ГАЛЕ́Н-КА́ЛЕЛА (Gallén-Kallela) Акселі Валдэмар (26.5.1865, г. Поры, Фінляндыя — 7.3.1931),

фінскі жывапісец, графік. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1881—84) у Хельсінкі і акадэміі Жуліяна (1884—89) у Парыжы. Захапляўся сімволікай і стылізацыяй у духу «мадэрн». Асн. творы: размалёўка фін. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900), цыкл размалёвак у пахавальнай капэле Юселіуса (1901—03) у Поры; карціны «Старая і котка» (1885), «Першы ўрок» (1889), «Пастух з Панаярві» (1892), «Іматра ўзімку» (1893); партрэты маці (1896), М.​Горкага (1906); афорты, іл. на тэму гераічнага нар. эпасу «Калевала» (трыпціх «Легенда пра Айна», 1891, «Маці Лемінкяйнена», 1897) і інш.

А.В.Гален-Калела. Маці Лемінкяйнена. 1897.

т. 4, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ВЕЛЬ, Рэвел (Rewell, Revell) Вільё Габрыэль (25.1.1910, г. Васа, Фінляндыя — ліст. 1964), фінскі архітэктар; лідэр фін. рацыяналізму. Вучыўся ў політэхн. ін-це ў Хельсінкі (1928—37). Творчасць адметная выразнай структурнай кампазіцыяй будынкаў, смелым спалучэннем крывалінейных і прамалінейных элементаў у пластычна багатай кампазіцыі, якая выяўляе іх функцыян. і канстр. мэтазгоднасць: у Хельсінкі — комплекс атэля «Палас» (1949—52), жылы комплекс Маўнула (1951—52), нар. школа ў раёне Мейлахты (1953), дзелавы цэнтр (1968, усе ў сааўт.); жылы дом (1950) і гар. храм (1964) у г. Васа, тэкст. ф-ка ў г. Ханка (1955), ратуша ў г. Таронта (Канада; 1958—65).

В.Рэвель. Ратуша ў г. Таронта (Канада). 1958—65.

т. 13, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПТА́,

руская нар. гульня з мячом. У інш. краінах да Л. падобныя гульні: бейсбол, крыкет, ойна (Румынія), песа пало (Фінляндыя). На Беларусі Л. нагадвае гульня апука.

Гуляюць у Л. 2 каманды па 7—9 чал. на роўнай пляцоўцы даўж. 50—60 і шыр. 20—30 м. Інвентар: мяч дыяметрам 6—7 см, масай 50—70 r і біта — «лапта» (палка даўж. 80—120 см). Адна каманда «б’е», другая «водзіць» Мэта гульні — ударам біты паслаць мяч як мага далей і прабегчы па чарзе да процілеглага боку і назад, за што каманда атрымлівае ачко. Калі гульца з каманды, якая «б’е» «асаляць» (зачэпяць) злоўленым мячом, каманды мяняюцца месцамі. Выйграе каманда, якая за 60 мін пабярэ больш ачкоў.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ШВЕ́ДСКІЯ САЮ́ЗНЫЯ ДАГАВО́РЫ Дагаворам 1791,

падпісаным у Стакгольме 19 кастр., Расія і Швецыя пацвярджалі ўмовы мірнага дагавора, якім скончана рус.-шведская вайна 1788—90 (гл. Руска-шведскія войны 16—19 ст.); абавязваліся аказваць адзін аднаму ваен. дапамогу. Швецыя гарантавала заваяванні Расіі ў рус.-тур. вайне 1787—91 (гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Прадугледжвалася дэмаркацыя межаў паміж дзвюма дзяржавамі. Аднак дагавор не быў выкананы. Дагаворам 1812, падпісаным 5 крас. ў Пецярбургу і Аба (сучасны г. Турку, Фінляндыя), бакі абавязваліся стварыць аб’яднаны корпус для высадкі ў шведскай Памераніі, якая была акупіравана Францыяй; вызначаны рус.-шведскія саюзніцкія адносіны ў час вайны 1812 і ўдзел Швецыі ў вайне супраць напалеонаўскай Францыі.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́РСА (Sorsa) Калеві (н. 21.12.1930, г. Кеўру, Фінляндыя),

фінляндскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Вышэйшую школу грамадскіх навук (цяпер ун-т Тамперэ). З 1959 у органах ЮНЕСКА у Парыжы, у 1965—69 ген. сакратар Нац. камісіі па справах ЮНЕСКА. Адначасова ў 1967—69 у Мін-ве асветы Фінляндыі. З 1969 сакратар, у 1975—87 старшыня С.-д. партыі Фінляндыі. З 1978 старшыня Кансультатыўнага савета Сацыяліст. інтэрнацыянала (Сацінтэрна) па раззбраенні, з 1982 нам. старшыні Сацінтэрна. У 1972 і 1975—77 міністр замежных спраў. У 1972—75, 1977—79, 1982—83 і 1983—87 прэм’ер-міністр Фінляндыі, у 1987—89 нам. прэм’ер-міністра, міністр замежных спраў. З 1970 дэп., з лют. 1989 старшыня парламента Фінляндыі.

т. 15, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НСКІ ПА́КТ 1940,

пакт аб ваенным саюзе, падпісаны Германіяй, Італіяй і Японіяй 27 вер. ў Берліне. Прадугледжваў падзел свету паміж саюзнікамі, быў этапам у падрыхтоўцы агрэсіі супраць СССР. Бакі пагадзіліся, каб Германія і Італія ўсталявалі «новы парадак» у Еўропе, Японія — у Азіі, дамовіліся пра ўзаемадапамогу ў паліт., эканам. і ваен. галінах. Да Берлінскага пакта далучыліся Іспанія, Тайланд, Фінляндыя, залежныя ад Германіі ўрады Венгрыі, Румыніі, Славакіі, Балгарыі, Югаславіі (27.3.1941 урад Цветкавіча быў скінуты, новы югасл. ўрад адмовіўся зацвердзіць акт пра далучэнне), марыянетачныя ўрады Маньчжоу-Го, Харватыі, створаны Японіяй на тэр. акупіраванага Кітая ўрад Ван Цзін-вэя. Берлінскі пакт страціў значэнне пасля паражэння дзяржаў фаш. блоку ў 2-й сусв. вайне. Гл. таксама «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт».

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧКО́Ў Афанасій Фёдаравіч (27.12.1818, г. Хаміна, Фінляндыя — 14.4.1899),

рускі гісторык-славіст, археограф і бібліёграф. Акад. Пецярбургскай АН (1869; з 1866 экстраардынарны акадэмік). Старшыня Археагр. камісіі (1891), Аддзялення рус. мовы і славеснасці АН (1893). Скончыў Маскоўскі ун-т (1840). Працаваў у Археал. камісіі АН. З 1844 хавальнік Аддзела рукапісаў і старадрукаваных кніг Публічнай б-кі ў Пецярбургу, у 1882—99 яе дырэктар. Рыхтаваў навук. апісанні рукапісных і старадрукаваных кніг, выдаваў летапісы, «Пісьмы і паперы Пятра Вялікага» (т. 1—4). У публікацыях пра старадаўнія помнікі рус. пісьменства закранаў і бел. помнікі (Метрыку ВКЛ, творы Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, братоў Мамонічаў і інш.). Рэдактар «Слоўніка беларускай мовы» І.​І.​Насовіча, садзейнічаў выпуску яго ў свет.

А.​К.​Каўка.

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́ЦЫН Аляксандр Міхайлавіч (29.11.1718, г. Турку, Фінляндыя — 19.10.1783),

расійскі дзярж. дзеяч, военачальнік. Ген.-фельдмаршал (1769), граф. Ваен. падрыхтоўку атрымаў у аўстр. арміі прынца Яўгенія Савойскага. З 1740 на дыпламат. службе ў Стамбуле, потым пасол у Саксоніі. Прымаў удзел у Сямігадовай вайне 1756—63, камандаваў левым крылом рус. арміі ў Кунерсдорфскай бітве (1759). З 1761 узначальваў войскі ў Ліфляндыі. З пач. рус.-тур. вайны 1768—74 галоўнакамандуючы 1-й арміяй. У 1768 разбіў пад Хоцінам 40-тысячную тур. армію Караман-пашы, але з-за адсутнасці асадных гармат не асмеліўся на штурм крэпасці, за што быў адкліканы ў Пецярбург. Да здачы камандавання нанёс паражэнне тур. войскам Малдаван-пашы і авалодаў Хоцінам і Ясамі. З 1769 губернатар Пецярбурга, сенатар.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІШТА́ЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1721,

дагавор паміж Расіяй і Швецыяй, які завяршыў Паўночную вайну 1700—21. Падпісаны 10.9.1721 у г. Ніштат (цяпер Уусікаўпункі, Фінляндыя). Паводле Н.м.д. да Расіі адыходзілі Ліфляндыя з Рыгай, Эстляндыя з Рэвелем (цяпер Талін) і Нарвай, ч. Карэліі з Кексгольмам (цяпер Прыазёрск), Інгерманландыя (Іжорская зямля, дзе на р. Нява пабудаваны С.-Пецярбург), Маандзунскія а-вы і інш. прыбалтыйскія землі да мяжы Курляндскага герцагства. Расія вяртала Швецыі занятую рас. войскамі Фінляндыю і выплачвала ёй у якасці кампенсацыі за страчаныя землі 2 млн. яфімкаў (сярэбраных рублёў). Аднаўляўся гандаль паміж дзвюма краінамі; Швецыя атрымлівала права штогод бяспошлінна купляць у Расіі і вывозіць з яе на 50 тыс. руб. хлеба. Н.м.д. замацаваў за Расіяй выхад да Балтыйскага м.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙНДОРФ (Reindorff) Гюнтэр-Фрыдрых (26.1.1889, С.-Пецярбург — 14.3.1974),

расійскі і эстонскі графік. Нар. маст. СССР (1969). Чл.-кар. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Пецярбургу ў вучылішчы Штыгліца (1905—13). З 1915 працаваў у Маскве і Петраградзе. З 1920 у Эстоніі, выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы (1920—41) і Маст. ін-це Эстоніі (1950—58, з 1951 праф.). У панарамных творах, для якіх характэрна каліграфічна-дасканалая прарысоўка дэталей, імкнуўся стварыць абагульнены вобраз эст. прыроды: «Будоўля судна на востраве Цютарсаар» (1926), «Яловы пень» (1938), «Вечар на востраве Вормсі» (1943), «Даліна ракі Сан» (1946), «Вечар над возерам» (1955—56), «Набліжаецца навальніца» (1959), «Фінляндыя Сібеліуса» (1962). Аўтар ілюстрацый да кніг І.​Семпера, А.​Пушкіна. Дзярж. прэмія Эстоніі 1949.

Літ.:

Бернштейн Б. Г.​Рейндорф: Графика: Альбом. М., 1981.

т. 13, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)