БА́ФІН ((Baffin) Уільям) (1584, Лондан? — 23.1.1622),
англійскі арктычны даследчык. У 1612—16 у якасці штурмана плаваў у пошуках Паўн.-Зах. праходу: у 1615 даследаваў Гудзонаў зал., у 1616 — мора на З ад Грэнландыі (гл. Бафіна мора). У час гэтага падарожжа адкрыў і даў назвы пралівам Сміта, Джонса і Ланкастэра; адкрыў п-аў Хейс (Грэнландыя), вял. ўчасткі а-воў Элсмір і Дэвон у Канадскім Арктычным архіпелагу. Імем Бафіна названы таксама адзін з а-воў у гэтым архіпелагу (Бафінава Зямля). Яго пазнейшыя падарожжы (1616—21) былі на У. Загінуў пры аблозе в-ва Армуз.
т. 2, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ВЕРЫДЖ ((Beveridge) Уільям Генры) (5.3.1879, г. Рангпур, Бангладэш — 16.3.1963),
англійскі вучоны-эканаміст. Чл. Брытанскай акадэміі (1937). У 1919—37 дырэктар Лонданскай школы эканам. і паліт. навук. У 1940—44 прэзідэнт Каралеўскага эканам. т-ва. Паслядоўнік Дж.М.Кейнса, імкнуўся спалучыць яго ідэі з ліберальнай дактрынай, выступаючы за больш непасрэдны кантроль дзяржавы над эканомікай. Гал. тэма яго даследаванняў — беспрацоўе. У 1942 па даручэнні брыт. ўрада распрацаваў «план Беверыжда», які прадугледжваў спалучэнне дзярж. палітыкі поўнай занятасці з сац. страхаваннем і ўсеагульнай бясплатнай сістэмай аховы здароўя. Гэты план пакладзены ў аснову сац. палітыкі Вялікабрытаніі пасля 2-й сусв. вайны.
т. 2, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЯНТ ((Bryant) Уільям Кален) (3.11.1794, Камінгтан, штат Масачусетс, ЗША — 12.6.1878),
амерыканскі паэт-рамантык. З 1829 рэдактар нью-йоркскай газеты «Evening Post» («Вячэрняя пошта»). Пейзажная і філас. лірыка (паэма «Танатопсіс», у пер. з грэч. «Карціна смерці», 1817; зб-кі «Вершы», 1821 і 1832; «Фантан», 1842; «Лясны гімн», 1860; «Між дрэў», 1874; «Рака часу», 1878) здабыла Браянту славу «амерыканскага Вордсварта». Узоры паліт. лірыкі — паэма «Гібель Рабства» (1865). Аўтар падарожных нататкаў, тэарэтычных артыкулаў пра паэзію. Пераклаў з грэч. мовы «Іліяду» (1870) і «Адысею» (1872) Гамера.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Зенкевич М. Из американских поэтов. М., 1946.
Н.М.Саркісава.
т. 3, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РЫМАН, Харыман (Harriman) Уільям Аверэл (15.11.1891, Нью-Йорк — 26.7.1986), палітычны дзеяч ЗША, дыпламат. Чл. Дэмакр. партыі з 1928. У 2-ю сусв. вайну пасланнік прэзідэнта Ф.Рузвельта ў Вялікабрытаніі і СССР па каардынацыі праграмы ленд-лізу (1941—43). Пасол у СССР (1943—46) і Вялікабрытаніі (крас. — вер. 1946). Міністр гандлю (1946—48). Спец. ўпаўнаважаны па ажыццяўленні Маршала плана (1948—50). Губернатар штата Нью-Йорк (1955—59). У 1963 як намеснік дзярж. сакратара ЗША вёў перагаворы пра заключэнне пагаднення аб спыненні выпрабаванняў ядз. зброі. У 1968—69 узначальваў дэлегацыю ЗША на канферэнцыі па В’етнаме ў Парыжы.
т. 5, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́ВАНС ((Jevons) Уільям Стэнлі) (1.9.1835, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 13.8.1882),
англійскі эканаміст, статыстык і філосаф-логік. Праф. логікі, філасофіі і паліт. эканоміі ў Манчэстэры (1866—76) і Лондане (1876—80). Заснавальнік матэм. школы ў паліт. эканоміі, адзін з заснавальнікаў гранічнай карыснасці тэорыі. З эканам. прац найб. вядомая «Тэорыя палітычнай эканоміі» (1871). Гал. праблему эканам. навукі бачыў у вывучэнні спажывання, асн. законам якога лічыў закон убываючай карыснасці. Даследаваў праблемы грашовага абарачэння, індэкса цэн, тэорыі эканам. цыклаў, матэм. логікі і інш. Стварыў адну з першых лагічных машын (1869), звязаў тэорыю лагічнай індукцыі з тэорыяй імавернасці.
т. 6, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРЭ́ДЗІ ((Macready) Уільям Чарлз) (3.3.1793, Лондан — 27.4.1873),
англійскі акцёр, рэжысёр. Дэбютаваў у 1810 у Бірмінгеме. З 1816 у Лондане ў т-рах «Ковент-Гардэн» (у 1837—39 кіраўнік), «Друры-Лейн» (у 1841—43 кіраўнік). Пастаноўшчык і выканаўца гал. роляў у п’есах: «Генрых V» У.Шэкспіра, «Два Фаскары» Дж.Байрана, «Страфард» Р.Браўнінга, «Ліёнская прыгажуня», «Рышэльё» Э.Дж.Булвер-Літана. Акцёр вял. драм. тэмпераменту. Яго мастацтву ўласціва яркая тэатральнасць, глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць вобраза. Адзін з першых адрадзіў на сцэне сапраўдныя шэкспіраўскія тэксты. Сярод роляў: кароль Лір, Гамлет, Макбет (аднайм. п’есы Шэкспіра).
т. 9, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТ ((Pitt) Уільям Старэйшы) (15.11.1708, Лондан — 11.5.1778),
дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, граф Чэтам. Адзін з лідэраў групоўкі «патрыётаў» (прыхільнікаў актыўнай калан. экспансіі) у партыі вігаў. З 1735 чл. парламента. З 1746 чл. урадаў Вялікабрытаніі. З 1756 лідэр вігаў у палаце абшчын, у 1757—61 фактычны кіраўнік урада. Адыграў значную ролю ў развязванні Сямігадовай вайны 1756—63, у выніку якой Вялікабрытанія захапіла амаль усе ўладанні Францыі ў Індыі і Паўн. Амерыцы. З-за канфлікту з каралём пайшоў у адстаўку. У 1766—68 прэм’ер-міністр кааліцыйнага ўрада. Чл. палаты лордаў з 1766 (пасля атрымання графскага тытула).
т. 12, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАЙ ((Bligh) Уільям) (9.9.1754, г. Плімут, Вялікабрытанія — 7.12.1817),
брытанскі мараплавец, удзельнік другога кругасветнага падарожжа пад камандаваннем Джэймса Кука (1772—74). Контр-адмірал (1811), віцэ-адмірал (1814). У 1787 быў пасланы як камандзір шлюпа «Баўнці» на Таіці па саджанцы хлебнага дрэва. На зваротным шляху ў крас. 1789 экіпаж падняў мяцеж супраць жорсткага абыходжання і высадзіў Блая разам з 18 прыхільнікамі ў лодку без картаў. У чэрв. пасля цяжкага плавання Блай дасягнуў в-ва Тымор, праплыўшы 3618 міль. У 1805 прызначаны губернатарам Новага Паўд. Уэльса ў Аўстраліі, дзе яго жорсткае праўленне ў 1808 прывяло да мяцяжу і турэмнага зняволення. Вызвалены праз 2 гады, выйшаў у адстаўку.
М.К.Багадзяж.
т. 3, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС ((Davis) Уільям Морыс) (12.2.1850, г. Філадэльфія, ЗША — 5.2.1934),
амерыканскі геолаг і географ. Скончыў Гарвардскі ун-т (1870) і працаваў у ім з 1876. Праф. (1890). Заснавальнік Асацыяцыі амер. географаў (1904) і прэзідэнт Амерыканскага геал. т-ва (1911), ганаровы чл. многіх геал. і геагр. т-ваў (у т. л. Рускага геагр. т-ва). У 1890—1915 працаваў у Геал. службе ЗША, вёў даследчую работу ў розных раёнах ЗША, у краінах Паўд. Амерыкі і Зах. Еўропы. У 1903 пабываў у пустынных раёнах Туркестана. У 1890-х г. распрацаваў вучэнне аб геагр. цыклах (тэорыя развіцця рэльефу зямной паверхні). Стварыў школу геамарфолагаў. Увёў новы тып адлюстравання рэльефу — блок-дыяграмы, мадэлі.
т. 6, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭМС, Джэймс (James) Уільям (11.1.1842, Нью-Йорк — 26.8.1910), амерыканскі філосаф і псіхолаг, адзін з заснавальнікаў прагматызму. Брат Г.Джэймса. Праф. фізіялогіі і псіхалогіі, потым філасофіі Гарвардскага ун-та (1872—1907). Адзінай рэчаіснасцю абвяшчаў дзейнасць і змест чалавечай свядомасці, якую разумеў як паток непасрэдных адчуванняў і ўражанняў, што ўзнікаюць на аснове бесперапынных нерв. узбуджэнняў. Прапанаваў «прагматычны» крытэрый ісціны, якую атаясамліваў з працаздольнасцю, паспяховасцю і карыснасцю. Паводле Дж., рэліг. перажыванне падобна любому іншаму вопыту, а рэліг. вера — прагматычна апраўдана. Развіў вучэнне аб эмоцыях — адзін з вытокаў біхевіярызму.
Тв.:
Рус. пер. — Научные основы психологии. СПб., 1902;
Прагматизм. СПб., 1910;
Вселенная с плюралистической точки зрения. М., 1911.
т. 6, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)