ідакраз, мінерал класа астраўных сілікатаў, водны алюмасілікат кальцыю, магнію і жалеза, Ca10(MgFe)2Al4[SiO4]5 [Si2O7]2(OH,F)4.
Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя або дыпірамідальныя, шчыльныя і зярністыя масы. Колер зялёны або карычневы, радзей жоўты, блакітны ці чырвоны. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 6—7. Шчыльн. каля 3,4 г/см³. Характэрны мінерал кантактна-метамарфічных парод і скарнаў. Празрыстыя разнавіднасці — вырабныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРНАНІ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Ж.Л.Бурнона),
мінерал падкласа складаных сульфідаў, сульфід свінцу, медзі і сурмы, CuPbSbS3. Прымесі жалеза, серабра, цынку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, кароткапрызматычныя, зярністыя агрэгаты, зерні. Колер бледна-шэры да бясколернага. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Крохкі. Шчыльн. 5,7—5,9 г/см³. Гідратэрмальны мінерал, асацыіруе з бляклымі рудамі, галенітам, пірытам і інш. Руда свінцу, медзі, сурмы. Радовішчы ў ФРГ, Аўстраліі, Мексіцы, ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКЕРЫ́Т (ад прозвішча аўстр. мінералога М.Анкера),
мінерал класа карбанатаў групы даламітаў Ca(Mg, Fe)[CO3]2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя, агрэгаты зярністыя і шчыльныя. Колер белы, жаўтаваты, буры, ружовы, шэры і блакітны. Бляск шкляны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3 г/см³. Тыповы мінерал у гідратэрмальных жылах поліметалічных радовішчаў, у жылах, звязаных з жал. рудамі, у асадкавых тоўшчах і інш. На Беларусі ёсць у адкладах валдайскай серыі дакембрыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТЭРЫ́Т (ад прозвішча англ. мінералога У.Вітэрынга),
мінерал класа карбанатаў, карбанат барыю, BaCO3. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі рэдкія; часцей трапляецца ў выглядзе грубавалакністых мас, прамянёвых і шчыльных зярністых агрэгатаў. Колер белы да бясколернага, з жаўтаватым, бурым, зеленаватым адценнямі. Празрысты або прасвечвае. Бляск шкляны да смалістага. Цв. 3,5. Крохкі. Шчыльн. каля 4,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных жылах з барытам і галенітам. Руда барыю і яго солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗУРЫ́Т (ад франц. azur лазур, блакіт),
мінерал з класа карбанатаў, Cu3[(OH)CO3]2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Мае 53,3% медзі. Утварае шчоткі і друзы пераважна дробных крышталёў, агрэгаты, канкрэцыі, шчыльныя масы, зямлістыя скопішчы. Колер цёмна-сіні, васільковы, блакітны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,8 г/см³. Тыповы мінерал зон акіслення меднарудных жылаў. Пры далейшым акісленні ператвараецца ў малахіт. Другасная руда медзі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сіняй фарбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПТА́З (ад дыя... + грэч. optazō бачу),
мінерал падкласа кальцавых сілікатаў, водны сілікат медзі Cu6[Si6O18]∙6H2O. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі кароткапрызматычныя, слупкаватыя. Агрэгаты прамяністыя і суцэльныя дробназярністыя. Колер ізумрудна-зялёны. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 5. Шчыльн. 3,3 г/см³. Трапляецца ў зоне акіслення меднарудных радовішчаў разам з малахітам, кальцытам, кварцам і інш. Д. кампанент некат. медных руд. Празрыстыя крышталі («медны ізумруд») выкарыстоўваюць у ювелірнай справе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАХЛО́Р (ад піра... + грэч. chlōros зялёны),
мінерал падкласа складаных аксідаў групы ніабата-танталатаў, (Na, Ca)2(Nb, Ta, Ti)2 O6(O, OH, F). Разнавіднасць, абагачаная танталам і уранам — гатчаталіт. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае крышталі, зерні. Колер чырвоны, жоўты, зялёны з бураватым адценнем. Цв. 4—5,5. Шчыльнасць 3,7—5 г/см³. Трапляецца ў карбанатытах, шчолачных гранітоідах і палевашпатавых метасаматытах. Руда ніобію і танталу. Гл. таксама Ніобіевыя руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬМАНДЗІ́Н,
мінерал групы гранатаў Fe3Al2(SiO4)3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, суцэльныя масы. Колер фіялетава-чырвоны, густа-чырвоны да карычнявата-чорнага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 3,8—4,3 г/см³. Тыповы мінерал рэгіянальна метамарфізаваных гліністых горных парод, а таксама ў гранулітах і зонах кантактавага метамарфізму. Пашыраны абломкавы мінерал. Радовішчы — элювіяльныя, алювіяльныя і прыбярэжна-марскія россыпы з разбураных гранатзмяшчальных крышт. сланцаў (Шры-Ланка, Індыя, Бразілія, ЗША, Расія). Абразіўны матэрыял. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні.