ЛАГО́ЎСКАЯ (Алена Іванаўна) (25.12.1904, г.Чэрвень Мінскай вобл. — 29.8.1981),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1952). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—70 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца вострахарактарных роляў, майстар эпізоду. Глыбокая народнасць нац. вобразаў найб. ярка выявілася ў бел. рэпертуары: Марыля, Альжбета («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.Купалы), бабка Мар’я («Навальніца будзе» паводле Я.Коласа), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Наста («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Агата («Цэнтральны ход» К.Губарэвіча і І.Дорскага). Сярод роляў у класічным рэпертуары: Пашлёпкіна («Рэвізор» М.Гогаля), Фяона («Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага), Варвара і Квашня («Ягор Булычоў і іншыя» і «На дне» М.Горкага), Карміцелька («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне пад Бабруйскам войскамі правага крыла 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944 6 дывізій 9-й ням. арміі ў Вял.Айч. вайну. Сав. 3-я і 48-я арміі, якія наступалі з раёна Рагачова, і 65-я армія, што наступала з раёна на Пд ад Парычаў, 27.6.1944 злучыліся на Пн ад Бабруйска, замкнулі акружэнне 40-тысячнай групоўкі ворага і пачалі яе ліквідацыю. 526 самалётаў 16-й паветр. арміі на працягу 1,5 гадзіны наносілі ўдары па праціўніку, які рыхтаваў прарыў. 28 чэрв.сав. войскі закончылі ліквідацыю акружанага праціўніка. 5-тысячнай групоўцы ворага ўдалося прарвацца з раёна Бабруйска ў напрамку Асіповіч, але і яна была ўзята ў палон. 29 чэрв. быў вызвалены Бабруйск.
Да арт.Бабруйскі «кацёл». Гітлераўцы, узятыя ў палон пад Бабруйскам. Чэрвень 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІНО́ЦКІ БОЙ 1942,
бой партызан 208-га партыз. атрада (камандзір У.І.Нічыпаровіч) з ням.-фаш. захопнікамі, якія праводзілі карную экспедыцыю ў Кліноцкім лесе Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. У пач.сак. 2 пях. палкі гітлераўцаў, падтрыманыя авіяцыяй і артылерыяй, акружылі партыз. лагер у лесе за 6 км на Пн ад в. Клінок і пачалі наступленне, але партызаны, дзякуючы здабытым у час бою дакументам і картам праціўніка, у ноч на 6 сак. перадыслацыраваліся за 5 км на Пн, вывезлі туды параненых, боепрыпасы, гаручае, занялі там абарону. Раніцай 7 сак. яны контратакавалі гітлераўцаў на месцы былога лагера, рассеялі засадную групу праціўніка, знішчылі мінамётную батарэю, кулямёты, перасеклі шашу Чэрвень—Пухавічы і выйшлі з акружэння. Не дасягнуўшы поспеху, фашысты спалілі пас. Кукіга і в. Лужыца (не аднавілася) Пухавіцкага р-на.
бел. геолаг. Акад.АН Беларусі (1928), праф. (1926). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1903). З 1922 нач. Горнага аддзела Упраўлення СНГ Беларусі, заг. кафедры геалогіі БДУ. З 1926 узначальваў Камісію па вывучэнні прадукц. сіл рэспублікі, з 1929 старшыня Прадстаўніцтва Геал.к-та на Беларусі. З 1929 дырэктар Ін-та геалогіі і гідрагеалогіі Бел.АН. Навук. працы па геалогіі і карысных выкапнях Беларусі. Узначальваў экспедыцыю па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акруг. Вывучаў мелавыя адклады і фасфарыты на р. Сож. Абгрунтаваў пастаноўку геафіз. даследаванняў і глыбокага свідравання ў Мінску, Полацку, Бабруйску і інш. Паводле вынікаў геамагнітнай здымкі зрабіў прагноз на выяўленне жалезарудных канцэнтрацый у нетрах Беларусі. Упершыню склаў геал. карты дачацвярцічных і чацвярцічных адкладаў, карысных выкапняў Беларусі.
Тв.:
Сборник трудов по геологии и полезным ископаемым БССР. М., 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д І́ГАРАВІЧ (да 1061 — 25.5.1112),
князь Валынскай зямлі. Сын уладзіміра-валынскага кн. Ігара Яраславіча. Паводле сцвярджэння гісторыка В.М.Тацішчава, у 1078 атрымаў ад вял.кн. кіеўскага Усевалада Яраславіча Тураў. У 1081 Давыд Ігаравіч разам з Валадаром Расціславічам захапіў Тмутаракань, дзе яны княжылі да 1083. У 1084 з князямі Расціславічамі выгнаў Яраполка Ізяславіча з Уладзіміра-Валынскага, але пад пагрозай войска Уладзіміра Манамаха збег адтуль. Пасля атрымаў Дарагабуж, Уладзіміра-Валынскае княства (1085). Любецкі з’езд 1097 пацвердзіў паўнамоцтвы Давыда Ігаравіча, але той паспрабаваў замацавацца і ў Церабоўлі. Уладзімір Манамах і князі Святаславічы пазбавілі Давыда Ігаравіча княжання і адправілі ў Чэрвень, адкуль ён уцёк на Захад. Пасля спробы Давыда Ігаравіча з дапамогай Расціславічаў захапіць вылынскія землі Віцічаўскі з’езд князёў (1100) пастанавіў не дапускаць яго да Уладзіміра-Валынскага і Чэрвеня. Атрымаў гарады Бужск, Астрог, Дубен і Чартарыйск, пазней Дарагабуж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИЗВЕ́СТИЯ МИ́НСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,
газета. Выдавалася з 5(18).3 да 18(31).10.1917 у Мінску на рус. мове 3 разы на тыдзень. Орган Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. № 1—2 называўся «Известия Совета рабочих депутатов» (рэдактар М.В.Фрунзе), № 3—40 «Известия Совета рабочих и солдатских депутатов». У сак.—крас. прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Друкавала адозвы, заклікі аб утварэнні Саветаў, салдацкіх к-таў, прафес. саюзаў, дэмакр. арг-цый, спрыяла ўтварэнню і дзейнасці Мінскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. З узмацненнем у Мінскім Савеце ўплыву бальшавікоў (май—чэрвень) змест газет набыў парт. адценне. Тэарэт. перадавыя артыкулы грунтаваліся на грамадска-паліт. асэнсаванні падзей у Петраградзе, Маскве і інш. рэгіёнах Расіі. Сялянскі і бел.нац. рух амаль не асвятляўся. Вяла антываенную прапаганду, агітацыю ў час перадвыбарчых сходаў. Выйшла 76 нумароў. Перайменавана ў газ.«Рабочий и солдат».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ АБАРО́НА 1812,
дзеянні рус. войскаў па абароне і прыкрыцці Бабруйскай крэпасці ў час вайны 1812. Крэпасць была важным апорным пунктам рус. арміі на шляху паўд. фланга напалеонаўскага войска. Франц. 17-я пях. дывізія Я.Г.Дамброўскага і інш. часці (усяго каля 12 тыс.чал.) 4 вер. блакіравалі Бабруйск, перакрыўшы дарогі ў крэпасць, гарнізон якой налічваў каля 5 тыс.чал. Спроба рус. атрадаў Баранава і Дрэева прарвацца ў крэпасць з боку Жлобіна не мела поспеху. Але гал. сілы рус. корпуса Ф.Ф.Эртэля (каля 5 тыс.чал.) выбілі 14 вер. з Глуска слабы польскі гарнізон і рушылі на Бабруйск. У баі каля в. Гарбацэвічы 15 вер.рус. часці перамаглі, але Эртэль не развіваў наступлення, а, знішчыўшы франц. склады ў Глуску і ваколіцах, вярнуўся ў Мазыр. Дамброўскі, які быў вымушаны прыкрываць мінскі напрамак, 12 кастр. фактычна зняў блакаду і адышоў на Ігумен (сучасны Чэрвень). За час блакады крэпасць выконвала функцыю ўмацаванага фарпоста рус. арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТА пара года, кліматычны сезон паміж вясной і восенню. У астраноміі — перыяд ад дня летняга сонцастаяння да асенняга раўнадзенства (з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўн. паўшар’і, з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўднёвым). Паводле календара летнія месяцы ў Паўн. паўшар’і чэрвень, ліпень, жнівень, у Паўд. — снеж., студз., люты. Працягласць Л. як кліматычнага і феналагічнага сезона скарачаецца ад нізкіх шырот да высокіх. У экватарыяльным поясе Л. ў кліматычным разуменні цягнецца ўвесь год, у субтропіках — каля 5 месяцаў, ва ўмераным поясе — каля 3 месяцаў, у палярных шыротах не больш як 1—2 месяцы. На тэр. Беларусі Л. пачынаецца з пераходу сярэдняй сутачнай т-ры паветра вышэй за 14 °C у 2—3-й дэкадах мая. Паводле феналагічных з’яў вылучаюць пачатак Л., поўнае Л., спад Л. На летні сезон прыпадае больш за палавіну гадавой працягласці сонечнага ззяння і сонечнай радыяцыі. Л. характарызуецца паслабленнем цыкланічнай дзейнасці, дастаткова высокімі т-рамі паветра, вады, паверхні глебы, бесперапыннай вегетацыяй раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЕЦКІ З’ЕЗД 1097,
з’езд 6 князёў Кіеўскай Русі ў г. Любеч (на Дняпры, Украіна, на мяжы з Рэспублікай Беларусь), якія сабраліся, каб спыніць міжусобіцы, аб’яднаць сілы для барацьбы з полаўцамі. З’езд устанавіў прынцып спадчыннасці княжацкіх уладанняў: «кожны няхай трымае вотчыну сваю». Паводле пастановы з’езда Святаполк Ізяславіч атрымаў Кіеў, Тураў, Пінск, Берасце (Брэст) і тытул вял. князя; Уладзімір Манамах — Пераяслаўскае княства, Суздальска-Растоўскую зямлю, Смаленск, Белавозера; Алег Святаславіч і Давыд Святаславіч — Северскую зямлю з Чарнігавам, Разань, Мурам, Тмутаракань; Давыд Ігаравіч — Уладзімір Валынскі з Луцкам; Васілька Расціславіч (з братам) — Церабоўль, Чэрвень, Перамышль. Полацкія князі (Усяслаў Брачыславіч і яго сыны) не ўдзельнічалі ў Л.з. 3 таго часу Руская зямля больш не лічылася адзіным уладаннем княжацкага дома Рурыкавічаў, а стала сукупнасцю асобных «вотчын». Л.з. не спыніў усобіц. Адразу пасля з’езду яго ўдзельнікі Давыд Ігаравіч і Святаполк заманілі да сябе і асляпілі церабоўльскага князя Васільку, што прывяло да новых міжусобіц.