бры́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., што і без дап.
1. Рабіць брыдкім, непрыгожым. Ані грана лішняга не было ў ім, але не было і таго, што часам брыдзіць цела прафесіянальнага гімнаста. Караткевіч.
2. Тое, што і брудзіць (у 1 знач.). — Дык што гэта вы, таварыш старшыня, — ледзь не пакрыўдзіўся Валодзька. — Будзем мы рукі брыдзіць такім дабром. Брыль.
•••
Брыдзіць светам — хітраваць, круціць, баламуціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каза́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. казаць (у 1 знач.). [Унук] перабівае ціхую стройную плынь казання і слухання. Гарэцкі. // Размовы, гутарка. — Крычым мы таму, што казаць не ўмеем. Казанне наша мала дапамагае, дык мы крычым. Галавач.
2. Прамова рэлігійна-павучальнага характару; пропаведзь. У нядзелю ў царкве гарачае казанне казаў бацюшка. Скрыган. Некалькі вечароў прысвяціў ксёндз Пацейкоўскі, каб улажыць казанне на першае набажэнства. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зача́хнуць, ‑чахну, ‑чахнеш, ‑чахне; пр. зачах, ‑ла; зак.
Змарнець, заняпасці (ад хваробы, гора і пад.). Зачахнуць у няволі. □ — Што ты, бедная дзяўчынка, Тут павісла на крыжы? Ты зачахнеш, Кацярынка, Як былінка на мяжы. Броўка. // Спыніць рост, развіццё; звяць, засохнуць (пра расліны). Калі дрэўца перасаджваюць у новы грунт, дык і яно патрабуе стараннага догляду і дапамогі. Інакш можа зачахнуць або і зусім загінуць. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зажы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; пр. зажыўся, ‑жылася, ‑лося; зак.
Разм.
1. Пражыць больш звычайнага, надта доўга. Зажыцца на белым свеце.
2. Пачаць жыць заможна; абжыцца. — Я сваім гарбом зажыўся.. — Доўга кляўся і бажыўся Панскі солтыс, хітры ліс. Броўка. — Дык жа бывае і так, што хату людзі прадаюць, каб цяжкі час перажыць, а пасля, калі зажывуцца, яшчэ лепшую зробяць. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўміра́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
Памерці — пра ўсіх, многіх. І яшчэ, што можна адзначыць з мінулага дзеда Талаша, дык гэта тое, што ў яго бацькі было дванаццаць дзяцей. Васьмёра з іх паўміралі малымі. Колас. Так з таго часу я і не бачыў бацькоў. Потым чуў ад людзей з таго боку, што яны доўга і не жылі: паўміралі маладымі... Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пракансультава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго.
Даць кансультацыю па якому‑н. пытанню. Сакратар сашчапіў рукі, схіліў набок галаву — так яму, мабыць, лягчэй было вымаўляць словы. — Дык вось, та-ва-а-арыш Ка-аліна, трэба спачатку а-акты са-аставіць, у-у-улік пра-а-авесці. Зойдзеш у выканком, та-ам цябе пракансультуюць. Асіпенка. Пракансультаваўшы колькі хворых, Яраш зноў адчуў сябе стомленым. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праку́длівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які любіць пракудзіць; свавольны, гарэзлівы. Ад нараджэння ў нутры маім вечным госцем асталявалася гультайства. Істота нябачная, але надзвычай пракудлівая. Мала таго, што сама не любіць працаваць, дык і мяне падбухторвае на гэта. Пальчэўскі. // Які з’яўляецца свавольствам, штукарствам. Шэйдак ведаў: за Людку няма каму заступіцца,.. яшчэ больш выдумляў розных пракудлівых рэчаў і не даваў ёй спакойна сядзець. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праны́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Здольны ўсюды паспяваць, пранікаць, прабірацца, дзякуючы спрыту, хітрасці. Гэта было такое пранырлівае дзяўчо, што магло з-пад курыцы яйкі ўкрасці. Чарнышэвіч. Побач з .. [Ваўчком] відаць была камлюкаватая постаць Андрэя Вабейкі — пранырлівага камандзіра гаспадарчага ўзвода атрада, чалавека, пра якога партызаны гаварылі, што калі ён захоча, дык з-пад зямлі дастане. Хадкевіч. // Праніклівы, хітры (пра вочы). Пранырлівыя вочы Сімона.. кінуліся ўправа, улева. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасту́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Ахаладжэнне арганізма чалавека, якое выклікае хваробу. Ферапонт пабойваўся прастуды, дык і ўлетку часта выходзіў на варту ў кажусе. Кулакоўскі. // Разм. Хвароба, выкліканая ахаладжэннем арганізма чалавека. У Віяна была звычайная прастуда, якая потым да раніцы прайшла. Карпюк. Увогуле турбавацца няма прычыны — чалавек на нагах, ці варта звяртаць увагу на яго кашаль — ад прастуды на вайне не капаюць. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прахадзі́ць, ‑хаджу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; зак.
1. Хадзіць некаторы час. Паўдня прахадзілі мы дарэмна па лесе, так і не сустрэўшы ніводнага птушынага следу. Ігнаценка. Сцвярджаў я маці: — Шапка малавата, Я прахаджу і ў летняй, не бяда! Барадулін. Як пойдзеш нацянькі, дык праходзіш тры дзянькі. Прыказка.
2. што. Разм. Доўга ходзячы, страціць што‑н. Неўзабаве вярнуліся дзяўчаты. — О, ды мы, здаецца, прахадзілі свае месцы! Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)