (1859), І.Лялевеля (1860), Ю.Крашэўскага (1861) і інш. У 1861 зрабіла рэльефы гербаў Рэчы Паспалітай, Кароны Польскай і ВКЛ. У 1863 арыштавана і выслана ў г. Тамбоў (Расія). У 1867 вызвалена, але пазбаўлена права жыхарства на радзіме, некат. час жыла ў Крыме. У 1860—70-я г. выканала жанравыя кампазіцыі «Шляхціц у сядзібе», «Муза Талія», цыкл рэльефаў з выявамі князёў ВКЛ, партрэты Януша Радзівіла, Торвальдсена і інш. Аўтар 22 пасярэбраных і пазалочаных шахматных фігурак, прысвечаных перамозе польскага войска над туркамі, сярод якіх выявы караля Яна Сабескага, гетмана Станіслава Ябланоўскага, шляхціцаў у поўным узбраенні, а таксама прадстаўнікоў турэцкага войска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯНЦЯ́НСКІ ПАВЕ́Т Утвораны ў 1795 на тэр.паўн.-зах. часткі былога Ашмянскага пав.ВКЛ, далучанай да Расіі ў выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Да 1842 наз. Завілейскім пав. Уваходзіў у Віленскую губ., з 12.12.1796 — у Літоўскую, з 9.9.1801 — зноў у Віленскую. Цэнтр — г. Свянцяны. Пл. каля 4,8 тыс.км², з іх каля 22% займалі ворныя землі, 32% — лясы. З 1861 падзяляўся на 22 воласці, з якіх 6 знаходзіліся на тэр. сучаснай Літоўскай Рэспублікі, а 16 — цалкам ці часткова на тэр. Беларусі (Аляксандраўская, Вішнеўская, Войстамская, Гадуцішская, Дубатоўская, Занарацкая, Кабыльніцкая, Кукуцішская, Камайская, Кемелішская, Лынгмянская, Лынтупская, Нястанішская, Свірская, Шэметаўская, Ясеўская). Насельніцтва на 1880 было 145,5 тыс.чал. (без г. Свянцяны), з іх 5,2 тыс. дваран, 13,3 тыс. мяшчан, 123,3 тыс. сялян, 3,3 тыс. ваеннаслужачых. Паводле канфесіянальнага складу — 122,4 тыс. католікаў, 13,1 тыс. праваслаўных, 5,4 тыс. старавераў, 4 тыс. іудзеяў. Мелася 1741 паселішча, 1067 тыс. двароў. У 1915 заняты германскімі, з вясны 1919 польскімі войскамі, уключаны ў Віленскую акругу. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 застаўся ў складзе Польскай Рэспублікі. З 22.12.1925 С.п. у складзе Віленскага ваяв. У 1930-я г. складаўся з 15 гмін. У вер. 1939 С.п. заняты Чырв. Арміяй, 2.11.1939 далучаны да БССР і ўключаны ў Вілейскую вобл., 15.1.1940 скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Гадуцішскі, Свянцянскі і Свірскі р-ны (гл. адпаведныя арт.).