ДУ́РАЎ Леў Канстанцінавіч (н. 23.12.1931, Масква),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1990). Скончыў школу-студыю МХАТ (1954), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1985). Да 1963 у Цэнтральным дзіцячым т-ры, з 1963 у т-ры Ленінскага камсамола, з 1967 у т-ры на Малой Броннай (усе ў Маскве). Яркі характарны акцёр, валодае камед. і драм. дараваннем. Яго мастацтву ўласцівы непасрэднасць, адкрыты тэмперамент. Сярод лепшых роляў: штабс-капітан Снегіроў («Брат Алёша» В.​Розава паводле Ф.​Дастаеўскага), Сганарэль («Дон Жуан» Мальера), Яга («Атэла» У.​Шэкспіра). З 1954 здымаецца ў кіна і тэлефільмах: «Двое ў стэпе», «34-ы хуткі», «Развітанне», «Семнаццаць імгненняў вясны», «Уся каралеўская раць» і інш.

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКІ Валяр’ян Валяр’янавіч (15.2.1896, г. Астрахань, Расія — 23.10.1941),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. муз. тэхнікум (1930), Бел. студыю оперы і балета (1933). Дэбютаваў у партыі Дадона ў студыйным спектаклі «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава (1931). У 1933—41 саліст Дзяж. т-ра оперы і балета Беларусі. Прыгожы голас, вак. майстэрства і сцэн. тэмперамент вылучылі яго ў лік вядучых майстроў першага пакалення бел. оперных артыстаў. Сярод партый: Змітрок («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Пан Длугошыц («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Анегін, Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні).

т. 7, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНСУ́РАВА (сапр. Валерштэйн) Цэцылія Львоўна

(20.3.1897, Масква — 22.1.1976),

расійская актрыса, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Скончыла Кіеўскі ун-т. З 1919 у Студыі, потым у Т-ры імя Вахтангава. З 1925 выкладала ў Тэатральным вучылішчы імя Б.​Шчукіна (з 1946 праф.). Першая выканаўца ролі прынцэсы Турандот («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы, 1922). Уласцівыя М. эмац. выразнасць, тэмперамент, пластычная вытанчанасць, мастацтва іранічнай характарыстыкі персанажа, псіхал. глыбіня раскрыцця характару выявіліся ў ролях: Ксенія («Разлом» Б.​Лаўранёва), Шурка («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Беатрычэ («Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра), Інкен («Перад захадам сонца» Г.​Гаўптмана), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана) і інш.

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧУ́ЦЦІ,

псіхічныя працэсы перажывання чалавекам сваіх адносін да навакольнага асяроддзя (людзей, іх учынкаў, якіх-н. з’яў) і да сябе. П. больш працяглыя, чым эмоцыі, уласцівы чалавеку і абумоўлены яго сац.-гіст. сутнасцю, грамадскімі адносінамі і выхаваннем. У П. выяўляюцца індывід.-тыпалагічныя асаблівасці (тэмперамент) асобы. З’яўляюцца сігналамі поспехаў або няўдач, тым самым рэгулююць дзейнасць людзей. Бываюць актыўныя (стэнічныя), якія маюць станоўчы эмацыянальны тон — павышаюць жыццядзейнасць чалавека, і пасіўныя (астэнічныя) з адмоўным эмацыянальным тонам — незадавальненне, смутак і інш. Сярод П. вылучаюць спецыфічныя іх віды: настрой, афекты (моцныя эмацыянальныя перажыванні — злосць, жах і інш.), страсці. Асаблівую групу П. складаюць маральныя П. (П. калектывізму, абавязку, гонару і інш.), эстэтычныя (гл. Пачуццё эстэтычнае), інтэлектуальныя.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ХЛІН Натан Рыгоравіч (10.1.1906, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 28.6.1979),

украінскі і рас. дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Скончыў муз.-драм. ін-т імя М.​В.​Лысенкі. Вучань А.​І.​Арлова. У 1931—37 маст. кіраўнік, гал. дырыжор сімф. аркестраў Харкава і Данецка (Украіна). У 1937—62 (з перапынкамі) гал. дырыжор дзярж. сімф. аркестра Украіны, у 1941—45 СССР, у 1966—79 Татарстана. Адначасова ў 1946—66 праф. Кіеўскай, у 1967—79 Казанскай кансерваторый. Дырыжорскае майстэрства, артыстызм, тэмперамент Р. найб. выявіліся пры выкананні твораў І.​С.​Баха, Л.​Бетховена, Г.​Берліёза, П.​Чайкоўскага, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча. Першы выканаўца шматлікіх твораў сучасных кампазітараў. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 13, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́РЫКАЎ Мікалай Мікалаевіч (н. 19.11.1957, г. Гомель),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1978), Бел. кансерваторыю (1983, кл. С.​Асколкава). З 1985 саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1988 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам, тэмбр якога пашыраецца ад мяккага лірычнага барытона да аксамітнага драм. баса. Яго выкананню характэрны тэмперамент, драм. майстэрства, глыбокае пранікненне ў муз. вобраз. У канцэртным рэпертуары значнае месца займаюць песні бел. кампазітараў, у т. л. І.​Лучанка, Э.​Зарыцкага, Л.​Захлеўнага, У.​Будніка. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага радыёконкурсу «Новыя імёны» (1987), Гран-пры Міжнар. конкурсу «Музыка свету» (1998, Італія).

В.​З.​Анісовіч.

т. 14, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГУВЕ́ЦІС (Dauguvietis) Барысас (26.3.1885, Даўгувечай Біржайскага р-на, Літва — 13.7.1949),

літоўскі рэжысёр, акцёр, драматург. Засл. дз. маст. Літвы (1946), нар. арт. СССР (1948). Скончыў Пецярбургскую тэатр. школу (1909). Да 1921 працаваў у Петраградзе і ў правінцыяльных т-рах Расіі. У 1923—41 рэжысёр і акцёр Дзярж. т-ра ў Каўнасе. З 1944 гал. рэжысёр Драм. т-ра ў Вільні. Для яго пастановак характэрны яркая псіхалагічнасць і эмацыянальнасць: «Атэла» (1924) і «Зімовая казка» (1925) У.​Шэкспіра, «Марыя Сцюарт» (1937) і «Каварства і каханне» (1949) Ф.​Шылера, «Ворагі» М.​Горкага (1947, Дзярж. прэмія СССР 1947). Створаным ім вобразам уласцівы тэмперамент, экспрэсія: Барон («Скупы рыцар» А.​Пушкіна), Клаўдзій («Гамлет» Шэкспіра), Нешчасліўцаў («Лес» А.​Астроўскага). Аўтар п’ес «Заданне» (паст. ў 1946), «Жалдакіне» (паст. ў 1948).

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭСЦІ́РАВАННЕ (ад тэст),

метад псіхал. дыягностыкі і сацыялагічнага даследавання, які выкарыстоўвае тэсты — стандартызаваныя заданні, па выніках выканання якіх вымяраюць пэўныя псіхал. характарыстыкі, узровень развіцця навыкаў, уменняў і ведаў рэспандэнтаў. Асн. сферы выкарыстання Т. — адукацыя, прафес. падрыхтоўка і адбор, псіхал. кансультаванне. Уключае 3 этапы: распрацоўка тэста і вызначэнне ступені яго валіднасці (дакладнасці); правядзенне Т. на аснове распрацаванай інструкцыі; інтэрпрэтацыя вынікаў Т. У залежнасці ад мэты Т. тэсты класіфікуюцца паводле спосабу іх правядзення (індывід. і групавыя), паводле фармальнай структуры (простыя і складаныя, што ўключаюць некалькі субтэстаў), паводле аб’екта вывучэння (тэсты дасягненняў: сенсорныя, маторныя, на інтэлект, творчыя здольнасці, веды; асобасныя: характаралагічныя, на тэмперамент, устаноўкі, інтарэсы), паводле ступені дасведчанасці рэспандэнтаў пра задачы Т. (прамыя і непрамыя) і паводле інш. крытэрыяў.

т. 16, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСА́НАВА Людміла Мікалаеўна (н. 5.4.1940, с. Барабаш Хасанскага р-на Прыморскага краю, Расія),

бел. і расійская актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962).

З 1962 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, у 1966—76 у Гомельскім абл. драм. т-ры. З 1979 у Кемераўскім драм. т-ры (Расія). Выканаўца драм. і характарных роляў. Ёй уласцівы спалучэнне знешняга і ўнутр. малюнка ролі, пранікненне ў псіхалогію вобразаў, яркі сцэн. тэмперамент. Сярод роляў у т-ры імя Я Коласа: Маша («Пад адным небам» А.​Маўзона), Анда («Ветрык, вей!» Я.​Райніса), Рэгана («Кароль Лір» У.​Шэкспіра); у Гомельскім т-ры: Таццяна («Амазонкі» А.​Дзялендзіка), Наташа («Тры сястры» А.​Чэхава), Дашачка («Залатая карэта» Л.​Лявонава), Тамара («Сітуацыя» В.​Розава).

А.​А.​Лабовіч.

т. 16, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІН (Kean),

англійскія акцёры, бацька і сын. Эдмунд (17.3.1787, Лондан — 15.5.1833), прадстаўнік англ. сцэн. рамантызму. З 1799 вандроўны акцёр, выступаў у правінцыяльных т-рах. У 1814 дэбютаваў на лонданскай сцэне ў т-ры «Друры-Лейн». Лепшы трагічны акцёр Англіі: Шэйлак («Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Атэла, Гамлет, Макбет, Рычард III, Рычард II (усе аднайм. п’есы Шэкспіра). Яму быў уласцівы яркі сцэн. тэмперамент, экспрэсіўнасць, псіхал. паглыбленасць. Чарлз Джон (18.1.1811, г. Уотэрфард, Ірландыя — 22.1.1868). Сын Эдмунда. Вучыўся ў Ітане. Дэбютаваў у 1827 у т-ры «Друры-Лейн». У 1850—59 узначальваў т-р «Прынсес». Паставіў 20 спектакляў па п’есах Шэкспіра, у некат. іграў сам. Адзін з першых увёў у практыку працяглы паказ адной п’есы. У 1863—67 гастраліраваў у Аўстраліі, Паўд. Амерыцы, ЗША.

Літ.:

Минц Н. Эдмунд Кин. М., 1957.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)