ЛА́ДА ((Lada) Іосеф) (17.12.1887, Грусіцы, Чэхія — 14.12.1957),

чэшскі графік, жывапісец, тэатр. мастак, пісьменнік. Прадстаўнік нац.-дэмакр. кірунку ў чэш. мастацтве 1-й пал. 20 ст. Нар. мастак Чэхаславакіі (1947). Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Празе (1906—07). Зазнаў уплыў М.Алеша. Творчасць вызначаецца блізкасцю да традыцый нар. мастацтва. Сярод твораў: ілюстрацыі да кн. «Казкі пра Гонзіка і залатавалосую Ізолю» Я.​Гаўлічака (1906), «Прыгоды бравага салдата Швейка» Я.​Гашака (выд. 1926), «Байкі» Эзопа (1931); да ўласных кн. «Мая азбука» (1911), «Каламайка» (1913), «Вясёлае прыродазнаўства Лады» (1917), «Вершы Эрбена і народныя» (1920), «Хроніка майго жыцця» (1942); малюнкі «Вадзянік» (1937), «Раство» (1938), «Чэшская вёска» (1942), «Вясна» (1954) і інш. Працаваў як пейзажыст («Трыпціх з чэшскім пейзажам», 1935, і інш.). Афармляў тэатр. спектаклі.

Літ.:

Йозеф Лада: Книга о художнике. Л., 1971.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДЗО́НІ ((Manzoni) Алесандра) (7.3. 1785, г. Мілан, Італія — 22.5.1873),

італьянскі пісьменнік; тэарэтык рамантызму. Першыя творы напісаны ў духу класіцызму (паэма «Трыумф свабоды», 1801; ода «На смерць Карла Імбанаці», 1806). Уплыў каталіцызму выявіўся ў цыкле «Свяшчэнныя гімны» (1812—22, апубл. ў 1815 і 1823). У 1820-я г. перайшоў на пазіцыі рамантызму (эстэт. праца «Пра рамантызм», 1823, і інш.). Оды «Сакавік 1821 г.», «Пятага мая» (абедзве 1821), гіст. трагедыі «Адэльгіз» (паст. 1822) і «Граф Карманьёла» (паст. 1828) прасякнуты патрыят. матывамі, ідэямі Рысарджымента. У гіст. рамане «Заручаныя» (ч. 1—3, 1821—23) спалучэнне рамантызму з рэаліст. адлюстраваннем жыцця італьян. правінцыі 17 ст. Аўтар эстэт., філас., тэарэтыка-літ. прац.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1978;

Обрученные. М., 1984;

У кн.: Романтизм глазами итальянских писателей. М., 1984.

Г.​М.​Малей.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧА́ЕЎ (Ягор Яфімавіч) (25.4.1859, с. Харытонава Канакоўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 23.11.1925),

рускі паэт. У 1868—1916 працаваў рабочым-шкловыдзімальшчыкам. Адзін з заснавальнікаў «Сурыкаўскага літ.-музычнага гуртка» ў Маскве. Друкаваўся з 1891. Асн. тэма зб-каў вершаў «Працоўныя песні» (1911), «Вячэрнія песні» (1913), «З песень старога рабочага» (1922), «Гута» (1928) — праца рабочых. Апавяданні і аповесці 1920-х г. пра цяжкае мінулае рабочых шклозаводаў. Выступаў як сатырык. Разам з І.​Белавусавым, В.​Брусавым, А.​Карынфскім удзельнічаў у падрыхтоўцы першага на рус. мове зб. вершаў Я.​Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919), для якога пераклаў вершы «Я мужык-беларус», «Касцу», «Мая хатка», «З песень беларускага мужыка» і інш. На рус. мову пераклаў таксама вершы Я.​Коласа.

Тв.:

Избранное. М., 1955;

Вольные песни. М., 1963.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЭС ГАЛЬДО́С ((Pérez Galdós) Беніта) (10.5.1843, г. Лас-Пальмас, Іспанія — 4.1.1920),

іспанскі пісьменнік. Чл. Каралеўскай акадэміі (з 1897). Вучыўся ў Мадрыдскім ун-це. Аўтар 80 раманаў, 25 драм, шматлікіх апавяданняў. Вяршыня яго творчасці — эпапея «Нацыянальныя эпізоды» (т. 1—46, 1873—1912), у якой адлюстравана гісторыя Іспаніі ад Трафальгарскай бітвы (1805) да паражэння рэвалюцыі 1863—73. Аўтар цыкла «Сучасныя іспанскія раманы» (т. 1—25, 1881—1915). Паклаў пачатак ісп. сац.-рэаліст. драмы («Электра», 1901; «Дзед», 1904). Яго творы адметныя дынамізмам і публіцыстычнай завостранасцю.

Тв.:

Рус. пер. — Повести М., 1958;

Трафальгар. М., 1961;

Двор Карла IV;

Сарагоса. М., 1970;

Милый Мансо. М., 1971;

19 марта и 2 мая;

Байлен;

Наполеон в Чамартине. М., 1972;

Херона;

Кадис. М., 1973;

Хуан Мартин эль Эмпесинадо;

Сражение при Арапилях. М., 1975.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖА́НСКІ (Фелікс) (?—пасля 1903),

бел. паэт, мемуарыст, удзельнік рэв. руху 1860-х г. Працаваў каморнікам. У 1861 увайшоў у Гродзенскую рэв. арг-цыю К.Каліноўскага. Удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні газ. «Мужыцкая праўда», вёў агітацыю сярод нар. мас. У 1863 у паўстанцкіх атрадах В.Урублеўскага. Пасля паўстання эмігрыраваў у Кракаў. Аўтар паўстанцкіх песень на бел. мове «Гэй-га разам, хлопцы...», «Ах ты, мая чарнаброва...» (апубл. ў 1865 б. паўстанцам І.​Арамовічам) і інш., успамінаў «З Гродзенскага ваяводства» (1903), якія з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі рэв. руху 1860-х г. на Гродзеншчыне, утрымліваюць важныя факты з біяграфіі Каліноўскага.

Тв.:

[Песні] // Aramowicz I. Marzenia: Pamiętnik o ruchu partyzanckim w województwie Grodzieńskiem w 1863 i 1864 r. Bendlikon, 1865. S. 21—23;

Гродзенская арганізацыя // Каліноўскі К. За нашую вольнасць: Творы, дак. Мн., 1999.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 13, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ад (ада), прыназ. з Р.

1. Указвае на зыходны пункт чаго-н.

Адысці ад агню.

Ад Мінска да Брэста.

Ад галавы да пят.

2. Указвае на крыніцу чаго-н.

Даведацца ад настаўніка.

3. Указвае на непасрэдную сувязь з чым-н., з якой-н. дзейнасцю.

Рабочы ад станка.

Людзі ад навукі.

4. Указвае на цэлае, якому належыць частка.

Крошкі ад хлеба.

Ножка ад крэсла.

5. Указвае на што-н., ад чаго пазбаўляюцца, што ліквідуецца, накіраванае супраць чаго-н.

Ачысціць ад пылу.

Схавацца ад спякоты.

Лекі ад хваробы.

6. Указвае на прычыну, падставу чаго-н.

Плакаць ад гора.

Вясёлы ад шчасця.

7. Указвае на другі прадмет, які супрацьпастаўляецца першаму.

Трэба адрозніваць дабро ад зла.

8. Ужыв. пры абазначэнні даты дакумента.

Загад ад 10 мая.

9. У выразах: год ад году, час ад часу, дзень ада дня і пад. указвае на часавую паслядоўнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пладаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які дае многа пладоў (у 1 знач.). Каб была пладавітай зямля, Каб гарэлі зарніцы над краем, Каб радзіма мая расцвіла Багацейшым у свеце ўраджаем, Мы сабралі палоскі-шнуры У адно, у шырокае поле. Астрэйка. // Які хутка размнажаецца, нараджае вялікае патомства. Трусы вельмі пладавітыя.

2. перан. Які напісаў многа мастацкіх ці навуковых твораў. Прынамсі, у галіне, у якой ён [Шчакаціхін] працаваў, Беларусь таго часу не мела больш пладавітага і больш самаадданага працаўніка. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысу́тнасць, ‑і, ж.

Знаходжанне, асабістае прабыванне ў якім‑н. месцы ў пэўны час. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас. [Таццяне] раптам зрабілася надзвычай весела, і яна адчувала сябе вельмі ўтульна ў лесе ў прысутнасці гэтага разважлівага хлапца. Шамякін. // Наяўнасць чаго‑н. у чым‑н., дзе‑н. У прысутнасці марганцу, а асабліва бору расліна накоплівае больш вугляводаў. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сканцэнтрава́цца, ‑руецца; зак.

1. Сабрацца, згрупавацца ў адным якім‑н. месцы. Брыгада сканцэнтравалася на ўзлессі. □ [Обер-лейтэнант:] — Ну, палонны, адказвайце. Дзе сканцэнтраваліся атрады? М. Ткачоў. // Быць скіраваным у адно месца (пра ўдар, націск і пад.). // Увасобіцца ў чым‑н. Нашы сучасныя прозвішчы — гэта той фокус, у якім сканцэнтравалася амаль уся гісторыя ўзнікнення і развіцця антрапаніміі. Крывіцкі.

2. перан. Скіравацца на што‑н. (пра ўвагу, думкі і пад.). Уся мая ўвага сканцэнтравалася на Валі. Анісаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́шчына, ‑ы, ж.

Шчыліна на месцы разлому, разрыву, пашкоджання паверхні чаго‑н. Там стаяў белы гліняны кубак, чайнік з адбітым рыльцам, талерка з рудою трэшчынаю, усё гэта пустое, сухое, чыста памытае. Арабей. Зламанай лініяй пралезла трэшчына на лёдзе ад берага да берага. Броўка. // перан. Пра разлад, разыходжанні паміж кім‑н. [Хоня:] — З сягонняшняга дня любоў мая дала трэшчыну! Мележ. [Харытон:] — А наконт Булыгавага вывадка прама скажу: яшчэ ў сваім зародку даў ён вялікую трэшчыну. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)