ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,

дзяржаўнае ўладанне (каралеўшчына) у ВКЛ у 17—18 ст. Упамінаецца з пач. 17 ст. як эканомія, што здавалася ў службовы лен (уладанне, падараванае васалу за вайск. або адм. службу), на тэр. Віцебскага ваяв. Паводле інвентароў 1657 і 1667, складалася з 5 валасцей, у якіх былі 54 сял. дымы і 28 службаў. У 1785 пл. эканоміі 17 тыс. дзесяцін з 431 сялянскай хатай. З 1773 уваходзіла ў Віцебскую правінцыю, з 1777 — у Віцебскі і Суражскі пав. У канцы 18 ст. б.ч. Віцебскай эканоміі падаравана ў вечнаспадчынную ўласнасць прыватным асобам.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́Я,

вёска ў Беларусі, у Александрыйскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса «Дняпроўскі». За 12 км на Пн ад Шклова, 50 км ад Магілёва, 1 км ад чыг. ст. Копысь. 333 ж., 164 двары (1995). Сярэдняя школа, б-ка.

Вядома з сярэдзіны 17 ст. як спадчыннае ўладанне ў Шклоўскім графстве Аршанскага пав. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1772) мястэчка ў Копыскім пав., з 1775 уладанне графа С.​Г.​Зорыча. У 1886 у Александрыі 312 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Копыскім р-не Аршанскай акр., з 8.7.1931 вёска ў Шклоўскім р-не.

т. 1, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗЕ́Л,

зямельны ўчастак, які даваў у карыстанне сялянам феад. ўласнік зямлі (памешчык, дзяржава). Быў асн. формай сял. землекарыстання пры феадалізме. За карыстанне Н. сяляне неслі розныя павіннасці на карысць феадала. Н. служыў крыніцай існавання селяніна і феадала (гл. Зямельная рэнта), спалучаўся з пазаэканамічным прымусам. Надзельнае землекарыстанне было найб. характэрным для ВКЛ і Рас. імперыі да сялянскай рэформы 1861. Існавала ў формах індывідуальнага (падворнага) і абшчыннага (сумеснага сялянскага) землекарыстання. Пасля ўказаў ад 1.3 і 2.11.1863 пра абавязковы пераход на выкуп сялян Беларусі і Літвы Н. ператварыўся ў падворнае або абшчыннае сял. ўладанне (гл. Надзельнае землеўладанне). В.​П.​Панюціч.

т. 11, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДО́ЛЬФ I Габсбург

(Rudolf; 1.5.1218, замак Лімбург, цяпер у складзе г. Сасбах, Германія — 15.7.1291),

германскі кароль [1273—91], першы на прастоле з дынастыі Габсбургаў. Бацька аўстр. герцага Рудольфа II [1282—90]. Паклаў пачатак палітыкі Габсбургаў, накіраванай на пашырэнне іх родавых уладанняў. Адабраўшы ў 1276—78 у чэш. караля Пржэмысла II Отакара Аўстрыю разам са Штырыяй, Карынтыяй і Крайнай, заклаў асновы магутнасці Габсбургаў. У 1282 перадаў Аўстрыю і Штырыю ва ўладанне сваіх сыноў Альбрэхта і Рудольфа. Намагаўся ўмацаваць цэнтр. ўладу ў Герм. каралеўстве.

У.​Я.​Калаткоў.

Рудольф I. Выява з надмагільнай пліты ў саборы г. Шпаер (Германія).

т. 13, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фео́д

(с.-лац. feodum, ад ст.-в.-ням. fëhu-ôd = маёмасць)

зямля, пасада або даход, які ў сярэдневяковай Еўропе атрымліваў васал ад сеньёра як спадчыннае ўладанне за ваенную ці адміністратыўную службу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ ЖЫЛЛЯ́,

адно з асноўных канстытуцыйных асабістых правоў чалавека. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 29) ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і інш. законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі. Гал. гарантыя Н.ж. заключаецца ў тым, што вобыскі праводзяцца толькі на падставе матываванай пастановы следчага, якая санкцыянавана пракурорам або яго намеснікам (за выключэннем выпадкаў, калі адкладваць нельга — з захаваннем усіх прадпісанняў законаў). У інш. выпадках самавольнае ўварванне ў жыллё дапускаецца толькі для прадухілення сур’ёзнай і сапраўднай пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама жыццю і здароўю людзей. Гарантыі Н.ж. могуць быць абмежаваны ў перыяд дзеяння надзвычайнага і ваен. становішча.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

завало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і заўлада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., кім-чым.

1. Узяць што‑н. у сваё ўладанне; захапіць. Чалавек навучыўся браць багацці зямлі, навучыўся рабіць машыны, завалодаў морамі, рэкамі, паветрам. Галавач. [Птушаняты] злосна штурхаюцца, стараючыся завалодаць большым і лепшым кавалкам. В. Вольскі.

2. перан. Прыцягнуць да сябе, падпарадкаваць свайму ўплыву. Відаць было, што памочнік хацеў завалодаць адзін увагаю панны Ядвісі, а настаўніка адцерці. Колас. Ідэя электрыфікацыі завалодала калгаснікамі ўсіх калгасаў сельсавета. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРДЫНА́ЦЫЯ (польск. ordynacja ад лац. ordinatio упарадкаванне),

1) у сярэдневяковай Польшчы збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арг-цыі, суды.

2) Збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчыннае права на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама адпаведнае зямельнае ўладанне. Асн. прынцыпы ардынацыі — непадзельнасць і неадчужальнасць зямельнага ўладання, якое пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіла да старэйшага нашчадка старэйшай мужчынскай лініі (жанчыны за нашчадкаў не лічыліся). Першыя ардынацыі (Нясвіжская і Клецкая на Беларусі, Алыцкая на Украіне) заснаваны Радзівіламі ў 1586, зацверджаны соймам у 1589. Уласныя ардынацыі стварылі магнаты Замойскія (зацверджана ў 1589), Мышкоўскія (1601), Астрожскія (1609), Сулкоўскія (18 ст.). Ардынацыі працягвалі існаваць у Рас. імперыі і Польск. рэспубліцы; скасаваны сеймам у 1939.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЗНЫ,

службовая асоба ў Польшчы (13—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). Прызначаўся ваяводам па прадстаўленні земскага суда і шляхты. У кожным павеце было некалькі возных, галоўнага з іх называлі генералам (енералам). Возны дастаўляў позвы асобам у суд (пры неабходнасці дастаўляў і гэтых асоб у суд), уводзіў ва ўладанне маёнткамі, аглядаў месцы і сляды злачынства, праводзіў апазнанне, допыт падазронага, сведак, пацярпелых, вызначаў памеры шкоды і інш. Вынікі дзеянняў і дазнанняў паведамляў суду пісьмовай рэляцыяй. Пры выкананні абавязкаў павінен быў мець пры сабе панятых (2 шляхціцаў). Узнагароду за службу атрымліваў ад асоб, па справах якіх дзейнічаў. У ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. абавязкі вознага выконваў віж.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСАЛІ́Н ((Dessalines) Жан Жак) (20.9.1758, Гана — 17.10.1806),

дзеяч нац.-вызв. руху на в-ве Гаіці. Пажыццёвы ген.-губернатар (з 1804). Негр, да 1790 раб (узяў прозвішча свайго б. ўладальніка). Удзельнік нац.-вызв. паўстання пад кіраўніцтвам Ф.Д.Тусэн-Луверцюра, пасля паланення якога французамі (1802) на чале арміі паўстанцаў (з мая 1803) дамогся вызвалення в-ва ад франц. каланізатараў (канец 1803). З кастр. 1804 імператар Гаіці (правіў як Жак I). Цяжкае эканам. становішча краіны (у т. л. з-за блакады вострава Францыяй, а з 1806 і ЗША), агр. палітыка (перадача дзярж. зямель пераважна ва ўладанне неграм) і жорсткія метады праўлення Д. выклікалі ў кастр. 1806 паўстанне землеўладальнікаў-мулатаў, у час якога Д. загінуў.

т. 6, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)