прэфіксы, якімі карыстаюцца ў арган. хіміі для абазначэння становішча двух (аднолькавых ці розных) замяшчальнікаў адносна адзін аднаго ў бензольным кальцы. У орта-злучэннях замяшчальнікі знаходзяцца ў 1,2-, у мета у 1,3- і ў пара у 1,4-становішчах (адпаведныя скарачэнні: о-, м-, п-), напр., 1,2-дыметылбензол наз. орта-ксілол ці о-ксілол (гл.Ксілолы). Прыстаўкі «орта» і «мета» выкарыстоўваюць у неарган. хіміі ў трывіяльных назвах кіслародзмяшчальных кіслот з рознай колькасцю гідраксільных груп пры цэнтр. атаме (орта — найбольшая, мета — найменшая), напр., к-ты артафосфарная H3PO4 ці (HO)3PO і метафосфарная HPO3 ці HOPO2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАЧКО́ВА (Валянціна Цімафееўна) (н. 21.5.1939, г. Рудня Смаленскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Пасля сканчэння студыі Бел.т-ра імя Я.Коласа (1958) працуе ў гэтым т-ры. Выканаўца драм., камедыйных, вострахарактарных роляў. Створаныя ёй вобразы адметныя яркім знешнім малюнкам, пластычнай выразнасцю і псіхал. дакладнасцю характарыстык. Сярод роляў: Еўга Бабук («Званы Віцебска» У.Караткевіча), Ганна («Вечар» А.Дударава), Марфа («Улада цемры» Л.Талстога), Цыепа («Вей, ветрык!» Я.Райніса), Смеральдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Сойка («Доктар філасофіі» Б.Нушыча) і інш. Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСТРАФІ́ЧНАСЦЬ (ад полі... + страфа),
паслядоўнае або адвольнае чаргаванне ў вершаваным творы розных строф, графічна аддзеленых адна ад адной. Да полістрафічных адносяцца разнастрофныя вершы, а таксама раўнастрофныя з сіметрычным чаргаваннем двух ці больш відаў строф. Полістрафічнымі звычайна бываюць буйныя вершаваныя творы, кожная ч. якіх пішацца сваёй страфой. Напр., у 10 раздзелах паэмы Я.Купалы «Безназоўнае» ўжываюцца чатырохрадкоўі 8 разнавіднасцей і шасцірадкоўі 2 разнавіднасцей. У паэме М.Танка «Нарач» сустракаюцца і чатырохрадкоўі самых розных мадыфікацый, і пяцірадкоўе, і астрафічны верш. П. надае вершаванаму твору разнастайнасць формы, памагае лепш выявіць змены лірычнага перажывання паэта і яго герояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРАДУ́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. productio стварэнне),
узнаўленне і размнажэнне выяў (малюнкі, чарцяжы, карціны, фотаздымкі, тэксты, дакументы і інш.) фатаграфічным або паліграф. спосабам; узноўлены сродкамі друку малюнак, карціна, фотаздымак. Узнікла ў графіцы 16 ст. для капіравання твораў мастацтва (рэпрадукцыйная гравюра ў розных тэхніках), з 2-й пал. 19 ст. ручныя спосабы рэпрадуктавання выцеснены фотамеханічнымі. Р. характарызуюць колькасць фарбаў на адбітку (адна-, двух- і шматколерныя), спосаб друку (афсетны ці глыбокі друк, фотатыпія, шаўкаграфія і інш.), матэрыял, на якім робяць адбітак (папера, бляха, каленкор, цэлафан і інш.). Р. называецца факсімільнай, калі пры ўзнаўленні дакладна перадаюцца змест і ўсе асаблівасці аб’екта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЭ́ПА (Barbarea),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, як заноснае — паўсюдна ў нетрапічных краінах. На Беларусі 2 віды С.: звычайная (B. vulgaris) і прамая (B. stricta). Трапляюцца на вільготных лугах, па берагах рэк, на палях, у пасевах.
Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя. Ніжняе лісце лірападобнае, верхняе суцэльнае. Кветкі жоўтыя. Плод — стручок. Насенне ядавітае для свойскай жывёлы і птушак. Зімовы крэс (B. vema) культывуюць у Зах. Еўропе як салату. Харч., тэхн., меданосныя расліны, часта — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНТАГМА́ТЫКА,
адзін з двух (разам з парадыгматыкай) сістэмна-структурных планаў арганізацыі мовы і аспектаў яе даследавання; сукупнасць заканамернасцей, што вызначаюць адносіны паміж адзінкамі ў патоку маўлення, у выказвальным ланцужку. Сінтагматычныя адносіны засн. на лінейнасці маўлення — абавязковай размеркаванасці яго ў часе; узнікаюць паміж адзінкамі аднаго ўзроўню (фанемамі, марфемамі, словаформамі, сказамі). Сінтагматычныя адносіны заўсёды наяўныя ў маўленні і проціпастаўляюцца адносінам парадыгматычным, што існуюць у моўнай свядомасці носьбіта мовы ў выглядзе асацыятыўных груповак адзінак (або парадыгматычных класаў), з якіх робіцца выбар адной з іх для ўключэння ў сінтагматычны ланцужок — выказванне адпаведнай структуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЯ́К (Echium),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. звычайны (E. vulgare), нар. назвы печаніца, асацец, кепек. Трапляецца на сухіх схілах, сметніках, каля дарог. Інтрадукаваны С. плямісты (E. maculatum) і трыпутнікавы (E. plantagineum).
Адна-, двух-, радзей шматгадовыя цвёрдаваласістыя травы выш. 30—100 см. Сцёблы неразгалінаваныя, прамастойныя. Лісце чаргаванае, суцэльнае, суцэльнакрайняе. Кветкі ў густых завітках, сабраныя на верхавінцы сцябла ў складанамяцёлчатае або коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. Усе часткі С. звычайнага ядавітыя (маюць алкалоіды). Лек., алейныя, фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДА́НАЕ СЛО́ВА, кампозіт,
слова, утворанае шляхам злучэння двух ці некалькіх слоў або ўтваральных асноў (гл.Словаскладанне). Асновы злучаюцца інтэрфіксамі — галоснымі «а», «о», «е», «я» («вадохрышча», «глыбокапаважаны», «палявод») або непасрэдна («двухмесны», «сабекошт»). Шырока прадстаўлены сярод назоўнікаў і прыметнікаў, радзей — сярод дзеясловаў і прыслоўяў. Адносіны паміж кампанентамі С.с. суадносныя са злучальнымі («беларуска-нямецкі») або падпарадкавальнымі («дрэваапрацоўка») адносінамі ў свабодных сінтакс. словазлучэннях. Шматскладовыя С.с. могуць мець дадатковы націск («рыбало́ў», але «ле́санарыхто́ўшчык»). Да С.с. адносяцца і падваенні («сіні-сіні», «ледзь-ледзь»).