род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 350 відаў. Растуць у пустынных і засушлівых раёнах Афрыкі, на Пд Аравійскага п-ва і Міжземнамор’я (1 від). Многія з іх лек., харч., меданосныя, тэхн. (валакністыя) і дэкар. расліны; вырошчваюць у пакоях, аранжарэях і цяпліцах. На Беларусі ў пакаёвай культуры найб. вядомы: алоэ дрэвападобнае (aloe arborescens), альяс, цвіце вельмі рэдка і таму наз. сталетнікам; алоэ мыльнае (aloe saponaria), алоэ паласатае (aloe striata), алоэ стракатае (aloe variegata), алоэ асцюковае (aloe aristata).
Шматгадовыя травяністыя, кустападобныя і дрэвападобныя сукуленты з простым кароткім або развітым, тоўстым разгалінаваным або тонкім ліянападобным сцяблом, часцей зусім без яго (разеткападобныя формы). Лісце мясістае, часта з васковым налётам, плямамі і палосамі, па краях з зубцамі, у густых прыкаранёвых ці канцавых (у дрэвавых формаў) разетках або двухраднае. Кветкі чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зялёныя, рэдка крэмавыя і белыя, у суквеццях. Плод сухая каробачка. З лісця некаторых відаў вырабляюць сабур (слабіцельны сродак), экстракты, сокі, сіропы, тэрапеўтычныя сродкі. Прэпаратамі алоэ карыстаюцца ў тканкавай тэрапіі (біястымулятары). У нар. медыцыне свежае лісце ўжываюць пры бранхіяльнай астме, язве страўніка і кішэчніка, туберкулёзе, ранах, нарывах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАБІЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + біяграфія),
1) афіцыйны дакумент з кароткімі звесткамі пра падзеі свайго жыцця.
2) Апісанне аўтарам уласнага жыцця; літаратурны жанр. Ад інш.літ. жанраў адрозніваецца большай прывязанасцю адлюстраваных падзей да рэальных фактаў асабістага жыцця. Сярод вядомых твораў сусв. л-ры «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Споведзь сына стагоддзя» А.Мюсэ і інш. У бел. л-ры пашыраны аўтабіягр. аповесць, раман, паэма, хроніка. Узоры аўтабіягр. твораў — аповесці «У дрымучых лясах» З.Бядулі, «Шлях з цемры» Я.Маўра, «Свая аповесць» Я.Скрыгана, «Сцежкі» А.Пальчэўскага, «Споведзь» Л.Геніюш і інш.Многія творы бел. л-ры грунтуюцца на адборы і тыпізацыі аўтабіягр. матэрыялу ў спалучэнні з маст. вымыслам. Аўтабіягр. аснову мае паэма Я.Коласа «Новая зямля», у якой аўтар, апіраючыся на жыццёвыя рэаліі сваёй сям’і, стварыў яркую энцыклапедыю бел. жыцця канца 19 — пач. 20 ст. «Чыстыя» аўтабіяграфіі бел. пісьменнікаў сабраны ў кнігах «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Да аўтабіягр. жанру адносяць таксама мемуары, дзённік, споведзь, успаміны, падарожныя нататкі; у стараж.бел. л-ры — дыярыуш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БУХ,
працэс вызвалення вял. колькасці энергіі ў абмежаваным аб’ёме за кароткі прамежак часу. У выніку выбуху выбуховае рэчыва ператвараецца ў газ з высокім ціскам і т-рай, які з вял. сілай уздзейнічае на навакольнае асяроддзе і прыводзіць яго ў рух (гл.Ударная хваля).
Бывае выбух хім. выбуховых рэчываў у выніку ланцуговай хімічнай рэакцыі, ядзерны выбух у выніку рэакцый дзялення або сінтэзу атамных ядраў (гл.Ланцуговыя ядзерныя рэакцыі, Тэрмаядзерныя рэакцыі). Выбух можа адбывацца таксама за кошт энергіі вонкавых крыніц, калі яе дастаткова для выпарэння рэчыва: праходжанне магутных эл. токаў праз рэчыва; імпульснае ўздзеянне лазернага выпрамянення (гл.Лазер), многія прыродныя з’явы (напр., маланка, раптоўнае вывяржэнне вулкана, падзенне буйных метэарытаў). У космасе адбываюцца выбухі каласальных маштабаў: храмасферныя ўспышкі на Сонцы, успышкі новых і звышновых зорак, выбухі ядраў галактык.
Выбух выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях, даследаваннях атмасферы і ўнутранай будовы Зямлі, у тэхніцы, нар. гаспадарцы і ваен. тэхніцы. Гл. таксама Вакуумная зброя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́ННАЯ ПО́ЯСНАСЦЬ, вертыкальная занальнасць,
заканамерная змена ландшафтаў у гарах. Абумоўлена пераважна зменай клімату з вышынёй: паніжэннем т-ры паветра (у сярэднім на 6 °C на кожныя 1000 м вышыні), яго шчыльнасці, ціску, колькасці ў ім пылу, павелічэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, а таксама (да выш. 2—3 км) воблачнасці і гадавой колькасці ападкаў. Са зменамі клімату цесна звязаны змены геамарфалагічных, гідралагічных, глебаўтваральных працэсаў, характар расліннага і жывёльнага свету. У выніку ўтвараюцца вышынныя паясы. Многія асаблівасці вышыннай пояснасці залежаць ад экспазіцыі схілаў, іх размяшчэння адносна пануючых паветр. мас і аддаленасці ад акіянаў.
Колькасць паясоў звычайна павялічваецца ў высокіх гарах і з набліжэннем да экватара. Вылучаюць у асн. 3 тыпы вышынных паясоў: акіянскі, ці прыморскі (характарызуецца развіццём пояса дрэвавай расліннасці ад падножжа), кантынентальны (дрэвава-хмызняковыя фармацыі на пэўнай вышыні) і ультракантынентальны (пояс дрэвавай расліннасці прадстаўлены фрагментарна). Вышынны пояс пачынаецца з той прыроднай зоны, на якую апіраецца падножжа горнага ланцуга. Заканамернасці вышынных паясоў распрацаваны ням. географам К.Гумбальтам (19 ст.) і рус. даследчыкам В.В.Дакучаевым (канец 19 ст.).
бел. гісторык, археолаг, выдавец. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1845). Працаваў у Полацкай духоўнай семінарыі. У 1857—58 рэдактар неафіц. часткі «Витебских губернских ведомостей». З 1862 у Кіеве, з 1864 у Вільні. Выдаваў час.«Вестник Западной России». У грамадскай і навук. дзейнасці як адзін з пачынальнікаў заходнерусізму ўхваляў мерапрыемствы царызму ў Паўн.-Зах. краі, асуджаў паўстанне 1863—64. Праводзіў раскопкі курганоў каля Полацка і ў Лепельскім пав. (ахарактарызаваў структуру і вызначыў час іх узнікнення). Апісаў стараж. (т.зв. Альгердаву) дарогу з Полацка на Вільню і помнікі абапал яе. Апублікаваў важныя для гісторыі Беларусі дакументы (многія іх арыгіналы пазней загінулі). Пісаў пра гісторыю правасл. цэркваў на Беларусі.
Літ.:
Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мысьлі Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд.Мн., 1993;
Алексеев Л.В. Очерк истории белорусской дореволюционной археологии и исторического краеведения до 60-х годов XIX в. // Сов. археология. 1967. № 4;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЦЭ́ЦІ ((Donizetti) Гаэтана) (29.11.1797, г. Бергама, Італія — 8.4.1848),
італьянскі кампазітар. У 1815—17 вучыўся ў Балонскім муз. ліцэі. У 1839—40 і пазней працаваў у Парыжы, дзе пастаўлены многія з яго опер, у 1840-я г. таксама ў Аўстрыі (з 1842 аўстр. прыдворны кампазітар). У 1834—39 праф. кансерваторыі ў Неапалі (з 1837 дырэктар). Асн. частку творчай спадчыны Д., майстра стылю бельканта, складаюць усе жанравыя разнавіднасці італьян. оперы (опера-буфа, опера-камік, лірыка-драм. і рамант. оперы, сац.-псіхал. меладрамы і інш.), яны насычаны выразнымі, лёгка запамінальнымі мелодыямі, эфектнымі арыямі, вылучаюцца яркай тэатральнасцю. Сярод найб. папулярных опер «Любоўны напітак» (1832) і «Дон Паскуале» (1843), адзін з лепшых узораў оперы-буфа, адзначаны невычарпальным дасціпным гумарам, жыццярадаснасцю, мяккім лірызмам.
Сярод інш. твораў: оперы «Пётр Вялікі, цар рускі, або Лівонскі цясляр» (1819), «Дон Грэгорыо» (1824), «Ганна Балейн» (1830), «Лукрэцыя Борджа» (1833), «Лючыя ды Ламермур» (1835), «Паліеўкт» (1838), «Марыя ды Роган» (1843), араторыі, кантаты, 16 сімфоній, камерна-інстр., вак. творы.
Літ.:
Донати-Петтени Дж. Гаэтано Доницетти: Пер. с итал. Л., 1980.
Помнік Г.Данідэці ў касцёле Санта-Марыя ў Бергама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЫ (ад ням. Kamm грэбень),
узгоркі, бугры, кароткія грады акруглай, конусападобнай і інш. формы ў абласцях апошняга мацерыковага зледзянення. Выш. да 10—15 м, зрэдку да 80—100 м, дыяметр (па аснове) да некалькіх соцень метраў, стромкасць схілаў 10—20°, зрэдку 20—40°. Плошча ад дзесяткаў да тысяч м².
Камавыя адклады сфарміраваны расталымі водамі пасіўнага або дэградуючага «мёртвага» лёду ва ўнутры-, пад- і надледавіковых трэшчынах, праталінах, паглыбленнях і інш. пустотах ва ўмовах кантрастнага рэльефу ледавіковага ложа. Пры раставанні лёду гэтыя адклады апусціліся і ўтварылі камавы рэльеф. Паводле генезісу і будовы К. бываюць водна-ледавіковыя, складзеныя са слаістых розназярністых пяскоў і галечна-жвіровага матэрыялу, азёрна-ледавіковыя алеўрыта-гліністага складу са стужачнай гарызантальна-слаістай будовай і мяшаныя (складаныя), трапляюцца разнастайныя пераходныя да озаў формы. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (Фінляндыя, Польшча, Германія, Канада, ЗША).
На тэр. Беларусі пашыраны ў межах рэльефу паазерскага і сожскага зледзяненняў — на Браслаўскай, Свянцянскай і Асвейскай градах, Гродзенскім, Віцебскім, Нешчардаўскім узв., месцамі на Полацкай нізіне, Беларускай градзе, Ашмянскім узв. і Лідскай раўніне. Многія К. змяшчаюць невял. радовішчы пяску і жвіру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,
анты феадальнае выступленне сялян Камянецкай воласці Мазырскага пав. ў 1750-я г. Выклікана прыгнётам мясц. адміністрацыі. Хваляванні пачаліся яшчэ ў 1736. Пад уплывам паўстання гайдамакаў у суседняй Жытоміршчыне ў 1754 перараслі ва ўзбр. выступленне. Для падаўлення паўстання 7.9.1754 загадам М.К.Радзівіла ў Камянецкую воласць накіраваны 2 харугвы. У кастр. 1755 харугвы пасланы зноў супраць новага выступлення сялян, а ў ліст. — яшчэ 4 харугвы (70 коннікаў). Да студз. 1756 паўстанне ахапіла ўсю Камянецкую воласць (больш за 700 сял. двароў). Сабраўшыся каля мяст. Славечна, паўстанцы далі адпор харугвам і прымусілі іх да ўцёкаў. Некалькі тысяч сялян стварылі ўмацаваны лагер і пакляліся змагацца да апошняга. У сак. 1756 урадавае войска (400 чал. і гарматы) рушыла да Славечна. Пасля таго як сяляне адмовіліся ад капітуляцыі, жаўнеры кінуліся на штурм лагера і ўзялі яго. Паўстанцы страцілі 60 чал. забітымі. некалькі дзесяткаў чалавек патанула ў балотах, каля 60 чал. узяты ў палон. Многія ўдзельнікі выступлення пакараны смерцю, іншых білі бізунамі, 4 кіраўнікоў выступлення пасадзілі на кол, 10 сял. важакоў адасланы ў Нясвіж на суд да Радзівіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАНО́ВІЧ ((Kononowicz) Мацей Юзаф) (1.2.1912, г. Ласк, Польшча — 31.4.1986),
польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Варшаўскі ун-т (1939). Да 2-й сусв. вайны жыў у Навагрудку (Гродзенская вобл.). Друкаваўся з 1936. Паэт.зб-кі «Лірычныя станцыі» (1951), «Партрэт, які цяжка ўявіць» (1962), «Дубовы гай» (1974), «Перадамо сабе знак спакою» (1983), зб-кі аповесцей і апавяд. «Імёны любові» (1973), «Рамантычнае і зялёнае» (1981), «Венера з малога мястэчка» (1983) прасякнуты патрыятызмам, псіхалагізмам і шчырасцю. Многія вершы тэматычна звязаны з Беларуссю. На польск. мову пераклаў зб. апавяданняў Я.Брыля «Глядзець на траву» (1971), кнігі А.Адамовіча «Хатынская аповесць» (1975), Адамовіча, Брыля, У.Калесніка «Я з вогненнай вёскі...» (1978, разам з Ю.Літвінюком), асобныя творы Я.Купалы, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна і інш. Асобныя творы К. на бел. мову пераклалі Брыль, М.Танк, Барадулін, Д.Бічэль-Загнетава, В.Вітка, А.Вярцінскі, Г.Кляўко, Н.Мацяш, Р.Семашкевіч, У.Мархель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ШЫН (Кірыла Пятровіч) (6.3.1914, Масква — 7.3.1981),
дырыжор. Нар.арт.СССР (1972). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936, клас Б.Хайкіна), у 1950—53 і 1972—78 выкладаў у ёй (праф. з 1976). У 1937—41 у Ленінградскім Малым оперным т-ры, у 1943—56 у Вял. т-ры ў Маскве, у 1960—75 гал. дырыжор сімф. аркестра Маскоўскай філармоніі. З 1978 у Нідэрландах. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Дзяўчына з Захаду» (1938) і «Чыо-Чыо-сан» (1939) Дж.Пучыні, «Пампадуры» А.Пашчанкі (1940). Удзельнічаў у пастаноўках опер «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава (1943, 1953), «Бэла» А.Аляксандрава (1945), «Варожая сіла» А.Сярова (1947), «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (1948), «Галька» С.Манюшкі (1949). Як сімф. дырыжор выканаў многія творы рус. і зах.-еўрап. кампазітараў, у т. л. Шастаковіча, А.Хачатурана, Г.Свірыдава і інш. Аўтар кн. «Аб дырыжорскім мастацтве» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1948, 1949. Дзярж. прэмія Расіі 1969. З 1984 у Амстэрдаме праводзіцца Міжнар. конкурс маладых дырыжораў імя К.
Літ.:
Ражников В. Кирилл Кондрашин рассказывает о музыке и жизни. М., 1989.