прака́тны 1, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які прызначаецца, служыць для пракаткі, пракату ​1 (у 1 знач.). Пракатны стан. Пракатныя валы. // Выраблены шляхам пракаткі, пракату. Пракатныя металічныя вырабы.

2. Які мае адносіны да вырабу пракату. Пракатная вытворчасць. Пракатны цэх.

прака́тны 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які аддаецца напракат. Пракатная машына. Пракатны спартыўны інвентар.

2. Які аддае напракат. Пракатная кантора.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАМУ́НА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ,

форма с.-г. вытворчага кааператыва ў першыя гады сав. ўлады. Ствараліся з канца 1917 вясковымі беднякамі, батракамі і рабочымі пераважна на аснове былых панскіх маёнткаў; сав. ўлада аддавала ім гасп. пабудовы, інвентар, жывёлу. У К.с. абагульваліся ўсе сродкі вытв-сці; землекарыстанне, размеркаванне было ўраўняльным — па едаках; практыкавалася таксама калект. бытавое абслугоўванне (агульная сталовая, яслі і інш.). У членаў К.с. поўнасцю адсутнічала асабістая гаспадарка, што дазваляла пазбегнуць прыватнаўласніцкіх памкненняў. Нягледзячы на падтрымку дзяржавы і больш эфектыўнае развіццё ў параўнанні з інш. формамі калект. гаспадарак, камуны не сталі асн. формай калектывізацыі. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. ператвораны ў калгасы.

т. 7, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ГІЛЬНІК,

група стараж. пахаванняў у адным месцы. Адасобленыя ад паселішчаў М. з’явіліся ў мезаліце. Падзяляюцца на курганныя (гл. Курган) і бескурганныя, або грунтавыя без насыпаў. Паводле пахавальнага абраду адрозніваюць М. з трупаспаленпем і трупапалажэннем. Даследаванне М. дае каштоўны матэрыял для вызначэння арэала этн. груп, археал. культур, храналогіі, палеантрапалогіі, сямейных і сац. адносін; пахавальны інвентар, убранне нябожчыка дапаўняюць уяўленне аб матэрыяльнай культуры розных плямён. На Беларусі самыя стараж. М. адносяцца да бронзавага веку (Рудня-Шлягіна, Ходасавічы). Найб. даследаваны бескурганныя М. ранняга жал. веку Чаплін, курганныя часоў Полацкай дзяржавы Ізбішча, Заслаўскія курганныя могільнікі. Антычны М. звычайна называюць некропалем, хрысц. — могілкамі, мусульманскі — мізар.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 10, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ста́так1 ‘гурт буйной дамашняй жывёлы’, ‘пагалоўе; быдла; рагатая жывёла’ (ТСБМ, Ласт., Сцяшк., Арх. Федар., Шымк. Собр., Бяльк., Сержп., Сл. ПЗБ; полацк., Шн. 2), ‘чарада кароў’ (ЛА, 1), ‘буйная рагатая жывёла’ (Нас., Мал.), ‘стада’ (Шат., Касп.), ‘інвентар; стада’ (Др.-Падб.), ‘стада авечак, коз і да т. п.’ (Мядзв.), ‘рухомая маёмасць’, ‘стада жывёлы’ (Федар. 7), ‘пасудзіна’, ста́ток ‘інструмент’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ), ста́ткі толькі мн. л. ‘снасці, прылады, прыстасаванні для рыбнай лоўлі’ (Крыв.), ‘рэшткі, спадкі, спадчына’ (Нас.), ст.-бел. статокъ ‘маёмасць’ (Ст.-бел. лексікон; Сташайтэне, Абстр. лекс., 161), ‘буйная рагатая жывёла’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ста́ток ‘статак’, рус. ста́ток ‘дастатак; маёмасць’, зах. ‘жывёла’, польск. statek ‘рухомая маёмасць; жывы інвентар’, дыял. ‘быдла, хатняя жывёла’, н.-луж. statk ‘прадпрыемства; дзеянне; справа’, чэш. statek ‘маёмасць, рэчы’, дыял. ‘буйная рагатая жывёла’, славац. statok ‘тс’. Прасл. дыял. *statъkъ, дэрыват ад *stati ‘стаць’ з суф. ‑ъkъ. Гл. Махэк₂, 675; Фасмер, 3, 745. Шустар-Шэўц (1356–1357) мяркуе, што *statъkъ утворана ад праславянскага назоўніка *statь (параўн. стаць2, постаць, гл.; рус. стать ‘пастава’) з суф. ‑ъkъ; Борысь (576) выводзіць ад прасл. *statъ < *stati. Ст.-бел. статокъ ‘рэчы, маёмасць’ Булыка (Лекс. запазыч., 78) лічыць паланізмам, што, ведаць, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЎТУ́НІЧЫ,

селішча і курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в. Аўтунічы Гараднянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна. У 1987—92 даследавана каля паловы плошчы селішча (больш за 15 тыс. м²) і ўвесь некропаль (64 насыпы). Асн. кірунак гасп. дзейнасці насельніцтва — здабыванне гліны і падрыхтоўка яе да ганчарнай вытв-сці, выраб і абпальванне посуду, лясны промысел, с.-г. работы. Выяўлены рэшткі 662 наземных і паглыбленых у зямлю пабудоў, у т. л. ганчарныя майстэрні, смалакурні, дзягцярні, шмат ганчарных горнаў, кар’еры для здабычы гліны і месцы захоўвання сыравіны. У большасці курганоў пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 11 — на гарызонце, у 9 — кенатафы; інвентар традыцыйны для ўсх. славян: кераміка, скроневыя кольцы, бранзалеты і інш.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́НДА КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту, плямёны якой жылі на Пн Беларусі, У Прыбалтыкі, Пн еўрап. ч. Расіі. Назва ад паселішча каля г. Кунда (Эстонія). Паходжанне культуры звязваюць з постсвідэрскім насельніцтвам, на якое ўплывалі носьбіты маглемазэ культуры і інш. Асн. заняткі насельніцтва — паляванне і рыбалоўства. Яно вырабляла крамянёвыя сіметрычныя наканечнікі стрэл з бакавой выемкай, скрабкі з укарочаных загатовак, разцы на зломе загатовак і інш. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах у выцягнутым становішчы; пахаванні адзіночныя, калектыўныя, у 1 або 2 ярусы. Пахавальны інвентар — крамянёвыя, каменныя і касцяныя прылады працы. Гіст. лёс насельніцтва К.к. звязаны з нарвенскай культурай. На Беларусі найб. даследаваныя помнікі Замошша (Верхнядзвінскі р-н) і Крумплева (Полацкі р-н).

У.​П.​Ксяндзоў.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПТА́,

руская нар. гульня з мячом. У інш. краінах да Л. падобныя гульні: бейсбол, крыкет, ойна (Румынія), песа пало (Фінляндыя). На Беларусі Л. нагадвае гульня апука.

Гуляюць у Л. 2 каманды па 7—9 чал. на роўнай пляцоўцы даўж. 50—60 і шыр. 20—30 м. Інвентар: мяч дыяметрам 6—7 см, масай 50—70 r і біта — «лапта» (палка даўж. 80—120 см). Адна каманда «б’е», другая «водзіць» Мэта гульні — ударам біты паслаць мяч як мага далей і прабегчы па чарзе да процілеглага боку і назад, за што каманда атрымлівае ачко. Калі гульца з каманды, якая «б’е» «асаляць» (зачэпяць) злоўленым мячом, каманды мяняюцца месцамі. Выйграе каманда, якая за 60 мін пабярэ больш ачкоў.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «КАВЛІЦМА́Ш» Створана ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1985 на базе 2 пінскіх станкабудаўнічых з-даў: ліцейнага абсталявання (з 1974) і кавальска-прэсавых аўтаматычных ліній (з 1980). Асн. прадукцыя (2000): ліцейнае абсталяванне (аўтам. фармовачныя лініі, машыны фармовачныя, кокільныя, стрыжнёвыя, для зачысткі і абрубкі адлівак, для прыгатавання фармовачных сумесей); кавальска-прэсавае абсталяванне (прэсы лістазгінальныя, чаканачныя і для халоднага выціскання, лісташтамповачныя і абразныя, нажніцы для рэзкі ліставога і фасоннага пракату, трубазгінальнікі, комплексы папярочна-клінавай пракаткі, абсталяванне для вытв-сці стальных рыфленых сетак); с.-г. тэхніка (плугі, культыватары, універсальныя агрэгаты і касілкі); тавары нар. спажывання (садова-агародны і спарт. інвентар, замочныя вырабы).

А.​В.​Нікіфараў, В.​А.​Носаў.

т. 12, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ЎНЫЯ ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,

сукупнасць сродкаў сацыяліст. вытворчасці, якія ўдзельнічаюць у вытв. цыклах і паступова, часткамі, па меры зношвання, пераносяць сваю вартасць на створаны прадукт; аснова матэрыяльна-тэхн. базы краіны. Уключаюць будынкі, збудаванні, абсталяванне, машыны, інструмент, вытв., гасп. інвентар, рабочую і прадукцыйную жывёлу, шматгадовыя пасадкі і інш. асн. фонды. У залежнасці ад ролі ў вытв. працэсе падзяляюцца на актыўныя (рабочыя машыны і абсталяванне, прылады, інструменты і інш.) і пасіўныя (будынкі, збудаванні, перадатачныя механізмы і гэтак далей). Суадносіны актыўных і пасіўных элементаў з агульнай вартасці асноўных вытворчых фондаў характарызуюць іх відавую (тэхнал.) структуру. Асноўныя вытворчыя фонды ўлічваюць у натуральным і вартасным (грашовым) выражэнні; ацэньваюць па першапачатковай, адноўленай і рэшткавай вартасці. У рыначнай эканоміцы Асноўныя вытворчыя фонды — асноўны капітал.

М.​І.​Платніцкі.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСЦЬЕ́,

археалагічная эпоха сярэдняга палеаліту ў межах 70—32-га тыс. да н.э. Вылучана франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў канцы 1860-х г., назва ад стаянкі ў пячоры Ле-Мусцье на ПнЗ Францыі. Насельніцтва — неандэртальцы, якія займаліся збіральніцтвам і паляваннем, жылі на адкрытых пляцоўках у прымітыўных жытлах і пячорах. У эпоху М. вынайдзены спосаб здабывання агню, з’явіліся грунтоўныя змены ў апрацоўцы каменю. Крамянёвы інвентар мусцьерскага тыпу выраблены на адшчэпах (скрэблы, трохвугольныя востраканечнікі і ручныя рубілы), сустракаецца амаль ва ўсіх частках Еўразіі і Пн Афрыкі. На Беларусі знойдзены прылады працы, выкананыя ў мусцьерскай тэхніцы (каля в. Абідавічы Быхаўскага, Падлужжа Чачэрскага і Свяцілавічы Веткаўскага р-наў). Помнікі М. на тэр. Беларусі пакуль не выяўлены.

У.​П.​Ксяндзоў.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)