польскі астраном, заснавальнік селенаграфіі. Стварыў першыя падрабязныя карты Месяца (у творы «Селенаграфія, або Апісанне Месяца», 1647), адкрыў аптычную лібрацыю Месяца, фазы Меркурыя. Склаў першы сістэматычны агляд усіх назіраных камет, каталог становішчаў 1564 зорак. Адкрыў 4 каметы, вылучыў 11 новых сузор’яў. Вырабляў секстанты, квадранты без оптыкі (для дакладных вымярэнняў), рэфрактары даўжынёй да 70 м («паветраныя трубы»). Пабудаваў абсерваторыю ў Гданьску, якую апісаў у творы «Нябесная машына» (1673).
Літ.:
Еремеева А.И. Выдающиеся астраномы мира. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭРКО́ІД (ад грэч. pro перад, раней, замест + kerkos хвост),
лічынкавая форма першай паразітычнай фазы ў жыццёвым цыкле некат. плоскіх чарвей з класаў цэстод (атр. псеўдафіліды — стужачнік шырокі, рамянцы і інш., тэтрафіліды) і амфілінаідэй.
Даўж. каля 0,5 мм. Задні канец цела (цэркамер) аддзелены перацяжкай і мае хіціноідныя кручкі. Развіваецца П. у целе першага прамежкавага гаспадара (ракападобных) з лічынкі лікафоры (у амфілінід) або з анкасферы ці карацыдыя (у цэстод). У наступнага прамежкавага гаспадара (рыбы) П. ператвараецца ў плерацэркоід — апошнюю лічынкавую стадыю амфілінід і цэстод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАДЖЭ́ННЕ,
выдзяленне цвёрдай фазы з газаў ці суспензій; выдзяленне аднаго ці некалькіх кампанентаў з раствораў у выглядзе асадку. Можа працякаць адвольна пад дзеяннем сілы цяжару (адстойванне), цэнтрабежнай сілы (цэнтрыфугаванне) ці сіл электрастатычнага поля. Асаджэнне з раствораў робіцца з дапамогай хім. рэакцый (комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення і інш.) пры дабаўленні рэагентаў. Выкарыстоўваецца ў хім. аналізе і прам-сці пры атрыманні чыстых рэчываў, ачыстцы газаў. Мае месца ў геал. працэсах утварэння платформавага чахла і асобных геахім. комплексаў (у т. л. радовішчаў многіх карысных выкапняў; гл. таксама Асадканамнажэнне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,
фізіка-хімічны метад аналізу і раздзялення сумесей, дзе рухомая фаза — газ (пара); від храматаграфіі. У залежнасці ад агрэгатнага стану нерухомай фазы (цвёрды паверхнева-актыўны адсарбент ці вадкасць, нанесеная ў выглядзе тонкай плёнкі на паверхню цвёрдага носьбіта) адрозніваюць газаадсарбцыйную і газавадкасную храматаграфію. Выкарыстоўваюць у розных галінах прам-сці і фізіка-хім. даследаваннях для якаснага і колькаснага аналізу тэрмічна ўстойлівых арган. і неарган. злучэнняў, для вызначэння розных характарыстык (т-ры плаўлення і кіпення, канстанты скорасці і раўнавагі хім. рэакцый і інш.).
Літ.:
Новікаў Г.І., Жарскі І.М. Асновы агульнай хіміі. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМЕРЫ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эпоха тэктанічных працэсаў складкавасці, гораўтварэння і гранітоіднага інтрузіўнага магматызму ў мезазойскую эру. Папярэднічала альпійскай складкавасці. Вылучаюць 2 фазы К.с.: раннекімерыйскую (старажытнакімерыйскую), што адбывалася ў канцы трыясавага — пачатку юрскага перыядаў, і познакімерыйскую (новакімерыйскую), якая мела месца ў канцы юрскага — пач. мелавога перыядаў. Раннекімерыйская праявілася ў Паўн. Дабруджы, на Таймыры, у Паўн. Афганістане, Паўднёва-Усх. Азіі, Патагонскіх Андах, паўн.-ўсх. Аргенціне, на крайнім Пд Афрыкі; познакімерыйская — на Каўказе, у Верхаяна-Чукоцкай вобл., Цэнтр. Іране, Афганістане, Тыбеце, Зах. Кардыльерах Паўн. Амерыкі, Андах і інш. абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ ((Lee) Дэвід Морыс) (н. 20.1.1931, г. Рай, ЗША),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1991), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1990). Скончыў Гарвардскі (1952) і Канектыкуцкі (1955) ун-ты. З 1959 у Карнуальскім ун-це (з 1969 праф.). Навук. працы па фізіцы нізкіх і звышнізкіх т-р, па даследаванні ўласцівасцей вадкага гелію і атамарнага вадароду, звышправоднасці. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (1972). Нобелеўская прэмія 1996 (разам з Р.Рычардсанам, Д.Ошэрафам).
Тв.:
Рус.пер. — Необычные фазы жидкого 3Не // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФІЛЬТРА́ЦЫЯ, мембранная фільтрацыя,
метад раздзялення вадкіх і газападобных дысперсных сістэм з памерамі часцінак 0,02—10 мкм; адзін з мембранных метадаў раздзялення. Займае прамежкавае становішча паміж ультрафільтрацыяй і фільтраваннем. Пры М. ў якасці мембран выкарыстоўваюць пераважна палімерныя высакапорыстыя плёнкі. Рухальная сіла працэсу — градыент ціску; ажыццяўляюць М. пад ціскам 0,01—0,1 МПа. Пры М., у адрозненне ад інш. барамембранных працэсаў, на паверхні мембраны магчыма ўтварэнне цвёрдай фазы (асадку солей). Выкарыстоўваюць пераважна для стэрылізацыі паветра і раствораў, тонкай ачысткі тэхнал. асяроддзяў.
Літ.:
Брок Т.Д. Мембранная фильтрация: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЙНЕБУРГ (Heuneburg),
гарадзішча познагальштацкага і раннелатэнскага часу (6—5 ст. да н. э.) на мысе Гойнебург левага берага верхняга Дуная каля г. Рыдлінген (Германія). Вылучана 5 асн.буд. фаз. У пач. 2-й фазы (6 ст. да н. э.) частка гарадзішча перабудавана ў грэч. стылі, на каменным падмурку пабудавана з цэглы-сырцу сцяна выш. 4 м (упершыню ў парэччы Дуная) з вежападобнымі бастыёнамі. З грэч.г. Масалія сюды прывозілі амфары для віна і чорнафігурную кераміку. Магчыма, Гойнебург быў замкам мясц. уладароў, бо непадалёку ад яго выяўлены княжацкія пахаванні (курган Гохміхеле і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАГЕ́ННАЯ СІСТЭ́МА,
макраскапічна неаднародная фізіка-хімічная сістэма, якая складаецца з некалькіх розных па фіз. уласцівасцях ці хім. саставе частак (розных фаз).
Адна фаза гетэрагеннай сістэмы аддзелена ад сумежнай з ёй фазыфіз. паверхняй падзелу, што дазваляе механічна раздзяліць іх. Напр., вадкасць і насычаная пара над ёй (розніца ў агрэгатным стане); дзве вадкасці, якія не змешваюцца паміж сабой, — алей і вада (розніца ў саставе). Мікрагетэрагеннымі часта называюць дысперсныя сістэмы з памерамі часцінак ад 5∙10−3 да 10 мкм (золі, мікраэмульсіі і інш.), якія складаюць пераходную вобласць паміж гетэрагеннай сістэмай і гамагеннай сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫЯ КАРМЫ́,
надземная вегетатыўная маса кармавых раслін, якая скормліваецца жывёле свежаскошаная або на пашы. Складаюць аснову рацыёнаў жвачных жывёл і коней у летні перыяд. У якасці З.к. выкарыстоўваюць траву прыроднай і сеянай пашы, сеяныя шмат- і аднагадовыя травы (часцей бабовыя, злакавыя і іх сумесі), бацвінне караняплодаў. Арганічныя рэчывы З.к. добра ператраўляюцца жывёламі. Для раўнамернага забеспячэння жывёлы З.к. арганізуюць зялёны канвеер. Скошваюць травы ў раннія фазы развіцця раслін, калі ў іх больш пажыўных рэчываў (асабліва пратэіну), караціну, вітамінаў, мінер. рэчываў і менш. клятчаткі. На Беларусі З.к. выкарыстоўваюць больш як 5 месяцаў у год.