СЕНСУАЛІ́ЗМ (франц. sensualisme ад лац. sensus успрыняцце, пачуццё, адчуванне),
кірунак у тэорыі пазнання, які прызнае адчуванне адзінай крыніцай аб’ектыўных ведаў. Змест пазнання і свядомасці імкнецца вывесці з дзейнасці органаў пачуццяў і іх сведчанняў. Элементы С. прысутнічаюць у філасофіі Стараж. Індыі (вучэнне чарвака), Стараж. Кітая (маізм), Стараж. Грэцыі (Геракліт, часткова Дэмакрыт і Арыстоцель). У гісторыі філасофіі сфарміраваліся 2 процілеглыя плыні С.: ідэаліст. і матэрыялістычная. Ідэалістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як самаст. і самадастатковую сферу свядомасці. Яго вытокі ў вучэнні Пратагора, які абвяшчаў пачуццёвае ўспрыманне адзінай крыніцай ведаў аб уласным стане чалавека; пазнанне знешніх прычын гэтых станаў ён лічыў немагчымым. Матэрыялістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як сувязь яго свядомасці са знешнім светам, а сведчанні органаў пачуццяў — адлюстраваннем навакольнага асяроддзя. Асновы паслядоўнага матэрыяліст. С. сфармуляваны Эпікурам. Асноўны прынцып С. стоікаў — «няма нічога ў розуме, чаго б раней не было ў пачуццях». Прадстаўнікі матэрыяліст. С. 17 ст. — П.Гасендзі, Т.Гобс, Дж.Лок, ідэаліст. С. — Дж.Берклі. Сенсуалісты матэрыяліст. кірунку 18 ст. сцвярджалі, што крыніцай ведаў служаць адчуванні, якія параджаюцца шляхам уздзеяння матэрыяльных прадметаў на органы пачуццяў чалавека (франц. матэрыялісты Ж.Ламетры, К.Гельвецый, Д.Дзідро, П.Гольбах). Ням. філосаф Л.Феербах лічыў, што адчуванні маюць суб’ектыўны характар, але іх аснова аб’ектыўная, заключана ў матэрыяльным свеце. Сучасныя тэорыі пазнання спалучаюць С. і рацыяналізм і аналізуюць іх узаемасувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯНАФІ́ЛЫ,
прадстаўнікі аднаго з кірункаў рас. грамадскай і філас. думкі 1840—50-х г., якія выступалі з абгрунтаваннем ідэі асаблівага, адметнага ад зах.-еўрап. шляху гіст. развіцця Расіі. Ідэйна супрацьстаялі заходнікам, якія сцвярджалі, што Расія павінна развівацца шляхам засвойвання зах.-еўрап.паліт. сістэмы, сац. ін-таў і эканам. ладу. Філас. канцэпцыю С., якая ўяўляла сабой рэліг.-філас.вучэнне, распрацоўвалі А.С.Хамякоў, Х.В.Кірэеўскі, К.С.Аксакаў, Ю.Ф.Самарын і інш. У аснове ідэй С. — гістарыясофскае абгрунтаванне самабытнасці Расіі і яе сац.-эканам. ўкладу, абвяшчэнне праваслаўя адзіна сапраўдным хрысціянствам. Паводле С., сапраўдная вера, што прыйшла на Русь з усх. царквы, абумовіла асаблівую гіст. місію рус. народа. С. ідэалізавалі дапятроўскую Русь, якая ўяўлялася ім гарманічным грамадствам без супярэчнасцей і ўнутр. канфліктаў, арган. адзінствам народа і ўлады. Паводле С., Пётр I парушыў гарманічнае развіццё Расіі, у выніку чаго дзяржава прэваліруе над народам, а інтэлігенцыя і дваранства пад уплывам зах.-еўрап. культуры адарваліся ад нар. жыцця. С. заклікалі інтэлігенцыю да збліжэння з народам, вывучэння яго жыцця, традыцый і культуры. Для эстэт. і літ.-крытычных поглядаў С. характэрна крытыка «чыстага мастацтва» і абгрунтаванне неабходнасці ўласнага шляху развіцця рус.маст. культуры. С. лічылі, што маст. творчасць павінна адлюстроўваць абшчыннасць, патрыярхальную ўпарадкаванасць нар. быту, рэлігійнасць рус. чалавека. Ідэі С. паўплывалі на развіццё рус.філас. і рэліг.-містычнай думкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЯДЭ́ЦКІ (Śniadecki) Ян (29.8.1756, г. Жнін Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча —21.11.1830),
польскі і рас. астраном, матэматык і філосаф. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1808). Брат А.Снядэцкага. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі і ун-тах Еўропы. У 1792—1803 дырэктар Кракаўскай астр. абсерваторыі, у 1806—25 — Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Адначасова ў 1806—15 рэктар Віленскага ун-та. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, філасофіі і гісторыі навукі. Вёў сістэм. назіранні Сонца, Месяца, планет і камет, адкрыў (незалежна ад Г.В.Ольберса) малую планету Паладу (1802). Даследаваў 4 сонечныя і 2 месяцавыя зацьменні, а таксама рух каметы 1811, зацьменні спадарожнікаў Юпітэра і пакрыцці зорак Месяцам. Падтрымліваў і папулярызаваў вучэнне М.Каперніка) пры вырашэнні філас. праблем навукі стаяў на пазіцыях матэрыялістычнага сенсуалізму. Аўтар прац аб жыцці і навук. дзейнасці Каперніка, Ж.Лагранжа і М.Пачобута-Адляніцкага. Удзельнічаў у рабоце Адукацыйнай камісіі. Яго асветніцкая дзейнасць спрыяла пашырэнню матэм. і прыродазнаўчых ведаў, яго кнігамі па матэматыцы, астраноміі і геаграфіі карысталіся ў тагачасных навуч. установах.
Літ.:
Рыбка Е.В. Ян Снядецкий: (К 200-летию со дня рождения) // Историко-астрономические исследования. М., 1956. Вып. 2;
Ченакал В.Л. Ян-Батист Снядецкий и Иоганн-Элерт Боде // Там жа. 1966. Вып. 9;
Библиография русской астрономической литературы 1800—1900 гг.М., 1968 (Тр. Гос. астроном. ин-та;
Т. 37);
Bartnicka K. Działalność edukacyjna Jana Śniadeckiego. Wrocław, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНЕ́ЕЎ Сяргей Іванавіч (25.11.1856, г. Уладзімір, Расія — 19.6.1915),
рускі кампазітар, піяніст, муз. тэарэтык, педагог, грамадскі дзеяч. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1875, кл. М.Рубінштэйна і П.Чайкоўскага), з 1878 выкладаў у ёй (з 1881 праф., у 1885—89 дырэктар). Адзін з заснавальнікаў Нар. кансерваторыі (1906) і Муз.навук.т-ва (з 1908 Муз.-тэарэт.б-ка). Чл.Музычна-этнаграфічнай камісіі. Першы выканаўца многіх фп. твораў Чайкоўскага. Творам Т. ўласцівы актыўны валявы характар, строгая лагічнасць формы, філас.-этычная накіраванасць зместу, дасканалае поліфанічнае майстэрства, спалучэнне глыбіні думкі і лірычнай выразнасці. Найб. значныя творы: опера-трылогія «Арэстэя» (паст. 1895), кантаты «Іаан Дамаскін» (1884) і «Пасля чытання псалма» (1915), сімфонія до мінор (4-я, 1898), 2 стр. квінтэты, фп. квінтэт, 4-ы і 6-ы квартэты, Канцэртная сюіта для скрыпкі з арк., хоры без суправаджэння. Апрацоўваў нар. песні, у т. л. 2 бел. вяснянкі. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паст. яго опера «Арэстэя» (1963). Аўтар прац «Вучэнне пра канон» (выд. 1929), «Рухомы кантрапункт строгага пісьма» (2-е выд., 1959). Сярод вучняў: Р.Гліэр, К.Ігумнаў, Г.Канюс, С.Ляпуноў, М.Метнер, З.Паліяшвілі, С.Рахманінаў, А.Скрабін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКЗІСТЭНЦЫЯЛІ́ЗМ (ад позналац. existentia існаванне),
ірацыяналістычны кірунак у філасофіі. Узнік напярэдадні 1-й сусв. вайны ў Расіі (Л.Шастоў, М.А.Бярдзяеў), пасля вайны склаўся ў Германіі (К.Ясперс, М.Хайдэгер, М.Бубер), у перыяд 2-й сусв. вайны — у Францыі (Ж.П.Сартр, А.Камю і інш.), а пасля вайны і ў інш. краінах. Ідэйныя вытокі Э. — вучэнне С.К’еркегора, філасофія жыцця, фенаменалогія. Цэнтр. яго паняцце — экзістэнцыя, што абазначае спецыфічна чалавечы спосаб існавання ў свеце, асн. праяўленні чалавечага існавання — клопаты, страх, рашучасць, сумленне. Паводле Э., чалавек разумее экзістэнцыю як аснову свайго існавання ў гранічных сітуацыях (барацьба, пакуты, смерць); на працягу ўсяго жыцця ён павінен рабіць сябе чалавекам, а не проста быць. Спасцігаючы сябе як экзістэнцыю, чалавек набывае свабоду, якая ёсць выбар самога сябе, сваёй сутнасці, што накладвае на яго адказнасць за ўсё, што адбываецца ў свеце. Адрозніваюць Э. рэлігійны (Ясперс, Бярдзяеў, Бубер і інш.) і атэістычны (Сартр, Камю, М.Мерло-Панці, Хайдэгер і інш.). Іх пазіцыі разыходзяцца ў разуменні сэнсу экзістэнцыі, свабоды і сапраўднага існавання. У атэіст. Э. чалавек «асуджаны» быць свабодным, ён у адзіночку нясе адказнасць за ўвесь свет. У рэліг. Э. экзістэнцыя звязана з трансцэндэнтным, выбар і свабода чалавека існуюць дзякуючы акту веры ў Бога. Э. былі прапанаваны арыгінальныя варыянты анталогіі, антрапалогіі, канцэпцыі гісторыі і метадалогіі яе пазнання; ён зрабіў значны ўплыў на сац.-паліт. навукі, л-ру і мастацтва.