КАСТЫЛЬЁНЕ ((Castiglione) Бальдасарэ) (6.12.1478, каля г. Мантуя, Італія — 2.2.1529),

італьянскі пісьменнік, прадстаўнік позняга Адраджэння. Літ. дзейнасць пачаў як лірычны паэт. Аўтар эклогі «Тырсі» (1506), зборнікаў вершаў, невял. паэм, лац. эпіграм. Найб. вядомы яго трактат «Прыдворны» (кн. 1—2, 1528) — своеасаблівы кодэкс ідэальна выхаванага, усебакова адукаванага і развітога чалавека.

Тв.:

Рус. пер. — Из «Книги о придворном» // Хрестоматия по зарубежной литературе: Эпоха Возрождения. М., 1959. Т. 1.

т. 8, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ РАЗВІЦЦЯ́ (МАР; International Development Association),

філіял Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Створана ў 1960 для прадастаўлення крэдытаў і пазык на льготных умовах краінам, якія сталі на шлях развіцця. МАР мае свой статут, але фактычна кіруецца банкам. Структура МАР: савет кіраўнікоў, выканаўчы дырэктарат, прэзідэнт. Склад савета кіраўнікоў і выканаўчага дырэктарата той жа, што і ў банка. Адм. дзейнасць ажыццяўляе па сумяшчальніцтве персаналам банка. Месцазнаходжанне — Вашынгтон.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АГРА́РНА-КАМЕРЦЫ́ЙНЫ КАЛЕ́ДЖ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова. Засн. ў 1978 у в. Сеніца (Мінскі р-н) як Бел. с.-г. тэхнікум па падрыхтоўцы кіруючых кадраў калгасаў і саўгасаў. З 1993 сучасная назва. Рыхтуе тэхнолагаў па перапрацоўцы прадукцыі раслінаводства, эканамістаў па камерцыйнай дзейнасці. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч.г.): камерцыйная дзейнасць у аграпрамысл. комплексе; маркетынг; вытв-сць, захаванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства. Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПАНСІЁН,

прыватная закрытая жаночая агульнаадук. навуч. ўстанова 1-й пал. 19 ст. ў Мінску. Адкрыта ў 1830. Уладальнікі М.п. — Людвік і Марыя Мантэграндзі. У навуч. праграме значнае месца адводзілася музыцы (кожная выхаванка займалася 2 гадз ў дзень). Практыкаваліся канцэртныя выступленні вучаніц (найб. поспехам карысталася К.Марцінкевіч). У 1837 М.п. прызнаны ўзорным. Апошнія звесткі ў друку пра дзейнасць пансіёна адносяцца да 1858.

В.​П.​Пракапцова.

т. 10, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́НЬЁ ((Narino) Антоніо Амбросіо) (9.4.1765, Багата — 13.12.1823),

змагар за незалежнасць Калумбіі ад ісп. панавання. Пераклаў і выдаў на ісп. мове Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна. За рэв. дзейнасць у 1795 высланы ў Іспанію. У 1796 уцёк, узначаліў барацьбу Калумбіі за незалежнасць. З 1811 старшыня часовай урадавай хунты Калумбіі. У 1814—21 у ісп. палоне. Пасля вяртання з палону ў 1821 чл. сената, віцэ-прэзідэнт Вялікай Калумбіі.

т. 11, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАЛЕ́СКА»,

навукова-метадычны ілюстраваны часопіс па дашкольным выхаванні. Выдаецца з 1991 у Мінску на бел. мове штомесячна. Разлічаны на работнікаў адукацыйных дашкольных устаноў, бацькоў. Прапагандуе навук. распрацоўкі сучасных пед. і метадычных тэхналогій, асвятляе практычную дзейнасць дашкольных устаноў, пытанні падрыхтоўкі кадраў для іх, сямейнага выхавання, у т. л. з вопыту замежных краін. Друкуе артыкулы вучоных, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, матэрыялы па фальклоры, з пед. спадчыны і інш.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧАЕ МЕ́СЦА,

адпаведна абсталяваная прасторавая зона знаходжання работніка, дзе адбываецца яго працоўная дзейнасць. Класіфікуюцца паводле колькасці выканаўцаў (індывідуальныя і калектыўныя), тыпу вытв-сці (адзінкавыя, серыйныя і масавыя), узроўню механізацыі (ручныя, механізаваныя і аўтаматызаваныя) і інш. Павінна адпавядаць сан. нормам, інструкцыям і правілам па эксплуатацыі абсталявання, тэхніцы бяспекі, эрганоміцы, прамысл. эстэтыцы, займаць дастатковую прастору, мець аптымальна размешчаныя арганізац. і тэхн. сродкі, сістэмы сігналізацыі і сувязі.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

згуртаванне беларусаў свету. Засн. 6.3.1990 у Мінску прадстаўнікамі творчай і тэхн. інтэлігенцыі Беларусі. На ўстаноўчай канферэнцыі 10—11.9.1990 прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх (апрача Крымскага) бел. зямляцтваў і суполак з рэспублік СССР, бел. арг-цый з Беластоцкага ваяводства (Польшча), Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, Беларускага грамадска-культурнага таварыства, Беларускага аб’яднання студэнтаў, тыднёвіка «Ніва», замежныя госці юбілею Ф.​Скарыны. Ідэя стварэння «Бацькаўшчыны» падтрымана на 19-й сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі (вер. 1990, Кліўленд). «Бацькаўшчына» вядзе рознабаковую дзейнасць: культ.-асв., гасп.-эканам., рэлігійную, краязнаўчую, замежны турызм і інш. Асн. задачы: адраджэнне культуры і мовы, нац. свядомасці і традыцый бел. народа, кансалідацыя і аб’яднанне беларусаў свету незалежна ад іх паліт. поглядаў, сац. і маёмаснага стану, веравызнання, устанаўленне патрэбных для Беларусі сувязяў з замежжам. Аддзяленні «Бацькаўшчыны» створаны ў абл. цэнтрах і гарадах Беларусі, за мяжой. «Бацькаўшчына» прымае ўдзел у патрыят. акцыях, ажыццяўляе дабрачынную дзейнасць. Ініцыятар склікання і арганізатар Першага сходу беларусаў блізкага замежжа і Першага з’езду беларусаў свету. На чале «Бацькаўшчыны» — прэзідэнт (з 1990 В.​Быкаў, з 1993 Р.​Гарэцкі). Кіраўнічы орган — рада, выканаўчы — управа.

Да арт. «Бацькаўшчына». Першы з’езд беларусаў свету ў Мінску. 1993.

т. 2, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала ў Вільні ў 1918—39. Заснавальнікі В.​Ластоўскі, І. і А.​Луцкевічы, В.​Святаполк-Мірскі, Я.​Станкевіч, У.​Талочка і інш. Кіруючы орган — урад, які выбіраўся на агульным сходзе членаў БНТ. Задачы: заснаванне і ўтрыманне музеяў, бібліятэк, навук. устаноў, арганізацыя выставак, лекцый, курсаў і навук. з’ездаў, выдавецкая дзейнасць. Напачатку займалася распрацоўкай бел. навук. тэрміналогіі і яе кадыфікацыі, праблемамі перакладу на бел. мову. Пры БНТ быў арганізаваны Беларускі музей імя І.​Луцкевіча і б-ка; дзейнічалі гіст., літ.-мастацкія і краязнаўча-экскурсійныя секцыі.

Т-ва правяло святкаванне 400-годдзя бел. кнігадрукавання (1925), 400-годдзя Статута ВКЛ 1529 (1929). Выдала навук. зб-кі «Гадавік Беларускага навуковага таварыства ў Вільні» (1933), «Запісы Беларускага навуковага таварыства» (1938), кнігі А.​Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі, 1525—1925» (1925), А.​Луцкевіча «Праўда пра «камеру Конрада» (1923, на польск. мове) і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з далучэннем Зах. Беларусі да БССР.

А.​С.​Ліс.

Да арт. Беларускае навуковае таварыства. Урачыстая акадэмія ў 10-я ўгодкі з дня смерці І.​Луцкевіча. Вільня. 1929.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т (БК) у Польшчы, арганізацыя грамадскай апекі для беларусаў у 1940—44. Створаны ў Варшаве з дазволу герм. акупац. улад як Бел. саюз самапомачы (БСС, старшыня Ф.І.Акінчыц), з лета 1940 — БК (старшыня М.​Шчорс, нам. М.​Ждановіч). У канцы 1940 — пач. 1941 створаны дэлегатуры (прадстаўніцтвы) БК у Бяла-Падлясцы і Кракаве, пазней — некалькі філій на паўд. Падляшшы. Чл. БК (каля 6 тыс. чал., сак. 1942) — пераважна даваен. ўцекачы з паўн.-ўсх. ваяводстваў Польшчы, якія не жадалі заставацца пад сав. адміністрацыяй, а таксама вызваленыя з ням. палону беларусы — ваеннаслужачыя польскай арміі. Асн. дзейнасцьюрыд., мед. і матэрыяльная дапамога членам БК. Працавалі сталовая, бел. пач. школа з інтэрнатам (1942/43—1943/44, у 1943 для вучняў 2 месяцы працаваў летні лагер у Забалацці Бельскападляскай гміны), бел. б-ка, хор і аркестр, драм. секцыя, дзіцячы т-р. БК садзейнічаў заснаванню ў Варшаве бел. правасл. і каталіцкай парафій, царк. брацтва імя св. Юрыя. Дзейнасць БК фактычна спынена 1.8.1944, калі пачалося Варшаўскае паўстанне 1944, управа БК была эвакуіравана ў Кракаў і намінальна існавала да студз. 1945.

Ю.​Туронак.

т. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)